ячмень, якi мы везлi на караблi нашым гусям i курам. Усё збожжа, якое яшчэ заставалася, было з'едзена пацукамi; так ва ўсякiм разе мне здалося, калi я зiрнуў у мяшэчак: мне здалося, што там адна труха. Мяшэчак спатрэбiўся мне на порах, я вынес яго на двор i вытрас непадалёку ад пячоры.
Гэта было незадоўга ад таго, як пачалiся лiўнi, пра якiя я казаў ужо ў сваiм дзённiку. Я даўно забыў пра той выпадак, я нават не памятаў, дзе я вытрасаў мяшок.
Але вось прайшло з месяц, i я ўбачыў пад гарою, ля самае пячоры, некалькi зялёных парасткаў, якiя толькi што выбiлiся з зямлi. Спачатку я падумаў, што гэта якая-небудзь туземная траўка, якую я раней не заўважаў. Але мiнула некалькi дзён, i я са здзiўленнем убачыў, што зялёныя сцяблiнкi (iх было штук дзесяць - дванаццаць, не болей) закаласiлiся i хутка аказалiся каласамi звычайнага ячменю, якi расце ў нас, у Ангельшчыне. Немагчыма перадаць, як усхвалявала мяне гэта адкрыццё. Ад радасцi я ледзь не страцiў розуму: у першы момант мне здалося, што здарыўся цуд i ячмень вырас сам па сабе, без насення, каб падтрымаць маё жыццё ў жудаснай пустынi.
Гэта недарэчная думка так мяне ўзрушыла, што я заплакаў. I 'цуд' на гэтым не скончыўся: хутка памiж каласамi ячменю паказалiся сцяблiнкi другой раслiны, а менавiта рысу: я iх лёгка пазнаў, бо, калi жыў у Афрыцы, часта бачыў рыс на палях.
Я не толькi быў упэўнены, што гэты рыс i гэты ячмень пасланы мне самiм богам, якi клапоцiцца, каб я не памёр з голаду, але не сумняваўся ў тым, што на выспе мне прызапашана яшчэ нямала такiх каласоў. Я аблазiў усе куточкi сваёй выспы, агледзеў усе лагчынкi i пагорачкi, але нiдзе не знайшоў нi рысу, нi ячменю.
Толькi тады, нарэшце, я ўспомнiў пра мех з птушыным кормам, якi я высыпаў каля свае пячоры.
У тым мяшку былi зярняты, з якiх i выраслi гэтыя каласы. 'Цуд' тлумачыўся вельмi проста!
Можаце ўявiць сабе, як старанна я сабраў каласы, калi яны паспелi (гэта здарылася ў канцы лiпеня). Я падабраў з зямлi ўсе да адзiнага зярняткi i схаваў iх у сухiм надзейным месцы. Увесь ураджай першага года я вырашыў пакiнуць на насенне: я спадзяваўся, што з цягам часу ў мяне збярэцца такi запас збожжа, што яго будзе хапаць мне i на насенне i на хлеб.
Аднак толькi на чацвёрты год я здолеў адсыпаць на ежу частку зярнят, ды i то вельмi нязначную. Справа ў тым, што ў мяне прапаў амаль увесь ураджай ад першага пасеву: я кепска разлiчыў час, пасеяў перад самай засухай, i многа насення ў мяне не ўзышло. Але пра гэта я раскажу ў свой час.
Апрача ячменю, у мяне вырасла, як я ўжо казаў, дваццаць цi трыццаць сцяблiн рысу. Рыс я сабраў гэтак жа руплiва, пакiнуўшы ўвесь першы ўраджай на насенне. Потым, калi рысу сабралася дастаткова, я спёк з яго не тое каб хлеб (мне не было ў чым яго пячы), а хутчэй праснакi, якiя замянялi хлеб. Праўда, праз нейкi час я ўсё ж прыдумаў спосаб, як пячы хлеб.
Але вяртаюся да свайго дзённiка.
14 красавiка. Агароджа была зусiм скончана i завалена знадворку зямлёй. Я глуха забiў уваход, таму што вырашыў дзеля бяспекi заходзiць i выходзiць па прыстаўных лесках, каб знадворку нельга было здагадацца, што за агароджай схавана чалавечае жытло.
16 красавiка. Скончыў лескi. Пералажу цераз сцяну i кожны раз падымаю лескi за сабою. Цяпер я агароджаны з усiх бакоў. У маёй крэпасцi дастаткова прасторна, i пранiкнуць сюды можна толькi цераз сцяну.
Аднак на другi дзень пасля таго, як я канчаткова замураваў сваю агароджу, здарылася адна падзея, якая страшэнна мяне напалохала; уся мая праца ледзь не прапала марна, ды i сам я ледзь застаўся жывы.
Вось як усё адбылося.
Я чымсьцi быў заняты на дварэ, за палаткай, ля самай пячоры, як раптам са столi пячоры, з краю, якраз над маёй галавой, пасыпалася зямля i пярэднiя палi, якiя я паставiў, каб змацаваць скляпенне, абвалiлiся са страшэнным трэскам. Я вельмi напалохаўся, але не зразумеў, што адбылося. Мне здалося, што скляпенне абвалiлася, як гэта здаралася i раней, таму што была рыхлая глеба.
'Калi я застануся тут, - падумаў я, - мяне засыпле новым абвалам. Трэба хутчэй уцякаць адсюль, каб на мяне не абвалiлася гара!'
Я схапiў лескi i пералез цераз сцяну.
Не паспеў я ступiць на зямлю, як зразумеў, што прычынай абвалу гэты раз быў землятрус. Зямля хадзiла ў мяне пад нагамi, i на працягу некалькiх хвiлiн здарылася тры такiх моцных штуршкi, што магло рассыпацца самае моцнае збудаванне. Я бачыў, як ад скалы, што высiлася над морам, раптам адкалолася вяршыня i абвалiлася з такiм грукатам, якога я не чуў нi разу за ўсё сваё жыццё.
Усё мора страшэнна бушавала i пенiлася, i мне здаецца, што на моры падземныя штуршкi былi куды мацнейшыя нават, чым на выспе.
Нiчога падобнага раней я не чуў i не бачыў i таму зараз быў страшэнна здзiўлены i ўзбуджаны. Ад ваганняў зямлi ў мяне пачалася марская хвароба, як ад карабельнай гайданкi. Мяне пачало ванiтаваць. Мне здавалася, што я памiраю.
У гэты час са страшэнным грукатам абвалiлася скала. Да мяне вярнулася свядомасць, i мне прыйшла ў галаву страшэнная думка: што здарыцца са мною, калi на маю палатку абвалiцца гара i назаўсёды пахавае ўсе мае рэчы, маю ежу усё, без чаго я не здолею пражыць? I сэрца зноў замерла.
Пасля трэцяга штуршка надышло зацiшша. Я адчуў сябе лепш, але ў мяне ўсё-такi не хапала адвагi адразу вярнуцца дадому. Доўга яшчэ, панылы, сядзеў я на зямлi, не ведаючы, што вырашыць, з чаго пачаць.
Мiж тым хмары засланiлi неба i як перад дажджом сцямнела. Падзьмуў ветрык, спачатку невялiкi, амаль непрыкметны, потым ён усё мацнеў i мацнеў, i праз паўгадзiны наляцела бура. Мора ўспенiлася, закiпела i з шалёным выццём пачало кiдацца на берагi. Дрэвы выварочвала з карэннем. Так працягвалася гадзiны тры. Нiколi не бачыў я такое раз'юшанай буры. Потым бура пачала патроху сцiхаць. Гадзiны праз дзве надышла цiшыня, i тады хлынуў лiвень.
Увесь наступны дзень 18 красавiка я праседзеў дома, таму што дождж iшоў не сцiхаючы. Патроху я супакоiўся i пачаў цвяроза ўзважваць сваё становiшча. Я так разважаў. Жыць у пячоры я больш не здолею, таму што гэта вельмi небяспечна: калi на выспе здараюцца землятрусы, цяпер цi пасля гара абавязкова абвалiцца i пахавае мяне жывога; трэба, значыць, перанесцi палатку куды-небудзь на голае месца. А каб пазбегнуць небяспекi ад нападу дзiкуноў цi звяроў, давядзецца зноў будаваць высокую сцяну.
Два наступныя днi 19-га i 20-га я з ранiцы да вечара падшукваў сабе новую мясцiну для жытла. Паступова я ўсвядомiў, што на перасяленне спатрэбiцца многа часу i што пакуль мне ўсё роўна давядзецца рызыкаваць i мiрыцца з небяспекай абвалу, бо на неабгароджаным месцы жыць яшчэ больш небяспечна. I ўсё-такi я меркаваў узяцца за пабудову агароджы на новым месцы, не трацячы часу, каб пазней, калi яна будзе скончана, перанесцi туды сваю палатку. 21 красавiка я канчаткова вырашыў узяцца за справу.
З 22 па 27 красавiка. Усю ранiцу 22-га я думаў пра тое, як ажыццявiць мой план. Галоўная цяжкасць была ў недахопе iнструмента. У мяне былi тры вялiкiя сякеры i мноства маленькiх сякерак (мы везлi iх, каб гандляваць iмi), але ўсе яны даўно ўжо былi зазубраныя i ступiлiся, бо мне заўсёды даводзiлася секчы вельмi цвёрдыя, сукаватыя дрэвы. Праўда, у мяне было тачыла, але аднаму чалавеку справiцца з iм было немагчыма, таму што некаму iншаму трэба было прыводзiць камень у рух.
Я думаю, што нi адзiн дзяржаўны дзеяч, ламаючы галаву над важнымi палiтычнымi пытаннямi, не трацiў столькi разумовай сiлы, колькi патрацiў я, развязваючы складаную задачу: як круцiць маё тачыла без удзелу рук.
Нарэшце я змайстраваў такое кола, якое з дапамогай паса нагою прыводзiлася ў рух i круцiла тачыльны камень, вызваляючы абедзве рукi. Над гэтым прыстасаваннем я змарнаваў цэлы тыдзень.
Заўвага. Да таго часу я нiколi не бычыў тачыла з нажным прыводам, а калi i бачыў, то не ўглядаўся, як яно зроблена; значна пазней я ўпэўнiўся, што ў Ангельшчыне такiя тачылы вельмi распаўсюджаныя, толькi там звычайна тачыльны камень меншы, чым той, што быў у мяне: мой быў вельмi вялiкi i цяжкi.
28 i 29 красавiка. I сёння i ўчора цэлы дзень я тачыў свой iнструмент; маё тачыла дзейнiчае выдатна.
30 красавiка. Сёння заўважыў, што ў мяне засталося вельмi мала сухароў. Трэба быць вельмi ашчадным. Пералiчыў усе мяхi i вырашыў з'ядаць не больш чым адзiн сухар у дзень. Гэта сумна, але нiчога не зробiш.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Рабiнзон забiрае рэчы з карабля. - Хвароба i туга.
1 траўня. Сёння ранiцой у час адлiву я заўважыў на беразе нейкую рэч, здалёку падобную на бочку. Пайшоў паглядзець, i выявiлася, што гэта