робяць. Ён амаль адразу ж злез з дрэва i паведамiў, што дзiкуны сядзяць вакол вогнiшча, даядаючы аднаго з палонных, якiх яны прывезлi, а другi, звязаны, ляжыць там жа, на пяску.

- Потым яны з'ядуць i таго, - дадаў Пятнiца зусiм спакойна.

Уся мая душа так i ўспыхнула ад раз'юшанасцi пры гэтых словах.

Пятнiца сказаў мне, што другi палонны не iндзеец, а адзiн з тых белых барадатых людзей, якiя прыплылi да яго берага на лодцы. 'Трэба дзейнiчаць', вырашыў я. Я схаваўся за дрэва, дастаў падзорную трубу i выразна ўбачыў на беразе белага чалавека. Ён ляжаў нерухома, таму што яго рукi i ногi былi звязаны гнуткiмi дубцамi. Не было сумнення, што гэта быў эўрапеец: ён быў апрануты.

Наперадзе раслi кусты, i сярод гэтых кустоў стаяла дрэва. Кусты былi даволi густыя, так што можна было падкрасцiся туды непрыкметна.

Хоць я i быў так страшэнна абураны, што мне хацелася кiнуцца на людаедаў у той жа момант, нават не думаючы пра магчымыя вынiкi, я ўсё ж стрымаў сваю раз'юшанасць i прабраўся тайком да дрэва. Дрэва стаяла на пагорку. З гэтага пагорка мне было вiдаць усё, што адбывалася на беразе.

Ля вогнiшча, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго, сядзелi дзiкуны. Iх было дзевятнаццаць чалавек.

Крыху воддаль, схiлiўшыся над звязаным эўрапейцам, стаялi яшчэ двое. Вiдаць, iх толькi што паслалi па палоннага. Яны павiнны былi забiць яго, парэзаць на часткi i раздаць кавалкi яго мяса ўсiм, хто быў на гэтым баляваннi.

Я павярнуўся да Пятнiцы.

- Глядзi на мяне, - сказаў я, - што я буду рабiць, тое рабi i ты.

З гэтымi словамi я паклаў на зямлю адзiн з мушкетаў i паляўнiчую стрэльбу, а з другога мушкета прыцэлiўся ў дзiкуноў. Пятнiца зрабiў тое ж самае.

- Ты гатовы? - спытаўся я ў яго.

- Так, - адказаў ён.

- Ну, тады страляй, - сказаў я, i мы стрэлiлi абодва адначасова.

Прыцэл Пятнiцы быў больш удалы за мой. Ён забiў двух чалавек i паранiў трох, я ж толькi двух паранiў i забiў аднаго.

Лёгка сабе ўявiць, якое страшэннае ўзрушэнне нарабiлi нашы стрэлы сярод дзiкуноў! Тыя, што засталiся жывыя, усхапiлiся на ногi, не ведаючы, куды кiнуцца, у якi бок глядзець, таму што хоць яны разумелi, што iм пагражае смерць, але не бачылi, адкуль яна.

Пятнiца, выконваючы мой загад, не зводзiў вачэй з мяне.

Не даючы дзiкунам апамятацца пасля першых стрэлаў, я кiнуў на зямлю мушкет, схапiў стрэльбу, узвёў курок i зноў прыцэлiўся. Пятнiца дакладна паўтараў кожны мой рух.

- Ты гатовы, Пятнiца? - спытаў я зноў.

- Гатовы! - адказаў ён.

- Страляй, - скамандаваў я.

Два стрэлы грымнулi амаль адначасова, але таму што гэты раз мы стралялi са стрэльбаў, якiя былi зараджаны шротам, то забiтых аказалася толькi двое (ва ўсякiм разе ўпалi толькi двое), затое параненых было вельмi шмат.

Аблiваючыся крывёй, яны, як шалёныя, бегалi па беразе i дзiка крычалi. Трое, вiдаць, былi цяжка паранены, таму што хутка павалiлiся. Праўда, потым выявiлася, што яны засталiся жывыя.

Я ўзяў мушкет, у якiм былi яшчэ зарады, i, крыкнуўшы: 'Пятнiца, за мною!' - выбег з лесу на адкрытае месца. Пятнiца не адставаў ад мяне нi на крок. Заўважыўшы, што ворагi ўбачылi мяне, я з моцным воклiчам кiнуўся наперад.

- Крычы i ты! - загадаў я Пятнiцу.

Ён тут жа закрычаў, куды мацней за мяне. На жаль, маё ўзбраенне было такое цяжкае, што перашкаджала мне бегчы. Але я як быццам не адчуваў яго i iмчаўся наперад, колькi меў сiлы, проста да няшчаснага эўрапейца, якi, як ужо гаварылася, ляжаў убаку, на пясчаным беразе, памiж морам i вогнiшчам дзiкуноў. Каля яго не было нiводнага чалавека. Тыя двое, што хацелi зарэзаць яго, уцяклi пры першых жа стрэлах. Страшэнна напалоханыя, яны кiнулiся да мора, ускочылi ў лодку i пачалi адчальваць. У тую ж лодку паспелi ўскочыць яшчэ тры дзiкуны.

Я павярнуўся да Пятнiцы i загадаў яму расправiцца з iмi. Ён у момант зразумеў маю думку i, прабегшы крокаў сорак, наблiзiўся да лодкi i стрэлiў у iх.

Усе пяцёра пападалi на дно лодкi. Я думаў, што ўсе яны забiтыя, але двое адразу ж паднялiся. Вiдаць, яны ўпалi толькi са страху.

Пакуль Пятнiца страляў у ворагаў, я выняў свой кiшэнны нож i перарэзаў дубцы, якiмi былi звязаны рукi i ногi палоннага. Я дапамог яму падняцца i спытаў у яго па-партугальску, хто ён такi. Ён адказаў:

- Эспаньола (гiшпанец).

Неўзабаве ён крыху апрытомнеў i пачаў з дапамогай жэстаў горача выказваць мне сваю ўдзячнасць за тое, што я выратаваў яму жыццё.

Паклiкаўшы на дапамогу ўсе свае веды гiшпанскае мовы, я сказаў яму па-гiшпанску:

- Сеньёр, гаварыць мы будзем потым, а зараз мы павiнны змагацца. Калi ў вас засталося крыху сiлы, то вось вам шабля i пiсталет.

Гiшпанец з удзячнасцю ўзяў тое i другое i, адчуўшы ў руках зброю, як быццам зрабiўся другiм чалавекам. Адкуль у яго ўзялася сiла! Як бура, наляцеў ён на дзiкуноў i ў адзiн момант пасек двух на кавалкi.

Праўда, для такога подзвiгу не патрабавалася вялiкай сiлы: няшчасныя дзiкуны, аглушаныя грукатам нашай стралянiны, былi да таго перапалоханы, што не здольны былi нi ўцякаць, нi баранiцца. Многiя падалi проста ад страху, як тыя два, што звалiлiся на дно лодкi ад стрэлу Пятнiцы, хаця кулi i не зачапiлi iх.

Аддаўшы шаблю i пiсталет гiшпанцу, я застаўся толькi з мушкетам. Ён быў зараджаны, але я пакiдаў свой зарад на выпадак якой-небудзь нечаканасцi i таму не страляў.

У кустах, пад тым дрэвам, адкуль мы ўпершыню распачалi агонь, засталiся нашы паляўнiчыя стрэльбы. Я паклiкаў Пятнiцу i загадаў збегаць па iх.

Ён зараз жа выканаў мой загад. Я аддаў яму свой мушкет, а сам пачаў зараджаць астатнiя стрэльбы, сказаўшы гiшпанцу i Пятнiцу, каб яны прыходзiлi да мяне, калi iм спатрэбiцца зброя. Яны выказалi поўную гатоўнасць падпарадкоўвацца майму загаду.

Пакуль я зараджаў стрэльбы, гiшпанец з незвычайнай адвагай напаў на аднаго з дзiкуноў, i памiж iмi завязалася жорсткая бойка.

У руках у дзiкуна быў вялiзны драўляны меч. Дзiкуны выдатна валодаюць гэтай смертаноснай зброяй. Такiм мечам яны хацелi i прыкончыць гiшпанца, калi той ляжаў каля вогнiшча. Цяпер гэты меч зноў быў занесены над яго галавой. Я нават не чакаў, што гiшпанец акажацца такiм ваяўнiчым; праўда, ён усё яшчэ быў слабы пасля перанесеных пакут, але бiўся адважна i нанёс працiўнiку шабляй два страшэнныя ўдары па галаве. Дзiкун быў велiзарнага росту, вельмi мускулiсты i дужы. Раптам ён адкiнуў свой меч, i яны схапiлiся ўрукапашную. Гiшпанцу давялося вельмi кепска: дзiкун адразу ж збiў яго з ног, навалiўся на яго i пачаў вырываць у яго шаблю. Убачыўшы гэта, я ўскочыў i кiнуўся яму на дапамогу. Але гiшпанец не разгубiўся: ён знарок выпусцiў шаблю з рук, выхапiў з-за пояса пiсталет, стрэлiў у дзiкуна i палажыў яго на месцы.

Мiж тым Пятнiца з гераiчнай адвагай праследаваў дзiкуноў, якiя ўцякалi. У руцэ ў яго была толькi сякера, iншай зброi не было. Гэтай сякерай ён прыкончыў ужо трох дзiкуноў, параненых першымi нашымi стрэламi, i цяпер ён быў бязлiтасны да кожнага, хто трапляўся яму на дарозе.

Гiшпанец, адолеўшы грамiлу, якi пагражаў яму, ускочыў на ногi, падбег да мяне, схапiў адну з зараджаных мною паляўнiчых стрэльбаў i кiнуўся даганяць двух дзiкуноў. Ён паранiў абодвух, але, таму што доўга бегчы ў яго не хапiла сiлы, абодва дзiкуны паспелi схавацца ў лесе.

За iмi, размахваючы сякерай, пабег Пятнiца. Нягледзячы на свае раны, адзiн з дзiкуноў кiнуўся ў мора i паплыў за лодкай: у ёй было трое дзiкуноў, якiя паспелi адчалiць ад берага.

Трое дзiкуноў, што знаходзiлiся ў лодцы, працавалi вёсламi з усяе сiлы, iмкнучыся хутчэй уцячы з-пад стрэлаў.

Пятнiца разы два цi тры стрэлiў iм наўздагон, але, здаецца, не папаў.

Ён пачаў угаворваць мяне ўзяць адну з пiрог дзiкуноў i рушыць за ўцекачамi, пакуль яны яшчэ не паспелi вельмi далёка адплыць ад берага.

Я i сам не хацеў, каб яны ўцяклi. Я баяўся, што калi яны раскажуць сваiм землякам пра наш напад на iх,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату