У цёмнай, выстуджанай за дзень хатцы ён зваліў сваю паклажу на тапчан. Сам апусціўся побач на халодную падлогу. Ён быў увесь мокры ад поту. Дрыжэлі намучаныя рукі і ногі. Прыхінуцца б вось так галавою да тапчана і заснуць. Хоць не надоўга — на паўгадзінкі… Нават не распранаючыся, седзячы.
— Устаць! — уголас скамандаваў сам сабе. Падхапіўся.
Намацаў пад столлю газавую лямпу (ні электрычнасці, ні радыё ў леснічоўцы не было), зняў з крука, паставіў на табурэтку, бліжэй да тапчана. Запаліў. Схіліўся над хлопчыкам. Той быў у непрытомнасці, але дыхаў даволі роўна.
Цяпер за справу. Перш за ўсё распаліць грубку, добра, што дровы прынесены загадзя. Неўзабаве пацягнула з грубкі дымам, смалістым, едкім і прыемным адначасова, потым затрашчалі, ўхапляючыся агнём, сухія дровы. Яшчэ больш асветлілася хатка. Былі ў ёй, акрамя тапчана, стол, дзве табурэткі ды шафа — усё нязграбнае, самаробнае, з сасновых дошак.
Крушынскі прысеў перад грубкай на карачкі, ліхаманкава прадумваючы далейшую чарговасць дзеянняў. Як часта бывае, у самы адказны момант лезла яму ў галаву што заўгодна, акрамя галоўнага — што робіцца пры абмаражэннях?!
Канечне, спачатку агледзець чалавека. Потым, здаецца, расцерці. Чым? Як на зло, няма ні спірту, ні гарэлкі, ні настойкі! Нічога. Снегу затое поўна. Чыгун дастаць… Таз ацынкаваны. Таз вываліўся з рук і загрымеў на ўсю хатку. Крушынскі наступіў на яго нагою і спалохана азірнуўся на тапчан. Потым зазлаваў на сябе — чалавек жа не спіць, а ў непрытомнасці, яго ратаваць хутчэй трэба, а не спакой берагчы!
Прабіў паленам лёд у вядры, што стаяла каля парога, напоўніў вялікі чыгун. У грубку яго. Сам схапіў парожняе вядро, і на двор. Вецер ледзь не вырваў ў яго з рук дзверы. Завіруха так і мерылася ўварвацца ўсярэдзіну жытла і напракудзіць там. Стараючыся выбіраць снег мякчэйшы, без крупінак, без ільдзінак, Крушынскі нагроб яго поўнае вядро, яшчэ і ўтрамбаваў. Барс увесь час лез пад рукі, раздражняючы. Ізноў барацьба з дзвярыма. Сабака-такі заскочыў у хатку, куляю прашмыгнуў у цёмны куток за грубкаю і затаіўся там.
Усё было гатова. Цяпер можна прыступаць да лекавання. Крушынскі высыпаў снег у таз. Ну, і з чаго пачынаць? З ног, рук — ці з твару?.. Але твар не падобна каб быў абмарожаны. Шчокі ружовыя, і не больш.
Крушынскі, асцярожна падсунуўшы пад хлопчыка рукі, паклаў яго ўпоперак тапчана. Паспрабаваў расшморгнуць маланкі на боціках — не паддаліся, замерзлыя былі, да таго ж старыя, паламаныя.
Тады ён, ціха лаючыся, проста павырываў іх «з мясам», зняў боты, сцягнуў шкарпэткі. Ногі ў хлопчыка былі халодныя, як снег, але не белыя, як бывае пры абмарожаннях, а звычайныя, бледна- ружовыя. Падобна, ён быў проста моцна знясілены, а абмарозіцца не паспеў.
Усё адно расціраць трэба! Толькі не твар. Твар пажадана змазаць салам — на ўсялякі выпадак, каб перастрахавацца. Сала ёсць, праўда, салёнае, але гэта лепш, чым не было б ніякага… Далей што? Успомніў — ні ў якім разе нельга абмарожанага чалавека да цяпла! Зойдзецца «ў шпар», тады ад свербу можна проста загінуць.
Галава думала, ўспамінала, а рукі рабілі.
Крушынскі расшпіліў гузікі кажушка. Пад ім аказаўся світэр, а пад світэрам яшчэ і джэмпер — як след укручаны быў чалавек. Штаны спартыўныя, тоўстыя, байкавыя. Ён намацаў гумку на поясе, сцягнуў іх, шпурлянуў у кут; туды ж адправілася і ўсё астатняе.
Разматаў хустку — у кут яе! Матузкі чорнай злямчанай трусавай шапкі завязаны былі вузлом пад самай барадой. Каб доўга з імі не валэндацца, выцягнуў з кішэні паляўнічы нож і перарэзаў іх; зняў шапку — у кут. Падцягнуў яшчэ бліжэй да тапчана табурэт з лямпаю. Трапяткое святло падала хлопчыку на твар.
Толькі цяпер Крушынскі змог як след разгледзець свайго ўратаванца. Хлопчык быў коратка, амаль пад нуль падстрыжаны. Ад гэтага вушы і рот здаваліся ў яго завялікімі, затое нос быў маленькі і кірпаты. Доўгія пушыстыя вейкі. Поўныя вусны, паўраскрытыя ад дыхання. Белая палоска зубоў.
І чым пільней углядаўся Крушынскі, тым больш нядобрае нейкае прадчуванне ахоплівала яго. Незвычайны быў гэты твар, нейкі аж задужа прыгожы — нежывой, гіпсавай прыгажосцю. Ці гэта непрытомнасць рабіла яго такім? Паміма волі Крушынскі перавёў вочы ўніз.
Кашулю на грудзях адтапырвалі недвухсэнсоўныя бугаркі.
Усё яшчэ не верачы сваёй здагадцы, ён пацягнуўся рукой да кашулі, каб задраць яе. У гэты момант хлопчык расплюшчыў вочы.
Гук аплявухі аглушыў Крушынскага. Адно, што паспеў ён падумаць, адскочыўшы ад тапчана і паціраючы шчаку — адкуль сілы ўзяліся?!
— Ты… што?! — ускрыкнуў ён. — Ты… дзяўчынка?!
У адказ яму толькі Барс загырчэў са свайго кутка.
Хлопчык… ды не, у тым і справа, што не хлопчык — дзяўчынка падхапілася і села на тапчане. Падабрала пад сябе ногі, стараючыся схаваць іх пад кашулю. З Крушынскага яна не спускала насцярожаных, цёмна-вішнёвых сваіх вачэй. Той таксама стаяў і не варушыўся. Выгляд у яго быў разгублены.
— Гэтага толькі не хапала!..
Потым, стараючыся гаварыць лагодна, каб не напалохаць яе, сказаў:
— Ну, галоўнае, што ажыла. Значыць, ёсць яшчэ сілы? Значыць, не так усё і кепска?
У грубцы даўно кіпеў чыгун. Вада ў ім паднялася пенаю і залівала вуголле. Крушынскі намацаў доле першае, што пад руку — здаецца, дзяўчынкавы штаны, выцягнуў чыгун. Адразу ж і бухнуў яго на падлогу. Гарачы! Добра яшчэ, што не разліў.
Ён пакасіўся на дзяўчынку. Яму здалося, што яна ледзь стрымлівае смех.
Гэта ўзбадзёрыла яго. Чаго яму зусім не хацелася, дык гэта палохаць яе.
— Так, — сказаў ён строга. — А цяпер паслухай сюды. Мне ўсё роўна, хлопчык ты ці дзяўчынка. Але трэба ведаць, ці не абмарозілася ты. Табе трэба расцерці рукі, грудзі, спіну — чуеш? Так што здымай з сябе зараз жа ўсё.
Не паспеў ён зрабіць і кроку да тапчана, як дзяўчынка ўскрыкнула і закрыла твар рукамі.
— Ты што — во? — ён пакруціў каля скроні пальцам. — Зрэшты, рабі як хочаш! Тваё здароўе, а не маё. Мусіць, не так ты і абмарозілася, калі маеш столькі энергіі.
Яна маўчала, але рукі, праўда, ад твару адняла.
— Добра, давай тады так. Не хочаш расцірацца, дык хоць бы пераапраніся ў цёплае і сухое. Зараз усё дам.
Рашэнне было правільным. Не выганяць жа яе, раз выратаваў і прывалок сюды. Трэба проста менш думаць, а рабіць тое, што рабіў бы ў такім выпадку на яго месцы любы нармальны чалавек. Тады сумленне ў яго будзе чыстае. А ўжо як захоча паводзіцца яна — закапрызнічае, ці паслухае яго — яе справы!
Крушынскі пакорпаўся ў сваёй самаробнай «шафе». Таксама яшчэ праблема: што выбраць? Не свае ж кальсоны, у якіх яна схаваецца да плеч. Знайшоў сарочку — здаецца, тое што трэба… Чыстая, цёплая, доўгая, можа сысці за «піжаму». Памацаў, прыклаў яе да шчакі — халодная. Пагрэў перад грубкаю. Увесь час дзяўчынка пільна сачыла за ягонымі дзеяннямі.
— На, — Крушынскі, не рызыкуючы больш прыбліжацца, кінуў сарочку на тапчан. — сваё здымай зараз жа!
На двух табурэтках перад грубкаю, ад якой даўно ўжо хвалямі разыходзілася цяпло, сяк-так прыладкаваў свой стары кажух і яе кажушок. Выліў у таз ваду з чыгунка, пабоўтаў пальцам. Вада была гарачая.
— Яшчэ трэба снегу… Пайду набяру. А ты пакуль пераапранайся.
Свой мокры бушлат накінуў на плечы. Высунуўся на двор. Завея і не думала ўнімацца! Крушынскі адшукаў у двары зацішак. Закурыў. Ну, гісторыя! І шэнціць жа яму на такое!.. Добра — галоўнае, не нарабіць глупства. Хай пераначуе, а раніцай пабачым.
Ён вярнуўся ў хату. Дзяўчынка ў яго сарочцы сядзела на краі тапчана, апусціўшы ногі ў таз з вадою. Сарочка абвісла ў яе на плячах, а па даўжыні даставала ніжэй каленяў. Яе кашуля валялася каля грубкі сярод іншага хлам'я.
— Вось бачыш, якая ты разумніца! — пахваліў Крушынскі. — Ну, а цяпер, можа, разбярэмся? Хто ты? Як тваё імя? Як ты апынулася ў лесе?
Ніякай рэакцыі.
— Мяне завуць Барыс, ці дзядзька Барыс, ці проста дзядзька — як хочаш, так і заві. Тут я жыву. Да