яркiя зiхоткiя лiтары бачылi тысячы, дзесяткi тысяч людзей, i ўсе гэтыя людзi з хваляваннем, з лiпкiм халадком на скуры думалi: 'Як i хто напiсаў такiя словы?' Гэты ашаламляльны сваёй нечаканасцю заклiк чыталi ў Менску i Барысаве, у Чэрвенi i Смалявiчах, i ўсюды людзi ўзбуджана выходзiлi на вулiцы, на цэнтральныя плошчы i крычалi:

— Перамiр'е! Перамiр'е!

З бiблейскiх часоў, калi таямнiчая рука вывела на сцяне палаца вавiлонскага цара суровыя словы, якiя прадказвалi смерць i разбурэнне, не сутыкалiся зямляне з падобным вiдовiшчам. Генерал Журкевiч адразу даў згоду на перамiр'е, i адразу ж замоўкла стралянiна, патух агонь, развеяўся дым.

Усе былi задаволены нечаканай развязкай, i толькi капiтан Хвалiбог з непаразуменнем глядзеў на неба, дзе беглi воблакi, адны цёмныя воблакi, i пытаў:

— А куды ж яна дзелася?

— Хто? — куточкамi вуснаў iранiчна ўсмiхнуўся Радаслаў.

— Ды гэтая Старая Цывiлiзацыя.

— Знiкла… Пайшла… Як вада ў пясок.

Хвалiбог са злосцю зiрнуў на стрэсаператара, палез у камандзiрскi люк амфiбii.

Скончылiся баявыя дзеяннi, у якiх атрад стрэсаператараў прыняў, можна сказаць, мiнiўдзел. Амаль усе вырашылi адразу ж вярнуцца ў Татры, i толькi Радаслаў Буслёйка надумаў на дзянёк iрвануць у Менск.

— Дзед з цябе ўсю тваю анархiю выб'е, — пачаў прыпалохваць яго Карл.

— Нас жа пасылалi на два днi, — вёў сваё Буслейка. — А ваявалi мы толькi нейкiх пяць гадзiн. Менск — мой студэнцкi горад, мая, можна сказаць, першая любоў. Я i з Нiначкай там сустрэўся. Ды ўсёй аператыўнай памяцi камп'ютэра не хопiць, каб узнавiць, ажывiць тыя гады, месяцы, днi, хвiлiны, iмгненнi. Колькi там перадумана, прапушчана праз душу i мозг. Колькi там пакiнута слядоў i слядочкаў, уздыханняў i надзей.

— Я здагадваўся, што ў цябе паэтычнае нутро, але не думаў, што ты такi сiропны сентыменталiст, — сказаў, хiтра прыжмурваючы цёмныя вочы, Гакенхольц. — Каб такое пачуў Лех Патоцкi, адразу б закрычаў: 'Iдзi ў паэты!' i выгнаў са Стрэсографа. Ды i наконт аператыўнай памяцi камп'ютэра ты перабраў — i перабраў, трэба сказаць, нахабна i дужа самаўпэўнена.

— Гiпербала, — згадзiўся Радаслаў. — Куды нам, двухногiм i аднагаловым, цягацца з камп'ютэрам. Але павер, дарагi дружа Карл, што ўсё гэта я гавару ад самага шчырага сэрца. Я вельмi люблю Менск i хачу, каб ты таксама ўбачыў яго. А Патоцкi мяне зразумее i даруе.

— Ну, добра, а як ты думаеш вярнуцца заўтра на Стрэсограф? — пачаў здавацца Гакенхольц.

— Праблем няма. Хто-небудзь з сяброў падкiне на самалёце або верталёце. Я ж чалавек кампанейскi, i ў мяне ў Менску мора сяброў.

— Няўжо цэлае мора? — дураслiва выкруглiў вочы Карл.

— Не мора, дык вялiкае возера.

Яны засмяялiся i пачалi ўпрошваць капiтана Хвалiбога падвезцi iх на амфiбii да Менска. Той катэгарычна адмовiўся.

— Я абавязаны даставiць вас назад, у Смалявiцкi аэрапорт. Я адказваю за падначаленых мне гвардзейцаў i за вас. Так-так, спадары стрэсаператары, за вас.

— А як жа Вялiкая Эра Плюралiзму? — падкалоў Буслейка.

— Там, дзе пачынаецца асфальт вайсковых гарадкоў, канчаецца плюралiзм, — адчаканiў капiтан.

Немагчыма было аспрэчваць такую жалезную логiку. Раззлаваны Буслейка i ўсмешлiвы, як заўсёды стрыманы Гакенхольц вымушаны былi вярнуцца ў Стары аэрапорт. А там, вядома ж, нiхто не мог дакладна сказаць, калi чакаецца рэйс на Стрэсограф.

— Каб цябе ўдарыла громам па жывату, — успомнiў Буслейка прабабчыну кляцьбу. — Пайшлi, Карл, пiва пiць.

Выпiлi халоднага пiва з вялiкiх бляшанак i засумавалi. У аэрапорце быў вiдэасалон 'Зялёны Дуб', дзе суткамi круцiлi касмiчныя баявiкi, але такое дабро мелася i ў Татрах.

Радаслаў плюхнуўся на пластмасавую лаўку, што, не баючыся дажджу i снегу, якi ўжо год стаяла ў скверыку, цiскануў кнопку транзiстара, уманцiраванага ў парэнчу. Загучала беларуская песня, раздумлiвая i старая, як неба над зямлёй:

Накапала карэння З-пад белага камення, Вымыла ў рацэ, Адтапiла ў малацэ. Яшчэ корань не ўскiпеў, А ўжо мiлы прыляцеў.

Словы песнi, яе мелодыя i настрой так рознiлiся з грымучым аэрапортам, з мiльготкiмi яркiмi агнямi, з велiзарнымi аэробусамi, якiя, цяжка праломваючы нябесны блакiт, упэўнена кiравалi да зямлi, што Буслейка аж задыхнуўся, аж сэрца пякуча зашчымела ў грудзях. Ён узняўся з лаўкi, прыклаў халодныя пальцы да павек i скроняў. Калiсьцi на месцы гэтага шэрага цвёрдага асфальту быў луг, лужок з першай мяккай травой, з жоўтымi плямамi-ўспышкамi свежай сакавiтай лотацi i маленькiмi астраўкамi снегу, якi таямнiча ззяў, пералiваўся брыльянтавым бляскам у месячныя ночы. Калiсьцi тут булькаталi ручаi, жылi матылькi i стракозы, натхнёна крумкалi ў цёплых лужынах жабы. I нейкая дзяўчына, вядома ж, прыгожая, задуменная, марыла аб сваiм каханым. Усё гэта ўладарна выцеснiў, змёў з зямлi аэрапорт. Будучым пакаленням застаўся толькi едкi востры пах згарэлай гумы, грамавыя раскаты турбiн, перадпалётная туманная туга пасажыраў, якая складаецца з неабходнасцi i непрадбачанасцi разлукi i з рудыментарнага страху вышынi.

Карл Гакенхольц, прыроджаны немец, таксама ўважлiва слухаў песню i амаль разумеў яе. Справа ў тым, што афiцыйнымi мовамi Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi парламент болыпасцю галасоў абраў латынь i эсперанта. Усе ж астатнiя, у тым лiку i беларуская, рабiлiся афiцыйнымi па чарзе. Надыходзiў абумоўлены пагадненнем час, i мова на цэлы месяц рабiлася афiцыйнан. На ёй (плюс на латынi i эсперанта) друкаваўся 'Парламенцкi Веснiк', вялi перадачы радыё i тэлебачанне, прыносiлi прысягу народам члены парламента, аддавалi загады ў войску. Гэта было выдатным дасягненнем Сусветнага Саюза Моў, хоць напачатку яму моцна перападала ад шматлiкiх скептыкаў. Але Саюз дамогся свайго. Ягоныя лiстоўкi, якiмi ён перад Вялiкiм Рэферэндумам абклеiў i засыпаў амаль усю планету, пачыналiся так: 'Зямлянiн! Якiмi вачамi глядзiць на цябе Бог? Калi ў цябе чорныя вочы, глядзiць чорнымi, калi ў цябе шэрыя вочы, глядзiць шэрымi, калi сiнiя — сiнiмi. Гэтак жа сама Бог размаўляе з табой. Кожная мова, якая толькi жыве пад небам, зразумелая i блiзкая яму. Бог размаўляе з табой на тваёй роднай мове'.

— Цi доўга мы будзем тут загараць? — незадаволена сказаў Буслейка сябру, калi адгучала песня i зноў настырна палез у вушы нямоўчны шум аэрапорта. Карл толькi пацiснуў плячыма.

Тым часам паступова наблiжаўся вечар. Дабавiлася людзей у 'Зялёным Дубе'. Лёгкi сiнi туманок пачынаў залiвапь наваколле. Гледзячы на яго, Карл раздумлiва прамовiў:

— Фiлосаф, не памятаю якi, калiсьцi напiсаў: 'Туман больш вечны, вячнейшы, чым гранiт'. Гэта думка, нечаканая i прыгожая, так урэзалася ў памяць, што, як толькi ўбачу туман, вечаровы або ранiшнi, яна адразу прылятае ў галаву, быццам птушка ў гняздо. Туман вячнейшы, чым гранiт. Па-мойму, у гэтых словах — уся фiласофiя зямнога iснавання. Буслейка згодна кiўнуў галавой, ацанiўшы глыбiню i неардынарнасць думкi невядомага фiлосафа. Раптам позiрк ягоны натыкнуўся на двухмесны яркачырвоны верталёцiк, што самотна i, падалося, беспрытульна стаяў побач з аўтобусным прыпынкам, крокаў за сто ад iх. У такiх верталётах лётаюць служачыя аэрапорта, палохаючы i праганяючы велiзарныя чароды варон. Зараз крылатая машына была пустая. I навошта толькi ўбачыў яе Радаслаў?

— Карл, — горача зашаптаў Буслейка, i вочы страсна заззялi, — прашу цябе маўчаць i падпарадкоўвацца мне. Так-так, дарагi германец, падпарадкоўвацца. Бачыш вунь тую машынку з вiнтом? Зараз мы цiхенька падыдзем да яе, плюнем тройчы цераз левае плячо, сядзем i паляцiм у Менск, у мой

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату