Дзюбам.

Старшы інспектар Дзюба быў старэйшы за Корзуна і па ўзросту на год. Але ў абласное ўпраўленне трапіў адразу пасля універсітэта. Вышэйшая пасада — большы маштаб. Паабцёршыся каля вопытных крыміналістаў, Дзюба стаў самаўпэўненым, у яго з'явілася звычка павучаць сваіх калег у райаддзелах. Корзун сустракаўся з ім раней, калі Дзюба прыязджаў у іх раён. Было, і працаваў разам. Корзун шчыра прызнаваў яго перавагу не толькі ў чыне і пасадзе, а і ва ўменні. Таму ставіўся да яго з павагай, ахвотна прымаў парады. Дзюба гэта адчуваў і, убачыўшы Корзуна ва ўпраўленні, адразу захацеў узяць яго пад сваю апеку.

— Трэба ж вучыць моладзь, — як жартуючы, з усмешкай гаварыў ён таварышам у аддзеле.

Корзун чуў гэта і не пакрыўдзіўся, прыняў як належнае, ён наогул быў чалавекам без прэтэнзій, сваіх здольнасцей не пераацэньваў. А Дзюба на гэтым не спыніўся. Ад'язджаючы ў камандзіроўку, папрасіў, як пазней даведаўся Корзун, каб, калі будзе патрэба праверыць Корзуна, далі яму справу Гурыновіча. У кабінеце начальніка аддзела ў той момант былі супрацоўнікі, і Дзюба, верны сабе, не прамінуў, як між іншым, заявіць: «Лейтэнант пераймае мае метады».

Таварышы пасмяяліся, ведалі Дзюбаву любоў да позы. Юркавец, як звычайна, хмыкнуў. А Корзун усё роўна адчуваў няёмкасць ад таго, што вымушаны падпраўляць калегу, хаця той, падобна, і не вельмі высока ставіў яго здольнасці.

Калі Дзюба прыехаў, Корзун, спрабуючы растлумачыць яму, што да чаго, доўга мямліў нешта пра Гурыновіча, Шаронаву і студэнтку, дзівячыся, чаму Дзюба ніяк не зразумее яго.

Старшы інспектар слухаў, аднак, адным вухам, відаць, не чакаў нічога слушнага ад гэтага нясмелага навічка. Не ўлавіўшы сутнасці, буркнуў:

— Нагарадзіў…

— Ды не збіваў Гурыновіч, кажу табе…

— Што ты вярзеш? — Да Дзюбы нарэшце дайшло, што лейтэнант, якога ён лічыў ледзь не сваім ценем, аказваецца, хоча мець і ўласную думку. — Сведкі…

— Вось іменна сведкі! — нечакана для сябе Корзун павысіў голас.

— Глядзі ты! — Дзюба быў здзіўлены яго ўпартасцю. — Ну што там такога нагаварыла твая студэнтка? Дай сюды. — Прачытаўшы пратакол, спытаў: — Юркавец у курсе?

— Хіба ў гэтым справа? — Корзун раптам адчуў, што ўжо ніколі, напэўна, не зможа ўспрымаць Дзюбу так, як успрымаў яго яшчэ зусім нядаўна.

— Вядома, не ў гэтым, вядома, — павесялеў Дзюба і зноў паглыбіўся ў паперы. — Трэба дзейнічаць так, як падказваюць новыя абставіны. План ёсць? Няма? Вучыш вас, вучыш… — Ён на імгненне прыкусіў губу, потым дапытліва, нібы правяраючы, паглядзеў на Корзуна і прапанаваў: — Трэба пагаварыць са сведкамі, якія ішлі ўслед за Шаронавай, пашукаць новых. Так

і даложым маёру.

Корзун не мог не прызнаць, што старшы лейтэнант добра арыентуецца ў справе. Не кожны так на хаду схопіць ідэю.

А Дзюба ўжо ўзяў ініцыятыву ў свае рукі. Перад начальнікам аддзела ён трымаўся так, быццам выпраўляў не свой промах, а чужы. Прычым не проста падаваў думку, а адразу падмацоўваў яе аператыўна- следчым планам. Корзун толькі злаваўся на сябе, што не даўмеўся да ўсяго гэтага сам. У плане ж не было ніякіх нечаканых паваротаў, і гарадскія ўмовы не адыгрывалі ніякай ролі — проста разглядаўся звычайны крымінальны выпадак.

— Можаш дзейнічаць, — ляпнуў Дзюба Корзуна па плячы, калі яны выйшлі ад Юркаўца.

Корзун хацеў адказаць, што ўжо атрымаў дазвол маёра, аднак прамаўчаў. Усё-такі план прыдумаў не ён, а Дзюба.

Сведак, якія ішлі па завулку за Шаронавай, было двое. Адна — бабулька — сцвярджала, што ёй ніхто не сустрэўся. Затое другі — мужчына — не вагаючыся, сказаў:

— А як жа, быў. Каб знаццё, я б яго за каўнер ды к вам!

Мужчына быў не першай маладосці, шчуплы, і Корзун апусціў вочы, каб не засмяяцца ад гэтай яўна запозненай смеласці. Памаўчаўшы, падкрэслена сур'ёзна спытаў:

— Запомнілі яго, таварыш Ліштван? Ён адказаў не адразу, падумаў:

— А як жа. Высокі, без шапкі…— Нібы ў пацвярджэнне сказанаму, паглядзеў на сваю з труса шапку, якую камячыў у руках. — Я яшчэ звярнуў увагу на доўгія валасы. Быў падумаў: не то дзеўка, не то хлопец. Па-мойму, ён быў у сіняй нейлонавай куртцы. Ведаеце, такія цяпер у модзе…

Ліштван быццам бы назваў шмат прыкмет, прычым сам, без падказкі. А ўявіць чалавека па гэтых прыкметах было немагчыма. Ці мала іх цяпер — у сініх нейлонавых куртках, і без шапак, і з доўгімі валасамі? Аднак Корзун не стаў расчароўваць сведку: надта ж старанным выглядаў той, гатовым памагчы.

— Куртка — курткай, а вось, мажліва, вам запомнілася што-небудзь такое асаблівае. У паводзінах, ці куды бег? Падумайце.

Ліштван наморшчыў лоб, нібы ўзнаўляючы ў памяці тую карціну, і раптам, глянуўшы на Корзуна, шырока пасміхнуўся:

— Гаспадарчая сумка была ў руках. Можа, у той адабраў? Імчаўся як на пажар…

У Шаронавай гаспадарчай сумкі не было. Хлопец, відаць, бег у магазін. Значыць, жыве недзе паблізу. Аднак магазін і грабёж… Хаця… Корзун не стаў дзяліцца сваімі думкамі з гаварлівым сведкам, толькі напаследак пацікавіўся:

— Чаму вы раней нічога пра хлопца не казалі?

— Не пыталі, дык і не казаў.

Магло быць і так, тады ўся ўвага скіравалася на Гурыновіча. І Корзун адправіўся да ўчастковага, у чыім раёне, як ён спадзяваўся, жыў хлопец у сіняй нейлонавай куртцы.

Корзуну пашчасціла. Участковы, не надта раздумваючы, выказаў меркаванне:

— Ці не Саковіча табе трэба? Ёсць у нас такі: Васіль Саковіч. Але…

— Падобна, не Гурыновіч, а ён напаў на Шаронаву.

— Вунь што! — участковы недаверліва паглядзеў на Корзуна. — Адкуль звесткі?

— Пакуль няпэўныя. Што ён за тып? — Корзун хацеў ведаць пра Саковіча больш.

— У тым-то і загваздка, што, на маю думку, прыстойны хлопец.

— Як так? — здзівіўся Корзун. І засмуціўся: прыстойныя хлопцы ў завулках не грабяць.

— Да арміі, праўда, павалэндаліся з ім. Было. А вярнуўся, не пазнаць стала. Ажаніўся. Працуе. Нядаўна жонка двайнят нарадзіла. Яму цяпер памалу хадзіць не выпадае, бегам бы справіцца.

— Можа, грошы пільна спатрэбіліся, улічваючы гэтых самых двайнят?

— Крута бярэш, лейтэнант, — нахмурыўся ўчастковы. — У нас на хлеб не крадуць, на хлеб усім хапае.

У словах участковага была логіка, да таго ж участковыя ў сваіх раёнах людзей ведаюць. Але Корзун заўпарціўся:

— Паглядзім… Гадзіннік быў хаця і з бранзалеткай, аднак без крылаў…

Саковіч сядзеў разгублены, раз-пораз кідаючы занепакоеныя позіркі на насценны гадзіннік, які вісеў у калідоры.

Корзун крыху паназіраў за хлопцам, а тады запрасіў яго ў кабінет. З размовай не спяшаўся, спрабуючы ў думках падабраць ключ, у якім можна было пачынаць допыт. Напэўна, быў вінаваты ўчастковы з сваім водгукам пра гэтага чалавека. Саковіч нечакана зрабіў на Корзуна добрае ўражанне. Звычайны, заклапочаны — з такімі на вуліцы сустракаешся штодня і нічога благога пра іх не падумаеш. І хваляваўся ён цяпер, падобна, зусім не таму, што выклікалі ў міліцыю, а ад нечага свайго, неадкладнага, недаробленага, відаць.

— Скажыце, — Корзун рашыў, што досыць мардаваць Саковіча, — што вы рабілі ў мінулы аўторак у завулку паміж школай і лазняй прыкладна а сёмай гадзіне вечара?

Саковіч недаўменна зірнуў на лейтэнанта:

— Я заўсёды там хаджу…

— Мяне цікавіць той вечар!

— Не ведаю, той або іншы, але я заўсёды там хаджу, — паўтарыў хлопец. — Магчыма, і тады ў магазін бег. Прыходжу з працы і адразу па малако, жонцы няма калі, двое ж малых, — апошняе ён прамовіў

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату