— Пра што яшчэ цікавіўся журналіст? — нібы нічога не адбылося, спытаў Корзун.
— Ці могуць калгаснікі прадаваць дзяржаве асабістую жывёлу праз калгас.
— Што вы адказалі?
— Што толькі пасля адкорму ў гаспадарцы, хаця, вядома, парушэнні бываюць. Купяць — і адразу вязуць, а пішуць, што гадавалі.
— І ўсё?
— Здаецца… А-а, карэспандэнт яшчэ пытаўся, ці прымаем мы жывёлу ад нарыхтоўшчыкаў і прыватных асоб. Вядома, не.
— Я здаволены, — падзякаваў Корзун і на развітанне, кіўнуўшы галавой на белую шыльду з вялікімі чорнымі літарамі, усміхнуўся: — Будзе вам.
— Міліцыя абароніць! — бліснула падфарбаванымі вачамі Валя. Але не было відаць, каб яна або яе сяброўкі надта баяліся свайго грознага непасрэднага начальства. Напэўна, у добрых калектывах узаемаадносіны грунтуюцца не на боязі, а на нейкіх іншых прынцыпах.
Наведаўшы мясакамбінат, Корзун яшчэ болей упэўніўся, што выбраў правільны шлях. Інтарэсы Абабуркі і Рамейкі перапляталіся ўсё цясней. Журналісту, каб паставіць апошнюю кропку ў праверцы пісьма, падобна, трэба было разабрацца, як рэалізуюцца лішнія свінні. Відаць, атрымаўся б неблагі, востры фельетон. І Корзун зноў параўнаў працу газетчыка са сваёй. Як многа агульнага! Асабліва калі трапляюцца вось такія выпадкі. А Рамейка малайчына, за колькі дзён раскруціў справу. Так што ў Абабуркі былі прычыны ўзненавідзець яго, а тады і знішчыць…
— Як ты гэта ўяўляеш? — спытаў Пратасеня, калі Корзун выклаў яму вынікі свайго паходу на камбінат і ўзніклыя пасля меркаванні.
— Убачыў, што Рамейка страціў прытомнасць, завёў на пераезд і пакінуў. А можа, яшчэ і прыстукнуў.
— Кучаронкава прызнанне пацверджана і выездам на месца, і экспертызай. А чым ты падмацуеш абвінавачанне супраць заатэхніка?
— Над гэтым думаю, — шчыра прызнаўся Корзун.
— Зразумей, кінуць можна было і ў полі, наўрад ці ён бачыў, як журналіста ўдарыла машына. А ў нашым выпадку падробка пад чыгуначнае здарэнне. Гэта адно. Другое: чалавека, які, хай і з дапамогай, але дайшоў да пераезда, проста так не кінеш. Што яму не дало зайсці ў будку вартаўніка? Акно ж свяцілася.
— Гарачка…
— Не ўскладняй. Што ён, як ты кажаш, у гарачцы, Абабурка павінен быў здагадацца адразу, як толькі сустрэліся, — Пратасеня перасмыкнуў плячамі, нібы ўявіў сябе на гарадской вуліцы ў той позні завірушны вечар. — Неверагодна. Усё неверагодна. Абабурка — не бандыт, — адказаў ён на нямое запытанне Корзуна. — Рамейкава гарачка і без таго давала яму тую перадышку, пра якую ты, прабач, дзяўбеш. Пакуль ён ачуняў бы, мінула б некалькі дзён. Не, — паўтарыў Пратасеня. — Неверагодна. І сама гарачка, і прагулка да чыгункі, і сустрэча…
— Вы не ведаеце Рамейку. Мог ён, мог прызначыць сустрэчу без сведак, бо не хацеў кідаць цень, не ўпэўніўшыся.
— На Абабурку? — перапытаў Пратасеня. — Ты ж казаў, што ён раскусіў заатэхніка. Не, ты заблытаўся, сам сабе пярэчыш!
— Але ж Рамейку знайшлі на пераездзе, — упарціўся Корзун. — І шафёру ён казаў аб сустрэчы.
— Адны домыслы, інспектар. Як пракурор папярэджваю — не прыму без доказаў,— і пасміхнуўся, не хацеў крыўдзіць чалавека, хаця і гаварыў яму суровую праўду.
— Шукаю, Аркадзь Міхайлавіч, доказы, абяцаю знайсці.
— Так. Начуўся пра тваю настойлівасць. Дай бог, як кажуць, нашаму цяляці воўка спаймаці. Буду толькі рады. А зараз ты што збіраешся рабіць? То, можа, пасядзіш? Кунцэвіч прыйдзе, хачу ўжо і з ім закончыць. Мы хутка.
— А што, пасяджу паслухаю. Ён у маім плане таксама значыцца.
Кунцэвіч паўтарыў сказанае мінулы раз, нічога новага не дадаўшы. Ды і Пратасеня не дамагаўся. Адчувалася, што паўторны допыт проста неабходная фармальнасць. Праўда, і ў Корзуна да нарыхтоўшчыка пытанняў не было. Паказанні Кунцэвіча былі дакладныя, а аўтар іх у даным выпадку быў пасіўным сведкам. Заўважыў і паведаміў. Што было раней ці пасля, яго не датычылася. Можна было закругляць допыт.
Зазваніў тэлефон. Пратасеня ўзяў трубку, выслухаў і сказаў:
— Я вам перазваню. З райкома, — паведаміў ён Корзуну і Кунцэвічу, — прабачце. — І выйшаў у прыёмную.
Кунцэвіч правёў вачамі пракурора і павярнуўся да Корзуна. Яго позірк нібы пацяплеў, і з твару знікла сухая афіцыйнасць якая была ў час размовы з Пратасенем. Корзуна ён, напэўна, палічыў тут выпадковым чалавекам. Памаўчаўшы, як вагаючыся — гаварыць ці не, хітравата, аднымі губамі ўсміхнуўся:
— А вы тады збеглі, Аляксандр Антонавіч.
— Чаго гэта? — Корзуну стала няёмка. Здаецца, прыдумаў пераканаўчую прычыну, а гэты з выгляду праставаты чалавек, аказваецца, раскусіў яго. Не, што б там ні казалі, а ў кожным нарыхтоўшчыку гіне вучоны-псіхолаг.
— Вось і я думаю, — усміхнуўся Кунцэвіч. — Дзяўчына ці, можа, кампанія не да стала?
Урэшце ён сам пачаў размову. Гэта развязвала Корзуну рукі. Цяпер любое яго пытанне будзе выглядаць больш-менш натуральным. А пытанне ў яго было. Праўда, асабіста да Кунцэвіча, які знайшоў мёртвага Рамейку і раней з ім не сутыкаўся, яно дачынення не мела. Таму і не мог задаць яго раней, у час афіцыйнага допыту.
— Дзяўчыну я трэці раз у жыцці бачу. А кампанія?.. Дык яна мне нават болей падыходзіць, чым вам. Вам жа гадоў на дваццаць болей, чым любому з нас.
— Калі лічыць Міхася Карпавіча, на пятнаццаць…
— Сябруеце ж…
— Не без таго, — Кунцэвіч развёў рукі, маўляў, у каго не бывае дзівацтваў.— Маладзею з ім. За гэта і люблю.
— Дзіўная дружба, — паддзеў Корзун.
— Што так? — выпнуў падбародак Кунцэвіч. Тое, што Корзун хацеў даведацца яшчэ нешта пра Абабурку, вядома, не давала яму права ўспамінаць, мажліва, непрыемныя для Кунцэвіча моманты. Ён гэта разумеў, але размова была як паміж знаёмымі, з нейкай агульнай таямніцай, так што можна было не выбіраць выразаў.
— Вы да яго «Карпавіч», а ён…
— Ну, гэта глупства, — усміхнуўся зноў Кунцэвіч, хаця вочы яго нібы наліліся холадам. — Галоўны заатэхнік, начальства. Прывык да пачцівасці. А мне што, цяжка? Мае чыны невысокія, як пачынаў Федзем, так Федзем і скончу, хіба пракурор у пратаколе Сяргеевіч дапіша… Абы дружба была.
Кунцэвіч прамовіў гэта раўнадушна, нібы пытанне было не вартае сур'ёзнай увагі. І сапраўды, у дружбе не гэта важна, былі б вернасць, шчырасць. Корзун не меў падстаў думаць, што ў адносінах Кунцэвіча і Абабуркі няма шчырасці. Проста нарыхтоўшчык ставіўся да маладзейшага таварыша паблажліва, дараваў фамільярнасць, можа, недзе ў глыбіні душы ганарыўся дружбай з чалавекам больш высокай пасады, адукаваным, непрывычным. Мог жа Абабурка выклікаць у Кунцэвіча захапленне шырокімі жэстамі, непадобнасцю на ягоных калег, людзей, з якімі ён пастаянна сутыкаўся як нарыхтоўшчык…
— Сумняваецеся? — паўза зацягнулася, і ў Кунцэвічавым голасе пракінулася насмешка.
— Мне ён здаваўся больш тонкім, чулым. — Корзун так не думаў, Абабурка яму не спадабаўся з першай сустрэчы, але Кунцэвічу зараз зусім не абавязкова было гэта ведаць — ён міжволі мог дадаць да Корзунавага ўяўлення аб заатэхніку які-небудзь новы штрых.
— Са мной ён адкрыты: які ёсць, такі ёсць.
Гэта можна было разумець так, што перад іншымі Абабурка іграе прыдуманую ролю. Вядома, такія людзі таксама ёсць. Але навошта Кунцэвічу раскрываць яго, гэта не па-сяброўску. Не зусім абыякавы да Абабуркавай зняважлівасці? То што вымушае цярпець яе? Цікавы, шчодры сабутэльнік ці… хаўруснік?! Свіней жа Абабурка мусіў неяк збываць, і Рамейка цікавіўся на камбінаце, ці не здаюць туды закупленую жывёлу нарыхтоўшчыкі. Кунцэвіч з гэтай дзіўнай дружбы меў навар, вось і зносіў крыўду. Корзун адчуў горыч. Не таму, што Кунцэвіч мог таксама аказацца жулікам, хаця лепш бы ім не быў, хопіць аднаго Абабуркі.