гняздо прыглушанае адчуванне трывогi.
Ты кажаш, здарэнне з голубам сталася чыстай выпадковасцю? Аднак чамусьцi i ты сама выдатна ўсё запомнiла: як дзiкi шызы голуб неспадзеўкi заляцеў у разнасцежанае з нагоды чаканае цеплынi вакно, як, спалохана залопаўшы крыламi, матлянуўся да стойкi, перакулiў пару блакiтных кубачкаў з каваю i, зусiм ашалеўшы, вымкнуў у дзверы.
Далейшыя падзеi раскручвалiся з кiнематаграфiчнай iмклiвасцю.
Гатуючы нам каву, бармен аднойчы папярэдзiў, што iх будынак iдзе пад знос i да канца месяца кавярню зачыняць.
Мы абмеркавалi навiну досыць спакойна. Маўляў, няпроста будзе знайсцi другi такi куток, але мы знойдзем. Будзем шукаць, пакуль аднаго вечара не адчуем, як на нас павее знаёмай аўраю. Была разгледжаная нават iдэя далучыць да пошукаў усiх сталых наведнiкаў, а ўпрыдачу i бармена з яго здобнай памагатай, карацей - 'пераехаць' цэлай ватагай, хоць, калi шчыра, мне было цяжкавата ўявiць, як мы дамовiмся аб'яднаць сiлы з лесбiянкамi, не кажучы ўжо пра глуханямых.
Можна было здагадвацца, як успрынялi паведамленне бармена iншыя, але факт застаецца фактам: у апошнi вечар без усякага запрашэння сабралiся ўсе даўнiя клiенты: i кампанiя маладзёнаў, i Пеця, i лесбiянкi, адна з якiх паставiла на столiк букецiк свежых жоўтых бяссмертнiкаў. Глуханямыя прыпазнiлiся i адчынiлi дзверы а палове дзесятай, нiбыта ведаючы, што з нагоды развiтання кавярня будзе працаваць пазней.
Чамусьцi не прыйшоў адзiн алмазаздабытчык, столiк якога раз-пораз ненадоўга займалi розныя залётныя птушкi. Прачытаўшы на дзвярах абвестку, найбольш цiкаўныя пыталiся, чаму сёння кавярня адчыненая да паўночы, а мы, не згаворваючыся, пацiскалi плячыма i, я ўпэўнены, у думках дадавалi, што гэтыя дзве лiшнiя гадзiны не даюць чужанiцам нiякага права ашывацца сярод нас i шкрабаць душу недарэчнымi роспытамi.
На пачатку адзiнаццатае маўклiвы цiск на залётных даў плён: на 'палубе' засталiся толькi свае. Моладзь са згоды бармена пераставiла столiк да дзвярэй, чым, па сутнасцi, забарыкадавала ўваход, i пайшла танцаваць пад блюзавыя мелодыi. Услед за гэтым бармен паставiў анталогiю 'Bеаtles', i паднялiся мы, а дачакаўшыся наступнае песнi, - глуханямыя. Такi самы эфект мiлiцыянт Пеця мог бы выклiкаць, разрадзiўшы свой пiсталет у вiтрыну за стойкай. Глуханямыя не былi глухiмi, ва ўсякiм разе хтосьцi з iх меў слых, дастатковы на тое, каб адчуваць мелодыю i беспамылкова вадзiць партнёра. Ад разгубленасцi астатнiя пары спынiлiся, i да канца песнi глуханямыя танцавалi ў адзiноце.
Потым я запрасiў цябе, а мiлiцыянт, разоў колькi зiрнуўшы на лесбiянак, памочнiцу бармена. Сам бармен, нечакана лёгка валодаючы сваiм шафападобным целам, танцаваў з высокай шатэнкаю з кампанii маладзёнаў. Лесбiянкi трымалiся даўжэй, аднак не маглi не адчуць, што iх ахутаныя цыгарэтным дымам адмовы ад мужчынскiх запрашэнняў выглядаюць двайным выклiкам. У танцы яны рухалiся з пластычнасцю прафесiяналак, але, як i глуханямыя, не дазволiлi разбiць свой дуэт нi мiлiцыянту, нi бармену, нi мне.
Пад 'Girl' ты пайшла з худым, як жэрдка, вастраносым хлопцам, а я - з ягонай пышнагрудаю сяброўкай, што мела зайздросную талiю i карону цудоўных каштанавых валасоў, якiя, напэўна, умелi маляўнiча рассыпацца па падушках. Дзяўчына яўна перабрала норму: яна павiсла на мне i, прыцiснуўшыся ўсiм целам, зашаптала, што хоча, каб я на ёй пакатаўся. Ты атрымала ад яе незаслужанае абвiнавачанне ў фрыгiднасцi, а твой партнёр з птушыным носам - у iмпатэнцыi, што не перашкодзiла яму выцягнуць шарыкавую асадку i напiсаць табе на далонi нумар тэлефона.
Прыкладна ў гэты час мокры ад поту бармен грукнуў аб стойку дзвюма дармавымi пляшкамi лiкёру i дзвюма - шампанскага. Гэта сталася сiгналам. Пеця ўпершыню раскашэлiўся на пачастункавае шампанскае, глуханямы паставiў побач каньяк. Мы з лесбiянкамi падтрымалi агульнае натхненне, а моладзь, у якой даўно скончылiся грошы, унесла сваю долю тым, што ссунула два столiкi i расставiла крэслы, на якiх уладкавалiся ўсе, апрача красунi з асiнай талiяй, што цiхамiрна пасопвала ў кутку за выступам дзвярэй...
Тралейбусы ўжо даўно не хадзiлi, калi ў прачыненае вакно зазiрнуў мiлiцэйскi патруль. 'У нас банкет!' - зычна выгукнуў бармен, i ягоны голас аказаўся неспадзявана цвярозым i прагучаў над сатурналiяй, як ранiшнi крык пеўня...
Ноч перамiргвалася дробнымi гарадскiмi зоркамi i дыхала свежасцю блiзкае восенi.
Колькi хвiлiнаў мы, паўтара дзесятка познiх гулякаў, непрыкаяна тупалiся ля дзвярэй, а тады пацягнулiся кожны ў свой бок. Пазней за астатнiх разышлiся пары: мы, глуханямыя i лесбiянкi.
Праз два днi мы з табой стаялi на тым самым месцы. Прызнайся, разам са старой завядзёнкай нас вяла i надзея, што расстанне з кавярняю было заўчасным i, праехаўшы тры прыпынкi, мы ўбачым чырванашчокага бармена, а там падыдуць лесбiянкi альбо, прыгнуўшыся ў дзвярах, зойдзе алмазаздабытчык з пасiяй- аднадзёнкай...
Нас сустрэла падкова высокага свежага плота, якi хаваў i два вакны на някiдкiм фасадзе, i бакавую сцяну, дзе была намаляваная назва, i клёнiк-самасейку з тузiнам пыльных лiсцяў, што збiраўся вырасцi на газоне перад ганкам.
Мы зайшлi ў блiжэйшы зялёны дворык, селi на дзiцячыя арэлi i, выкурыўшы па цыгарэце, дамовiлiся стэлефанавацца, як заўсёды.
Мы не пазванiлi - нi як заўсёды, нi наогул.
З усiх наведнiкаў кавярнi за гэтыя гады я не спаткаў нiкога, акрамя алмазаздабытчыка. Наставiўшы пад золкiм восеньскiм ветрам каўнер, ён самотна брыў па свiслацкай набярэжнай, i з кiшэнi ягонага калiсьцi дыхтоўнага палiто выглядвала светлае рыльца адкаркаванае бутэлькi. Я спынiўся, ён таксама вiдавочна пазнаў мяне, але пасля iмгненнага вагання перавёў вочы на рачное рабацiнне i прыспешыў хаду.
Ну i цяпер вось сустрэча з табой.
Я gеnius lосi, я помню дзяцiнства
Гэтага горада, гэтае песнi...
узгадваецца мне, а ты сядзiш з цыгарэтай у пустым фатэлi каля вакна i пагаджаешся: таго, што не зрабiлася ўспамiнам, проста не iснавала.