- Ён там, у шафе.
- Хто? - Ува мне падымаўся калючы клубок злосцi.
- Прайгравальнiк, - прабачлiва, нават лiслiва растлумачыў ён. - У сценнай шафе каля ложка.
Я адчуў тое самае, што i ў выпадку з ключамi: немаведама чаму ён хацеў пакiнуць гэты прайгравальнiк у старой кватэры.
Зачынiўшы нарэшце дзверы, я сеў за стол, паклаў перад сабою ўсе тры камплекты ключоў i з затоенай радасцю падумаў, што, прынамсi, год буду пазбаўлены вiзiтаў чалавека, што мае схiльнасць без дай прычыны дарыць прайгравальнiкi i пытацца, цi любiце вы Шапэна.
Назаўтра я прывёз на таксоўцы сумкi з рэчамi, а ўвечары адкаркаваў пляшку сухога херасу i аддаўся цiхамiрным лятункам аб тым, як за год перачытаю тут штабель чужых кнiг i напiшу адну сваю. Я прадбачыў, што атрымаецца зборнiк апавяданняў свабоднага саракагадовага чалавека, якi своечасова звёў падрахункi з мiнулым. Памятаючы Борхесава папярэджанне пра непрадказальнасць гэтага ўзросту для мужчыны наогул i для лiтаратара - асаблiва, зазiраць далей не хацелася.
Вiно скончылася нечакана хутка. Дапiваючы апошнi глыток, я сустрэўся вачыма з масянжовай стодкаю Шывы на кнiжнай палiцы. Гэтае чатырохрукае стварэнне i падкiнула мне iдэю правесцi ў новым жытле iнвентарызацыю.
Стараючыся не згадваць самога гаспадара, я прызнаў, што iнтэр'ер ягонае кватэры можа прэтэндаваць на пэўную неардынарнасць i найперш - дзякуючы сцяне, якую ад столi да падлогi займала мапа Эўропы. Прычым яна, гэтая жоўта-зялёна-брунатная з плямамi блакiту мапа, была не проста наклееная на тынк накшталт шпалераў, але ўзятая, нiбы жывапiснае палатно, у адмысловую драўляную асаду, што на пару пядзяў адступала ад паверхнi, ствараючы своеасаблiвую перспектыву. Мапа як быццам адкрывалася воку з шырокага вакна, куды злева не трапляла толькi Пiрэнейская паўвыспа, а справа - Уральскi хрыбет. Унiзе лiнiя абрэзу праходзiла прыкладна на шыраце Крыма, пад якiм уладкаваўся стол-кнiжка. Праваруч гэтага 'вакна' цягнулася сцяна, цалкам занятая самаробнымi палiцамi з кнiгамi ды трыма тузiнамi пустых рознакалiберных пляшак з размаiтымi налепкамi, што захапiлi ўвесь верхнi ярус. На трэцяй зверху палiцы ў атачэннi дзесятка шматкалерных бляшанак з-пад пiва i атабарыўся чараваты шматрукi бажок з круцельскiм выразам на iльсняна-тлустым твары. Бажок пазiраў у сапраўднае вакно. Суседнi дом стаяў вельмi блiзка, i шчытная чорная штора, якая спадала нiжэй за падваконне, не выглядала лiшняй.
Годнае месца ў пакоi належала шырокаму ложку-канапе злева ад дзвярэй. Сцяну над ложкам закрывалi панелi з бардовай скуры. (Таго разу я не звярнуў увагi, што сям-там скура падрапаная нечым вострым кшталту кацiных кiпцюроў.) Збоку ад вакна, над спальным кутком, сцяну аздабляў гадзiннiк у драўляным корпусе з вакенцамi i вежачкамi. Праўда, сам гадзiннiк быў электронны i мераў час не стрэлкамi, а зялёнымi лiчбамi.
Не падымаючыся з ложка, можна было нацiснуць на некалькi ўштукаваных у панель жоўтых клавiшаў. Першая ўключала дабiты чорна-белы тэлевiзар, другая люмiнiсцэнтную лямпу над пiсьмовым сталом памiж вакном i мапаю, трэцяя вентылятар на столiку-кнiжцы, дзве наступныя сваiх функцыяў анiяк не выявiлi, а апошняя прынесла прыемную неспадзяванку: дзесьцi пры падлозе ўтульна запалiлася мяккая падсветка мапы. Калi патушыць астатняе святло, 'вакно ў Эўропу' глядзелася асаблiва маляўнiча.
Дзверы пакоя мелi матавае шкло i адчынялiся ўсярэдзiну. Выхад у пад'езд вартаваў, седзячы на пыльнай антрэсолi, памаранчавы плюшавы сабачка. Я выйшаў на лесвiчную пляцоўку i нацiснуў гузiк званка. Сабачка заскакаў i зайшоўся вясёлым брэхам. Дзверы зачынялiся на ланцужок i на тры замкi. Я падумаў, што гэта занадта, i наважыў карыстацца двума. У сумешчанай з туалетам ваннай нiчога прыкметнага, апрача вялiкага павука, не сустрэлася.
Усё, што я пiшу зараз, можа здацца занудлiва-неiстотным, але я адчуваю неабходнасць зафiксаваць гэтыя дробязi, бо неўзабаве лiтаральна кожная з iх набудзе велiзарную значнасць.
Канец вечара быў далёка, i я прыступiў да больш блiзкага знаёмства з пакiнутымi аматарам Шапэна рэчамi.
У сценнай шафе пры ложку ляжалi дзве коўдры i дзве падушкi. На нiжняй палiцы стаяў прэзентаваны прайгравальнiк. Падбор кружэлак выглядаў досыць страката: Вiвальдзi, сярэднявечная лютневая музыка, 'The Beatles', санаты Чурлёнiса, 'Песняры' i два маленькiя дыскi дзiцячых казак. Запiсаў Шапэна насуперак чаканню не аказалася.
У дадатак да мапы i гадзiннiка ў кватэры прысутнiчала яшчэ адна рэч з прэтэнзiяй на арыгiнальнасць. Памiж дзвярыма i кнiжнымi палiцамi месцiўся акаваны меддзю куфар, зроблены, вiдавочна, не вясковым майстрам, а гарадскiм iмiтатарам, якому не хапiла густу, i ён прымалацiў на пярэднi бок пяць медных лiтараў: SEZAM. (Светлыя драпiны на фарбаванай драўлянай падлозе, якiя сведчылi, што гэтую частку абсталюнку - i няраз - падцягвалi да дзвярэй, я заўважу значна пазней.)
Куфар быў пад самае вечка наладаваны розным жалеззем i iнструментамi, паўзверх якiх ляжала вераўчаная турыстычная лесвiца з кiпцямi-зачэпамi. З выгляду яна наўрад паспела паўдзельнiчаць у сур'ёзных падарожжах. Пакруцiўшы знаходку ў руках, я змецiў заводскую налепку з даўжынёю - 10 м i механiчна адзначыў, што гэтага якраз хапае, каб спусцiцца па сцяне з майго трэцяга паверха.
Пакiнуўшы ў спакоi куфар, я заняўся кнiгамi. Перад сном заманулася пачытаць, i я зняў з палiцы лiмонавы том Акутагавы Руноске. Памiж старонак 'Жыцця iдыёта' знайшоўся лiсток з вучнёўскага сшытка ў кратку. Дзiцячая рука фламастэрам намалявала на iм пяцiпавярховiк з жаночым тварам у вакне трэцяга паверха. Малюнак не меў у сабе нiчога незвычайнага, а вось надпiс мяне збянтэжыў i нават трохi занепакоiў.
ГЭТА НЕ МОЖА
БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА
НЕ МОЖА
Словы, дзе хавалася трывога, а мо i роспач, належалi вiдавочна не дзiцёнку, хоць i былi напiсаныя буйнымi друкаванымi лiтарамi, што тоўпiлiся i, як сляпыя, натыкалiся адна на адну. Так мог пiсаць чалавек на моцным падпiтку альбо ў скрайняй расхваляванасцi.
Тут, безумоўна, таiлася нейкая загадка, i яе бударажлiвае адчуванне абяцала пераўтварыцца ў сюжэт, а потым у навелу.
Паляжаўшы колькi хвiлiнаў у цемры, я павярнуўся да сцяны-мапы i ўключыў падсветку. На жоўта- зялёнай прасторы хутка ўдалося знайсцi Парыж, а за iм Лондан i Стакгольм. Дом аддзяляла ад вулiцы такая адлегласць, што шум транспарту сюды не далятаў. Чорныя кропкi з назвамi эўрапейскiх сталiцаў зрушылiся з месца i закружылiся ў карагодзе. Я дрымотна нацiснуў клавiшу на панелi i, засынаючы, паспеў усцешана падумаць, якiя цiхiя вечары чакаюць мяне наперадзе.
Другi камплект ключоў спатрэбiўся нашмат раней, чым я меркаваў.
Я наняў кватэру ў сакавiку, а на пачатку наступнага месяца яна ўжо чула жаночы голас.
Як i абсалютная большасць такiх знаёмстваў, нашае - ад сустрэчы на стаянцы таксi да пакiнутага нумара тэлефона - было наборам банальных слоў i ўчынкаў. Праўда, тэлефон я даў свой - не столькi таму, што Наташа мне адразу спадабалася, як з прычыны беспрасветна здзеклiвага маўчання майго белага тэлефоннага апарата.
Я не цешыў сябе спадзяваннямi на прарыў гэтае блакады, але праз два днi тэлефон загаварыў Наташыным голасам.
Яна зрабiлася маёй у самы першы вiзiт сюды i потым прызнавалася, што вельмi праз гэта перажывала. У тыя днi нашы адносiны ўжо дазвалялi мне растлумачыць Наташы, што яна проста даверылася жаночай iнтуiцыi, а тая нашэптвала, што новы знаёмы не будзе трацiць час на дзеяннi, якiя адзiн ягоны сябар калiсьцi назваў танцам паўлiна. Мая сяброўка згадзiлася. Яе русая галоўка з дзвюма падкручанымi ля скроняў даўгiмi кудзеркамi ляжала ў мяне на плячы. Чорная штора захiнала нас ад дзённага святла i астатняга свету. З прайгравальнiка, якому пасля Наташынага з'яўлення я вызначыў месца на столiку каля мапы, лiлася лютневая музыка, а на падлозе пры ложку стаяла пляшка чырвонага вiна.
Наташа сказала, што нi ў чым не раскайваецца, i, не падымаючыся, напоўнiла шклянкi. За вакном быў травень, i на сажалцы каля былых лютэранскiх могiлак у шарую гадзiну пачыналiся жабiныя канцэрты.
Назваць той час шчаслiвым было б няшчыра. Як акрэслiць яго больш дакладна?.. Ён поўнiўся жыццёвай энергiяй. Ён быў падарункам лёсу, хоць часам я падазраваю, што таемныя сiлы, якiя неўзабаве зацягнулi мяне ў свой водаварот, усяго толькi вырашылi даць мне адпачынак перад блiзкiмi выпрабаваннямi.
У адрозненне ад некаторых лiтаратурных герояў я не жыў ад спаткання да спаткання. Ранiцой я сядаў за