Дзеля чысцiнi эксперымента я яшчэ двойчы ўключаў прайгравальнiк, ставячы прэлюды, а потым - 'Led Zерреlin'. У першым выпадку струменьчыкi дыму павiслi ў тым самым месцы, над сталом, узнiкнуўшы - я не заплюшчваў вачэй - як быццам нiадкуль. На 'Led Zерреlin' рэакцыi не было.

Напiсанае трохi раней слова 'эксперымент' тут уяўляецца перадчасным. Перыяд эксперыментаў ляжаў наперадзе. А тады я рашуча i назаўсёды адпрэчыў жаданне тэрмiнова з'ехаць з кватэры, махнуўшы рукой на аплачаныя i непражытыя паўгода. Я думаў ужо не столькi пра неабходнасць супроцьстаяння страху, як пра свой абавязак лiтаратара, якi сутыкнуўся з невядомым.

Калi ва ўмоўлены час зазванiў тэлефон, я зусiм спакойна пагаварыў з Наташаю i выйшаў купiць дзве традыцыйныя пляшкi чырвонага вiна.

Была, я ўжо казаў, пятнiца, таму Наташа не паглядала на гадзiннiк i мы змаглi заняцца любоўю другi, а потым i трэцi раз, запiўшы яго глытком каньяку, бо вiно ўжо скончылася.

Калi я вярнуўся з тралейбуснага прыпынку, мяне не сустрэлi нi музыка, нi ментолавы пах, нi попел у чортавых вачнiцах, i я нават пасмяяўся з версii, паводле якой госцi гiпнатызавалi мяне каля дзвярэй i такiм чынам прымудралiся шмыгануць у пад'езд.

Ложак захоўваў Наташыны пахi. Усё падводзiла да думкi, што непасрэдна майму жыццю нiхто не пагражае. Я падмiргнуў Шыву, якi стаяў на звычайным месцы, i зняў з палiцы том Акутагавы, той самы, што гартаў тут у першы вечар. Складзены ў дзве столкi лiсток вучнёўскага сшытка з дзiцячым малюнкам жаночага твару ў вакне ляжаў, як i раней, памiж старонак 'Жыцця iдыёта'. Я разгарнуў яго i задуменна перачытаў надпiс:

ГЭТА НЕ МОЖА

БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА

НЕ МОЖА

Коўдра зберагла цеплыню нашых целаў. Каб хутчэй заснуць, я хацеў скарыстацца, як i ўчора, паслугамi двайнiка, але ўрэшце выбраў звыклы, неаднаразова правераны з вясны сродак: выклiкаў у памяцi Наташу, павярнуў яе да сябе цёплай спiнкаю i моцна абняў пад пашкi.

Ранiцою я прачнуўся ў накураным пакоi з пачуццём падрыхтаванасцi да самага неспадзяванага. З гэтага i пачаўся адлiк дзён, якiя я ўмоўна назваў перыядам эксперыментаў.

Эксперыменты - часам з досыць значнымi перапынкамi - доўжылiся ад спалення вiзiтоўкi майго гаспадара да першага сну, якi яшчэ не стаў сапраўдным падарожжам.

Але не буду спяшацца, як не мае права нiчога прапускаць чалавек, што вядзе бартавы журнал, калi карабель адхiлiўся ад курсу i яго чакаюць альбо адкрыццё новых земляў i трыумф вяртання, альбо гiбель i забыццё.

Так, эксперыменты пачалiся пасля спалення вiзiтоўкi з тэлефонам i адрасам гаспадара. Я ўспрыняў гэта як сiмвалiчны акт, заклiканы пацвердзiць маю рашучасць - калiсьцi з такой самай змрочнай слодыччу я расклаў ва ўнiверсiтэцкiм скверы маленькае вогнiшча з лiстоў аднакурснiцы.

Вы памыляецеся, калi мяркуеце, што ў аснове маiх дзеянняў ляжаў нейкi грунтоўна распрацаваны лагiчны план. Я зыходзiў з таго, што ў алагiчных умовах любая сiстэма непазбежна дасць збой, а таму трэба разлiчваць на iмправiзацыю. Карацей кажучы, я заняў кругавую абарону i, намацваючы ў працiўнiка слабое месца, ладзiў вылазкi адразу на ўсiх напрамках.

Пра некаторыя з доследаў я ўспамiнаю са з'едлiвай усмешкаю. Ну, напрыклад, пра белыя з зялёным паскам пачкi цыгарэтаў 'Рiеrе Саrdin', якiя я - то нераспячатаныя, то знарок пачатыя - пакiдаў, адыходзячы з дому, дзе-небудзь навiдавоку, як бы запрашаючы пачаставацца. Яшчэ наiўнейшым было нацягванне ў пакоi i ў калiдорчыку нiтак. Зрэшты, трэба зазначыць, што i нiткi, i цыгарэты заўжды заставалiся нечапаныя, што нiяк не ўплывала на з'яўленне цi адсутнасць у кватэры ментолавага паху. Пачак быў непачаты i тады, як я знайшоў свежы недакурак.

Папярэднiя радкi могуць павеяць на вас легкаважнасцю, ды такое ўражанне будзе бясконца далёкае ад рэчаiснасцi. Дастаткова сказаць, што я пачаў курыць. Гэта мела, праўда, i чыста практычны сэнс, бо, каб пазбыцца наслання з пахамi, я курыў толькi ментолавыя цыгарэты. Я ўступiў у гульню, але не ведаў нi яе правiлаў, нi ставак, хоць увесь час адчуваў, што стаўкi будуць высокiя.

Паўтараю, я дзейнiчаў непаслядоўна i навобмацак, аднак цяпер, калi дагарае кастрычнiк, эксперыменты паддаюцца сiстэматызацыi.

Першую iх групу я ўмоўна назаву тэлефоннай. Наогул, тэлефон паводзiў сябе бездакорна. Не лiчачы пары памылковых званкоў, ён гаварыў выключна грудным, з лёгкiм прыдыханнем Наташыным голасам. Мая сяброўка нi аб чым не здагадвалася, а дзякуючы майму курэнню не мела падставаў i для звязаных з ментолавым пахам падазрэнняў. Прызнаюся, што я пачуваўся досыць самазадаволена: я жадаў яе i, не зважаючы нi на што, рытуал нашых спатканняў не зазнаў анiякiх зменаў - ад дзвюх неадменных пляшак да выбару маршрутаў на падсветленай мапе Эўропы. Божа мой, якое гэта цяпер мае значэнне... Безумоўна, нельга было абмяжоўвацца адным назiраннем за тэлефонам. Я рэгулярна набiраў свой нумар з аўтамата ў час праходак. Кватэра адказвала доўгiмi гудкамi. Часам чулiся кароткiя, ды гэта нiчога не значыла, бо тэлефон быў спараны з суседскiм i, калi там размаўлялi, на маiм працаваў блакiратар. Разоў колькi я накручваў дыск тэлефона-аўтамата ў пэўных камбiнацыях: адлiчваў дзесяць доўгiх сiгналаў, якiм адпавядала роўна столькi ж званкоў майго белага апарата на куфры, вешаў трубку, зноў набiраў нумар i адлiчваў яшчэ дзевяць, наступным разам - восем, затым - сем... Я пасылаў свайму верагоднаму госцю сiгнал: падазраваю, што ты ў мяне, чаму б табе не адгукнуцца... Вынiк заўсёды быў аднолькавы.

На куфры я прыцiснуў масянжовым Шывам цыдулку прыкладна з такiм зместам: хто б вы нi былi, прашу папярэджваць пра вiзiты загадзя, каб у нас не ўзнiкала двухсэнсоўных сiтуацый. Мяркуючы па свежым цыгарэтным дыме, маё пасланне прачыталi i - пакiнулi без адказу.

Гэтаксама безуважна госцi паставiлiся да 'забытых' на стале запасных ключоў.

Нiчога новага не паведамiў замаскаваны сярод кнiгаў мiнiяцюрны магнiтафон.

Найбольш казыталi нервы эксперыменты з дзвярным 'вочкам'. Выпраўляючыся на вечаровую прагулянку альбо iдучы праводзiць Наташу, я не выключаў у калiдорчыку святла, а вярнуўшыся, нацiскаў на гузiк званка. Мой ненадзейны плюшавы вартаўнiк абзываўся насцярожана-вiнаватым брэхам, а я, мiжволi сцяўшыся, да болю ўваччу ўтароплiваўся ў 'вочка', пасярод якога гарэла светлая кропка. Яна магла пагаснуць у двух выпадках: калi б хтосьцi выключыў святло або прынiк да 'вочка' з таго боку дзвярэй. Кропка не пагасла нi разу.

Перад сном я таксама карыстаўся паслугамi 'вочка', але ўжо знаходзячыся ў больш выйгрышнай пазiцыi. Накiнуўшы на дзверы ланцужок, я прыкладваўся да 'вочка' i аглядаў зведзеныя лiнзаю ў цеснае кола аб'екты: дзверы дзвюх суседнiх кватэраў, пляцоўку i край лесвiчнага марша. Там было пуста, аднак колькi разоў у мяне ўзнiкала неадчэпнае адчуванне, што гэтаксама ўважлiва, як я, у той самы момант хтосьцi глядзiць на мяне ў сваё 'вочка', быццам бы гэта я стаю на пляцоўцы перад зачыненым уваходам. Прычым, калi давяраць чуццю, мой контрназiральнiк знаходзiўся ў мяне за спiнай. Перамагаючы страх, я рэзка азiраўся i са змрочнай iронiяй казаў сам сабе: 'Мой дом - мая фартэца'.

Самую значную групу эксперыментаў складалi звязаныя з прайгравальнiкам. Адсюль цягнулася тонкая нiтачка хоць да нейкага тлумачэння сiтуацыi, закладнiкам якое я аказаўся. Факт заставаўся фактам: упершыню ментолавы пах матэрыялiзаваўся ў пакоi, калi я купiў кружэлку Шапэна.

Я правёў з прайгравальнiкам сотнi разнастайных доследаў: з дзесятак разоў пракруцiў кожны з маiх дыскаў; паставiўшы Шапэна, выходзiў з дому i раптоўна вяртаўся; пераносiў апарат то ў кухню, то, карыстаючыся электрападаўжальнiкам, у ванную... Не сказаў бы, што ў вынiку я iстотна прасунуўся наперад. Справаздача пра гэтыя манеўры змясцiлася б у два-тры пункты. Пах цыгарэтаў трансцэндэнтным чынам узнiкаў у кватэры толькi пры гучаннi прэлюда No 15. Разам з тым пад перазвон 'кропелек' дым мог i не з'явiцца - наўпроставай залежнасцi доследы не выявiлi. Iншая рэч, што пад час астатнiх мелодыяў магчымасць з'яўлення паху раўнялася нулю.

Пытанняў набiралася болей, чым адказаў.

Шукаць адсутныя адказы я паспрабаваў у сваёй бiблiятэцы.

Адна з кнiг, аўтара якой анатацыя рэкамендавала як вучня Алены Блавацкай, на некалькi вечароў завалодала маёй увагаю. Напачатку падалiся цiкавымi думкi аб тым, што сутнасць мужчыны ёсць каханне, аблiчча ж ягонае ёсць мудрасць, у той час, як сутнасць жанчыны - мудрасць, а аблiчча яе - каханне, i я нават наладзiў з Наташаю абмеркаванне.

З той самай кнiгi я даведаўся, што ў дадатак да вядомых органаў успрымання кожны з нас мае яшчэ

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату