нацыянальнага адраджэньня прыкрывалi чэрап газэцiнай, хоць ён, Вячка, i папярэджваў, што гэты знойдзены археолягамi чэрап насiла на сваiх плячох простая беларуская жанчына аднекуль з-пад Ваўкавыску.

Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталiчных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямi каля манумэнту Свабоды абрабавалi самога амэрыканскага пасла, якi, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскiм народам.

Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпiсаны кiрылiцаю лiфт i празь дзесяць хвiлiнаў у чаканьнi магчымых экспрапрыяцыяў наблiжаюся да статуi Свабоды. Мяне займае адзiн iстотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавiта: цi лягчэй разьвiтвацца з грашыма, калi злодзеi гавораць з табой на тваёй мове?

Рабаўнiкоў на прыцемных цэнтральных вулiцах з выключанай рэклямаю пакуль не вiдаць, як, зрэшты, амаль не вiдаць i верагодных ахвяраў. Мабыць, i адныя, i другiя яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскiх кавярнях. Пералiчыўшы свае цэлыя рублiсы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столiкам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютовых, ужо зачыненыя, хоць на гадзiньнiку яшчэ бяз чвэрцi восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма - наведнiкi. Грэючы душу астатняй надзеяй, кiруюся ў знакамiтыя '12 крэслаў' каля Домскага сабора. '12 крэслаў' на замку, перададзены вернiкам сабор - таксама.

Улякнуўшы ў падваротнi нейкую даму з сабачкам, я падымаюся ў знаёмым лiфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў iм адно тады, калi я, зачынiўшы дзьверы, нейкiм дзiвам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.

У майстэрнi праблемаў са сьвятлом ня ўзьнiкла, аднак зьявiлiся iншыя: а дзевятай гадзiне вечара адначасова адключылiся вадаправод i ацяпленьне.

За вокнамi рэдка сьвяцiўся гатэль 'Латвiя' й ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталiца незалежнае Латвiйскае Рэспублiкi.

Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, пiў сам з сабою сьветлае грузiнскае вiно, ад якога рабiлася яшчэ халадней, i гаманiў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.

Стоена й гаркава пахлi прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнiм люстры клубiлiся мае й чужыя ўспамiны.

Майстэрня напоўнiлася гаманою, шэптамi, пацалункамi... Я крыху распрануўся i даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруцiўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.

З усiх рыскiх пеўняў найблiжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом i гляджу ў бок мора. Зьнiзу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон i басэтля. Такую мэлёдыю, толькi выдзьмутую з дуды-дудаса я чуў на вясковым беларуска-латыскiм вясельлi паблiзу Рыгi, дзе пазнаёмiўся з Андрысам.

Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесiў над сельсаветам латыскi нацыянальны сьцяг. 'Запомнi, Володя, - казаў ён мне, - русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить'. Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.

Спусьцiўшыся з сабора, можна паслухаць музыкаў, пакласьцi iм нешта ў капялюш i рушыць далей. А можна й не пакласьцi.

Зусiм ня так проста разьмiнуцца з музыкамi, што ўладкавалiся ў вузкiм аркавым праходзе па дарозе да сабора сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакiдаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкi праразаюцца сталёвыя ноткi эпохi незалежнасьцi й эканамiчнага абвалу, i рука сама сабою цягне з кiшэнi пяць рублiсаў.

У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты 'Советская молодежь'. Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзiць пад таямнiчай назваю 'СМ - сегодня'. Што такое СМ - здагадвайцеся самi. 'Современная молодежь? Совковая? Суверенная? Счастливая?' А ня выключана, што i 'М' - гэта зусiм не 'молодежь'. 'Макулатура? Макуха? Малина?..' Што б там нi было, два тузiны бутлiкаў дэзадаранту для цела 'Лунная ночь', што стаяць каля лiфту ў Вячкавым пад'езьдзе на Брывiбас, выжлукцiла вiдавочна СМ.

На першай старонцы эксклюзыўнае iнтэрвiю з намесьнiкам камандзера рыскага ОМОНу. 'Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, - з замiлаваным дамскiм прыдыханьнем паведамляе газэта, - разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) - симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле'. Значыцца, жыў-быў сабе сьцiплы расейскi хлопчык, 'кушал', хадзiў у бiблiятэку чытаць кнiжкi i раптам - нi з пушчы, нi з поля - 'изменились условия жизни'.

Прафэсiйна акцэнтаваны здымак: бамбiза ў профiль з кветачкай у руцэ, на заднiм пляне - краты й ахоўнiк. 'Я просто хочу дать им шанс', - пачынае сваё iнтэрвiю гаротны хлопчык Сярожа. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такiмi патылiцамi, настолькi вузкi, што чытаць далей нецiкава.

Станцыя Прыедайнэ. Тут жыве мастак Валеры Дэвiскiба. 'Дэ' пiшацца разам, бо Валеры нiякi не вiконт i ўвогуле не француз, а беларус, якога мацi нарадзiла ў фашыстоўскiм канцлягеры й якi потым падаўся зь Беларусi шукаць шчасьця ў Эўропу - у Латвiю. Праўда, Бацькаўшчына не адпускала, i Валеры то маляваў Скарыну, то ехаў з паходным мальбэртам на родную Гомельшчыну, дзе быў затрыманы мiлiцыяй у прыбiральнi на аўтастанцыi, калi мыў запэцканыя фарбамi рукi: пiльны наведнiк прыбiральнi паведамiў ворганам, што забойца змывае кроў.

Аднойчы Валеры стварыў мой партрэт. Гэта здарылася ў чарнобыльскiм 1986-м годзе, калi я прыехаў на ўзмор'е ў пiсьменьнiцкi Дом творчасьцi 'Дубулты'.

За сьценамi нашага флiгелю шумела мора i - кантрапунктам - прыбярэжныя хваiны. У бары можна было ўбачыць нездаровы азызлы твар рэдактара 'Литгазеты' i аднаго з фурманаў яшчэ нерастрэсенага возу СП СССР Аляксандра Чакоўскага зь нязьменнаю люлькаю ў зубох. Па беразе, дыхаючы марскiм паветрам, ад вiдна да вiдна шнуравалi натоўпы адпачывальнiкаў; сярод iх быў мой сусед па сталоўнi маскоўскi нiбыта лiтаратар, што паўсюль цягаў з сабою яшчэ рэдкi тады мiнiяцюрны Раnаsоniс i колькi разоў напужаў сабратоў па пяру, пракруцiўшы iхнiя вольналюбiвыя выказваньнi наконт 'Софьи Власьевны', як дзеля кансьпiрацыi называлi савецкую ўладу некаторыя расейскiя iнтэлiгенты. Уладар Раnаsоniс'а пазнаёмiўся з пагляднай гамяльчанкаю й канфiдэнцыйна пацiкавiўся ў мяне, цi перадаецца радыяцыя полавым шляхам. Я запэўнiў калегу, што абавязкова перадаецца, прычым у небясьпечных дозах.

Стаяў халодны, з прымаразкамi, верасень, але ў нашых пакоях было так цёпла, што я спаў пад адной прасьцiнай. Аднае начы я прачнуўся ад вусьцiшнае халадэчы i, надзеўшы на сябе ўсё, што меў, да самае ранiцы ляскаў зубамi. На пытаньне, чаму выключылi ацяпленьне, пакаёўка сказала, што ўначы Чакоўскi ад'ехаў у Маскву.

Найбольш пакутаваў ад холаду мой сусед зьлева, сiвы кульгавы сын каўкаскiх вяршыняў. Ён распачаў з дырэктарам Дому творчасьцi барацьбу за грамадзянскiя правы шараговых пiсьменьнiкаў, сабраў подпiсы, i праз тыдзень батарэi зноў нагрэлiся. Шчасьлiвы змагар у адзiноце адзначыў перамогу, выйшаў з нумару, i, забурыўшыся, са страшэнным грукатам скацiўся па стромкiх драўляных сходах на першы паверх.

Мой сусед зьлева ад холаду не пакутаваў. Ён быў сынам азэрбайджанскага мiнiстра i, мяркуючы па гуках з-за сьцяны, заложна зьбiраў матэрыял для будучага сэкс-баевiка.

Адна пiсьменьнiца з гораду на Няве на грамадзкiх пачатках займалася тады маёй адукацыяй. Яна ведала Льва Гумiлёва i выклiкала зь iм разам нейкiя трансцэндэнтныя сiлы, пасьля чаго адчайныя экспэрымэнтатары нiбыта апынулiся ў тэлефоннай будцы на другiм канцы гораду.

Нядаўна Гумiлёў апынуўся значна далей. Засталася ягоная тэорыя этнасаў, згодна зь якой памiж этнасамi йснуе невiдочная сувязь, што выяўляецца або ў прыязнасьцi або ў адкрытым адштурхоўваньнi - нешта накшталт узаемадачыненьняў плюсавых i мiнусавых часьцiнак у сьвеце электрамагнiтных хваляў. Паводле Гумiлёва, на ўзроўнi супэрэтнасаў нiякай натуральнай прыязнасьцi аднаго да аднаго нарадзiцца ня можа. Напрыклад - памiж этнасамi заходне- i ўсходнеэўрапейскiмi. Прыбалтыку ён адносiў да заходнеэўрапейскага, i яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, калi яна была вiзытнаю карткай савецкай iмпэрыi, а я разгружаў з турыстычным гуртком вагоны, пiсаў, што Балтыя неадменна пойдзе на Захад, бо той лiчыць яе хоць i задворкамi, але - сваiмi.

З думкаю, да якога супэрэтнасу належаць беларусы i ад каго яны мусяць непазьбежна адштурхоўвацца, я выходжу ў Дубултах з электрычкi й заглыбляюся ў жоўта-зялёныя ад лiстоты й колеру будынкаў юрмальскiя вулачкi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату