- 1
- 2
СССР.
Союз нерушимый республик свободных
Сплотила навеки великая Русь...
Як жа там, дарэчы, вырашыўся лёс Саюзу на рэфэрэндуме, якi мы мусiлi - хто вымушана, а хто й не - байкатаваць? Перад вячэраю пытаемся пра гэта ў гiда.
Пачуўшы папярэднiя вынiкi рэфэрэндуму, Саша, а зь iм яшчэ зь дзясятак саўкоў пляскаюць у ладкi. Мы - за Саюз. Мы другой такой страны не знаем...
Апошнi перад вяртаньнем вугорскi горад Эгер. Неверагодная чысьцiня й дагледжанасьць вулiц, жылых будынкаў, сярэднявечнае фартэцы й храмаў. Колькi гадоў таму ў горадзе памерла апошняя праваслаўная, але праваслаўны сабор з гэтае прычыны чамусьцi не ператварылi ў склад мiнэральных угнаеньняў, i ў гадавыя сьвяты там па-ранейшаму служыць сэрбскi архiяпiскап з Будапэшту.
На вулiцах такога гораду пачуваесься гэтаксама надзейна i ўтульна, як у сваёй хаце. Такiмi былi б нашыя Горадня цi Нясьвiж, каб не бальшавiкi ды iншыя верныя ленiнцы. Былыя эгерскiя рэзыдэнцыi iхнiх вугорскiх паплечнiкаў будынкi колiшнiх гарадзкога ды абласнога камiтэтаў кадараўскае партыi здаюцца ў арэнду, але ўжо даўнавата стаяць упусьце. Мусiць, арандатары чакаюць, пакуль ня выветрыцца стары дух.
У часе экскурсii спадар Пал прыгадвае сямiградзкага ваяводу мадзяра Сьцяпана Батуру (Штэфан Батары), што быў абраны каралём Польшчы й вялiкiм ккязем лiтоўскiм. Абсалютная большасьць маiх спадарожнiкаў чула пра пераможцу над Iванам Жахлiвым i вызвольнiка беларусаў ад маскоўскае няволi ня больш, чым пра апошняга караля iнкаў.
- Почему он сказал, что это наш король? - неўразумела пытаецца адна турыстка. - У нас ведь цари были, а не короли.
Аказваецца, наш гiд ведае пра беларусаў трохi болей за сярэдняга вугорца. У прыватнасьцi, чуў, што, дзякуючы роднай савецкай уладзе, у Беларусi не засталося беларускiх школаў. Як жа з такiмi школамi цяпер, пасьля перабудовы?
- У сельскай меснасци ищо коя-гдзе сахранилися, но вуобщим-та ўсё эта атмираит, - бадзёра адказвае жыхарка беларускае сталiцы, не разумеючы нi сутнасьцi, нi спачувальнае афарбоўкi пытаньня спадара Пала.
Словы суайчыньнiцы нагадваюць: хутка дамоў, туды, дзе 'ўсё атмираит'.
Тургрупа ўжо прасьпявала на разьвiтальнай вячэры 'Подмосковные вечера'. За вокнамi - апошнiя кiлямэтры вугорскае зямлi. 'Божа, як востра iм не хапае рубэройду!' - у роспачы думаю я, пазiраючы на крытыя дахоўкаю дамы, хлявы, курнiкi й нават сабачыя будкi.
Усьмешка вугорскага памежнiка, ягоныя 'здравствуйте', 'до свидания' ды iншыя эўрапейскiя штучкi выклiкаюць у нас амаль што абурэньне. Мы - патрыёты. Мы замiлавана пазiраем на савецкага хлопца зь зялёнымi пагонамi, якi не ўсьмiхаецца й не дазваляе сабе розных там сантымэнтаў накшталт 'до свидания'.
- Давай! - загадвае ён нашаму кiроўцу, i мы пераяжджаем ужо нiштавата пасунутую на ўсход мяжу сацыялiстычнага лягеру.
На ўваходах у залю мытнага агляду - папярэджаньнi - 'Проход держать открытым!' Да кожнага нечая руплiвая рука акуратна дапiсала наперадзе: 'задний'.
Ужо ў самой назве памежнага савецкага гарадка Чоп чуваць нешта роднае, 'чрезвычайное' - ЧОН, ЧК, ЧП...
Якiя да болю свае - хоць прытулi iх да грудзей - шыльды й аб'явы: 'Комендатура', 'Милиция', 'Торговля только по талонам', 'Туалет не работает', 'Имя и дело Ленина будут жить в веках'... Як звыкла й жадана ўштукоўваецца ў засьмечаны прывакзальны краявiд i сам абседжаны галубамi ленiн. Яшчэ адзiн падфарбаваны золатам ленiн схаваўся ад дэструктыўных галубоў у вакзальную пачакальню. Ля ног iльлiча трое пасажыраў сьцелюць газэцiну з фотаздымкам Гарбачова, крояць на ёй сала i, апасьлiва аглядаючыся на бакi, дастаюць кантовую шклянку.
Я ўглядаюся ў дарагi зь дзяцiнства, лагодны й мудры твар правадыра. Правадыр, сарамлiва адвёўшы вочы за пляшкi 'Гуцульскай' на газэцiне, празорлiва глядзiць удалеч, на шыльдачку 'Ресторан закрыт нет воды'. Мне здаецца, ягоныя вусны шэпчуць нешта генiяльнае:
- Как нам реорганизовать Рабкрин?
- Социализм - это учет...
Што да гэтага ленiнскага запавету, дык у Чопе поўны парадак. Палова крамаў зачыненая на пераўлiк, але, мусiць, хутка адчынiцца, бо выстаўлены ў вiтрынах асартымэнт сьведчыць, што пераўлiк можна правесьцi iмгненна.
Мэмарыяльная шыльда на вакзале паведамляе, што ў Чопе жывуць людзi розных нацыянальнасьцяў, аб'яднаныя адной велiчнай справай - будаўнiцтвам камунiзму. Шыльду, на добры лад, трэ было б прадубляваць на замежных мовах, каб iншаземцы таксама зразумелi, зь якой прычыны зачыненыя абедзьве вакзальныя прыбiральнi. (Трэба меркаваць, што ў камунiзме прыбiральнi ўжо нiкому не спатрэбяцца.)
Тым часам па вакзале й вакол нэрвова пахаджаюць колькi дзясяткаў нашых i замежных грамадзянаў. Людзi савецкага гарту хутка знаходзяць выйсьце - хто заглыбляецца ў сквэрык, хто хаваецца за цягнiк або плiшчыцца ў прыватны сэктар.
Бездакорна адзеты сiвы iншаземец з пакутаю на твары адважваецца таргануць дзьверы зачыненае на рамонт прыбiральнi. Установа залiтая сьмярдзючаю жыжкай, сярод якой сям-там тырчаць цаглiны. У госьця нашае краiны хапае змогi толькi на два скачкi. Не дацягнуўшы да трэцяе цаглiны, ён ступае на дно i ў роспачы падцягвае пашытыя дзе-небудзь у Парыжы цi ў Гамбургу нагавiцы. Але тут яму ня Монтэ-Карла. Жыжкi - па костачку, i белыя iншаземцавыя шкарпэткi ўмомант набываюць менш кiдкi колер.
У вiтрыне зачыненай на пераўлiк крамы лётае верабей. За шклом газэтнага шапiка - нумар цi то маскоўскай, цi то яшчэ нейкай такой самай 'правды' з буйным загалоўкам: 'Народ сказал Союзу 'да'! Народ сказал 'да' социалистическому выбору'.
Мне хочацца паглядзець на таго, хто прысягае ў вернасьцi сацыялiстычнаму выбару - толькi каб ён паўтарыў гэта не з тэлеэкрану, а з цаглiнак у сьмярдзючай жыжцы.
Па пэроне, апусьцiўшы голаў, брыдзе сiвы iншаземец з мокрымi нагамi. Над вакзальным будынкам лёзунг: 'Да здравствует марксизм- ленинизм - вечно живое, революционное интернациональное учение!'
На твары ў госьця нашай краiны - пакора.
Але яму ёсьць куды вярнуцца.
А мы ўжо вярнулiся.
Сакавiк, 1991 г.
- 1
- 2