У адрозненне ад шмат каго з супляменнiкаў Вова пайшоў служыць у савецкую армiю. Праўда, там ён не скакаў з парашутам i не будаваў БАМа, а граў у аркестры на ўдарных, але дружная армейская сям'я ўсё адно хутка падрыхтавала Цымерману нялёгкае выпрабаванне. Двое дзембялёў паклiкалi Вову з рэпетыцыi на паважную размову за казарму. 'Слушай, жидяра пархатый, - сказаў, паказаўшы на боты, першы дзембель, родам аднекуль з-пад Растова, - будешь по утрянке вылизывать нам до блеска говнодавы'. Другi, больш вытанчаны i адукаваны, бо гадаваўся ў 'колыбели революции', iнтэлiгентна дадаў: 'В противном случае, сударь, сыграем на ваших гениталиях шестую симфонию Шостаковича'. Пасля гэтага Вова паказаў сваiм суразмоўцам пару барцоўскiх штукаў, i да самага развiтання з роднай вайсковаю часткай тыя дзембелi публiчна звярталiся да яго выключна так, як i было загадана, - 'господин Циммерман'.
Яшчэ Вова быў буйны спецыялiст па жанчынах. Да чутак дадалося i адно маё ўласнае назiранне. Працуючы пасля ўнiверсiтэта ў гарадской газеце, я атрымаў заданне напiсаць рэпартаж, як гараджане дапамагаюць вёсцы. Дабраўшыся з фотакарам пад вечар у калгас, мы заспелi ўсiх памагатых на кiнасеансе ў клубе. Пасля кожнае часткi кiншчык пакутлiва доўга мяняў бабiну i ў залi запальвалi святло. У адным з гэтых перапынкаў я ўгледзеў наперадзе буйную стрыжаную галаву i крутыя плечы Вовы Цымермана, якi абдымаў нейкую маладзiцу. Праз некалькi хвiлiнаў пракураная i запляваная семкамi заля пачула сцiшаны, але выразны Цымерманаў басок: 'Слушай, Зинка, надоело. Пойдем лучше пое...ся'. 'Цiха ты!' - цыкнула Зiнка, i дзве постацi рушылi да дзвярэй.
З сумам мушу зазначыць, што тады я бачыў Вову астатнi раз. Неўзабаве ён паспрабаваў уладкавацца на наваполацкае прадпрыемства пад кодаваю назваю 'Измеритель', аднак першы аддзел завярнуў яму дакументы. 'Не прошел по шнобелю', - вясёла тлумачыў Вова знаёмым. Але ў душы пакрыўдзiўся i зазбiраўся ў Iзраiль...
Памiж днём, калi я ўзяўся пiсаць гэтыя прыгады, i днём, калi я iх скончыў, была ноч, у якую мне саснiўся Полацак. Чамусьцi ён дужа выдаваў на Нью-Йорк з вядомага фiльма 'Аднойчы ў Амерыцы', а мы з сябрамi - на падлеткаў, што зрабiлiся гангстэрамi. Ноч навылёт мы гойсалi па вулiцах, кагосьцi мачылi, рабавалi i гвалцiлi, да апошняга патрона адстрэльваючыся ад мiлiцыi. Ад гэтае стралянiны я i прачнуўся. Ляжаў i ўсцешана думаў, што, дзякуй Богу, нiкога мы з Вовам Цымерманам насамрэч не згвалтавалi, не абрабавалi i не зарэзалi. А таму засталiся ў нас на дваiх успамiны цнатлiвыя ды чуллiвыя, якiмi няшкода i падзялiцца.