• 1
  • 2

iнжынер - разбыўся, тоўсты, як кадаўб, i жонку прывозiў, маленькую - адзiн знак, - што ўсё з дзецьмi 'на балоцi ў мячыка грала'. А па зелле, нябось, нi разу не схадзiла. Цяпер свет такi, а тут вось i рук ад работы не чуеш, ведама, дзень пры днi...

А потым пра тое, што было нечае вяселле, што нарэшце-такi памерла старая Тэкля, пражыўшы якiх гадоў сто... А потым пра тое, што ў гэтае лета - няхай крые бог - надта страляюць перуны, што пад Наваградкам згарэла абора i што ў Плужанах забiла конюха. I яшчэ - што за леташнi лён нiяк вось не заплацяць.

Прыйдзе вечар, стане мякка шарэць за вокнамi. Падаiўшы карову, мацi будзе цадзiць малако на лаўцы пры печы, i яно будзе цёпла i густа шумець у конаўцы.

А потым не будзе агню ў хаце. Будзе густая ноч млець на двары поўны сiнi месяц будзе свяцiць на падлогу каля ложка, i будзе мякка спацца аж да светлае, неспакойнае ранiцы, покуль не разбудзiць стук малатка ў некага на надворку - нехта будзе звонка кляпаць касу. I табе таксама падумаецца, што сёння пойдзеш касiць на балотца пры гародах, дзе трава ў пояс, дзе капцы з жоўтымi мурашкамi, дзе цвiце румянак, i ты яго зрэжаш, i ён запахне, i стане горка ў роце.

А каля печы будзе ўпраўляцца мацi - цiхенька, мусiць, каб не разбудзiць цябе.

I ты будзеш думаць пра яе, пра нешта добрае, чыстае. Успомнiцца прачытаны некалi верш - светлы i мякка-сцiшны, як гэтая ранiца:

Привычка детская

Открыв глаза, лежать...

Такая грустная привычка.

Не упрекай меня за это, мать...

Ты будзеш дома.

1963 г.

  • 1
  • 2
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату