тыдзень усяго! Байкi! Вось як дзейнiчае вопытны вораг! Схаваўся ў глушэчы, дзе нiкога i нiчога наўкол, дзе нiхто за iм не сочыць, а сам папiсвае свае ўспамiны!

- Дык захацелася так чалавеку, - запярэчыў Едыгей. - Захацелася яму сваё слова асабiстае сказаць, думкi свае выказаць, каб дзецi ягоныя чыталi, калi вырастуць.

- Якое яшчэ асабiстае слова! Гэта яшчэ што такое? - дакорлiва хiтаў галавой, уздыхаў вiрласты. - Якiя яшчэ думкi свае, што значыць тваё слова. Асабiстае меркаванне, тваё? Не можа быць у цябе асабiстага меркавання! Усё, што на паперы, гэта ўжо не асабiстае слова. Што напiсана пяром, таго не зглумiш тапаром. Бач ты, свае думкi выказваць! Цi не занадта будзе? Вось яны, ягоныя так званыя 'партызанскiя сшыткi'! Вось у падзагалоўку - 'Днi i ночы ў Югаславii', вось яны! - Ён кiнуў на стол тры тоўстыя агульныя сшыткi ў цыратовых вокладках. - Распуста! А ты тут iмкнешся абялiць свайго сябра. А мы яго выкрылi!

- Як вы яго выкрылi?

Вiрласты таргануўся на табурэце i зноў сказаў з нечаканай усмешкай, з нейкiм задавальненнем i ўрачыстасцю, не мiргаючы i не адводзячы ад Едыгеевага твару празрыстых, ясных вачэй:

- Ну гэта дазволь ужо нам ведаць, як i на чым мы яго выкрылi. Гэта наша ўжо справа. Дакладваць кожнаму мы не станем.

- Ну што ж, калi так, - разгублена сказаў Едыгей.

- Ягоныя варожыя ўспамiны не мiнуцца яму так сабе, - заўважыў вiрласты i ўзяўся нешта хуценька пiсаць, прыгаворваючы: - Я думаў, што ты разумней, што ты наш чалавек. Перадавы рабочы. Былы франтавiк. Паможаш нам выкрыць ворага.

Едыгей наструнiўся i сказаў нягучна, але цвёрда:

- Я нiчога падпiсваць не буду. Гэта я вам адразу кажу.

Вiрласты глянуў на яго знiшчальным позiркам.

- А нам i не трэба твайго подпiсу. Ты думаеш, калi не падпiшаш, дык i справе канец? Памыляешся. У нас дастаткова матэрыялу для таго, каб прыцягнуць яго да суровай адказнасцi i без твайго подпiсу.

Едыгей змоўк, адчуваючы прынiжанасць, дрыготкую спустошанасць нейкую. Адначасна расло, як хваля на Аральскiм моры, абурэнне, нязгода расла. Яму раптам захацелася прыдушыць гэтага вiрластага, як шалёнага сабаку, i ён ведаў, што здолеў бы гэта зрабiць. Вунь якая жылiстая i моцная шыя была ў таго фашыста, якога яму давялося задушыць уласнымi рукамi. Другога выйсця не было. Яны сутыкнулiся нечакана твар у твар у траншэi, калi выбiвалi працiўнiка з пазiцыi. Зайшлi з фланга, закiдалi траншэю гранатамi i ўжо ачысцiлi лiнii i памкнулiся з боем далей, як раптам наляцелi на гэтага. Мабыць, то быў кулямётчык, якi страляў да апошняга патрона. Лепш было б узяць яго ў палон. Гэтая думка мiльганулася ў свядомасцi Едыгея. Але той паспеў кiнуцца на яго з нажом. Едыгей барсануў яго каскай у твар, знiзу, нечакана, - i яны ўпалi абодва. I ўжо нiчога не заставалася, як учапiцца яму ў горла. А той адбiваўся, хрыпеў, шкрэбаў каля сябе пальцамi, спрабуючы намацаць выбiты нож. I кожнае iмгненне Едыгей чакаў, што ўвап'ецца яму нож у спiну, i таму з неаслабным, нечалавечым, звярыным высiлкам сцiскаў, душыў напружаную, ненавiсную шыю ненавiснага ворага. I калi той задыхнуўся i непрыемна тхлiва запахла мачой, ён расцiснуў анямелыя пальцы. Яго званiтавала тут жа, i, аблiваючыся брыдкiм кархавiннем, ён адпоўз ад таго месца. Пра гэта ён нiкому не расказваў нi тады, нi пасля. Кашмар гэты снiўся калi-нiкалi яму, i на другi дзень ён не знаходзiў сабе месца, жыць не хацелася... Пра тое ўспомнiў Едыгей цяпер з брыдой у душы i дрыжыкамi ў целе. Аднак ён усведамляў, што вiрлавокi бярэ хiтрасцю, нахабствам i ўменнем гаварыць. Гэта яго збiвала з тропу. Пакуль той пiсаў, Едыгей усё намагаўся знайсцi слабiну ў высновах вiрластага. Адна думка ў сказаным вiрластым асаблiва здзiвiла яго сваёй недарэчнасцю: як гэта можна абвiнавацiць каго- небудзь у 'варожых успамiнах'? Хiба могуць успамiны быць варожымi цi не варожымi, бо ўспамiны - гэта тое, што было ў мiнулым, гэта тое, чаго няма. Але было ў сапраўднасцi.

- Я хачу ведаць, - сказаў Едыгей, адчуваючы, як перасыхае ў горле ад хвалявання. Але ён прымусiў сябе сказаць гэтыя словы спакойна. - Вось ты тут кажаш... - Ён знарок назваў яго на 'ты', каб той зразумеў, што Едыгей не баiцца яго i не дагаджае. - Вось ты кажаш, варожыя ўспамiны. Як гэта разумець? Хiба могуць быць успамiны варожымi цi не варожымi? Па-мойму, чалавек успамiнае тое, што было i як было некалi i чаго ўжо няма даўно. Цi выходзiць, калi добрае - успамiнай, а калi благое - не ўспамiнай, забудзь? Як быццам такога i не было. Цi, напрыклад, калi якi сон прыснiцца, дык пра яго нельга ўспомнiць?

- Вось ты якi? Хм, бач ты! - здзiвiўся вiрлавокi. - Паразважаць любiш, паспрачацца захацеў? Ты тут мясцовы фiлосаф, цi што. Што ж, давай. - Ён памаўчаў, а потым, прымерыўшыся да нечага, сказаў: - У жыццi рознае можа быць у сэнсе гiстарычных падзей. Цi мала што было i як! Важна ўспомнiць, намаляваць мiнулае вусна, а тым больш пiсьмова гэтак, як трэба сёння для нас. А ўсё, што нам не на карысць, таго i не варта ўспамiнаць. А калi не прытрымлiваешся гэтага, значыцца, такое можна назваць варожымi дзеяннямi.

- Я не згодны, - сказаў Едыгей. - Такога не можа быць.

- А нiхто i не мае патрэбы ў тваёй згодзе. Гэтага я табе мог бы i не гаварыць. Кажу па дабраце сваёй. Ну, добра, давай пяройдзем ад слоў да справы. Скажы мне, калi-небудзь Кутыбаеў, ну, скажам, у шчырай размове, у час выпiўкi, дапусцiм, не называў табе якiя-небудзь ангельскiя iмёны?

- А навошта гэта? - шчыра здзiвiўся Едыгей.

- А вось навошта. - Вiрласты адгарнуў адзiн з 'Партызанскiх сшыткаў' Абуталiпа i зачытаў падкрэсленае чырвоным алоўкам месца: '27 верасня да нас у распалажэнне прыбыла ангельская мiсiя - палкоўнiк i два маёры. Мы прайшлiся перад iмi парадным маршам. Яны нас прывiталi. Потым было частаванне ў палатцы ў камандзiраў. Туды запрасiлi i нас, колькi чалавек замежных партызан сярод югаславаў. Калi мяне пазнаёмiлi з палкоўнiкам, ён вельмi ветлiва пацiснуў мне руку i ўсё распытваў цераз перакладчыка, адкуль я i як сюды трапiў. Я коратка расказаў. Мне налiлi вiна, i я таксама выпiў разам з iмi. I потым яшчэ доўга размаўлялi. Мне спадабалася, што ангельцы простыя, шчырыя людзi. Палкоўнiк сказаў, што вялiкае шчасце цi, можа, наканаванне боскае ў тым, што мы ўсе аб'ядналiся супраць фашызму. А без гэтага барацьба з Гiтлерам стала б яшчэ цяжэй, а магчыма, скончылася б трагiчна для раз'яднаных народаў' - i гэтак далей. - Скончыўшы цытаваць, вiрлавокi адклаў сшытак убок. Запалiў яшчэ адну 'казбечыну' i, памаўчаўшы, папыхваючы дымком, казаў далей: - Выходзiць, Кутыбаеў не запярэчыў ангельскаму палкоўнiку, што без генiя Сталiна перамога была б немагчымай, колькi б яны нi круцiлiся там, у Эўропе, у партызанах цi яшчэ дзе. Значыцца, таварыша Сталiна ў яго i ў думках не было! Гэта да цябе даходзiць?

- А можа, ён гаварыў пра гэта, - Едыгей стараўся абаранiць Абуталiпа, - ды проста забыў запiсаць.

- А дзе пра гэта сказана? Не дакажаш! Больш таго, мы параўналi з паказаннямi Кутыбаева ў сорак пятым годзе, калi ён праходзiў праверачную камiсiю пасля вяртання з югаслаўскага партызанскага аб'яднання. Там выпадак з ангельскай мiсiяй не ўспамiнаецца. Значыцца, тут нешта не так. Хто можа паручыцца, што ён не быў звязаны з ангельскай разведкай.

Зноў Едыгею стала цяжка i балюча. Не разумеў ён, што тут да чаго i куды вядзе вiрлавокi.

- Кутыбаеў табе што-небудзь казаў, падумай. Не называў iмёнаў ангельскiх? Нам трэба ведаць, хто былi гэтыя, з ангельскай мiсii.

- А якiя iмёны ў iх бываюць?

- Ну, напрыклад, Джон, Кларк, Смiт, Джэк...

- Нiколi такiх не чуў.

Вiрлавокi задумаўся, пазмрачнеў, не ўсё, мусiць, было яму даспадобы ў гэтай гаворцы. Потым ён сказаў трохi нават лiслiва:

- Ён што тут, школу якую адкрываў, дзяцей вучыў?

- Ды якая там школа! - мiжволi рассмяяўся Едыгей. - Двое ў яго дзяцей. I ў мяне дзве дзяўчынкi. Вось i ўся школа. Старэйшым па пяць год, малодшым па тры. Дзецям няма куды дзявацца, наўкол пустыня. А яны бавяць час з дзецьмi, выхоўваюць, значыцца. Усё-ткi былыя настаўнiкi - i ён, i ягоная жонка. Ну, чытаюць там, малююць, вучаць пiсаць, лiчыць. Вось i ўся школа.

- Якiя песенькi яны спявалi?

- Ды ўсялякiя. Дзiцячыя. Я не памятаю.

- А якой навуцы ён iх вучыў? Што яны пiсалi?

- Лiтары. Словы нейкiя звычайныя.

- Якiя, напрыклад, словы?

- Ну якiя! Я не помню.

- Вось гэтыя! - Вiрласты знайшоў сярод папер аркушочкi з вучнёўскiх сшыткаў з дзiцячымi крамзоламi. -

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату