гаспадараву ўладу. Крычаў ужо меней, раўнейшай рабiлася яго хада, а потым перайшоў на трот, стрыгучы нагамi саразекскiя адлегласцi. I Едыгей супакоiўся, усеўся як зручней памiж гарбамi, захiнуўся ад ветру, падцiснуў ямчэй малахай i цяпер з нецярплiвасцю чакаў, калi будуць баранлiнскiя мясцiны.

Але было яшчэ даволi далёка да дому. Дзень выдаўся нiчога сабе. Трохi ветраны, трохi хмарны. Завiрухi ў блiжэйшы час не павiнна было быць, хоць не пра ноч тое сказана. Буранны Едыгей вяртаўся задаволены, што ўдалося ўтаймаваць Каранара, а яшчэ i вечар у Каспара ўспамiнаўся i спевы Эрлепесавы.

I Едыгей мiжволi вярнуўся думкай да няўдалага свайго жыцця. Што ж гэта такое! Як зрабiць, каб нiхто не пацярпеў i каб боль сваю не таiць, а сказаць адразу - так i так, маўляў, Зарыпа, люблю цябе. I калi Абуталiпавым дзецям не будзе ходу з прозвiшчам бацькi, дык няхай толькi захоча, запiшам гэтых малых на яго, Едыгеева, прозвiшча. Ён будзе толькi шчаслiвы, калi ягонае прозвiшча прыйдзецца на добрае Давулу i Эрмеку. I няхай iм будзе бесклапотна ў жыццi. Поспех няхай прыйдзе да iх, упэўненасць i ўменне. Хiба шкада дзеля гэтага прозвiшча аддаць? I такiя вось думкi круцiлiся ў Едыгеевай галаве.

Дзень ужо хiлiўся на вечар. Нястомны Каранар, як яму нi мулiла, рахмана iшоў пад ездаком. Вось наперадзе азначылiся баранлiнскiя лагi, вось знаёмыя яры, замеценыя снегам, вось узгоркi - i наперадзе, на выгiнастай падкове чыгункi вунь ён, ягоны раз'езд. Дым паўзе над комiнамi. Як там родныя ягоныя сем'i? Адлучыўся на дзень, а трывога такая, быццам цэлы год тут не быў. I засумаваў-такi, асаблiва па малых. Убачыўшы наперадзе селiшча, Каранар прыспешыў хаду. Пакуль Едыгей наблiжаўся да дому, на раз'ездзе паспелi сустрэцца i размiнуцца два таварнякi. Адзiн пайшоў на захад, другi на ўсход...

Едыгей быў ужо на двары, спяшаўся надзець ланцуг на пярэднюю нагу вярблюда. Хутчэй пайшоў ад яго. 'Няхай ахалодае, рассядлаю пасля'. Ён ужо выходзiў з загона, як насустрач - старэйшая дачка. Едыгей абняў яе, пацалаваў.

- Замерзнеш, - сказаў ён ёй. Яна была лёгка апранутая. - Бяжы дамоў. Я зараз.

- Тата, - сказала Саўле, лашчылася да яго, - а Давула i Эрмека няма.

- Як няма?

- Паехалi. Назусiм. З мацi. Селi на цягнiк i паехалi.

- Калi паехалi? - усё яшчэ не разумеючы, пра што гаворка, перапытаў ён, гледзячы ў даччыны вочы.

- Ды сёння ранiцай яшчэ.

- Вось як! - дрыготкiм голасам азваўся Едыгей. - Ну ты бяжы дадому, бяжы, - адпусцiў ён дзяўчынку. - А я потым, потым... Iдзi, я зараз...

Саўле пабегла. А Едыгей, нават не зачынiўшы за сабой лаз у загоне, пакiраваў проста да барака. Iшоў i не верыў. Малая магла што-небудзь наблытаць. Не павiнна быць такога. Але на ганку было шмат слядоў. Едыгей з усяе моцы таргануў дзверы i, пераступiўшы парог, убачыў пустэльны пакой - тут не было нiкога. Нi дзяцей, нi Зарыпы!

- Як жа так? - прашаптаў Едыгей у пустату, усё яшчэ не жадаючы зразумець да канца, што адбылося. - Значыць, нiкога. Нiкога? - сказаў ён здзiўлена i пужлiва, хаця i вiдно было, што людзi пакiнулi гэтае жытло.

I яму стала не па сабе, так блага, як нiколi за ўсё пражытае жыццё. Ён стаяў у кажусе пасярод пакоя, ля халоднай печы, не разумеючы, што рабiць, як быць далей, як задушыць у сабе боль i страту. На падваконнi ляжалi каменьчыкi, забытыя Эрмекам. Едыгей згроб каменьчыкi ў жменю, зацiснуў iх у далонi, - вось i ўсё, што засталося. Сiлы пакiдалi яго, ён адвярнуўся да сцяны, прыцiснуўся гарачым тварам да халодных дошак i зарыдаў сутаргава i няўцешна. I пакуль ён плакаў, з рукi яго падалi на падлогу каменьчыкi, падалi на падлогу з глухiм стукатам адзiн за адным, падалi i кацiлiся хто ў якi кут...

Потым ён абярнуўся, але раптам пачаў асядаць, спаўзаць долу, затрымаўся на кукiшках i сядзеў так, падпёршы спiной сцяну i ўсхлiпваючы... Дастаў з кiшэнi шалiк, падораны нядаўна Зарыпай, i выцiраў iм слёзы...

Так сядзеў ён у пакiнутым бараку i стараўся зразумець, што адбылося. Значыцца, Зарыпа паехала з дзецьмi ў яго адсутнасць назнарок. Значыць, яна баялася, што ён не адпусцiць iх. Ды ён i не адпусцiў бы iх нi ў якiм выпадку, нiзавошта. Чым бы гэта нi скончылася, не адпусцiў бы. Але цяпер было позна меркаваць, як i што было б, каб ён быў тут. Не было Зарыпы! Не было малых! Ды хiба ж ён разлучыўся б з iмi! Гэта ўсё Зарыпа, рашыла, што лепш паехаць у яго адсутнасць. Аблягчыла сабе ад'езд, не падумала пра яго, пра тое, як страшна будзе яму застаць апусцелы барак.

I нехта ж спынiў для яе цягнiк на раз'ездзе! Нехта! Ды вядома хто Казангап, хто ж яшчэ! Толькi ён не зрываў, вядома, кран, як Едыгей у дзень смерцi Сталiна, а дамовiўся, упрасiў начальнiка раз'езда спынiць якi-небудзь пасажырскi цягнiк. Гэты можа... I Укубала, мусiць, памагла, каб хутчэй ехалi адсюль! Ну чакайце! I помста закiпела ў ягоных грудзях - хацелася як найхутчэй сабрацца з сiламi i скрышыць усё на гэтым праклятым богам раз'ездзе, разнесцi ўшчэнт, каб аскепка не засталося! Сесцi на Каранара i падацца ў саразекi, здохнуць там ад адзiноты i сцюжы! Так ён сядзеў на пакiнутым месцы знясiлены, спустошаны, утрапёны ўбачаным. 'Навошта яна паехала? Куды паехала? Навошта, куды?'

Потым ён заявiўся дадому. Укубала моўчкi ўзяла кажух, шапку, валёнкi аднесла ў кут. Па застылым, як камень, шэрым твары Бураннага Едыгея цяжка было пазнаць, пра што ён думае i што будзе рабiць. Вочы ягоныя здавалiся невiдушчымi. Яны нiчога не выказвалi, затаiлi ў сабе нейкi нечалавечы высiлак. Укубала ўжо колькi разоў у чаканнi мужа ставiла самавар. Самавар кiпеў, яму хапала вугалю.

- Чай гарачы, - сказала жонка. - Кiпiць. - Астыне чай, - паўтарыла жонка.

Едыгей моўчкi глянуў на яе i пачаў хлябаць кiпень. Ён не адчуваў гарачынi.

- Зарыпа паехала адсюль з дзецьмi, - сказала нарэшце Укубала.

- Ведаю, - не ўзнiмаючы галавы ад кiпеню, коратка буркнуў Едыгей. I, памаўчаўшы, спытаў, не ўзнiмаючы галавы ад пiялы: - Куды паехала?

- Пра гэта яна не сказала, - быў адказ Укубалы.

На тым яны змоўклi. Едыгей цяпер думаў толькi пра адно: толькi б стрываць, толькi б не раскiдаць тут усё, не разбудзiць дзяцей, толькi б не нарабiць бяды...

Скончыўшы пiць чай, ён зноў пачаў збiрацца на вулiцу. Зноў надзеў валёнкi, кажух, шапку.

- Ты куды? - спытала жонка.

- Жывёлу паглядзець, - буркнуў ён каля дзвярэй.

Кароткi зiмовы дзень паспеў тым часам скончыцца. Увачавiдкi цямнела, гусцела паветра наўкол. I мароз прыкметна залягаў, пазёмка бралася, ускiдваючыся пакручастымi грывамi. Едыгей пахмура iшоў да загона. I, увайшоўшы, злосна кiнуў вокам, прыкрыкнуў на неспакойнага Каранара:

- Ты ўсё не ўтаймуешся! Спачыну табе няма! Ну дык ты ў мяне, свалата, дачакаешся! Размова будзе кароткая! Цяпер ты атрымаеш сваё!

Едыгей злосна выцяў Каранара ў бок, пачаў брыдка лаяцца, рассядлаў, адкiнуў прэч сядло i зняў з нагi ланцуг. Затым ён узяў Каранара за повад, у другой руцэ зацiснуў бiч, накручаны на пугаўё, i павёў у стэп на павадзе жывёлiну, што ўраз адчула роспач i тугу - завыла, застагнала. Колькi разоў гаспадар азiраўся, пагрозлiва замахваўся, тузаў за повад Каранара, каб той перастаў стагнаць i выць, але было тое дарэмна - ён плюнуў i, не звяртаючы нi на што ўвагi, iшоў панура глыбокiм снегам, пазёмкай - у поле, што захiналася паволi смугой. Ён цяжка дыхаў, але iшоў безупынку. Доўга iшоў, апусцiўшы змрочна галаву. Адышоўшы далёка за пагорак, ён прытрымаў Каранара i даў яму добрага пытлю. Скiнуўшы на снег кажух, ён прывязаў повад да рэменя ад ватоўкi, каб вярблюд не вырваўся i не збег i каб мець рукi свабоднымi, i, узяўшы ў абедзве рукi пугаўё, пачаў лупцаваць бiчом атана з усяе моцы, нiбы помсцячы яму за сваю бяду. Ярасна, бязлiтасна бiў ён Бураннага Каранара, удар за ўдарам, хрыпуча, маячыся i праклiнаючы:

- На табе! На! Ваўкарэзiна! Гэта ўсё праз цябе! Гэта ты ва ўсiм вiнаваты! I цяпер я цябе адпушчу, бяжы куды вочы глядзяць, але перш я цябе скалечу! На табе, на табе! Ненажэра! Табе ўсё мала. Табе б адбiцца ад рук, ад гаспадара. А яна тым часам паехала! I нiкому з вас няма справы, што рабiць цяпер мне! Як мне цяпер жыць на свеце? Як мне жыць без яе? Калi вам усё адно, дык i мне ўсё адно - вось табе! Вось табе, сабака!

Каранар крычаў, iрваўся пад ударамi бiча, i, ашалеўшы ад страху i болю, збiў гаспадара з ног, i пабег, пацягнуў яго за сабой. Ён валок гаспадара з няўцямнай, страшэннай сiлай, валок як бервяно, толькi б пазбавiцца ад яго.

- Стой, стой! - ускрыкваў Едыгей, захлiпаючыся.

Шапка зляцела, галава ўзрывала снегавыя гурбы, снег сыпаўся за шыю, за пазуху, у руках блытаўся бiч,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату