Наперадзе шырокай на ўвесь гасьцiнец, у дзесяць радоў, калёны паволi бурчэў матацыкл з прычэпкай- лодкай, у якой з аўтаматам наперадзе сядзеў, выгадна развалiўшыся, маёр Вэрмахту. Зараз-жа за камандзерам iшоў шэраг жаўнераў, з аўтаматамi напагатове, перад фронтам калёны. Як вокам сягнуць, па двух бакох калёны, у шлёмах, з хуткастрэльнай зброяй, у водступах прыблiзна пятнаццацi мэтраў адзiн ад аднаго, валаклiся канвойнiкi. Некаторыя вялi на павадкох дужых шэрых, часта зубы на палонных скалячых, сабак-ваўчароў. Жаўнеры трымалi на палонных зыркае вока.. Воддаль, у Гаравацкай пушчы, суправоджаныя браханьнем сабак, юачулася аўтаматная чарга.

Як i некалi, падчас таго параднага 'вызваленьня', лiтоўскiя сяляне нясьмела падыходзiлi да гасьцiнцу. I вачом iхным паказаўся незабыты вобраз. Палонныя iшлi цiха. Колеру зямлi, аброслыя худыя твары, шмат дзе перавязаныя бiнтамi рукi, галовы. Iншыя брылi сваймi сябрамi ўспамаганыя. Шматнацыянальная вязьнiца- эсэсэсрыя рэпрэзэнтавалася тут усiмi колерамi й расамi, зь вялiкiм працэнтам плоскатварых Азiятаў.

Побач гасьцiнцу зьявiлiся сярмягi, сьвiткi, кажухi, тужуркi, працiнаныя ветрам i густой сьнежнай пацярухай. Перад iмi, пад пагрозай агня аўтаматаў, глухая стыхiя. Паабкручаныя шматамi ногi, закрываўленыя бiнты, часта голыя сьсiнелыя ад холаду грудзi, шэрыя, як зямля, твары. Два таварышы падпiраюць, цягнуць на руках трэцяга. Каб ня ўпаў. Бо канец яму будзе, капут!

Зглумленае нутро антычалавечай, можа найбольш жахлiвай з усiх зьненавiджаных iмпэрыяў. Пераможаныя, зьняможаныя. Ня зброяй, насустрач якой рукi паднялi. Безнадзейны адчай у вачох. У адчаi i маўклiнi сваей жахлiвыя. У гэтай шэрай, паўзучай масы яшчэ ёсьць пружынiстыя мускулы й зьвярыная свомасьць самазахаваньня ды здольнасьць iсьцi напралом.

Калi-б знайшоўся голас-сыгнал...

Што ўва ўсiх у адзiн момант адгукнуўся-б...

Тады...

Не, за ўсякую цану нельга да гэтага дапусьцiць. Спынiць усялякiя гутаркi. Каб iзаляваныя ў гэтай шматтысячнай масе былi адзiн ад другога. Таму стрэлы ўверх. Для постраху.

Наперадзе гайдалася каляска-прычэпка. Афiцэрская рука спыняе шофэра, паклiкае сяржанта.

- Генкэ, перадайце ў канвой: людзi каля дарогi зьбiраюцца. Узмоцнiць пiльнасьць. Страляць толькi ўверх!

- Яволь, гэр маёр!

Па ланцугу йдзе загад. Насьцярожваюцца вочы пад нiзкiмi, зусiм на лоб, шлёмамi. Лашчаць куркi аўтаматаў указальныя пальцы ў пальчатках.

Вырасла пры гасьцiнцы панурая сялянская сьцяна. Уся вёска, хiба за выняткам патрыярха Якуба ды некаторых нямоглых. Вёска маўчыць. Вiдовiшча настолькi няверагоднае, яно паралiжуе. Праўда, мiж палонных няма сваiх. Палякi моладзь на сваю вайну выцягалi, а бальшавiкi ня ўсьпелi рэшты падабраць. Вось яна магутная, няпераможная - твары двух кантынэнтаў. Гляньце, колькi вунь плоскiх ды касавокiх. А што яны? Ваявалi?

Сотнямi тысячаў, мiлiёнамi ў палон бяз выстралу. Напляваць на ледзянавокага-васпаватага. Думалася, што iншы дыктатар за зьненавiджанага свайго лепшы. Абы далей ад калгасаў-прыгону, ад забойчай рабаўнiчай працы ў хвабрыках. I бадай ня было мiж iмi нiводнага, якi ня страцiў-бы сваякоў у канцлягерах.

Грозна прыглядалася доўгаму чалавечаму вужу акалелая, голая, мясцамi зеленьню хвояў пераплятаная Гаравацкая пушча. Размашыста плылi над ёю цьмяныя хмары. Дзесь на сухастоiне на ўсю шырокую сваю зяпу марудна каркала варона. Скрыпеў пад нагамi канвойных лёгкi сьнег. Шуршэў-грымеў пад змучанай масай грунт гасьцiнцу. Напружвалiся павады на навучаных да нападу сабаках. Няпрыхiльныя вочы спад шлёмаў коўзалi па вясковым гурце.

Пад сярмягамi й кажухамi жвавей бiлiся сэрцы. Яны iз звычайнай, штодзённай бядой зжылiся. На тысячах твараў жахлiвая, неапiсаная роспач. Такая сiла людзей. Куды iх гоняць? Госпадзе мой! Дзесьцi свае вясковыя дзяцюкi ў такiм самым палоне. Ад праклятага верасьня адзiн iмглiсты ўспамiн астаўся. Як iх хто ў пропасьць! Кроплi дажджу на пыле дарожных сьлядоў. I ўсё. Нi слыху, нi водгуку. Куды iх загналi? Колькi зь iх выжыла? Як гэтых во, пакалечаных i зьняможаных па чужым гасьцiнцы пагналi... Хвалявалiся пад сярмягамi й сьвiткамi грудзi. Кароткiмi, абрывiстымi словамi перагукалiся вусны. Сьцiскалiся парэпаныя, каравыя ад кастры, жорнаў. ад цэпаў рукi.

Гора, зьбянтэжаньне, паралiж. Учарашняя магутная армiя - сяньня зьмерзлая, галодная галеча. Вунь адзiн упаў пад адхон. Брэх сабак, адрывiсты, ядавiты крык i кароткая чарга з аўтамату. Так проста й раптоўна. На вачох цэлае вёскi.

Як так льга? Чалавек - быдла. Нацiск курка. Пару часiнаў... I няма. Здрыганулiся пад сярмягамi сяляне. А вуж? Яму хоць-бы што. Нiякае рэакцыi. Як поўз так i паўзе. Быў чалавек - няма чалавека. А можа ён, гэты вялiзарны, шматтысячны вуж-пачвара, ужо й да гэтага прывык? Вуж мучыўся пустымi жыватамi, сьмяглымi вуснамi, дрыжэў з холаду, цярпеў ранамi.

- Матушка, хлеба!

Стогн чалавека, просячага збаўленьня... Каб прывiд шчарбаты з касой аддалiць-адпiхнуць.

Гэтта некалi горда, на прывiтаньне 'доблiснай', з партрэтам ледзянавокага-васпаватага вырасла трыюмфальная брама. А пасьля на пятлi гойдалася старэйшая Макатунiшка. Бадзёра iмчалiся 'вызвольнiкi'. Цi гэта тыя самыя людзi?

- Людзi добрыя, памiлуйце! Хлеба!

I выцягнутыя рукi.

- Швайгэн, унтэрмэнш!

Голас, як кiнжал. I чарга з аўтамату ўверх.

- Кiдайце, бабы, у iх хлебам! Што яны нам зробяць? Страляць будуць?

Выразны й бойкi голас Бураковай Нiны. У ейнай памяцi свая Гальгота. Каб ня гэтыя чужыя людзi, з аўтаматамi, не вярнуцца ёй дахаты.

- Бабы, у каго ёсьць бульба, цi хлеб, кiдайце!

У калёну паляцелi акрайцы хлеба, бульбы. Захваляваўся вуж. Рукi лавiлi харчы на хаду.

I тады, пад заядлае браханьне сабак, нiзка над галовамi разрагаталiся аўтаматы. Немцы, - трэба iм справядлiвасьць аддаць, - трымалiся загаду, сваiх месцаў, рэагавалi на той палёт харчоў ледзь не механычна. Шнурам незразумелых праклёнаў адкрылiся глоткi. Вясковыя сабакi, каторыя з натоўпам былi, сьцямiўшы нязвычайнае, на адлегласьць зьнюхаўшы грозных ваўчароў, заядла зьвягалi, хвасты падцiснуўшы. Пiснулi зь перапалоху некаторыя жанчыны.

- Дарэмна вы! Такой масы не накормiце. Дражнiць ня трэба!

- Чаго добрага, пастраляюць iх, бедных!

- Або за хлеб падушацца.

Звычайная, чэрствая, практычная жыцьцёвая развага верх брала. I доўга яшчэ, доўга прыцярушаныя сьнегам, калеючы на сьцюжы, стаялi пры дарозе лiтоўскiя сяляне.

Вуж поўз гадзiны дзьве. На зьмярканьнi панурыя, маўклiвыя людзi разыходзiлiся па гасподах. Было пра што гаварыць. Але скупая, ашчадная мова гаротнiкаў нiяк не магла-б узнавiць цi перадаць таго, што стаяла перад вачмi. Вечарам Гараватка пабагацела яшчэ аднэй сьвежай магiлай. На парозе Лiтоўцаў вайна скрывiла свой агiдны твар.

15

Рэдка даводзiлася Януку быць у гэтым месцы Лiтоўскага балота. Яшчэ змалку вынырнуў у ягоны сьвет таямнiчы Марылiн Горб. Побач Гараваткi ўжыўся ён у мясцовы фальклёр.

- На Марылiн Горб змыўся ўсякi чорт, - гаварылi людзi.

Адкуль тое ўзялося? Можа спытацца дзеда Якуба? Можа-б ён расказаў пра Марылiн Горб так, як калiсьцi пра Гараватку? Дзеда побач ня было, адно маўклiвая касалапая хвоя ў групе такiх-жа самых хвояў i Янук мяркаваў як дабрацца адгэтуль да Антося Дзеркача, якi гэтта недзе чакаў яго.

Сыбота, перад Пакровам. Учора мiмаходам пры Пятуховай клецi Антось сказаў яму коратка й загадна: - Заўтра рана прыхадзi на Марылiн Горб! Надта, надта важнае! Хачу цябе вiдзiць. Глядзi-ж, ня бойся!

'Добра сказаць, ня бойся! А мне, малому шышу, каторы гэта месца абмiнаў раней...' - думаў Янук, якому дзесь воддаль зданi чарцей маячылiся.

У таямнiчасьцi Антосевага голасу i ў загадкавым выразе ягоных пранiклiвых вачэй адказ быў захаваны. Зь iншага боку Янук верыў, што чалавек яго ня зводзiць. Калi ўжо сюды паклiкаў, дык прычыну меў. Пра нейкую дрэнь мог-бы мiмаходам, на тын абапёршыся, сваiм жартаўлiвым, зроўнаважаным голасам сказаць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату