НКВД. Дый галоўнае: усё гэта ўцякло-'панеслася й больш ня вернецца'. Цешцеся, яшчэ раз вызваленыя, з радасьцю пазiрайце ў сьветлую будучыню. Запомнiце, што што ворагамi вашымi былi жыдкi з НКВД. Спалучэньне 'жыдкоў-пацукоў' зь ненавiсным народу рэжымам рабiла выдатны эфэкт.
Зiрнiце яшчэ раз, 'новавызваленыя'. Вось ён - новы валадарны апякун, з аўтаматам у руках, грозныя, помстай поўныя вочы пад нiзклiм казырком шлёму, сьцiснутыя вусны. Вялiзны бот топча пацукоў 'жыда- бальшавiцкае хэўры'. Непераможны ваяка 'новай Эўропы', каваль i гаспадар 'новага парадку'.
Суседнi плякат, з малюнкамi сакавiта-ўраджайнага поля, гарэзьлiвым вiльчыкам на чубку страхi гумна й прывабнай хатай побач - iдылiя-мара кажнага селянiна - гаварыў яшчэ больш важнае:
БЕЛАРУСЫ! ВАС ЧАКАЕ ЗЯМЛЯ!
Скупыя напiсы й вялiкi зьмест: магутны й шляхотны 'вызвольнiк', 'жыда- бальшавiцкая хэўра', што больш ня вернецца; руплiвага гаспадара чакае 'зямля абяцаная'. Што больш магло прыяць людзям, якiя ў роспачы некалi казалi: 'нiхай лепi сам чорт пануiць, абы ня гэтая брыда'?
Унiзе пад гэнымi плякатамi вiсела трэцяя, меншая паперка, задрукаваная выразнымi лiтарамi. Пасярод яе ўверсе, раскiнуўшы шырака выстылiзаваныя крыльлi, арол трымаў свастыку ў кiпцюрох. I загаловак: 'Паведамленьнi Галоўнае Каманды Нямецкiх Збройных Сiлаў'. Гэтта даволi шырака расьпiсвалася дзе й што зрабiлi Гiтлеравы бамбавозы, ганчакi й зьнiшчальнiкi, якiя гарады й землi заняла армiя. Посьпехi, вiдаць, былi вялiзарныя. Надзiвiцца весткам з фронту не маглi лiтоўскiя сяляне. А пад нiзом гэнага паведамленьня нейчая рука лацiнскiмi лiтарамi 'Москаў капут!' напiсала.
Гэна першае аблiчча 'новага парадку', што цяпер Пятухову клець аздабляла, прывёз учора з Глыбокага заўсёды да ўсяго дападлiвы iз сваiм гнядым конiкам рыжавусы Захарук.
- Алi-ж i добра Немiц гэтта бальшавiкоў адчыканiў! Ха-ха-ха! - рагатаў Уладзiмер Пятух. - Ты глянь, якiя пiрапуджаныя морды! От i драла даюць!
- I пабiларуску во ўсё! Знаiць, каб яго халера!
- Ну як-жа яму нi знаць... Кажуць-жа, што Бiларусам цяперака нейкую ўладу дадуць.
- Ого?
- Дадуць, як гэныя далi, адно рот разяўляй.
- Ну а паглядзi што унь пiшуць: Бiларусы, вас чакае зямля. От як!
- Ага, чакаiць. Тры мэтры на паўтара на кожнага!
- Эх ты, разумнiк гэткi!
Асноўная ўвага на Захаруку трымаклася. Сядзеў ён, прыгорбiўшыся, на лаве, пугаўём пясок мiж каравых босых ног тачыў. Паволi, дрыжачым голасам гаварыў:
- У Бярэзьвiцкай цюрме надта-ж многа нашага народу яны, нячысьцiкi, зглумiлi. Немiц кажыць, што гэта Жыды з НКВД так мардавалi, пiрад тым значыцца, як уцiкаць мелi. А гэта яны ў быўшым манастыры наш народ дзiржалi. От гэта я на свае вочы вiдзiў, што многа закатаваных ляжыць. А расказваюць, што надта-ж зьдзеквалiся зь людцаў бедных - вешалi, насы абразалi, вочы выкалвалi, бабам грудзi выразалi, жываты паролi, каб iм, баньдзюгам, на тым сьвеце так давялося!
- Ах, Матка Боская, людцы бедныя!
- Яны, сукiны сыны, нiкаторых так зьнявечылi, што родныя свае нi пазнаюць... Божа мой, як паглядзеў я! Нашто ўжо жывот у мяне крэпкi, а чаго кiшкi ня вывернула. А людзей мора, усе сваiх шукаюць!
- Ты, дзядзька, кажаш, што гэта нашыя людзi. А хто яны?
Звычайна вясёлы й жартаўлiвы Захарук цяпер абмiнаў сканцэнтраваныя на iм зрок сабраных, быццам сам вiноўнiкам тых злачынстваў быў. На чэрствым сялянскiм твары цень жаху гаспадарыў. Дрыжэлi вусны. Забыўся, што пагасла ў пальцах самакрутка.
- Многа каго людзi па паперках пазналi. От-жа на двары многа сьледчых дакумантаў валяецца параськiданых. Гэта-ж, мусiць, нячыстая сiла, зьбiралi ўсё ў кучу, каб спалiць, ды ня ўсьпелi. А вецер параськiдаў. Значыцца там судовыя й сьледчыя паперы iзь зьнiмкамi й прозьвiшчамi. Найболi Бiларусаў, а ёсьць Палякi й Жыды таксама.
- I Жыды забiтыя?
- А як-жа. А з нашых, кажуць, дык многа папалася гэта каторых нахапалi апошнiм часам пiрад прыходам Немца. Глыбокае, кажуць, Немiц разбамбiў адразу дык тады энкавудэ i ўся бальшавiцкая ўлада пяткi падмазала. Колькi дней нiкога ня было й людзi пападчышчалi крамы, як i гэтта ў нас у Гацях. Але тады гэтыя, нячыстая сiла, вярнулiся яшчо назад i давай, хто папаўся пад руку, проста страляць, або ў Бярэзьвiчы... Дык от так масу народу нашага на той сьвет зьвялi. Ну i кажуць, нахапалi апошнiмi чадамi нашых грамадаўцаў...
Ледзь варушыў лiсьцем дрэў лагодны лiпеньскi вецер, нярухома стаяла побач гойдаўка. Ля Бураковых прысадаў журботна выў Ромка, а ў Тахвiлiным садзе трашчэла сарока.
- Каб яго халера, сабаку гэтага! - лаяў Пятух Уладзiмер. - Нiкому нi даецца, нiяк во нi прынадзiш. Саўсiм зьдзiчэiць.
Сонца за поўдзень хiлiлася. Позна ўчора Захарук з гораду вярнуўся. Сяньня ранiцай прынёс Пятуху Ўладзiмеру афiшкi й папрасiў, каб на клецi папанаклейваў. Ашныраўшы новае, Пiлiпаў Арсень, а там ужо i Аўдоля ягодка па вёсцы навiну разьнесьлi. Неўзабаве пачалi зьбiрацца людзi, iшлi яшчэ й цяпер.
- З гэтага боку, воддаль ад манастыра, - прадаўжаў Захарук, - выкапалi вялiзную яму й туды закатаваных ськiдалi. Я працiснуўся перазь сьцяну народу й прыгледзiўся: Божа мой, аж нос ад смуроду зарываiць. Як снапы, паськiдваны пластамi, толька што парубнём ня прыцiснутыя. Я спрабаваў лiчыць, але скора зьбiўся. У некаторых дзiркi ў патылiцах пазнаць можна. Гэта-ж так, нячыстая сiла, стралялi. А яшчо ў каторых дык петлi на шыях, а твары так зьнявечаныя, што нi пазнаеш. Бабы навокал галосяць, Божа ты мой! I ўжо надта-ж народ злуець, праклёны толька з вуснаў чуваць. От каб яму тыя каты бальшавiкi ў рукi папалiся, дык мусiць на кускi парвалi-б, скуру пасмамi дзерлi-б. Гэта-ж нi жарцiкi табе. Падумаць, што нарабiлi бальшавiкi!
Захарук закрыў твар рукамi й дрыжэў. У вачох сьвежай стаяла брацкая магiла нявiнных суродзiчаў.
- А ягодка-ж мая мiленькая, а Госпадзе мой! - войкнула Кмiтава Аўдоля. - Азьвярэлi саўсiм людзi. А што-ж гэта будзiць?
- Дык Немiц пушчаiць туды ўсiх, каторыя глядзець хочуць?
- Во, а чаму-ж не... Ён падахвочваiць яшчо, каб вiдзiлi людзi якiя людаеды гэтыя бальшавiкi. Немiц усю вiну за гэта на Жыдоў валiць.
- Але-ж ты кажаш, што й Жыды пабiтыя ёсьцека.
- Ага, ёсьцека, сам вiдзiў. Мужчыны, каторыя пазналi iх, паказвалi мне. Дык, гэта самае, тамака Немцы ваенныя для парадку стаяць, а народ усё чаргой iдзець глядзець туды. Адзiн салдат празь нейкую конаўку, каб усе чулi панашаму паясьняiць усё. Кажа хто нашых людзей катаваў i забiваў.
'Дзiравы шляхцiц' Паўлоўскi нiякавата азiраўся па бакох, мяркуючы дзе й як ды якое слова ўкiнуць. Пашанцавала яму. Цi прыйшло калi яму ў галаву, што мусiў-бы людзям за дабрату й стрыманасьць падзякаваць? А з другога боку загадка: чаму Косьцiк Сабакевiч i Лявон Шпунт яго ня выдалi? А можа выратавала тое, што адзiн зь першых у калгас запiсаўся?
Цяпер бянтэжыў яго новы парадак. Што ён прынясе? Каму за ўладу ў вёсцы брацца? I цi нi спатрэбiцца зноў той начальнiцкi капялюш i абшмуляная тэчка?
- Ну а пра Бурака з бабай ня чуў? - пытаўся Захарука Ўладзiмер Пятух.
- А дзе падзеўся Антось Дзяркач?
- Яно-ж пра iх самiх ня чуў, але слухi ходзяць, што нiкаторыя зь цюрмы бралi ды ў Расею гналi. Дык можа й яны туды папалi, гэта значыцца калi яны ў Бярэзьвiчах былi.
- А ягодка-ж мая, гэта-ж нi дай ты Божа, каб i iх пабiлi. Як-жа гэта можна так над людцамi зьдзеквацца?
- Ну й што будуць з гэтымi забiтымi рабiць?
- Цяперака там Немiц ужо зганяiць людзей з коньмi, вывозяць некуды.
- Ну а як хто свайго знайдзiць?
- Трупоў раднi аддаюць.
Дзяд Якуб маўклiва сядзеў на лаве побач Захарука, ссаў сваю неразлучную люльку. Цяпер загаварыў.
- Дык кажаш многа там яго, каб яго макарэц, гэтага Немца? А хто табе во гэтыя паперкi на сьцяну даў?
- Дык, гэта-ж самае, казалi на рынку людзi, што Немiц раздаваў. Але мяне тады там нi было, ня вiдзiў