Лявон распрамянiўся шырокай, задаволенай усьмешкай. Глядзi, маўляў, якi зь мяне хiтрун.
- Дудкi, браце! Папершае я там нiводнага Немца ня вiдзiў. Байзальмама хацела мяне за дзьверы, дык я ей паперку ў руку, некалькi марак значыцца... Грошы-ж нi сьмярдзяць, знаеш. Дык яна мне ня толькi дзьверы шырака адчынiла, але й гэту самую лепшую бабу...
Лявон змоўк, зноў, вiдаць, заварожаны згадкамi пра салодыч побыту ў доме на Субач.
- Казаў-жа табе, - хадзi разам. От i паспрабаваў-бы...
Янук зачырванеўся, маўчаў. Гэта здарылася пазаўчора, а цяпер ягоны сябра Лявон дзесьцi з Рандуўнай у Вэрках. Хто ведае, можа зноў у вабдымках.
Бальшыня вучняў вiленскай Беларускай гiмназii выводзiлася зь мясцовага польскага насельнiцтва. Беларускую мову адно ўжывалi на лекцыях, калечылi яе на ўсе лады. У школы зь лятувiскай мовай навучаньня ня йшлi, пабеларуску iм лягчэй было. Гэтта-ж усё-ж пятае перазь дзесятае нешта зразумееш. Янук адносiўся да iх холадна, гаварыў выключна й дэманстрацыйна навет пабеларуску, каб iншыя вучнi зь сялянаў, якiх было можа з чвэрць усяго лiку, чулi й насьледвалi яго.
Выключэньнем мо была цёмнавалосая, грацыёзная ў рухах, прыгожая Рандуўна Янiна. Заўсёды вельмi акуратная, з смакам апранутая, прыгожа прычэсаная, яна адразу зьвярнула Янукову ўвагу. Мяркаваў, што ў такую мог-бы надта лёгка закахацца, бачыў, што iншыя хлопцы дарылi яе асаблiвай увагай. I цi раз падчас лекцыi, - сядзела ў трэцiм радзе зьлева ад яго, у тым-жа шэрагу, - забыўшыся пра выкладчыка, сквапна пазiраў на яе сiлуэт, роўны носiк, кругленькую шчочку, поўныя вусны, ледзь завойстраны падбародак, буйныя мяккiя валосы й добра аформленыя, поўныя грудзi. Падпёршы левай рукой шчаку, Янiна, здаецца, уважна слухае, жыве тэмай творчасьцi Казiмiра Сваяка. Але, быццам рэагуючы на Янукову ўвагу, яна лёгка паварочвае свой прыгожы падоўжаны тварык у Янукоў бок. На iм спакусьлiвая ўсьмешка.
- Ага, злавiла я цябе, такога зуха! - гавораць яе вочы. У карых, вымоўных, крыху прыплюснутых, пад дугамi доўгiх расьнiц, вачох гнезьдзяцца нейкiя, выклiкаючыя на паядынак, жыўчыкi.
Паядынак адбыўся зусiм неспадзявана. З прычыны, што дзяўчына была даволi, як студэнты гаварылi, папулярнай, ды з прычыны для Янука куды важнейшай, - што пабеларуску слаба гаварыла, а пасьля лекцыяў карысталася выключна польскай мовай, - Янук любаваўся ёй адно здалёку й намагаўся iгнараваць, хоць i нялёгка было.
Аднойчы, пасьля скончаных заняткаў, Янук замарудзiў у клясе.Выбег на калiдор, каб дагнаць Лявона, зь якiм мелi зайсьцi падарозе дахаты ў рэстаран, дзе часта, пахлёбаўшы нейкае таннае стравы, запiвалi яе мясцовым горкiм пiвам. Янук прысьпешыў крок i тут-жа на павароце, не спасьцярогшы, стукнуўся носам у нос зь дзяўчынай.
- Ох, якi ты неасьцярожны! - крыўдным голасам усклiкнула Янiна. Яна стаяла задыханая, румяная, прыгожая. Таксама, вiдаць, бегла.
- Прабач, я ненаўмысна, - зачырванеўся Янук. У напаўзмрочным калiдоры, - вайной не хапала электрычных лямпачак, - ён разглядаў зусiм зблiзку, проста ўпрытык стоячы, дзяўчыну, якой так даўно любаваўся з адлегласьцi. Румяны тварык, ледзь прыадчыненыя ружовыя вусны, сiняя, з воўны вязаная, шапачка на галаве, шэры, добрай якасьцi цёплы свэтар, а карыя вочы зь нейкiм капрызам разглядалi юнака. Дзяўчына цёрла нос.
- Прабач. Я моцна стукнуў цябе? - нясьмела спытаў Янук. - Я ненанўмысна.
- Нiчога, - сказала Янiна i ўсьмiхнулася. - Я бегла ў клясу, нечага забылася.
Янук гаварыў пабеларуску, а Рандуўна папольску. Ён ужо меў пакiнуць яе, калi тая раптам спытала:
- Скажы ты мне, хлопча, чаго ты так часта свае вялiкiя сiнiя вочы ўтаропiш у мяне так, што, здаецца, гэтымi вачмi хацеў-бы мяне зьесьцi?
Паблажлiвы тон, капрызна скрыўленыя вусны. Янук уськiпеў.
- А што-ж, на цябе паглядзець нельга, цаца такая?! Усе хлопцы на дзяўчат глядзяць, - адказаў шорстка.
Цяпер адно ўсьведамiў, што ад дзяўчыны нясло лёганькiм, ледзь прыметным запахам пэрфумаў. Ейная блiзасьць, - яна не зрабiла найменшага намаганьня, каб хоць на крок адыйсьцiся, - бянтэжыла хлопца. Быццам сьведамая свайго чару на Янука, карымi, - здаецца, цi ня зьдзеквалiся яны? - вачмi пiльна й цiкава ўглядалася ў Бахмача. Гэтак, здавалася хлопцу, магла зводзiць мужчыну цi адна какетка, сьведамая сваей прыгажосьцi, пра якiх чытаў у ваповесьцях.
- Паглядзець i што? Ацанiць? - спытала.
- Можа, - адказаў Янук. Ён адыйшоўся на крок назад, але Янiна, як на дзiва, зноў прыблiзiлася да яго.
- Ну i якую цану даў ты мне?
Гэтага юнак зусiм не чакаў. Ён бянтэжыўся. Дзяўчынiна блiзкасьць кружыла галаву, не дазваляла ясна думаць.
- Ты... прыгожая, - адказаў.
- Ага, бачыш, - усьмiхнулася Янiна, - усё-ж ты шчыры хлопец. Значыцца, я прыгожая, кажаш...
Яна грацыйна павярнулася, прыперлася плячмi да сьцяны й задаволеная, пазiрала на юнака.
- А калi я прыгожая, калi табе падабаюся, дык чаму ты мяне iгнаруеш, заўсёды так холадна да мяне адносiшся? Я-ж цэлы час бачу, што вачмi мяне зьеў-бы...
Янукова сэрца прыскорыла тэмпа. Яна стаяла ўпрытык, сваiм сьпеўным альтам гаварыла пра тое, на што яму нязручна было адказваць. Нарадзiлася думка, што вось тут, у пустым калiдоры, прыгарнуць-бы яе моцна ды паспрабаваць солад ейных вуснаў. Што-б яна зрабiла? Цi прыльгнула-б да яго, цi адштурхнула? Ясна, - гэта Янук усьведамiў ужо куды раней, - гарадзкiя дзяўчаты былi сьмялейшыя, не такiя сьцiплыя, як вясковыя, каля якiх дагэтуль ацiраўся. А гэта вось цнотка можа яшчэ iншых апярэдзiла.
- Многа хлопцаў на цябе паглядае, за табой бегае, - адказаў.
Дзяўчына ўсьмiнулася спакусьлiвай, задаволенай усьмешкай.
- Так табе здаецца? А ты?
- Я не магу. Ня зводзь.
Але Янiна не здавалася.
- Не магу, цi не хачу? Як то так? Чаму?
Янук спасьцярог, што ўпiкнуў дзявочы эгаiзм. Калi Янiне ўсе хлопцы данiну складалi, калi ёй здавалася, што магла адно галавой кiўнуць, пальцам паварушыць i кажны за ёй пабяжыць, дык як-жа так, што вось нейкi новы 'мужык', прыгожы паглядам. што паводзiнамi дэманстраваў сваю беларускую годнасьць, мог яе iгнараваць? Недзе ўнутры тачыў яе чарвячок уквеленай самалюбнасьцi. Iншых магла адштурхоўваць з высока паднятай, сьведамай сваей прыгажосьцi, гордай галавой, а гэты вось, хоць i вачмi яе зьядаў, як казала, трымаўся воддаль.
- Бо ты..., - зацяўся Янук.
- Бо я што?
- Ты... Полька, - ужо сьмела адказаў Янук.
Яму здалося, што дзяўчыне забрала мову. Як-бы хто яе пчалiным джалам джгнуў, яна страпянулася, адскочыла ад Янука на крок, а ў карых вачох зьявiлася пакрыўджаная няўцямнасьць. Такое, мусiць, ды ў такой сытуацыi чула ўпяршыню.
- Ты што... Я знаю, я бачу, што дэманструеш сваю беларускасьць. Але..., але якi-ж ты хам!
На гэтым паядынак i скончыўся. Рандуўна рыўком, ужо не азiраючыся, кiнулася ў клясу, а Янук, зiрнуўшы на ейны зграбненькi зад ды нiбы майстрам адточаныя ножкi ў цёплых рудых боцiках, быццам цяпер усьведамiўшы якую крыўду мог ёй зрабiць, пастаяў нерашуча колькi часiнаў ды, прыгадаўшы Лявона, хутка выйшаў.
Ад гэнага часу Янiна Рандуўна, здавалася Януку, куды пахаладнела ў вадносiнах да яго. Ды ўсё-ж не магла юнака камплетна iгнараваць. Гэтак, цi раз на лекцыi лавiла на сабе Янукоў позiрк. А раз зусiм сьмела падыйшла да яго й пачала спрачацца пра беларускасьць. Вельмi была зьдзiўленая, слухаючы Януковы довады, што Вiльня й яе ваколiцы былi й ёсьць беларускiмi, што хаця ў самым горадзе ёсжьць шмат наплыўшага. - Янук падкрэсьлiў гэтае слова, элемэнту, як Палякаў, дык ваколiцы Вiльнi ў бальшынi Беларусамi заселеныя.
Неяк у панядзелак, выходзячы са школы, наўмысна затрымалася ля Янука й сказала, як быццам iхная дыскусiя пра Беларусаў i Палякаў вось адно скончылася: