масы 'цыганоў', напэўна галодны, зьняможаны, брат Мiкола й недалужны конь. Два калекi. Што зрабiў-бы ён, Янук, апынуўшыся разам з гэтай бандай на бальшавiцкiм баку? Цяжка сказаць.

Стралянiна мацнела, цяпер чуваць было й цяжэйшыя выбухi. I тады, зьбянтэжаны гэтай нечаканай вайной, Янук зiрнуў на вёску. Людзi беглi на Гараватку, бо адтуль можна было бачыць некаторыя аб'екты станцыi. Стараючыся адагнаць аваднёў, кабыла заядла махала хвастом, тэпала ў гужох, павярнула налева галаву й быццам зьдзiўлена пазiрала на юнака пры ручках плуга. А Янук назiраў, што рабiлася на лiтоўскiм полi. Некаторыя людзi, перапалохаўшыся, беглi ў вёску, гналi з сабой статак. А стралянiна ўзрастала. Над станцыяй ужо ў многiх мясцох клубiўся чорна-блакiтны дым. Прыпякала сонца й лёгкi вецер нахiлам нёс дым у паўночны бок. Крыху падумаўшы, Янук выпраг кабылу, асядлаў яе, спацелую, i трушком паехаў дахаты. Пры весьнiчках сустрэў яго бацька.

- Сынок, напаi кабылу, завядзi й прывяжы яе каля пунi. Хто ведаiць, што будзiць. Можа трэба й карову забраць з загарадкi, чорт iх ведаiць... Я сам пайду...

На Гараватцы Янук пабачыў шмат людзей. Дуня адразу падыйшла да яго.

- Што ты думаеш, Янучок? Здаецца, вайна?

- А чорт iх ведаiць. Мусiць гэтая басота зь лясоў. а зь iмi, можа, тое цыганскае войска.

- Каторае? Што тут у нас было?

- Якое-ж яшчо...

I, памаўчаўшы, Янук дадаў.

- Недзе-ж тамака зь iмi й наш Мiкола.

- Дык ты думаеш, што гэтыя да бандаў пайшлi?

- Ну а куды-ж? Адна басота. Ваўка як нi кармi, ён у лес глядзiць.

- А што гэта будзiць, як гэтыя Гацi забяруць i да нас прыйдуць?

Гэткае голасна сказаў солтыс Паўлоўскi. Нiхто яму не адказаў. Ведалi, што калi раней бальшавiцкiя банды вёску рабаваць прыходзiлi, солтысу неяк заўсёды шанцавала скрыцца. Нiхто ня ведаў, як гэта яму ўдавалася. А справа зусiм простая. Пад хатай Паўлоўскi меў досыць абшырны склеп, зь якога праз спэцыяльны выхад, раней дароблены, - нешта падобнае, як у Антося Дзеркача, ён мог выпаўзьцi, нiкiм незаўважаны, на двор i перачакаць. Аднойчы 'ваякi' зь 'вялiкай айчыннай' спрабавалi даведацца ў жонкi, дзе мясцовы начальнiк, бiлi яе, але старая ня выявiла мужавай тайнiцы.

Солтысава пытаньне нарадзiла шмат у каго трывогу. I запраўды, калi Гацi заберуць, чаму-ж iм у Лiтоўцы, гэтта зусiм пад бокам, не заглянуць? Хто-ж iх спынiць? Тымчасам рэха бою ўзмацнялася. Маўклiвыя сяляне прыглядалiся дымам пажараў. Аксенiнага Арсеня падсадзiлi на Архiпа. Добры назiральнiк, ён зьверху крычаў:

- Школа гарыць, вялiкая школа гарыць!

I яшчэ крышку пачакаўшы, калi чорны дым густымi клубамi паказаўся непадалёк, з правага боку.

- Мусiць паравознае дэпо, яй-Богу яно!

Калi гарэла тая вялiкая школа, у якую некалi хадзiў Янук, што стаяла зарз пры Бабiчох, дык калi полымя ўзялося ўжо за чыгуначную майстроўню, дык, вiдаць, напасьнiкi пасоўвалiся наперад.

- А што, калi яны й да станцыi дабяруцца?

- Дык тады лiчы, што мястэчка ў iхных руках.

Чыгуначная станцыя ляжала ў цэнтры мястэчка. Перш, чым дайсьцi да яе, трэба было здабыць галоўную пазыцыю - палiцыйную станцыю i тут-жа побач баракi нямецкае жандармэрыi. Апроч таго, як заўсёды, праездам на чыгунцы было нейкае войска. Цяпер чуваць былi частыя чэргi з аўтаматычнае зброi i гулкiя выбухi.

- Гэта, вiдаць, гарматы, - сказаў Уладзiмер Пятух.

- Не, мiнамёты, - адказаў Антось Дзяркач.

- А як пазнаеш?

- Калi ня чуў, цi ня вiдзiў, дык i нi пазнаеш.

У паветры пачуўся сьвiст куляў. Хто мог сюды страляць? Цi хто зь лесу, або з дарогi? Людзi ўстрывожылiся. Нiкога нiдзе ня вiдаць. Калi-б гацкаму гарнiзону мела надыйсьцi помач, дык хiба з другога боку, адтуль з Глыбокага. I запраўды, ужо далёка за поўдзень з Глыбокага пасьпяшылi панцырныя машыны. Дзякуючы iм ды сьвежаму войску цэнтр акцыi ў Гацях пачаў паступова аддаляцца ў той бок, адкуль пачаўся, значыцца ў раён Бабiчоў. Над вечар бой скончыўся, людзi ўзялiся гасiць пажары.

Назаўтра ранiцай некаторыя лiтоўскiя, у iх лiку Янук i Антось, пасьпяшылi ў мястэчка. Па вулiцах ляжалi пабiтыя конi, трупы людзей. Антось i Янук iшлi памалу, разглядалiся. Воддаль пабачылi групу людзей, што пад наглядам Немцаў сьцягвалi хлам. У паветры яшчэ стаяў смурод гару, паленага мяса.

- Глядзi, каб нас да такой работы нi забралi, - перасьцярог Антося Янук.

- Ты праўду кажаш, - згадзiўся Антось. - Давай лепi ля гародаў пойдзiм.

- А куды гэта?

- Да Падгайскага.

Здавалася, што Антось добра ведаў усе сьцежкi паўз агароды. Наўмысна пайшлi з паўночнага боку, бо калi-б стаялi вайсковыя нагляды, дык хiба-ж з паўдня. Адсюль вiдаць былi абгарэлыя сьцены чыгуначнае майстроўнi, а за ёй у вадлегласьцi тарчэлi два комiны й сьцены калiшняе школы. У тым раёне згарэла некалькi хатаў. Найбольшы рух адбываўся на чыгунцы, патрэбнай для забясьпечаньня галоўнага ўсходняга фронту. Спаленыя вагоны сьцягвалi на бочныя шляхi. Гоман, стук лязгат. Перад сьветафорамi нецярплiва пыхцелi цягнiкi.

Падгайскага ў дварэ знайшлi. Ён гаварыў да дзядзькi з запрэжанай каляскай, на якой сядзела жанчына й стаялi кошыкi.

- Едзьце на памiдоры й пачынайце зьбiраць ад чыгункi. Тамака вышэй дык сьпялейшыя. А чаму Юхневiчаў няма?

- Казаў, што iз бабай посьля прыйдзiць. Учорака бандзiты чаго швагру нi закатавалi, дык ён у яго...

Падгайскi пабачыў лiтоўскiх. Змораны аграномаў твар распрамянiўся i ён хутка сказаў селянiну: - Ну дык едзьце.

- Антось, Янук, як я рад вас вiдзiць.

Прывiталiся, мацней чым звычайна, сьцiскаючы рукi.

- Добра, што прыйшлi, хоць i час ня той, знаiця... Прысядзьце.

Селi на лаўцы пад кустамi бэзу.

- Дык апавядай, - сказаў Антось.

- Быў у мястэчку, цi полем iшоў? - спытаў Падгайскi.

- Быў i ня быў, iшлi ля агародаў, - адказаў Антось.

- Дык вось, як я мяркую, хацелася бандытам узяць вакзал, але замiж, каб проста ўдарыць па iм з другога боку чыгункi, дык яны прыйшлi гэтта праз Бабiчы, разьбiлi школу, пасьял дэпо й на палiцыю напалi. Я чуў ужо ад свайго чалавека, што тамака многа палiцыi пабiлi. I знаеш, нямнога iм аставалася, каб на вакзал прарвацца i цалкам станцыю зьнiшчыць. Але-ж, ведаеш, як мне расказвалi, iдуць кучай, многа зь iх п'яных. Дык Немцы зайшлi iм з двух бакоў ды як упсяюрылi зь мiнамётаў, от-жа налажылi iх, як гною. Усiроўна, мусiць, занялi-б яны тут i станцыю ўсю й вакзал, надта-ж многа iх было, проста цьма-цьмушчая... Але-ж з Глыбокага падасьпелi панцыры iзь сьвежым войскам, ды яшчо праездам стаяў гэтта эшалон гарматаў i танкаў, дык i тыя мяса налажылi.

Падгайскi спынiўся пасьля на разных цiкавых дэталях.

- Дык гэта гэныя цыгане, як iх у нас называлi, цi радыёнаўцы з бальшавiкамi злучылiся? - спытаўся Антось.

- Ага, злучылiся. Яны-ж пазаўчорака Докшыцы забралi й нашых усiх там перабiлi.

- I нашага Мiколу з канём забралi.

- Мiколу й Захарука, - паправiў Антось. - Я дык дзiўлюся, як Захарук папаўся. Праўда, ён зараз каля бальшака, дык, мусiць, ня меў часу ўцячы. Ну а дзе ты быў у часе бою?

- Каля дому, - адказаў аграном. - Ведаеш, я-ж тут на водшыбе. Праўда, думаў, што вось-вось налятуць, ажно не. Вiдзiў, як Немцы акапалiся з кулямётам на маей мяжы, каб падыход адрэзаць...

- А Докшыцы яшчо ў iхных руках?

- Чуў, што ўчора iх адтуль выбiлi. Праўда, там нашых усiх, значыцца з нашых управаў, перабiлi.

Гаварылi спакойна, бязь нiякага паднечаньня цi зьдзiўленьня.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату