пройдзе часу, пакуль гэтыя сьцягi, як бясспрэчныя гаспадары, будуць горда й пышна паласкацца ў ветры на менскiм доме ўраду, на вiленскай Замкавай гары й катэдральнай плошчы, на маштах перад урадавымi будынкамi ўсiх беларускiх гарадоў ды ўсiх амбасадаў вольнае дзяржавы па ўсiм сьвеце? Калi тое збудзецца, што сказаў Вялiкi Прарок:
Занiмай, Беларусь, маладая мая,
Свой пачэсны пасад мiж народамi!?
Гук агульнае каманды 'Зважай'! Выцягнулася, замерла новавышкаленае войска. Кульгаючы, абапiраючыся на ляску, чыкiльгае перад фронтам калёны групэнфюрэр СС фон Готбэрг. Зь iм, крыху ззаду - нямецкiя афiцэры, а ў iх лiку й пара беларускiх, адзiн зь iх маёр Чмель. Групэнфюрэр высокага росту, на левай грудзiне - мэдалi й крыжы. Даўгая, бусьляная шыя, круглы, пульхны твар, зьверху закончаны шапкай з высокай стрэшкай i чэрапам сьпераду. Спад насунатага на лоб казырка праз акуляры поўзаюць па жаўнерах халодныя й разважныя вочы. Цi групэнфюрэр СС ацэньвае патэнцыял гэтых людзей, што вось маюцца разьехацца ўсiх кутох Генэральнага Камiсарыяту Вайсрутэнii, каб рыхтаваць i школiць мясцовыя сiлы, цi ўжо, чуючы рэха гарматаў з-над Дняпра, думае пра дылему капiтана тонучага мараплаву?
Агляд войска скончыўся й вышэйшыя афiцэры спыняюцца ля правага крыла даўгое калёны. Гаспадар аддае загад камандаючаму парады й той гучным, дзёрзкiм голасам перадае каманду. З калёны выходзяць на цэнтар плошчы чатыры афiцэры. Спыняюцца, паварачваюцца тварамi да сябе, стаяць накрыж, у вадлегласьцi пару крокаў адзiн ад аднаго. Да iх парадным крокам падыходзiць нямецкi афiцэр. Гэта пяцёрка фармуецца на даўжыню рук, а Немец трымае парадную шпагу й лiст паперы з тэкстам прысягi, да якiх усе чатыры дакранаюцца. Iдзе каманда й усе прысутныя ў калёне, стоячы на 'зважай', трымаюць левыя далонi на швах штаноў, а правыя рукi, сагнуўшы простым кутом у локцях, падымаюць уверх, далонi на вышынi сваiх пiлётак. Пачынаецца прысяга.
Нямецкi афiцэр з салютам чатырох беларускiх афiцэраў у цэнтры плошчы голасна чытае нямецкi тэкст, а за iм прысутнае на плошчы войска паўтарае. Ёсьць у гэнай прысязе й пра 'Гросдойчлянд', i пра 'Вайсрутэнiю', i пра жаўнерскую цноту, i гонар, i адданасьць, якой прысягаючыя абяцаюць гарэць у будучынi.
Пасьля сканчэньня ўрачыстае прысягi, афiцэры з Готбэргам iдуць у дом на паўночным баку плошчы i ўзыходзяць на абшырны балькон на другiм паверсе, удэкараваны сьцягамi двух народаў. У гэты час войску даецца каманда павярнуць направа й стаць вольна. У групе вайсковых на бальконе наперад выходзiць куды меншы за Готбэрга ростам, чарнявы, у акулярах, чалавек у цывiльным.
- Глядзiце, Астроўскi! - чуваць у натоўпе.
У прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады, - гэта добра вiдаць дападлiваму воку зьнiзу, - вялiкiя грудзi. Цi ня зялезную ахоўную жылетку пад касьцюм апрануў? Чаго добрага, каб хто з прысутных, - а мiж натоўпу можна скрыцца, ня стрэлiў у гэты 'сымбаль беларускай дзяржаўнасьцi'. Чалавек гэты, што, згодна ацэнкi памяркоўных людзей, ратаваў шмат сялян ад забойчых рук бальшавiцкiх бандаў, што запраўды стараўся памагчы, як мог, Беларусам, што апынулiся ў скрыжаваньнi агнёў, карыстаўся мiж сваiх немалой папулярнасьцю. I не дарма гоман у натоўпе сьцiх. Прысутныя хацелi паслухаць пра пляны прэзыдэнта БЦР i нямецкiх акупантаў.
- Афiцэры й падафiцэры Беларускай Самааховы, грамадзяне Беларусi! пачаў Астроўскi гучным, нiзкiм голасам. - Сягоньня мы, тут сабраныя, а з намi i ўвесь беларускi народ, сьвяткуем вялiкi й сьветлы гiстарычны дзень. 25-га сакавiка 1918 году ў Менску, вуснамi прадстаўнiкоў беларускага народу была абвешчана вольная й незалежная беларуская дзяржава. Вуснамi сваiх выбраных сыноў i дачок наш народ заявiў, што ад гэтага часу ён зрывае ўсякiя сувязi з Расеяй, якая, ня пытаючыся яго, кiнула наш народ у полымя жахлiвай, чужой i непатрэбнай яму вайны. Беларускi народ сказаў, што Расея, дбаючы толькi аб сваiх iмпэрыяльных iнтарэсах, давяла нас да найбольшай галечы, адабрала ў нас усе вольнасьцi, запрэгла ў найбольш жахлiвае й непасiльнае рабства. I вуснамi сваiх выбраных прадстаўнiкоў наш народ заявiў на цэлы сьвет, што ад гэнага часу Расея ня мае нiякага права гаварыць цi рабiць якiя-небудзь умовы ад яго iмя, што ад гэнага часу Беларусь абвяшчаецца вольнай i незалежнай дзяржавай! Наш народ ты самым сказаў, што ад гэнага часу ён сам, i толькi ён, будзе ў сваей хаце гаспадаром!
Пасыпалiся з плошчы гучныя воплескi. Астроўскi, якi гаварыў павольным гучным i ўзьнёслым голасам, усьмiхнуўся, зiрнуў на побач стоячых афiцэраў, i ўпэўнена прадаўжаў:
- На вялiкi жаль, нашыя ворагi нiяк не хацелi разлучыцца iз сваiмi плянамi панаваньня над нашым народам; зладзеi й гвалтаўнiкi не маглi дараваць таго, што вось вышмыгнула зь iх рук ахвяра й намагаецца стаць на свае ногi, гаспадарыць у сваiм доме. Таму, пасьля мабiлiзацыi новых сiлаў, яны зноў напалi на маладую беларускую дзяржаву i, як вам ведама, гэтым разам на помач новапаўсталаму ў Расеi жыда- бальшавiзму, што захапiў уладу, прыйшоў i выкiдыш Вярсальскага трактату - шляхоцкая панская Польшча. Трактатам у Рызе яны разрэзалi на дзьве часткi жывое цела Беларусi й кiнулi наш край у новую няволю. Каб поўнасьцю ашукаць наш народ i падпрэгчы яго сабе на помач, маскоўскiя жыда-бальшавiкi ўтварылi Беларускую савецкую рэспублiку, а Палякi ў сваей часьцi акупаванай Беларусi лiкiвiдавалi наша школьнiцтва, арганiзацыi, праводзiлi агульны й пасьлядоўны плян асымiляцыi. Жыда-бальшавiкi забралi ад нашых сялян зямлю, загналi iх у калгасны прыгон, адабралi ад людзей права ўласнасьцi, ад работнiкаў адабралi права страйкаў. Яны вынiшчалi ў Сiбiры мiлiёны нашых сялянаў i iнтэлiгенцыi, найлепшых сыноў i дачок нашых. Толькi дзякуючы Другой сусьветнай вайне мы здабылi магчымасьць жыць без апекi ворагаў. Вялiкая нямецкая армiя, пад правадырствам фюрэра Адольфа Гiтлера, выгнала з нашай зямлi жыда-бальшавiцкую хэўру й дала нам магчымасьць будаваць сваё беларускае жыцьцё!
У гэтым месцы Астроўскi крыху затрымаўся. Вялыя воплескi зараз-жа й ацiхлi. Яны выразна выявiлi тое, што думалi сабраныя грамадзяне пра гэтага апошняга 'вызвольнiка'. Прэзыдэнт БЦР прадаўжаў:
- Мы, Беларусы, удзячныя правадыру вялiкага нямецкага народу Адольфу Гiтлеру за тое, што вызвалiў нас ад нянавiснай жыда-бальшавiцкай няволi, даў нам магчымасьць свабодна жыць...
'Астроўскi, пэўне-ж, так павiнен гаварыць, - думаў Янук, прыпёршыся да дзьвярэй апушчанай сьвятынi. - Якая тут свабода? Цi-ж ён ня бачыць, што за свабоду гэтыя галаварэзы прынесьлi? Цi-ж каму ня вiдаць, як карнiкi вынiшчаюць вёскi, жывымi паляць жанчын, дзяцей i старых, а моладзь вывозяць на рабскую працу ў Нямеччыне? Гэта свабода? Так, Астроўскi, пэўне-ж, гэта бачыць, але што ён можа зрабiць... Нашто ён? Яго ня пытаюцца, яму загадваюць. Калi можа сваей працай ён i ягоныя памочнiкi палегчаць цяжкую долю беларускага народу, выратуюць каго ад глуму бальшавiцкiх бандзюгаў, эсэсаўцаў i Латышоў або польскiх бандытаў, дык тое й трэба. Хто бяз зброi, той прападзе...'
- Афiцэры й падафiцэры Беларускай Самааховы! - прадаўжаў прэзыдэнт БЦР. - Я вiншую вас з заканчэньнем ваенных курсаў i з прысягай якую вы злажылi на вернасьць беларускаму народу й нашаму нямецкаму хаўрусьнiку. Сягоньня й вы перажылi гiстарычны дзень. Будзьце-ж верныя гэтай прысязе, высака трымайце ў сваiх сэрцах бел-чырвона-белы сьцяг i йдзiце баранiць беларускiя вёскi ад маскоўскiх жыда- бальшавiцкiх бандаў. У вашых руках цяпер бясьпека нашага сялянства. Вышкалiўшы кадры на месцах, вы станецеся фундамантам новай беларускай армiii, у вашых руках будучыня беларускага народу. Маскоўская жыда-бальшавiцкая хэўра рукамi сваей партызанкi намагаецца вярнуць на нашай зямлi ненавiсную калгасную ўладу, зноў паняволiць наш народ. Бiце бандытаў, каб i сьледу iх у Беларусi не засталося. Ганiце маскоўскую хэўру з нашых лясоў. На вас спадзяваецца беларускi народ i я веру, што вы яго спадзяваньнi апраўдаеце!
'Словы, словы, мора словаў, - думаў Бахмач. - Колькi тут таго 'фундаманту' новай беларускай армii... Але пачатак павiнен быць...'
Iзь зьмешаннымi пачуцьцямi йшоў Янук з Пляцу Волi. Зайшоўся ў рэдакцыю 'Беларускай Газэты', дзе пастукаў у зачыненыя дзьверы. Сьвята. Шкада. Ад апошняга разу, калi ў iх быў i атрымаў колькi марак, больш нiчога не атрымлiваў. А цяпер яму, слабому й худому, нейкiя грошы вось як памаглi-бы. Вечарам, пасьля доўгага чаканьня, Бахмач ад'ехаў цягнiком зь Менску.
35
Стук у дзьверы хаты Падгайскага ня выклiкаў нiякага водгуку й Бахмач пачаў разважаць цi пайсьцi дадому нацянькi праз пушчу, цi лепш гасьцiнцам. Зьлез зь цягнiка вельмi галодны й наважыў забегчыся да агранома, каб есьцi папрасiць. Балазе, ноччу, перамагаючы розныя нявыгады, нядрэнна выспаўся, навет пра бурклiвы страўнiк забыўся. Праўда дакучалi вошы, i iх, у вязьнiцы нажытых, трэба будзе пазбыцца адразу, дахаты вярнуўшыся. Крышку ў цягнiку скразьняк дзесьцi iз шчылiны прабраў. Каб, ня дай Божа, якая трасца-хвароба на хрыбет ня ўзьлезла!
Вылезшы зь цягнiка, доўга прыглядаўся, як жаўнеры, быццам мурашкi шнуравалi ля мясцовай кухнi. У носе казытаў запах нейкай эрзац-кафэ, маргарыны, чорнага хлеба, мармаляды. З лакомасьцю пазiраў у той,