Званi звон на трывогу! Няхай чуюць у Мангатане й Вашынгтоне, над Тамiзай i ў Аттаве, над Амазонкай i ў Рыме, у Парыжы й Буэнос-Айрэс, у Канбэры й Менску, у Маскве й Варшаве. Званi, ня спыняйся, папанатуж усе свае сiлы. Наракаеш, што ты, на самым нiзе сацыяльнай драбiны ў Канадзе шмат церпiш. Згадай тых, якiх цяпер мораць голадам, холадам, непасiльнай працай у Гулагу!
Iдзi, расказвай. Няхай чуюць! Нехта, магчыма, наставiць на тваё галашэньне цi крык роспачы сваё вуха. Бачыш, спагада ёсьць. Праўда, i яна з наiўнай сьпiною. Гэта, хутчэй, спачуваньне да галоднага, зьбiтага з ног i бяздомнага сабакi, чымся акалеўшага ў галечы i змардаванага тысячамi жыцьцёвых дарог i бездарожжаў чалавека, што бачыў пекла i выйшаў зь яго, што перасьцерагаў перад сучаснымi i новымi фiзычнымi i духовымi чарнобылямi. Даводзiлася выступаць на дэманстрацыях, папярэджваць, пiсаць у газэты. Так, але-ж... Здаралася, што некаторыя раты ад зьдзiўленьня разяўлялi, пра жвачку Рыглея на момант забывалiся. Поцiск рукi, спачуваньне...
У пасьляваенным гармiдары сродкаў масавае iнфармацыi ўсюды i амаль заўсёды аж на перадавых стаяла тэма вымардаваных гiтлераўскiмi нацыстамi шасьцi мiльёнаў Жыдоў. Народ пацярпеў, жахлiвыя страты меў, што й казаць! Новаствораны Iзраэль зьзяў у цэнтры ўвагi. Як на гэтую сцэну трапiць нейкай там задрыпанай, тут зусiм няведамай Беларусi? На роднай зруйнаванай зямлi людзi, якiх ваенны агонь абмiнуў, цяпер адно вылазiлi зь зямлянак. У Курапатах ля Менску ды ў iншых мясцох ранейшага грандыёзнага маштабу злачыну варвары-забойцы загадалi раскопваць масавыя магiлы нявiнных ахвяраў ды перахаваць iх у 'бясьпечныя месцы'.
Канадыйскi, амэрыканскi i iншыя бiзнэсавыя вярхi цiкавiў прагрэс пляну Маршала, што намагаўся паставiць на ногi разбураную Заходнюю Эўропу. У крамах зьявiлiся чорна-белыя тэлевiзары. Ура! Цяпер Джоў i Джэк, глумячы Лабат i Молсан, могуць за сваю гакэйную дружыну з хатняе канапы гарлапанiць. А там - грошы, грошы, грошы! Перадавыя палiтыкi трымалi зыркае вока на тым, колькi Саветам можна пшанiцы прадаць, якi iншы бiзнэс з Крамлём зрабiць. Гэта-ж самая Канада, пачынаючы ад Гадсан Бэй кампанii, на якiм прынцыпе, як дзяржава, аснавалася й расла? Што добрае для бiзнэсу, тое добрае i для краiны. Во вам - просты рацэпт, магчыма ад таго мудрага Шкота Смiта. Дык i цяпер, калi гэта добра для бiзнэсу, дык чаму iз тым 'дзядзькам Джовам Сталiнам' не гандляваць? Ясна? Навошта каму было галаву нейкiм там выдуманым Гулагам марочыць!
Захаднiя палiтыкi, навукоўцы, выдатныя банкiры i бiзнэсмэны, дзеячы культуры, - калi нават i не абыякавыя да злачынстваў бальшавiцкага антынароднага таталiтарызму - жадалi цяпер сядзець у сагрэтых наседжаных гнёздах. Пралiвалi вунь кроў, перамаглi, жахлiвая вайна мiнула. I чаго тут нейкiя дыпiсы, якiм мы ласку зрабiлi, у свой дом упусьцiўшы, чаго гэтыя выкiдышы з Эўропы тут збоку нейкую бязглузьдзiцу гародзяць, што быццам наш хаўрусьнiк Сталiн горшы за ягонага-ж калiшняга хаўрусьнiка Гiтлера? Цьфу на вас, такiя вы ды гэткiя! Паводле iх, гэных-жа дыпiсаў, тут, у Канадзе камунiст сядзеў амаль пад кажным ложкам. Што ты скажаш такiм дзiваком! I некаторыя пагражаюць, што й сюды маскалi дабяруцца, калi вы, пэцкалi канадыйскiя, у iх розуму не навучыцеся. Пропадам ты прападзi! Не, тут, у Канадзе, гэтага ня можа здарыцца!
Шпакава сытуацыя была куды цяжэйшая яшчэ й таму, што якраз ад яго, як духовага правадыра новапаўсталай грамады ў горадзе, чалавека з прэстыжам лiтаратурным, Беларусы чакалi i гарту, i розуму, i вытрываласьцi. Пiсьменьнiк працаваў у гатэлi. Гадзiны працы дрэнныя, заплата мiзэрная. Ды што зробiш? У ягоных гадох ня станеш пры нейкiм мэталарэзным станку, а каб дзе што лягчэйшае, тут патрэбныя здольнасьцi i нейкую бiзнэсавую адукацыю.
Шпак часта занемагаў. Цялесныя нямогласьцi вытокамi сягалi ў перапоўненую цярпеньнямi мiнуўшчыну. Поўнага рамонту чакалi зубы. Дакучала даўгая зморанасьць. Калi-б не ягоны добры сябра Алесь Якiмовiч, хто ведае... Магчыма, што давялося-б ужо лiпець у чарзе ў 'Скат Мiшан' за мiскай супу. Калi Якiмовiч наведваў Шпака, пакiдаў нейкую помач. Нiколi не даваў грошай Шпаку ў рукi. Даляровыя банкноты траплялi неяк то пад машынапiску на стале, цi на полку туалетную, або ў iншае месца, дзе Шпакава рука абавязкава на iх трапiць. Цi адзiн раз пiсьменьнiк пратэставаў. Ягоная годнасьць не пазваляла прызнацца да жабрацтва ў 'краiне вялiзных магчымасьцяў'. Ды няважна колькi разоў пiсьменьнiк налягаў на Алеся, каб той нiдзе ў яго й нiколi нiякiх грошай не пакiдаў, дзяцюк бажыўся, што ён нiколi такога нiчога не рабiў i, дальбог, нiчога пра гэта ня ведае.
Нейкiм чынам у Шпакавай кватэры зьяўлялiся i iншыя падаркi пры адпаведных нагодах. Нават сама тая машынапiска Смiт Карона прыбыла на кватэру якраз перадугодкамi пiсьменьнiкавых нарадзiнаў, картка падпiсаная 'Вашым зычлiвым сябрам'. Калi-ж Шпак пратэставаў, Алесь бажыўся на ўсiх сьвятых, што ён на такую 'экстраваганцыю' не адважыўся. Захавалiся i твары, i годнасьць, i нiхто нiкога не ўквялiў. А жыцьцё, яно iшло, бо, як тыя мудрацы казалi, так было напiсана...
10
Шпак пачуў шум на доле, нейчыя скрыпучыя крокi на сходах i пасьля асьцярожны стук у дзьверы.
- Калi ласка.
У дзьвярох зьявiўся Алесь. Было гэта позным вечарам, пару гадзiнаў перад тым, як пiсьменьнiк меў iсьцi на працу. Ён спасьцярог распраменены Алесеў твар. Задаваленьне, радасьць? Нешта-ж здарылася. Быў гэта твар чалавека, якi цяпер шчодра чэрпаў матар'яльнае дабро з жыцьця i ня меў прычынаў, каб скрываць свае пачуцьцi. Алесь прывiтаўся.
- Прашу, сядай. Што новага прыносiш?
- Перш за ўсё, як вашае здароўе? - спытаўся ў Шпака Алесь.
- Скрыпiць, як тая надломаная галiна, сам ведаеш... Дык чым пахвалiшся?
- Вы не паверыце, - пачаў не без хваляваньня Алесь, выцягваючы зь кiшэнi пазалочаную цыгарэтнiцу й прапануючы пiсьменьнiку закурыць. - Учора атрымаў павышэньне. Прызнацца, спадзяваўся, але не так скора...
- Вiншую. Жадаю спору ў працы i няхай Бог памагае.
- Дзякую, спадар Шпак, дзякую.
- А што за новая пазыцыя?
- Далучылi мяне да экзэкутывы i ўзвалiлi на плечы цэлы вялiзны дэпартамэнт. Даволi цяжкi воз, але як упрагуся дык пацягну.
- Няма прычынаў, каб не пацягнуў, - сказаў Антон Шпак i сеў.
- З гэтай нагоды раблю сьвята ў пятнiцу вечарам. Таму я забегся. Хацелася-б мець гонар...
- Гонар быў-бы мой, - уставiў Шпак, - але я запраўды ня ведаю. Мушу працаваць i пiць мне ня трэба. Апроч таго, твае сябры, якiх ты напэўна ўжо запрасiў, мала супольнага са мною маюць.
- Нонсэнс. Забудзьцеся пра розьнiцы, прыхадзiце й гуляйце. Нiхто нiкога пiць ня змушае. Будзеце ў мяне найважнейшым госьцем. Прашу вас.
Iншым разам пiсьменьнiк ужо згадзiўся-б. Нешта сталася. Голас ягоны меў цяпер тую характэрную гэтаму чалавеку цьвёрдасьць, якую Алесь заўважыў ужо пару разоў у мiнулым.
- У чым справа, скажыце? Нешта вам дакучае, нейкая качка вас убрыкнула, - усьмiхнуўся Алесь.
На бацькаўшчыне яны не сустракалiся. Алесь чуў пра Шпака i вайной чытаў ягоныя творы. У Канадзе пазнаёмiлiся. Спачатку Шпак трымаў пэўную адлегласьць ад гэтага, як ён меркаваў, кар'ерыста. Паступова Алесеў просты й прыяцельскi падыход, добрыя адносiны, шчырасьць i запраўдная дабрыня ягонага сэрца, ды не на апошнiм месцы 'помач добрага сябры' размылi ўсе запруды Шпакавай асьцярожнасьцi. Пiсьменьнiк цяпер Алесю поўнасьцю давяраў.
- Сяньня, прабач браток, не хацелася-б пра гэта гаварыць. Шпак устаў, налiў з крану шклянку вады, выпiў i зноў сеў.
- Я ўгадаў. Нешта вам дакучае. Чаму-ж са мной не падзялiцца? Можа я памог-бы...
- Не, Алесь, нiхто не паможа мне, калi сам гэтага не палагоджу. Прашу зразумець: я вельмi цябе цаню, паважаю, ты шмат мне дапамог.
- Пра якую гэта вы помач гаворыце?
- Дай мне слова сказаць. Ведаю, што ты мне памагаў i навошта нам у жмуркi гуляць. Але цяпер, вер мне, ты ня зможаш памагчы, каб нават усе свае сiлы палажыў на гэта.
- Нешта запраўды вельмi важнае i балючае, - сказаў Алесь.
- Балючае.
Настала даўгое маўчаньне. Алесь чакаў.
- Магчыма я некалi згадваў табе пра чалавека, якi працаваў са мной у гатэлi, - павольна гаварыў пiсьменьнiк. - Перад вайной у Эстонii ён меў высокi чын, прынамся мне так казаў. Быў шэфам дэпартамэнту