будучыню, трэба гадаваць новую зьмену. А гэнай зьменай могуць быць адно тыя, што тут, на чужыне навучацца свае мовы й захаваюць яе, пазнаюць запраўдную гiсторыю Беларусi, яе культуру, традыцыi, пабудуюць для сябе рэлiгiйныя сьвятынi i паклiчуць да аўтароў такiх сьвятароў, для якiх любоў блiжняга стане на адным узроўнi з адданасьцю iнтарэсам беларускае эмiграцыi i паняволенай бацькаўшчыны.

У розных сваiх эмiграцыйных iнстытуцыях трэба новаму, ужо за межамi бацькаўшчыны народжанаму, пакаленьню даць добрыя веды пра Беларусь i, у найгоршым выпадку, калi ўжо нельга тут выхаваць жаданых патрыётаў Беларусi, дык прынамсi старацца ўзгадаваць нейкiх ейных сымпатыкаў i абаронцаў. Каб запрыгоненая краiна нiколi ня страцiла за межамi, у вольным сьвеце, голасу свайго, каб захаваць насеньне для будучага аднаўленьня плёнаў на родных нiвах.

Усьведамiўшы, што пiсьмы Мiхайлава i цэлая 'чырвоная афэнзыва' вялi псыхалягiчную вайну аж да зьнямогi супраць бедных антыкамунiстычных iнтэлектуалаў за межамi 'забранай зямлi', Шпак пастанавiў у гэны крытычны час узяцца за публiцыстыку. Шматлiкiя суродзiчы жадалi пачуць ягоны голас, натхнiцца яго заклiкам i знайсьцi адпаведную амунiцыю супраць тых завяртанскiх стралкоў i цiвуноў, што наперабой фашысьцiлi ўсiм, каторыя так цi накш змагалiся за вольную Беларусь i захаваньне беларускага этнасу на эмiграцыi.

Трэба было аналiзаваць i ў дробных дэталях ды ў цэлым камплеце паказаць мэтады й сродкi агрэсыўнага камунiстычнага наступу, стварыць цэлы й аб'ектыўны вобраз таго бяздоньня, куды вядзе капiтуляцыя перад адвечным ворагам Беларусi, а цяпер i ўсяго чалавецтва. Шпак ня браўся атакаваць тых, якiх гэтта на эмiграцыi называлi зьвiхнутымi. Гэткай мянушкай ахрысьцiлi тых, што з розных прычынаў трапiлi ў варожую пастку, а цяпер, пасьля адпаведнага раскаяньня перад 'радзiмай, якая ўсё прабачыла i да сваiх грудзей прыгарнула', яны выхвалялi катаў беларускага народу, лiлi розныя памыi на перадавых беларускiх патрыётаў на эмiграцыi ды заклiкалi суродзiчаў вяртацца на бацькаўшчыну. 'Зьвiхнутыя', або здраднiкi, - як называлi iх iншыя беларускiя патрыёты, - сталiся маленькiмi пешкамi ў вялiкай, ворагам вольнае Беларусi плянаванай вайне.

Пiсьменьнiк Шпак у раньнi пэрыяд сваей пiсанiны спанатрыў вялiкую цану непасьпешлiвага i халоднага доказу. Яшчэ лепш, калi падтэкстам памагае лёгкая iронiя. Шпак адказваў Мiхайлаву i ягоным 'саўдзельнiкам у злачынствах' лагодна-мяккiм i зьдзеклiвым тонам, ягоная вiвiсэкцыя нутра камунiстычнага арганiзму - удалая i сьмелая, аргумэнты - быццам скала. Балела пiсьменьнiку сэрца за раськiданых па цэлым сьвеце суродзчаў, што апынулiся пад скрыжаваным шквалам варожае прапаганды. Шпак напiсаў сэрыю ў трох артыкулах, перагледзеў iх, паправiў, выслаў заказной ды паветранай поштай у беларускую штотыднёвую газэту ў Мюнхэне.

Калi вярнуўся з пошты, ня мог пазбыцца ўражаньня, як нiкчэмна мала зрабiў. Беларускiя выгнанцы ўсё роўна будуць трапляць у хiтра расстаўленыя працiўнiкам пасткi. Магнiт у руках катаў занадта моцны, каб яму супрацiўляцца маглi слабыя духам, якiх карэньне на гэтым баку акiяну ды ў Заходняй Эўропе яшчэ не ўрасло дастаткова глыбока ў чужую глебу. Шпак малiўся Богу, прасiў Яго, каб прыйшоў суродзiчам на помач, скарэй паслаў той час расплаты зь ненавiсным ворагам, якога ракавы арганiзм руйнуе ўсё чалавецтва, каб урэшце вярнуў раськiданых па цэлым сьвеце, - насамперш i тых са сьмяротнага Гулагу, - сыноў i дачок на вольную i дарагую Бацькаўшчыну.

21

На п'едэстале, на аграмадным канi - прынамсi ўдвая большым за нармальнага, - расьсеўся Яго Каралеўская Вялiкасьць, Кароль Вялiкай Брытанii, з Ласкi Божае Iмпэратар Iндыi i гэтак далей... Бронзавы конь, зь пярэдняй левай паднятай нагой, - гатовы ў дарогу, - касавурыў крыху налева. Сам яздок ягоны, з адкрытай, галубамi ўдэкараванай лысай галавой з вусiшчамi i бародкай, грудзьмi абвешанымi мэдалямi i рознымi шнурамi ды кукардамi, ботамi з халявамi за каленi, трымаў паляўнiчы брыль у правай руцэ на калене, а левай рукой натужыў лейцы ад аброцi. Шырокi iмпэратарскi твар спакойна пазiраў наўскасяк направа. I цяпер галуб з галубкай аглядалi парк з выгаднай лысiны Эдварда VII-га, найстарэйшага сына Вiкторыi, якому трэба было пажыць гадоў шэсьцьдзесят, пакуль мацi з высокага трону зьлезла.

Помнiку Эдварда VII-га, якi некалi займаў пачэснае месца ў сталiцы Iндыi, адвялi кут у Радфардзкiм Гарадзкiм парку. Яшчэ ня так даўно, пакуль нахлынула пасьляваенная хваля iмiгрантаў, парк падлягаў правом прыроды. Зайцы, на якiх тут паляваць забаранялася, гэйсалi ўсюды ў гушчы дрэваў, у кронах якiх гнязьдзiлася маса птушак. Вялiкая паркавая прастора ўключала пагоркi, далiны, дзьве рэчкi, што вужамi вiлiся мiж дрэваў i хмызьнякоў. Спакойная паверхня невялiкага возера гаманiла дзiкiмi качкамi й шэрымi канадыйскiм гусямi ды вечна галоднымi крыклiвымi чайкамi. Ля таго возера ў далiне была лодачная станцыя - аблюбаванае месца моладзi. Апавядалi, што некалi парк гэты, пакуль стаўся ўласнасьцю гораду, наведвалi пераважна аматары паляваньня й рыбакi.

Калi аж тры ўрады - фэдэральны, правiнцыяльны й гарадзкi - наважылiся барукацца зь беспрацоўем, надта хутка знайшлiся фiнансавыя сродкi для ўпарадкаваньня i аднаўленьня гэтага вялiзнага плошчай парку. Нанава расплянавалi, пабудавалi адну цалкам неабходную дарогу для аўтамабiляў, сьцежкi для бягуноў, хадуноў i самакатаў, аўтастаянку пры мадэрным, непадалёк возера, летам халоджаным, рэстаране. Зашумелi сям-там мiнiятурныя вадапады, пчолкамi й чмялямi загулi кветнiкi. Выгадныя лаўкi пры сьцежках i ў зеленi травы запрашалi чалавека адпачыць воддаль ад шуму й гармiдару гораду. Акцэнт мадэрнiзацыi парку клаўся на лёгкую кантролю прыроды з прыбыткам зусiм неабходнай, але не залiшняй цывiлiзацыi.

- Зiрнi ты на яго, паляўнiчага iмпэратара! God save the king! усьмiхаўся Алесь, аглядаючы вялiзнага Эдварда сёмага на бронзавым канi.

- А адкуль ён тут узяўся? - зьдзiвiлася Вера. - Такiя пампёзныя помнiкi iмпэратарам стаўлялi перад будынкамi парламентаў цi на якiх важных сквэрах...

- А ты ня чула?

- Што?

- Ды як гэтага гэроя нашыя манархiсты сьцягнулi зь Ню Дэлi?

- Калi гэта?

- Як Iндыя сталася незалежная ды сваiм розным Магатмам пачалi помнiкi майстраваць...

- Дык тады гэтага iмпэратара сюды?

- Хацелi яго дзесьцi на якую галоўную Кiнг вулiцу паставiць, але... ня тыя часы, ня тое пакаленьне. Бальшыня ў гарадзкой управе ўпёрлася... Дык вось яго сюды, у больш экзатычнае месца... Зрэшты, яго й тут галубы, як бачыш, для сваiх патрэбаў адаптавалi...

Прыгожае надвор'е хутка напаўняла парк i Алесь уздыхнуў з палёгкаю, калi яму ўдалося знайсьцi вольнае месца для свайго Олдсмабiля.

- Окэй, даражэнькая, давай заглянем цяпер у дзiч, - прапанаваў Алесь дзяўчыне. - Знойдзем такое месца, куды яшчэ не сягнула сваёй прагавiтай рукой цывiлiзацыя.

- А тут ёсьць такое?

- Пашукаем, - узяў Веру за руку Алесь. - Мне здаецца, што я павiнен цябе сяньня рамонкам вялiчаць: Miss Daisy.

Сукенка ў кветкi iзь цесным тулавам i шырокай спаднiцай, прыгожа раськiнутыя па бакох i ззаду валосы ды той нявiнны дзяцiнна-прывабны тварык iз загадкавымi прамянiстымi вачмi... Захапляўся дзяцюк i дзяўчынай, i прыродай: летняй чысьцiнёй, сьвежасьцю, водарам налiваных поўнымi сокамi расьлiнаў i кветак. А побач - поўная й пышная ў сваёй сьпеласьцi й красе маладосьць. Дзяўчына, у Алесевым уяўленым параўнаньнi, запраўды нагадвала рамонак на нiве цяпер далёкай, чужнiкамi забранай зямлi. Але гэта дзяўчына iшла вось побач яго, яе скваплiва аглядалi сустрэчныя мужчынскiя вочы.

Прыселi на лаўку пад вялiкiм дубам. Праз галiны дрэваў зьзяла люстра залiтага сонцам возера й вiдаць быў лодачны прыстанак. Некалькi парачак у лодках марылi пра каханьне, а больш заавансаваныя практыкавалi яго ў пацалунках.

- Вось што я люблю, - сказаў Алесь, - мы жывём у дваццатым стагодзьдзi а паглядзi, як мы далёка ад яго, значыцца ад цывiлiзацыi ягонай, што цi не пайшла на злом галавы... Якое тут хараство! Адсюль, ад гэтай цудоўнай прыроды запраўды блiжэй да Бога...

Зачараваная прыродай дзяўчына, сама прыгожая ляля, маўчала. Алесь носам адчуў запах бэзавай парфумы, зiрнуў на румяны тварык. Блiзкасьць дзяўчыны гэтта, на ўлоньнi прыроды, актывiзавалася адным жаданьнем. Калi зiрнуў на яе ўважна, спасьцярог нейкi выклiк у ейных вачох. Поўныя ружовыя, зусiм немаляваныя вусны, румяныя шчочкi, абяцаючыя вочкi - усё гэта на выклiк. Магнiт, якому няма супрацiву. Сустрэлiся цi не на поўдарозе. I спачатку вусны ейныя, быццам коркавыя, непаслухмяныя, як некалi гэны першы раз. Ды тут-жа адразу дзяўчына памякчэла, быццам ажыла, усiм дрыготкiм целам прыльгнула да яго,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату