зубы з кажнага кута пакою, зусiм сапсавала вялiкi й энэргiчны ўздым, што ўзбуйнеў пры смачных разважаньнях пра будучыню свайго валоданьня на Гараватцы пад Архiпам.
- Ты сама дома? - спытаў Алену.
- А табе чаго? - буркнула жанчына. У шурпатым голасе ня было няпрыязьнi, адно змораная абыякавасьць. Гэтак гамоняць людзi ў беспрасьветнай тупой апатыi.
- Дык як гэта чаго? Памагчы-ж вам трэба.
- Ага...
Алена Макатунiшка ўпiлася ў Косьцiка тупымi вачмi, рукой выцерла спацелы лоб i цёмне пасма сажы дало ёй яшчэ больш няпрыветлiвы выгляд.
- На дварэ казалi мне, што Дуня пабегла па дзядзьку, а мацi па папа.
- Ага.
Жанчыны зь цiкавасьцю слухалi аднабочную гаворку, сачылi Сабакевiча.
- Дык што вам памагчы? - скроб Косьцiк у буйных валосах.
- Га? Нi знаю, сам глядзi.
Косьцiк страсануў галавой, пазiраў на прысутных жанчын. Маўчалi. Навет звычайна гаманлiвыя Аксеня й Аўдоля гэтым разам як на злосьць, каб табе слова. Зьбянтэжаны Сабакевiч, больш не марудзячы, асьцярожна ступiў на вялiкi плоскi камень ля парогу й адчынiў скрыпучыя дзьверы.
Каб у пару не спасьцярог, дык зьбiў-бы з ног старога Панаса, што з псалтырам пад пахай вырас на парозе. Гэткага спатканьня стары, вiдаць, не спадзяваўся. Стануў, як акамянелы, маргаў павекамi, а ў ягоных вачох прытаiлася насьцярожанасьць i няўцямнасьць. Чуў пра Буракова бязбожнiка-камунiсту шмат нядобрага. Жылiстая рука моцна сьцiснула псалтыр.
Соладка рабiлася на сэрцы старога Панаса, калi людзям у бядзе мог пасобiць, хоць i сам ня вельмi раскашаваўся ў шматдзетнай сыновай сям'i. Калi пачуў дзе пра вiзыту старой шчарбатай ведзьмы з касою, хрысьцiўся й голасна казаў: - Божачка, чаму-ж мяне ты й на гэты раз мiнуў? Пасьля браў свой добра патрапаны й абшмуляны псалтыр, ды сьпяшыў да сьвежай дамавiны. Шанавалi за гэта старога людзi. Рэдка калi хто яго прасiў, бо верылi, што Панас сам нейкiм чынам праведае i ў час зьявiцца ў хату.
Косьцiк зiрнуў на старога, памкнуўся нешта сказаць, але махнуў рукою.
8
- Ну дык ты йдзеш, цi ня йдзеш? Гэта ты за што ўзялася?
Паўлюк Бурак, яшчэ не зачынiўшы дзьвярэй, зь сяней навалiўся на жонку. Нiна Бурачыха сядзела на зэдлiку пры стале й часала свае прыгожыя каштанавыя валосы. Думала, што варта было-б нагрэць вады й памыць iх добра, але такi намер да заўтрашняга адлажыла. Не хацелася ў сьвятую нядзельку з сырымi дровамi вазiцца. Стары вурчэў i кiдаўся ў кленiчы, калi бралася за сухiя бярозавыя, што ў капцы на дрывотнi ля клецi ляжалi. У печы загадваў хворастам палiць, ды - адкуль яны ў яго бралiся? - шчапаў i сам валок у хату каб падсыхалi за ноч сыраватыя карчы.
I яшчэ думала Нiна Бурачыха пра бальшавiкоў, пра танкi на гасьцiнцы й пра нейкiя зьмены, што неўзабаве прыйдуць. Вярнуўшыся ад гэнай Косьцiкавай брамы, хацела была з мужам памяркаваць як яно й што будзе. Малагаманлiвы й бурклiвы Бурак i сяньня на словы скупiўся. Дзiва ня было-б, калi-б сын гадамi за гэту новую ўладу сьцен па вязьнiцах ня выцiраў. Мужчыны ня ладзiлi мiж сабою. Стары цi не зьбянтэжыўся, ня ведаў чаго цяпер спадзявацца. Прыйшоўшы дахаты, пасёрбаў капусты, зьеў камяк учарашняй паджаранай дранкi, ды адразу пачаў штылiць, каб памагаць бульбу перабiраць iшла.
Бульба ў горбе на таку ляжала. Перабiраньне - немалая й марудная праца. Кормную, малую як арэхi, для сьвiньней ссыпалi ў вадзiн катух, а емiнную - ў другi ў варыўнi. Некаторыя лiтоўскiя за бульбу яшчэ ня бралiся, а непаседлiваму Бураку i ў нядзелю да працы рупiла. Нiна ведала чаму Паўлюк не марудзiў. Пасьля бульбы зараз да апрацоўкi лёну гнаць будзе. I гэтак без канца. Навет сяньня, у такi нязвычайны дзень, стары злыдзень-скупiньдзя адпачыць не даваў. Iншыя ў вёсцы пазьбiралiся, гамоняць, час маюць. Каму як каму, а Бураку ўрону ня было-б, каб пасьвяткаваў. Але-ж, кажуць, ня йдзi за багатага, а йдзi за любага й разумнага.
Стол быў засланы прыгожым, вышытым рознаколернымi ўзорамi, настольнiкам. На аркушы шэрай паперы стаяла простакутнае, зьнятае са сьцяны люстра. Якраз калi Нiна разглядала свой твар у гэным люстэрку, расчэсвала валосы, ды думала пра пра ўсё новае, што сяньня ў вёску наплыло, Бурак дзьвярмi за сьпiной скрыпнуў. Кiпеў, вiдаць, бурчэў пры той бульбе, дый ня вытрымаў.
- Сказала, што нi пайду сягоньнiка. Iдзi ты, знаiш куды! - агрызнулася Бурачыха. - Куды гэта табе рупiць? У людзей, як у людзей, а ў цябе ўсё нiпалюдзку. От лёг-бы ды палiжаў...
- Каб ты лiжала ды нi ўстала! - усхадзiўся Бурак. - Мала во ранiцы ляжыш, сонца ў зад упрэцца, што дабудзiцца нi магу, дык мяне яшчо цягнiш. Мусiць i любiла-б толька, каб з табой лiжаў ды яшчо чаго добрага...
- Ну а чаму-ж не? Ня зломак-жа ты! Цi маю да каго чужога йсьцi, га? Нашто табе багацьце? На той сьвет забярэш?
Паўлюк спынiўся сярод пакою. Цяпер аглянуўся на дзьверы й крок назад зрабiў. Пра бульбу пачалося, а баба глядзi вунь куды павяла. Ведаў небясьпеку гэтай тэмы й высьцерагаўся яе, як агня. Колькi ўжо мазгi яму пра гэта напiлiла. Калi яе да мяжы давядзеш, дык з табою не пацацкаецца, а бярэ качалку, ды па галаве. Гэта не Матрона пакойная. Ложка асобнае сабе Паўлюк справiў. Не агледзеўся калi, жонка шмыг пад коўдру! Паспрабуй уцячы адтуль на печ, дык i там жыць нi дасьць. Звадак дарэмных ня шукаў. Думаў спачатку, што як Матрону ўезьдзiць. Не на тую трапiў. Ён рукой за падпругу, а яна за качаргу, ды так натаўкла, што пару тыдняў бакамi рабiў. Мала таго. Яшчэ па вёсцы разбарабанiла-разьнесла, людзям у вочы зiрнуць было сорамна. А навошта яму дзiцё тое, клопат на галаву? Пацехi нiякай, аднаго злыдня вунь выгадаваў...
Згадаўшы Косьцiка, Бурак схамянуўся. Цяпер-жа сын пэўне начальнiкам нейкiм стане. Можа, дзякуючы яму, ўдасца лесу якi кавалак дастаць. Даўно думка пра собскую лазьню супакою не давала, ды на бярвеньне грошы шкадаваў.
Бурачыха ўстала з зэдлiка ды, быццам гатовая да скоку тыгрыцы, ўважна сачыла мужа. Здавалася, што вось неўзабаве кiнецца ды пачне рваць i тузаць. Вялiкiм хваляваньнем ускалыхалiся пад прыгожай, вышытай блакiтнымi васiлькамi, кужэльнай блюзкай тугiя грудзi. Басаногая, у зялёнай спаднiцы ў жоўтыя пасачкi, Нiна мела прыгожую, надта прапарцыянальную фiгуру, круглы лагодны падбародак, поўныя ружовыя вусны, просты, ледзь з намёкам на курносасьць, нос, вялiкiя, прывабнага адценю, вочы, шырокiя бровы й высакаваты, роўны лоб. У вачох iскрылiся пажадальныя аганькi. Кажны празорлiвы мужчына адразу спанатрыў-бы, што гэту прывабную жанчыну адным можна было толькi спатолiць.
Ведаў тое й Паўлюк. Але, - разважаў ён, - гулi з бабай у пасьцелi адно, а дзiця - што iншае. Празь дзiця Нiна старалася-б гаспадаркай авалодаць. Бязьдзетную можна каленам у зад i паслаць туды, адкуль прыйшла. Зусiм што iншае, калi-б мела дзiця ад яго. Хоць ня зломак, цяпер рабiць ня хоча, а тады й пагатове: у сваю хату страшна было-б паказацца.
Найбольш Паўлюку праца карцiла. Матрона некалi цэлую гаспадарку на сваiх худых плячох трымала, а гэтай жанчыне зусiм нi ў галаве тое. Яна адно ў меру, нiколi пры працы не папанатужыцца. Даўно прычыны Паўлюк шукаў. Другая цi раз ужо зь якiм дзяцюком зьнюхалася-б. Бурачысе-ж, зь ейным выглядам, адно вокам маргнi, дык дзесяцера на пачаканьнi стане. I каб так зрабiла, не завагаўся-б Паўлюк дзьверы ей паказаць. Дык-жа не, злыднiца гультайская, як-бы яе хто да хаты прывязаў, адно на яго насядае.
Гаварылi позiркамi. Гэткае разуменьне адзiн аднаго, як прыладжаная на час бомба, трымала iх у нэрвовым напружаньнi. Колькi разоў рупiла ўжо Нiне палюбоўнiка пашукаць. Адылi ведала, што стары Бурак адно чакаў гэтага, каб з хаты выгнаць. 'Трасца табе, пацярплю. Жыць ня буду, калi цябе не перажыву,' - думала жанчына.
- Багацьце! Якое багацьце? Ты нажыла можа? - ня сунiмаўся Бурак.
- На каго, на цябе рабiць буду? Даволi раблю. Глядзi якi ў мяне ў хаце парадак! - крыкнула Нiна й падмацавала свой аргумант адрывiстым жэстам рукi. Хата запраўды ад чысьцiнi зьзяла. На ложках - прыгожыя саматканыя дываны, на камодах - вышываныя накрываньнi. Весела сьвяцiлася чыстая жоўтая падлога, дбайлiвасьць гаспадынi вiдаць была й навокал печы.
- Iдзi й пiрабiрай тую бульбу, калi табе, прагавiтаму, божых будняў мала, а мяне нi чапай! - адрэзала Нiна.
У Паўлюковых вачах зьзялi маланкi й моцна сьвярбелi карэлыя ад бульбы рукi, але ведаў дзе спынiцца. Выходзячы, так трахнуў дзьвярмi, што аж падскочылi на прыпечку гаршкi й закыдахтала ў вагародзе курыца. Нiна падыйшла да вакна. Згорбленая постаць накiравалася ў гумно. Iрвануўся на ланцугу, ды зь лiсьлiвымi