скупая. Весткi аб тым, што быццам у Злучаных Штатах ёсьць нейкая Беларуская Нацыянальная Рада ў Чыкага, што там-жа ёсьць беларускiя перадачы па амэрыканскiм радыё, - усё гэта было надта неабгрунтаванае, а калi й сапраўды нешта iснавала, дык хiба-ж толькi лякальна, бо ня вiдаць, ня чуваць было аб нiякай дзейнасьцi, перадусiм аб якой-небудзь дапамозе беларусам у Эўропе, як памагалi iншанацыянальныя арганiзацыi сваiм суродзiчам. Значыцца, аб гэтых арганiзацыях усё тое было-ж надта туманнае, нявыясьненае, хто ведае, цi было праўдзiвае.
Цэнтрам Сымонавай увагi стаўся артыкул пад загалоўкам 'Заданьнi беларускай эмiграцыi', якi выясьняў шмат чаго адносна трагiчнага палажэньня новых выгнанцаў i таксама кiдаў сьвятло на нашу старую эмiграцыю за акiянам.
Сымон чытаў:
'Адной з найпякучых праблемаў для беларускага замежнага грамадзянства зьяўляецца сяньня справа новай беларускай эмiграцыi. У насьледку страшнай разрухi нашага краю апошняй вайной - каля мiльёна беларусаў апынулася па-за межамi свае Бацькаўшчыны.
Гэта наша новая прымусовая й 'дабравольная' эмiграцыя апынулася была ў абставiнах, ня маючых сабе прэцэдэнту ў гiсторыi нiводнае эмiграцыi якога-небудзь народу ў сьвеце. Ёй прыйшлося перажыць надмерна нялюдзкiя цяжкасьцi, як матэрыяльна, так i маральна ды праўна...'
I далей:
'Усё тое, што перажыла гэта наша эмiграцыя... тлумачыцца хiба тым, што нiводзiн народ, як наш, ня прывык да падобнага роду цярпеньняў. Але цярпеньнi яе яшчэ ня скончылiся...'
Далей аўтар стараецца падказаць беларусам у Амэрыцы, прынамсi, тым зарганiзаваным, якой помаччу маглi-б прысьпець сваiм няшчасным родзiчам у Эўропе. А самае галоўнае й найбольш важнае вычытаў юнак у наступным:
'Беларуская новая эмiграцыя на амэрыканскай зоне Нямеччыны знаходзiцца ня толькi што ў нявыразным, але й досыць парадаксальным становiшчы. Ёй па сяньня ня прызнаецца права нацыянальнасьцi. не дазваляецца навет тварыць сваiх асобных нацыянальных лягераў, падобна iншым нацыянальнасьцям, а мусяць таму туляцца ў разьбiтку, па суседзях - у той час, калi амэрыканскi ўрад афiцыяльна прызнае беларускi народ як нацыю'.
Далей аўтар зноў раiў тое-сёе, што маглi-б зрабiць у галiне дапамогi амэрыканскiя беларусы. Вiдаць, што аўтар i група беларусаў, якiя выдалi 'Беларускiя Навiны' ў Па-рыжы, бiлiся, як тая рыба аб лёд, бездапаможна прыглядаючыся вялiкай нацыянальнай катастрофе й маючы недахопам капiталу ды рознымi iншымi цяжкасьцямi зьвязаныя рукi. Заклiкi аб дапамозе да беларусаў цераз акiян падобныя былi да голасу ў пустынi, бо калi-б у Новым Сьвеце сапраўды iснавала нейкая жывая й дзеючая нацыянальная беларуская арганiзацыя, яна сама ўжо раней парупiлася-б пра тое-сёе й не чакала-б на парады з боку 'Беларускiх Навiнаў'.
Сымон, чытаючы газэту й крывавячы сэрцам аб няшчасьцi сваiх суродзiчаў у Нямеччыне ды iншых краiнах, ня ведаў у гэты час, што ў 'Беларускiх Навiнах' ня было сказана аб самым галоўным i найбольш жахлiвым, якое выявiлася й дайшло да ягоных вушэй пасьля. Гэта палягала ў наступным: беларусы па цэлай Эўропе, а пераважна ў Нямеччыне, былi аб'ектам паляваньня бальшавiцкiх рэпатрыяцыйных мiсiяў, якiя якраз у гэты час пры дапамозе й садзейнiчаньнi заходнiх хаўрусьнiцкiх акупацыйных уладаў старалiся там, дзе людзi не хацелi дабравольна, прымусам адвезьцi пад уладу маскоўскага тырана, найчасьцей у сiбiрскiя лягеры нявольнiцкае працы ўсiх тых, каго гiтлераўская ўлада выкiнула са сваiх родных гнёздаў. Пры дапамозе амэрыканскае i ангельскае вайсковае жандармерыi бальшавiкi заладоўвалi няшчасных людзей у таварныя вагоны й пад канвоем накiроўвалi на Ўсход. Гэткiм чынам з самай Нямеччыны ўдалося iм прымусова рэпатрыяваць блiзу паўмiльёна беларусаў, як пазьней падала бальшавiцкая статыстыка.
У гэты пасьляваенны час заходнi сьвет, пераважна Злучаныя Штаты й Ангельшчына, яшчэ добра не разгадаўшы аблiчча бальшавiцкага крывапiўцы, былi мiмавольна ўдзельнiкамi найбольшага ў гiсторыi гвалту над паняволенымi Масквой народамi. Ацьверазеньне прыйшло шмат пазьней i вельмi паволi. Памылка была зроблена. Франклiн Рузвельт адышоў на той сьвет са сьведамасьцю, што належаў да найвялiкшых людзей у гiсторыi Амэрыкi хаця-б таму, што спрычынiўся да перамогi над Гiтлерам ды разумна падзялiў памiж трыма 'вялiкiмi' зямную кулю на сферы ўплываў, не спасьцярогшы, што ў сiлу ўмоваў з валадаром Крамля быў партнёрам жахлiвага народабойства. Сталiн-Сосо-Джугашвiлi насалоджваўся стогнамi й енкамi безабаронных ахвяр ды сьмяяўся з таго, што абдурыў сваiх ваенных хаўрусьнiкаў.
'ПРЫЧЫНА - ВЕРАВЫЗНАНЬНЕ, НАЦЫЯНАЛЬНАСЬЦЬ'
I
Вучнi ў клясе звычайна добра арыентуюцца, якiя хто мае посьпехi ў навуцы, i могуць часта вызначыць кожнаму месца паводле ацэнак. Калi восьмы курс Школы Падхаронжых наблiжаўся да канца й праходзiлi апошкiя экзамены, было ў групе колькi чалавек, якiя складалi лiсты кадэтаў паводле iхняй пасьпяховасьцi. Параўноўвалi адзiн лiст з другiм, спрачалiся, адстойвалi дадатныя або адмоўныя ацэнкi тых цi iншых асобаў. Звычайна найменш было сумлеваў адносна колькiх першых - усе пагаджалiся, што першым паводле пасьпяховасьцi будзе Ўсаевiч. Некалькi наступных iмёнаў таксама ня былi цяжкiмi для гаданьня, тым больш, што ацэнкi з асноўных галiнаў навучаньня былi раней вядомыя. Было яшчэ колькi невядомых, якiя старалiся прадугледзець. Сымону звычайна вызначалi самае сярэдняе месца - мiж дзесятым i дванаццатым. Самыя два апошнiя месцы прыдзялiлi хваравiтаму шляхцюку Янкоўскаму й даволi недалужнаму, найслабейшаму ад усiх Марцiнкоўскаму.
Апошнiя экзамены былi па стратэгii й арганiзацыi армii. Хшаноўскi цэлымi гадзiнамi вывучваў на памяць розныя ваенныя мудрасьцi i навет забываўся ўспамiнаць пра сваю 'боскую' Марыську, а перад кожнымi экзаменамi дрыжаў i хваляваўся, быццам малое дзiця перад першым зашчыпленьнем воспы. Ягоны-ж сусед Янкоўскi ня меў такой вялiкай пiльнасьцi, хаця нямала часу прысьвячаў на паўтарэньне. Неяк аднойчы надвечар Янкоўскi папрасiў Сымона, каб праэкзаменаваў яго. Сымон, паставiўшы колькi трапных пытаньняў, хутка прыйшоў да выснаву, што шляхцюковы веды раўнялiся блiзка нулю.
- Ведаеш, пане Янкоўскi, - сказаў яму пасьля гэтага Сымон, - будзе ў нас вялiкi цуд, калi ты з гэтых прадметаў, са стратэгii й арганiзацыi армii, здасi экзамены. Ты-ж нiчога, навет самага элемэнтарнага, ня ведаеш.
- Ат, што ты дурнiцы гаворыш. Чаму я ня ведаю? - накасавурыўся хваравiты шляхцiц.
- Дык я-ж бачу.
- Ты ўжо занадта вялiкiм знахарам сябе лiчыш.
Сымон ня лiчыў патрэбным спрачацца, бо й што за разьлiк быў - даводзiць чалавеку аб тым, што ягоныя веды раўнялiся нулю, калi той сам ня ўмеў бачыць для ўсiх iншых вiдавочных рэчаў. Сымон ня ведаў, якое вялiкае рашчараваньне чакае яго i як моцна памыляўся ня толькi ён, але й усе на курсе, калi мяркавалi пра ягоныя собскiя ацэнкi.
Выпускныя школьныя цырымонii былi вызначаны на трэцяга сакавiка. Ужо пару дзён перад тым пачалi ўсе чыста гарачкава да гэтага рыхтавацца. Вайсковыя краўцы рыхтавалi мундзiры, абшываючы наплечнiкi й канцы рукавоў шырокiмi, на адзiн сантыметр, сярэбранымi паскамi. У канцылярыi школы пiсар-яфрэйтар прыгожым калiграфiчным почыркам выпiсваў школьныя пасьведкi. Ён добра ведаў ацэнкi ўсiх вучняў i ня скупiўся зь iнфармацыяй. Калi Сымону нехта сказаў, што ён атрымаў паводле пасьпяховасьцi апошняе месца з дваццацi трох чалавек восьмага курсу, то хлопец прыняў гэта за дрэнны жарт i голасна зарагатаў.
- Дык iдзi й сам запытайся, цяпер маёра ў канцылярыi няма, i пiсар табе скажа.
- Адстань, ня дуры галавы, - стараўся адчапiцца ад парады Сымон.
Але калi другi й трэцi з сяброў прыйшлi да Сымона й паўтарылi тую самую вестку, хлапец наважыўся сам праверыць i пабег у канцылярыю. Нiкога там не было, акрамя пiсара, якi канчаў выпiсваць пасведкi. На Сымонава запытаньне ён паказаў аркуш паперы, сьпiсаны прозьвiшчамi.
- Вось глядзi. Гэта ўсё я сьцягнуў зь лiсты афiцыяльных вынiкаў, якую маёр недзе трымае пад ключом. Тут паводле ацэнкаў ад першага да апошняга стаяць усе вучнi восьмага курсу.
Кiнуўшы вокам на падсунуты аркуш, Сымон спасьцярог сваё прозьвiшча на самым апошнiм месцы. Зацiкавiўшыся Янкоўскiм, вока ягонае адшукала шляхцюка на адзiнаццатым месцы. Хлапец пачуў на целе нейкую млявасьць i гарачыню, i кроў хлынула ў твар.
- Сукiн сын! Покершчык! - прамовiў празь сьцiснутыя зубы Спарыш i, пакiнуўшы пiсара з разяўленым ротам, моцна стукнуў канцылярскiмi дзьвярыма. Увесь барак ужо ведаў аб канчатковых вынiках навукi, й ацэнкi Сымона былi прадметам агульнага зацiкаўленьня.
- Пане Спарыш, - падышоў Радзiвiл, - усе вельмi зьдзiўленыя вашай няўдачай. Ня ведаюць проста, чым