хваробаў, як у iх. Бачыў навакол бяду й галечу.

Пад час першай бальшавiцкай акупацыi хадзiў у школу й вельмi падатны быў на ўсялякую прапаганду, навет i на школьную, бальшавiцкую. Дома бачыў зусiм адваротны бок жыцьця. Бацька, выпрацаваны да зьнямогi, вечна праклiнаў 'гэтую нячыстую сiлу', вечныя турботы аб тым, як выплацiць падаткi, аддаць 'культналогi', 'iзьлiшкi' й iншае, бясконцае й ня зусiм яшчэ малому хлапцу зразумелае, - усё гэта яўна запярэчвала казённай прапагандзе розных школьных i пазашкольных партыйных агiтатараў. Народ апынуўся ў яшчэ большай галечы, чымся быў раней за панамi. Самае асноўнае, чаго Сымон Спарыш ня мог зразумець i аб чым нельга было нiкога запытацца, гэта - чаму бальшавiкi так душылi людзей, чаму вывозiлi, чаму абкладалi такiмi непасiльнымi падаткамi, што прыходзiлася сем дзён цэлымi порамi працаваць на тыдзень; агульна гаворачы - чаму не давалi людзям жыць?

Балючымi былi бясконцыя нараканьнi бацькi. Звычайна пасьля колькiднёвай адсутнасьцi з дому па нейкай бальшавiцкай працоўнай норме, вывазцы лесу або каменьня, стары Спарыш, вярнуўшыся зьняможаным дахаты, хрысьцячыся, вымаўляў: 'Госпадзi мiласэрны, дзе твая справядлiвасьць? Цi-ж доўга ты яшчэ дазволiш, каб нячыстая сiла так народ душыла? Божа-ж мой, Божа, няхай бы ўжо хоць нейкi чорт прыйшоў на зьмену, абы ня гэтая нечысьць паганая. Дзе-ж яна на нас узялася, каб яна скрозь зямлю правалiлася!'

Ажно прыйшла й зьмена, й той 'чорт' на зьмену, што выявiўся анiчуць ня лепшым за тую 'нечысьць'.

Маладому Сымону спачатку здалося, што пойдзе на лепшае. Неба было праясьнiлася. Пачулася нешта роднае, дарагое, цела ад свайго цела, дагэтуль забароненае, апаганенае, стаптанае. У беларускiх школах хлапец выразна ўсьведамiўся. Да гэтага спрычынiлiся найбольш лекцыi гiсторыi й лiтаратуры на настаўнiцкiх курсах. Настаўнiк гiсторыi, сам добры беларускi патрыёт, сваiм навучаньнем будаваў у сьведамасьцi й сэрцы Сымона лепшага, паўнавартаснага чалавека, добрага й сумленнага беларуса, вялiкага патрыёта.

I ня дзiва, што цешылася юнакова сэрца, калi бачыў, як навокал расьлi беларускiя школы, арганiзоўвалася моладзь, грамадзкiя iнстытуцыi. Здавалася тады яшчэ Сымону, што немцы былi найлепшымi прыяцелямi беларусаў, а хто ведае - мо й найлепшымi людзьмi. Любiў надзвычайна чытаць i чытаў усё, што друкавалася па-беларуску. Нейкi час захапляўся перадавiцамi Ўладыслава Казлоўскага ў 'Беларускай Газэце'. Здавалася, што каб тады даў яму хто ў рукi стрэльбу й сказаў самому аднаму абараняць, прыкладам, ад бальшавiкоў Менск, то пайшоў-бы без найменшага хiстаньня.

Хутка прыйшлi рашчараваньнi, а пасьля й зьмены поглядаў, калi тое, што юнак меў у галаве дагэтуль, можна было назваць поглядамi. Дачуўся Сымон, што спалiлi немцы вёску Залатуху непадалёк Парафiянава, побач чыгункi Маладэчна Полацак. Аб сапраўднасьцi весткi ня было сумлеваў - перадалi яе Сымону людзi, якiм поўнасьцю верыў. Спалiлi-ж ня толькi малыя ў вёсцы будынкi, але папалiлi жыўцом, пазганяўшы ў пуню, усiх жыхароў Залатухi, пераважна жанчын, старых i дзяцей. Хутка цэлая ваколiца з жахам пачала аб тым учынку гаварыць. Сымон глыбока задумаўся. У вёсцы, як апавядалi людзi, зусiм ня было партызанаў. Адной вiной Залатухi было тое, што ляжала воддаль чыгункi непадалёк лесу, значыцца, бальшавiцкiя партызаны маглi раз цi два заглянуць у яе па дарозе да чыгункi, якую падмiноўвалi.

Чаму-ж тады гiтлераўцы палiлi нявiнных гаротных беларускiх сялян? Чаму дзяцей i жанчын? Цi-ж i яны былi партызанамi? Цi-ж гiтлераўцы ня мелi часу, каб разабрацца, дзе, хто й што, цi паленьне й руйнаваньне ляжала ў iхных iнтарэсах? Чаму, чаму й яшчэ раз чаму?

Жахлiвае падазрэньне мiльганула ў Сымонавай галаве: цi ня ёсьць i гiтлераўцы такiмi самымi зьнiшчальнiкамi, крывапiўцамi, эксплуататарамi беларускага народу, як i бальшавiкi? Цi ня ёсьць i Гiтлер такiм самым крымiнальнiкам, як i Сталiн?

Хутка пачалi прыходзiць весткi аб нямецкiх зьверствах з усiх канцоў i ваколiцаў. Яны былi ня менш жахлiвымi, чым весткi аб зьверствах над беларускiмi сялянамi з боку бальшавiцкiх партызанаў.

'Што з таго, што гiтлераўцы дазволiлi арганiзаваць беларускае школьнiцтва й адмiнiстрацыю? - думаў Сымон. - Яны-ж паляць, рабуюць, страляюць людзей, адным словам, робяць зь Беларусi пустыню'.

Апавядалi аб страляньнi жыдоў. Сам Сымон бачыў, як немцы стралялi савецкiх ваеннапалонных. Каля самай iхняй вёскi прабягаў вялiкi гасьцiнец. Гэта тут раз давялося бачыць Сымону, як гналi немцы вялiкую й шырокую, у дзесяць шэрагаў, калёну савецкiх палонных. Была зiма. Дарогаю валачылiся абдзёртыя, босыя, пасiнелыя шкiлеты. Здавалася, што ня было iм нi канца нi краю. Iх накiроўвалi ў лагер у Бярэзьвечах. Вясковыя жанчыны, панабiраўшы ў пелены бульбы цi хлеба, падыходзiлi да дарогi й шпурлялi галодным. Шкiлеты гуртамi кiдалiся на хлеб i бульбу, а нямецкiя канвойныя касiлi iх з аўтаматаў, пакiдалi кучы трупаў i йшлi далей... Цi мала чаго бачыў яшчэ Сымон...

Хто-ж мог-бы пералiчыць усе тыя жахi й зьверскiя ўчынкi акупантаў, аб якiх давялося чуць. Прыходзiлi на памяць нядаўнiя бальшавiцкiя ўчынкi ў Бярэзьвечах, дзе ў колiшнiм манастыры, пераробленым на вязьнiцу, людзi пазнаходзiлi кучы трупаў з паабразанымi насамi, языкамi, жаночымi грудзьмi, павыколванымi вачыма, павыломванымi пальцамi. Прыгадвалася цяжкое жыцьцё пад савецкай акупацыяй, вывазы ў Сiбiр, вечныя нараканьнi бацькi. I ў параўнаньнях маладога Сымона абодва акупанты выглядалi аднолькавымi. 'Чорт iх ведае, думаў юнак, - адна нячыстая сiла, а другая яшчэ горшая. Мусiць, каб паставiў на вагу, дык нiводзiн не пераважыў-бы, абое, як кажуць, рабое'.

Сымон аж усьцешыўся, што ён сам, без нiякiх падказваньняў збоку, дайшоў да такiх высноваў. Радасьць была тым большая, калi пераканаўся ў далейшым, што ягоныя новапрыдбаныя погляды адносна немцаў былi зусiм правiльнымi. Калi-ж адна думка была даведзена да канца, калi была пастаўлена над гэтым кропка, дык перад юнаком зьявiўся цэлы сьцяг зусiм новых пытаньняў: хто-ж тады прыяцель беларусаў? Дзе-ж народ павiнен шукаць ратунку? I цi наагул быў ратунак?

У гэны час ня мог юнак знайсьцi адказу на такiя пытаньнi. Яны адно прынесьлi недавер i насьцярожанасьць да ўсяго чужога ды яшчэ большую любоў да роднага, блiзкага, свайго пакрыўджанага народу.

Ня было ў Сымона нiякiх пытаньняў у дачыненьнi да самога сябе. Даўно наважыў лiчыць на свае сiлы. Добра разумеў вартасьць навукi, а таму й пастанавiў прадаўжаць яе далей. 'А там ужо будзе вiдаць', - думаў сабе.

Але й час навукi ў Вiльнi быў кароткi. Ясна было, што немцы зьбiралiся адступаць, а калi-б i не, дык падходзiлi тыя гады, калi трэба было браць стрэльбу ў рукi. Хто быў дужэйшы, значыцца, хто трымаў зброю ў руках, той i лiчыўся лепшым. Гэтую простую праўду пазнаў быў Сымон, назiраючы за рознымi падзеямi, якiя заўсёды стараўся аналiзаваць. Калi ў Вiльнi пачаўся прыём у Школу Камандзераў БКА, калi гэтую справу тройка студэнтаў пачала разважаць, дык выявiлася, што погляды ўсiх сыходзiлiся. Так неяк выйшла, што нiхто й нiкога не намаўляў. Пасьпяшылi ў памяшканьне Вiленскага Беларускага Нацыянальнага Камiтэту на мэдыцынскi агляд, дзе й былi прынятыя ў БКА.

VII

Шостага лiпеня Школа прыехала ў Вiрбален - мястэчка на летувiска-прускай мяжы. Кадэты затрымалiся ў вайсковых бараках. Толькi параненыя былi накiраваныя ў шпiталь недзе ў ваколiцы Кэнiгсбергу. Разам зь iмi паехаў i Камовiч, зь якiм, як пасьля выявiлася, хлопцы разьвiталiся назаўсёды. Параненых пасьля не далучылi ўжо да Школы Камандзераў, i нiхто ня ведаў, што зь iмi сталася. У Вiрбалене Школа затрымана была на чатыры днi.

Быў гэта добры адпачынак. Пагода была цудоўная. Заняткаў - нiякiх. Рэкруты аглядалi самi сябе, чысьцiлiся, парадкавалi свае рэчы, падлiчвалi страчанае, загаралi на сонцы, без канца дзялiлiся перажываньнямi з жахлiвай бамбардзiроўкi ў Вiльнi, з дарогi. Коратка кажучы - гаiлi свае духовыя раны. А раны гэныя ўжо былi паказалiся цi ў аднаго. Такая раптоўнасьць выпадкаў за апошнi тыдзень скаланула не аднаго - да самае асновы духовае iстоты. Значны ўплыў на настрой гэтага юнацкага адзьдзелу прыносiла й няпэўнасьць заўтрашняга дня, няведамасьць будучынi. Ясным было ўжо, што не вярнуцца iм анi заўтра, анi пасьлязаўтра на пакiнутую Бацькаўшчыну, хаця-б навет i ў абяцаную перад выхадам зь Менску Горадню. Што-ж было наперадзе? Куды вёў iхны шлях? Што сталася зь iншымi адзьдзеламi БКА? Дзе была беларуская цэнтральная адмiнiстрацыя, г. зн. БЦР, штаб БКА i iншыя? Пытаньняў было без канца.

Вечарам, блiзка на захад сонца, каля аднаго з баракаў на зялёнай траўцы сядзела грамада хлапцоў. Гаварылi аб тым-сiм, пераважна-ж аб пакiнутай радзiме, бацьках, агульным палажэньнi, будучынi. Сярод iх былi капiтаны Мiкула й Ласкутовiч. Маладым рэкрутам хацелася пачуць што-небудзь i ад сваiх афiцэраў, што-небудзь пацяшаючае, запэўнiваючае, падбадзёрваючае. Таму, калi Мiкула па-сяброўску пачаў гутарку, адкуль нi ўзялiся дзесяткi слухачоў, што хадзiлi воддаль. Цеснай сьцяной абкружылi абодвух капiтанаў i замянiлiся ў слых.

- Так, хлопцы, - гаварыў Мiкула, - мы сяньня рассыпалiся, хаця дагэтуль i мелi нейкую дзяржаўную

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату