- Як-бы там нi было, а за 'фарфлюктар' адрабiць мусiш.

Немiласэрна пякло лiпеньскае сонца. Юнакi пацелi ў таўстой суконнай чорнай вопратцы.

- Калi мы ўжо ськiнем гэтыя палiцыйныя шматы? - прыгадаў адзiн. - Хаця-б во скарэй што зялёнае далi.

- Ськiдай цяпер, чаго-ж чакаеш.

Апошнi ськiнуў тоўсты мундзiр i шпурнуў на ржышча. Гледзячы на яго, тое самае зрабiла цэлая група. Сымон з Вiктарам кiнулiся ў хiтрыкi. Саставiўшы па пару копак, яны залезлi ў цень ды, аблажыўшыся навокал снапамi, праспалi ледзь не да абеду. Нямецкi 'цугвахмайстар' (зьвязовы Турн сядзеў у канаве пры дарозе й ня надта сачыў за тым, дзе хто робiць. Хтосьцi хапiў соннага Сымона за нагу, што тырчэла з-пад бабкi.

- Гэй, гляньце, хлопцы, хто ў бабках схаваўсяi - крычаў ён з уцехаю. Бабка ўся пахiснулася й на момант упала.

- Перастань ты! - усхапiўся сонны Сымон. - Што за дурныя жарты, ледзь нагу не выкруцiў!

Навокал дружна зарагаталi.

- Сымон, мусiць, даўно на 'фарфлюктар' зарабiў.

- Няма надта на каго рабiць. Мы прыйшлi ваяваць а ня нейкiя снапы састаўляць, - апраўдваўся Сымон.

- Чакай, яшчэ наваюешся.

Апаўднi павольным крокам зьвяз iшоў дадому польнай дарогаю. Турн трымаўся ззаду калёны. Па абодвух баках дарогi стаяла буйнае, спелае, нязжатае жыта. Некаторыя цяжкiя каласы навiсалi, пахiлiўшыся, над дарогаю. Адзiн з кадэтаў, выцягнуўшы руку, скубануў пару поўных жытнiх каласоў. Ён цярушыў iх у руцэ й рассыпаў зерне па дарозе Гэтак часта, бывае падсьведама, па прывычцы, робiць дбайлiвы гаспадар- селянiн, каб прыгледзецца й палюбавацца сьпелым зярняткам жыта. Турн гэта заўважыў.

- Наlt!* - гаркнуў ён.

* Стой! (ням.)

- Rechts um!* - скамандаваў.

* Направа! (ням.)

Усё павярнулася направа i ўпiлося зьдзiўленымi вачмi ў немца. Той падбег да рэкрута, што трымаў яшчэ ў руцэ колькi зярнят. Быў злосны й зачырванелы, як бурак.

- Што ты робiш, чалавеча?! - пачаў раўцi на зьбянтэжанага юнака. - Ты iдзеш па дарозе, рвеш каласкi й рассыпаеш зярняткi. А цi ведаеш ты, што нямецкi жаўнер на фронце галадуе? Ты свiньня! Цябе, мусiць, наўчыць трэба!

Ён хапiў хлапца за руку й павярнуў фронтам да калёны.

- Глядзеце ўсе! Глядзеце ўважна! Гэты чалавек нiшчыць нямецкае дабро, нiшчыць хлеб!

Дзьве постацi перад фронтам калёны выглядалi надта камiчна: адзiн у сваёй раптоўнай злосьцi, другi - у зьбянтэжанасьцi. Юнакi пазiралi то на немца, то на свайго сябру, што, растапырыўшы пальцы, трымаў на даланi пару зярнятак жыта. Ня ведалi, цi з таго сьмяяцца, дзiвiцца, цi ўспрымаць наагул паважна. Цi-ж Турн думаў гэнымi двума каласкамi накармiць галодных немцаў на фронце, цi гэта проста быў iзноў-жа зьдзек над чалавекам, што, пэўна-ж, ня думаючы зусiм над тым, яшчэ па дамашняй сялянскай прывычцы, пацiкавiўся сьпелымi каласкамi?

- Еs ist kein Russland hier!* - зьвярэў Турн. - Памятайце, тут Нямеччына! Гавару вам гэта апошнi раз!

* Тут вам не Расея! (ням.)

Iзноў тое-ж Шнайдарава 'кайн Руслянд', што выклiкала лiшнюю дозу нянавiсьцi да гiтлераўцаў, адлюстравалася, замацавалася ў думках кожнага з гэных юнакоў- рэкрутаў.

Увечары таго дня Сымон Спарыш трымаў варту. Вечар быў лагодны, пагодны й цiхi. Нямецкiя падафiцэры з афiцэрскае школы й суседнiх ротаў пазьбiралiся ў садзе й п'янствавалi ды гарлапанiлi да позных гадзiнаў. Шмат хто навет 'езьдзiў у Рыгу', як прынялося казаць мiж жаўнераў. Адзiн нямецкi зьвязовы падышоў да вартавога й доўгi час гутарыў зь iм. Калi Сымон спытаўся, цi весела яму, той адказаў, што не, хаця й напiўся. Жалiўся, што па дарозе праз Торунь ягоны афiцэр не дазволiў яму адлучыцца наведаць сям'ю, што там жыла. Немец лаяў вайну, афiцэраў i шмат яшчэ чаго, хаця не быў надта п'яным. Ад яго-ж Сымон даведаўся, што ў наступную сераду, за тры днi значыцца, афiцэрская школа мела накiравацца ў паўночна-ўсходнiм кiрунку i далучыцца да нейкага палка беларускае палiцыi.

КАПIТАН МIКУЛА I ЎТВАРЭНЬНЕ ТРЫЦЦАТАЕ ДЫВIЗII

I

Вiталi Мiкула нарадзiўся ў 1913 годзе ў сям'i малазямельнага селянiна каля Нясьвiжа. Ягоная вайсковая кар'ера пачалася рана таму, што меў старэйшага брата ў польскiм войску, якi захацеў яго 'вывесьцi ў людзi'. Сам старэйшы брат Вiталяга, будучы паклiканым у польскае войска ды выказаўшы добрыя здольнасьцi, быў пасланы на падафiцэрскую школу, якую скончыў з добрымi вынiкамi. Па нейкiм часе здаў iспыты ў афiцэрскую школу для падафiцэраў. Вучыўся там чатыры гады, у вынiку чаго быў авансаваны на падпаручнiка.

Калi Вiталi скончыў сямiгодку, старэйшы брат накiраваў яго здаваць iспыт у кадэцкi корпус. У Польшчы былi спачатку тры, а пасьля адно два кадэцкiя корпусы, у якiя прымалi маладых хлопцаў, што скончылi сямiгодку ды змаглi здаць канкурсовыя iспыты. Скончыўшы корпус, юнакi былi кандыдатамi ў афiцэрскiя школы.

Вiталi Мiкула вытрымаў iспыты пасьпяхова. Апрача праверкi агульных ведаў, ад кандыдатаў у кадэцкi корпус вымагалiся пэўныя фiзычныя дадзеныя. Вiталi быў малым, хударлявым, замораным хлапцом. Калi стаў на вагi, то выйшла, што важыў на колькi кiлаграмаў менш, чым вымагала норма. Лекар маладога беларуса адкiнуў.

Аднак Мiкула не здаўся. Ён наважыўся на вельмi радыкальны крок: напiсаць заяву прэзыдэнту Польшчы Масьцiцкаму. У заяве, мiж iншага, пiсаў гэтак: 'Карпусовы лекар адкiнуў мяне за тое, што мая вага не сягае нормы. Гэта праўда. Але лекар ня ведаў таго, што я ў хаце ад маленства гадаваўся адно на бульбе з халаднiком'. Няведама, цi гэты аргумэнт пераканаў Масьцiцкага, але прэзыдэнт налажыў на пiсьмо Мiкулы рэзалюцыю 'прыняць'. Вiталi Мiкула трапiў такiм чынам у кадэцкi корпус.

Так добра злажылася, што кадэт Вiталi трапiў у роту Кушаля Францiша, добрага вайскоўца й ведамага беларускага патрыёты. Кушаль узяў хударлявага вучня на асаблiвую ўвагу.

Было гэта ў 1932 годзе, якраз пасьля пераводу Кушаля з палка ў кадэцкi корпус на становiшча камандзера роты. Вучыўся Мiкула вельмi добра, але фiзычным заморышам застаўся далей, нягледзячы на тое, што кадэтаў добра кармiлi. У 1935 годзе кадэцкi корпус, аб якiм мова, перавялi з горада Хэлмно на Памор'i ў горад Равiч у Пазнаньшчыне. Была ў Равiчы ведамая вялiзарная турма, дзе побач са злачынцамi адбывалi кары й розныя палiтычныя, у тым лiку й грамадоўцы* - беларусы.

* Сябры 'Беларуска сялянска-рабочай грамады' - масавай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганiзацыi ў Заходняй Беларусi, у 1927 годзе забароненай польскiмi ўладамi.

Увесну 1936 году, калi Кушалева рота рыхтавалася да выпускных iспытаў, камандзер яе быў папрошаны ў канцылярыю камандзера корпуса палкоўнiка Кавальскага. Апошнi пачаў распытваць Кушаля аб кадэце Мiкуле. Атрымаўшы найлепшыя водгукi, Кавальскi тыцнуў камандзеру роты нейкi лiст i загадаў тут-жа прачытаць. У лiсьце гэным адзiн чалавек з тае вёскi, адкуль паходзiў Вiталi Мiкула, пiсаў свайму сябру-беларусу, якi сядзеў у Равiцкай турме, быццам за камунiзм, што ў Равiчы знаходзiцца 'свой чалавек', Вiталi Мiкула, якi можа яму дапамагчы. Турэмная адмiнiстрацыя, замiж таго каб уручыць лiст вязьню, пераслала яго палкоўнiку Кавальскаму.

Паляк заявiў Кушалю, што Мiкула неадкладна будзе звольнены з кадэцкага корпуса. Шмат нэрваў каштавала беларусу, каб упрасiць Кавальскага пакiнуць Мiкулу ў корпусе, каб хаця здаў iспыты. Неахвотна, але паляк згадзiўся. Малая была з таго пацеха, бо калi пасьля iспытаў усiх пасьпяховых вучняў накiравалi ў афiцэрскiя школы, Мiкулу адлiчылi. Але малады беларус i тут ня здаўся, а, паклiкаўшы на дапамогу свайго брата, сам паехаў у Торунь, дзе была артылерыйская афiцэрская школа й куды ўдалося яму ўладзiцца. Скончыўшы школу, Вiталi Мiкула быў авансаваны на падпаручнiка артылерыi.

З малых гадоў, трапiўшы яшчэ ў кадэцкi корпус, малады Вiталi заўважыў дыскрымiнацыю нацыянальных меншасьцяў палякамi. Яму-ж, якому давялося перажыць цi мала лiха, паўгалоднаму, недагледжанаму, якi жыў, вечна турбуючыся за заўтрашнi дзень i ўважаючы на свой кожны крок, каб дзе не правалiцца (абы, як гаварыў той старэйшы брат, 'выйсьцi ў людзi'), нацыянальнае ўсьведамленьне прыйшло ў раньнюю пару. Памаглi, зусiм ясна, у гэтым самi-ж палякi, якiя на кожным кроку вытыкалi нацыянальную розьнiцу, хоць яны, ясна, ня ўжывалi слова 'беларус', а найчасьцей - 'хам' цi 'кацап'. У Мiкулы, як i ў сотняў тысяч iншых прыгнечаных польскiмi панамi беларусаў, нацыянальнае цесна вязалася з сацыяльным. Дык i дарога да поўнага ўсьведамленьня ня была крутая. Калi ў 1939 годзе ўспыхнула вайна, лейтанант Мiкула не належаў да тых, што старалiся грудзьмi ўтрымаць нятрывалы паверсальскi твор - дзяржаву, пад прыгнётам якой было некалькi мiльёнаў беларусаў.

II

Магчымасьць служэньня свайму народу прыйшла ў 1943 годзе, калi арганiзавалася Беларуская Самаахова й Францiшак Кушаль паклiкаў свайго былога вучня ў Менск.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату