панадворку. А чым-жа, пытаюся, - пiць? Рукой, кажа. Ну й злосьць-жа мяне ўзяла. Проста-напраста лiчыць нас за жывёлу. Што я тады раблю? Як прыязджаю дзе ў вёску цi ў горад, адразу здымаю кашулю й б'ю вошы. Гэта iм за кару. Няхай прыглядаюцца.

Хлопцы зарагаталi.

- Цяпер-жа сытуацыя паправiлася, - закончыў стары Дзежка, - едзем у Розэнбэрг, а там нас будуць вызначаць на працу да гаспадароў.

23 жнiўня 1944 года адзьдзел пакiнуў Альбрзхтаў i накiраваўся ў Розэнбэрг, каб заладоўвацца на цягнiк дзеля паездкi ў Францыю.

ПАДАРОЖЖА Ў ФРАНЦЫЮ

I

Нехта недзе зрабiў вялiкую памылку, загадаўшы перакiнуць трыццатую дывiзiю з Усходняй Прусii ў Францыю. Можа, пасьля асоба цi асобы, адказныя за тое, i плявалi сабе ў бароды за такi промах, калi пабачылi, да чаго тое прывяло. Ды было позна. Мо да пастановы спрычынiлiся пэўныя мяркаваньнi, але калi такiя й былi, то, пэўна-ж, яны не палягалi на разьлiку на найбольшую баёвую выдайнасьць дывiзii ў будучынi. Хiба-ж немцы ня ведалi, што для жаўнераў трыццатае дывiзii - беларусаў, украiнцаў, расейцаў i палякаў, найбольш небясьпечным ворагам быў бальшавiзм? Хiба-ж яны не прадугледжвалi, што ў змаганьнi з Чырвонай Армiяй мала каторы зь iх дастаўся-б жыўцом у бальшавiцкiя рукi?

Людзi, што пазналi й добра адчулi панаваньне Сталiна, мелi ўсе прычыны на сьвеце, каб змагацца супраць бальшавiкоў да апошняга патрону, навет ведаючы, што на другiм баку могуць быць iхныя браты, нявышкаленыя й сiлай загнаныя ў савецкiя шэрагi. Адылi ў iх ня было нiводнае прычыны, каб змагацца супраць заходнiх хаўрусьнiкаў. Хiба-ж за нямецкi чэрствы хлеб i той 'фарфлюктар', хiба-ж за спаленыя немцамi вёскi, гвалчаных жанчын, за бацькоў, старых i дзяцей? Не, нiводнай прычыны да змаганьня з заходнiмi хаўрусьнiкамi ў iх ня было. Таму й дзiўным выдаваўся загад, паводле якога дывiзiя была накiраваная ў Францыю.

Ня ўсе жаўнеры адразу й поўнасьцю ўсьведамiлi, што загад гэны быў быццам Богам пасланым збаўленьнем. Мо некаторыя й нiколi таго не спасьцераглi, хаця, як чытач пазьней пабачыць, амаль усе скарысталi пасьля з нагоды, каб апынуцца на другiм баку, дастацца ў вольны сьвет. Дый чаму-ж было ня скарыстаць?

II

Эшалён, на якi заладавалiся адзьдзелы 4-га палка, мiнуўшы Торунь, Франкфурт-над-Одрай, праязджаў праз паўднёвыя прадмесьцi Бэрлiну. Тут першы раз на чыгуначнай станцыi была супрацьлятунская трывога. Зараз-жа ўсе цягнiкi пакiдалi станцыю, не так як у Вiльнi - дзе чакалi на няпрыяцельскiя бомбы.

На чыгунцы сустракалiся работнiкi з Усходу. Жаўнеры, праязджаючы, кiдалi iм цыгарэты, на якiя тыя прагна накiдвалiся. Усходнiя работнiкi часта вiдаць былi i на палях. Цi ў адным месцы жанчыны зграбалi й зьбiралi рукамi жытнiя каласкi. Немцы старалiся не пакiнуць на полi на змарнаваньне нiводнага зярнятка. Паабапал чыгункi там-сям тырчэлi рэдкiя сасновыя лясы, а спрактыкаванае сялянскае вока адразу заўважыла, што бедныя ўраджаi далi ў гэтым годзе пясчаныя глебы Саксонii. На другi дзень пад вечар, мiнуўшы Вiттэнбэрг, цягнiк на даўжэйшы час затрымаўся ў Ляйпцыгу.

Сымон быў прыдзелены да батальённай кухнi. Мусiў дапiльнаваць, каб былi дровы, вада, каб на час была распаленая кухня, ды наагул быў на загадах у кухара Вальтэра. Каля Сымона тоўкся й Вiктар. Абодва разьмясьцiлiся на адной з каламажак, што стаялi на адкрытых плятформах. Верх зацягнулi маскавальнымi палаткамi, званымi 'пляндэкамi', пазатыкалi ўсе дзiркi й шчэлкi зь пярэдняга боку, каб не прадзьмуваў вецер, а ў сярэдзiне ўладзiлi ненайгоршы мярлог. Тут-жа збоку была й кухня, якую Сымон даглядаў, а Вiктар тое-сёе памагаў.

Кухар Вальтэр - гэта сярэдняга веку карлаваты немец, якi, як сам хвалiўся, перад вайной працаваў дзесь у рэстаране. Мо ён i не працаваў у нiякiм рэстаране, бо, каб зварыць якую вайсковую гарохавую зупу, ня трэба было шмат умець, але-ж калi кухар Вальтэр гаварыў сваiм жаўнерам, што некалi працаваў у рэстаране, дык тады й няўдалая зупа навет лепш смакавала, бо Вальтэр як-нiяк быў прафэсiянальным кухарам, што дадавала смаку. Мо Вальтэр быў кухарам проста таму, што ўсе пазыцыi ў трыццатай дывiзii, дзе варылiся цi раздавалiся харчы, былi абсаджаныя немцамi - гэта таксама магчыма. Хто там надта ўваходзiў у такiя дробязi. Галоўнае, што Вальтэр варыў, а як варыў, дык гэта ўжо зусiм iншая справа. Галодная кiшка ўсё стравiць.

Дык хлопцы й прывыклi да Вальтэра, часьценька гаварылi й жартавалi зь iм. I кухар сам быў, здавалася, нядрэнны чалавек, на нiкога ня гаркаў i часьцей усьмiхаўся, чым хмылiўся, што, як вядома, было рэдкасьцю сярод вайсковых немцаў. Гэтак i пад час пастою цягнiка ў Ляйпцыгу каля Вальтэра сабралася група хлапцоў. Гутарылi аб паляках. Кухар цьвердзiў, што палякi - гэта зусiм не народ, што яны не маюць нiякай Бацькаўшчыны, што як тая скула сядзяць на нямецкiм баку. Даводзiў, што палякi паўсталi толькi пасьля 1918 года на нямецкiх землях. Адным словам, гаварыў аб паляках так, як мог гаварыць аб iх кожны немец- шавiнiст. Ад Вальтэра хлопцы даведалiся, што восьмага жнiўня палякi распачалi ў Варшаве паўстаньне, што ад немцаў моцна дасталося iм у скуру i што Варшава цяпер зусiм зруйнаваная. Паводле кухара, палякi распачалi паўстаньне, надзеючыся на хуткую падтрымку бальшавiкоў, каб захапiць уладу ў свае рукi.

Нямецкi стары чыгуначнiк апавядаў, што дзесьцi наперадзе была чыгуначная катастрофа - стукнулiся два цягнiкi - i таму гэтаму эшалёну давялося так доўга чакаць. Чыгуначнiк папрасiў у Вальтэра закурыць i скардзiўся, што ў Нямеччыне цяпер вельмi цяжка з куравам. На месяц даводзiлася скурваць ня больш чым адну пачку махоркi.

На наступны дзень ехалi праз Ваймар, Эрфурт i Айзэнах у кiрунку на Франкфурт-над-Майнам. Учарашнi манатонны краявiд замянiўся ўзгоркамi, далiнамi, густа пакрытымi садамi. Каля кожнай дарогi цяжка зьвiсалi пад вагою пладоў сукi садовых дрэваў. Месты Турынгii танулi ў зеленi садоў i таполяў. Кiдалiся ў вочы сьпiчастыя гатыцкiя сьвятынi, чырвоныя чарапiчныя дахi будынкаў, кветкi пры дамах, дагледжаныя агародчыкi. Усё гэта тварыла нязьмерна прыгожы малюнак прыроды Турынгii. Яна ўсьмiхалася цёпламу жнiвеньскаму сонцу, натхняла чалавека жыцьцём, радасьцю i хараством, быццам тысячамi галасоў старалася запярэчыць, што вунь не так далёка - на ўсiх канцах гiтлераўскае iмпэрыi - пануе сьмерць i знiшчэньне.

III

У Герстунгэн цягнiк коратка затрымаўся. З правага боку, на суседнiм чыгуначным палотнiшчы, стаяў эшалён з варшаўскiмi ўцекачамi. Гэта былi пераважна старыя й маладыя жанчыны ды дзецi. На схудзелых тварах утрывалiўся цяжкi адпячатак вайны. Цярпелi з голаду. У кожны таварны вагон было ўпакавана па 50 чалавек. Хлопцы даведалiся, што пакiнулi яны Прагу й Варшаву ў мiнулую нядзелю. Уцекачы пацьвердзiлi весткi, што места было поўнасьцю зруйнаванае й спаленае. Але змаганьне паўстанцаў прадаўжалася. Немцы вывозiлi ўсiх, хто трапляўся iм пад рукi.

Сымон аж жахнуўся, прыглядаючыся да руiнаў Франкфурта-над-Майнам. Як вокам сягнуць па правым баку чыгункi калiсь быў вялiзны горад - сяньня там засталiся папялiшчы. Толькi высокая, ведамая па ўсiм сьвеце франкфурцкая гатыцкая катэдра, як быццам той помнiк над магiлай, стаяла цэлай. Высокай сьпiчастай вежай, нiбыта пальцам, паказвала яна ў неба, можа, хочучы зьвярнуць увагу Нябеснага Валадара на тыя спустошаньнi й сьмерць, што адбывалiся ў зямным пекле.

Блiжэй, побач самой чыгункi, ня было руiнаў. Тут уся зямля была падзеленая на маленькiя лапiкi, што зелянiлiся агароднiнай. На кожным кавалачку стаяла маленькая будка, дзе, пэўна-ж, гаспадары трымалi свае агароднiцкiя прылады, а мо й самi бавiлi якi час. Толькi ў адным такiм агародчыку заўважыў Сымон згорбленага старога, што корпаўся з матыкай мiж градак. Наагул людзей нiдзе ня было вiдаць. Цi-ж Франкфурт сапраўды замянiўся ў могiльнiк?

IV

- Спарыш! Спарыш! Уставай! - пачуў Сымон праз сон.

- Чаго?

- Пара хлапцоў будзiць, каб кухню дагледзiлi.

- Добра, ужо зараз.

Сымон выкарабкаўся паволi з свайго мярлогу на каламажцы й абтрасаў салому, што там-сям папрыставала да вопраткi. Гэта клiкаў яго службовы падафiцэр Гуць.

- Ку-у-ка-а-ры-ку-у-у-у-у, - пачулася тоненькiм голасам.

- Цiкава, якога пеўнiка сьпеў мы чуем, - голасна думаў, пацягваючыся, Сымон. - Можа, францускага? Як вы думаеце, спадар Гуць?

- Хутчэй усяго што францускага, - адказаў той.

Сымон разбудзiў хлапцоў, якiм чарга была даглядаць за кухняй, заспанымi вачыма паглядзеў на ахутаныя iмглою дамы нейкага гораду ды зноў палез у цёплы яшчэ мярлог. Але ўжо больш ня мог спаць. Паволi пачалi прачынацца навокал. Па голаснай гутарцы хлапцоў з суседняга вагону дадумаўся, што нехта зь iх зрабiў ужо экскурсiю ў блiжэйшы сад i на ўвесь голас хвалiў смачныя сьпелыя яблыкi. Быў гэта голас

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату