Дзесьцi раньняй вясной 1943 года пашырылiся ў нас чуткi, што ў недалёкiм (каля 20 км) мястэчку Лужкi знаходзiцца нейкая расейская фармацыя на чале з Радыёнавым, якая мае змагацца з партызанамi. Хоць у нас час-ад-часу зьяўлялiся партызаны, але нiхто не зьвярнуў асаблiвае ўвагi на гэтых новых 'абаронцаў'.

I вось пасьля нейкага часу праз нашу вёску прасунулiся збройныя калёны Радыёнава, накiроўваючыся на ўсход. Празь некалькi дзён кажны свае позiркi з трывогай зьвяртаў у той кiрунак: там неба днямi чарнела густымi дымамi, а начамi палала зарывам пажараў (магчыма, што гэта й была тая 'акцыя' на Лепельшчыне, аб якой успамiнае Юрка Вiцьбiч).

Назад калёны вярталiся абладаваныя ўсялякiм сялянскiм дабром, з цэлымi статкамi кароў i iншае дамовае жывёлы. П'яныя-ж жаўнеры нярэдка вязьлi на вазох сваю 'ваенную здабычу' - маладых дзяўчат. Адкрылiся вочы сялянам пабачылi, што за 'абаронцаў' нажылi ў суседзтве.

Пасьля гэтае 'генэральнае акцыi' пачалiся дробныя налёты 'радыёнаўцаў' на блiжэйшыя вёскi, быццам у пошуках партызанаў. П'яная арда звальвалася на вёску як саранча, рабавала, гвалцiла, а пры найменшым супрацiве - збiвала й расстрэльвала. Дайшло да таго, што часамi жыхарства данае мясцовасьцi, заўважыўшы загадзя наблiжэньне расейскiх адзьдзелаў (пазнаць iх было лёгка па вялiкай колькасьцi вабозу), шукала аховы пры нямецкiх 'штыцпунктах' цi мясцовых гарнiзонах, калi такiя былi ў ваколiцы. Бывалi выпадкi й сутычак мiж мясцовай палiцыяй i радыёнаўцамi.

Некаторыя могуць сказаць, што ў брыгадзе Радыёнава быў значны працэнт i беларусаў. Вось-жа спачатку iх там зусiм ня было, а потым - так, былi. Апынулiся-ж яны там такiм чынам. Пасьля свае першае крывавае акцыi на ўсход ад Глыбоччыны ды некалькiх ня менш крывавых рэйдаў у блiжэйшых да свае 'ставки' раёнах, Радыёнаў пачаў мабiлiзацыю мясцовага жыхарства ў свае рады. Гэта было своеасаблiвае мабiлiзаваньне. Моцны адзьдзел радыёнаўскiх карнiкаў прыбываў у валасны цэнтр i загадваў старастам склiкаць на наступны дзень усiх маладых людзей на антыкамунiстычны мiтынг. За незьяўленьне - расстрэл. На мiтынгу выступаюць афiцэры-агiтатары, якiх нi мова, нi спосаб гаварэньня ня розьнiцца ад тых, якiмi карыстаюцца савецкiя палiтрукi. Адно толькi - заместа 'советская родина', 'коммунизм', 'вождь Сталин' - чуецца 'Россия', 'Новая Европа', 'фюрер Гитлер'. А на заканчэньне такога мiтынгу 'палiтрук' абвяшчае, што ўсе тут прысутныя зьяўляюцца 'добровольцами русской армии'. У мiжчасе натоўп абкружаны па зубы ўзброенымi 'радыёнаўцамi', а пад акампанемэнт дзiкага мата пачынаецца фармаваньне яго ў калёны ды адбiраньне дакумантаў, без якiх нiдзе нельга паказацца, каб не быць палiчаным за партызана.

Я чуў пазьней пра некалькi такiх мiтынгаў, але на самым першым у нашых ваколiцах (мястэчка Галубiчы) давялося быць i самому ды ў вынiку стацца 'дабраахвотнiкам' 'русской армии'.

Цiкава выглядала потым, на другi дзень, падарожжа з 'мабiлiзацыйнага пункту' ў галоўную 'ставку' ў Лужках. Падобнага спэктаклю не давялося мне потым пабачыць нiдзе й нiколi.

Перадусiм шматлiкiя 'дабраахвотнiкi' змаглi пры дапамозе самагону й закускi пазбыцца гонару быць 'русскими воинами' - выкупiлiся. Гэтага выкупу хапiла, каб радыёнаўцы ўпалi ў ваяўнiчы настрой. Праз усю дарогу трашчэлi скарастрэлы й кулямёты, час-ад-часу рвалiся гранаты. Усё гата дзеля таго, каб партызаны чулi, хто гэта едзе, ды навет ня пробавалi падыйсьцi блiзка. Як цяпер бачу - уехалi ў мястэчка Плiса. Пераязджаем цераз мост, а тут адзiн лейтанант ба-бах гранату ў рэчку ды аж заходзiцца ад сьмеху, усё паўтараючы: 'Вот здорово!..'

Трэба сказаць, што змабiлiзаваным беларусам наагул ня доўга давялося быць у гэтай бандзе... Амаль усiм удалося потым вярнуцца дадому. А сталася гэта так. Пад восень 1943 году Радыёнаў праводзiў 'аперацыi' дзесьцi ў раёне Докшыц i Бягомля. Гэтыя 'аперацыi' закончылiся неспадзяваным для немцаў, але даўно прадказаным мясцовым жыхарствам вынiкам: Радыёнаў са сваёй 'армiяй' перайшоў на бок партызанаў. Каб-жа давесьцi сваю адданасьць савецкай радзiме й часова здраджанаму 'вождю' - напаў на нямецкi гарнiзон на станцыi Каралеўшчына й зьнiшчыў яго. Гэта яму лёгка ўдалося, бо калi прыбыў у Каралеўшчыну, немцы яшчэ зусiм ня ведалi аб паразуменьнi з партызанамi.

Пасьля гэтага 'радыёнаўцы', баючыся помсты немцаў, глыбака зашылiся ў лясы й балоты ў вярхоўi Бярэзiны. З гэтай зьмены фронту нашы людзi й скарысталi ды паўцякалi дамоў. Немцы, зразумела, нiчога да iх ня мелi, бо чулiся цяпер самi вiнаватымi, што раней дазвалялi, а, прынамсi, удавалi, што ня бачылi нi радыёнаўскiх 'мабiлiзацыяў', нi ягоных ганебных учынкаў'.

Да прыведзеных успамiнаў Галубiцкага варта дадаць, што нямецкiм гарнiзонам станцыi Каралеўшчына, якую 'радыёнаўцы' часткова зьнiшчылi й абрабавалi 17 жнiвеня 1943 году, былi чыгуначныя працаўнiкi арганiзацыi Тодта, людзi ў сваёй бальшынi старыя й небаяздольныя. Найбольш пацярпела не толькi ў Каралеўшчыне, але ў прыдарожных вёсках i ў Докшыцах - на паваротным шляху Радыёнава да ранейшага 'бацькi' - якраз карэннае i нi ў чым нявiнаватае беларускае насельнiцтва.

Дывiзiя Камiнскага, што апэравала на Случчыне, Бабруйшчыне й аднаго часу заглянула аж на поўнач ад Менску, зусiм ня розьнiлася ад групы Радыёнава. На сваiм шляху, пераважна ў лясных мясцовасьцях, вынiшчала ўсё i ўсiх без разбору. Старыя, жанчыны цi дзецi - нiхто ня быў выняткам зьверскага й бязьвiннага кровапралiцьця. Гэтыя 'ваякi', быццам тыя цыганы, валачылiся па Беларусi, пакiдаючы ў сваiм хвасьце стогны й пракляцьцi нявiнных ахвяраў, папялiшчы й пустэчу...

На Аршаншчыне й Вiцебшчыне лютавала вайсковая група, складзеная зь ленiнградцаў, былых палонных з Чырвонае Армii. Было iх больш дзьвёх тысяч. Гэтыя спэцы сьмерцi й зьнiшчэньня, нiколi ненасытныя крывёй i мукамi безбаронных людзей, практыкавалi ў 'акцыях' самыя жахлiвыя мэтады бальшавiцкiх людаедаў - Дзяржынскага, Ягады, Яжова й Бэрыi. Ня толькi Iван Грозны й Чынгiс Хан, але сам нячысьцiк Люцыпар мог-бы шмат чаму ў iх навучыцца.

Дарма, што сяньня маскоўскiя прыгнятальнiкi, з мэтаю канчатковага духовага паняволеньня й зламаньня беларускага народу, бесьперапынна загадваюць беларусам праслаўляць 'брацкую руку' й 'дабрадзействы вялiкага братняга рускага народу'. Нiякая доза казённае партыйнае прапаганды не зможа залячыць крывавых ранаў, зробленых на целе беларускага народа Камiнскiм, Радыёнавым ды iншымi маскоўскiмi валацугамi. Побач зь няслаўным Iванам Грозным, Пятром Першым, Мураўёвым-Вешальнiкам i Сталiным назаўсёды застануцца ў беларускай народнай памяцi праклятыя iмёны маскоўскiх катаў-людаедаў, што служылi маскоўскаму й бэрлiнскаму тыранам пад час Другое Сусьветнае вайны.

ЛАТЫШЫ

Беларусы з усходнiх, зрабаваных расейцамi пасьля Першае Сусьветнае вайны тэрыторыяў нашай бацькаўшчыны захавалi яшчэ ў памяцi няслаўныя iмёны карных латыскiх стралецкiх адзьдзелаў, што выдатна выявiлi сябе бiзуном маскоўскiх акупантаў, бязьлiтасна душачы сялянскiя супрацьбальшавiцкiя паўстаньнi.

Падчас Другое Сусьветнае вайны латышы ня менш удала вызначылiся як наймiты другога зьненавiджанага акупанта Беларусi. Вельмi трапна, але зусiм скупа й мiмаходам успамiнае ў сваiх нарысах пра iхныя злачынствы ў сумежным з Латвiяй беларускiм раёне Юрка Вiцьбiч:

'Шмат чаго гаротнага бачыла Асьвея ў мiнулым, але найбольшага лiха дазналася яна й ейная ваколiчнасьць у часе Другое Сусьветнае вайны. Здаўна латышскiя нацыяналы, акупаваўшы сьпярша з дапамогаю кайзераўскага генэрала графа Рудыгера фон дэр Гольца Дзьвiнскi, Рэжыцкi й Люцынскi паветы Вiцебшчыны, у якiх большасьць насельнiцтва складалi беларусы, марылi аб далейшым прасоўваньнi на ўсход. Таму, калi нямецкiя нацы загадалi латыскiм нацы лiквiдаваць партызанаў у Асьвейшчыне, дык лютасьць гэтых гайдукоў у дачыненьнi да мiрнага насельнiцтва зьдзiвiла навет iхных паноў. Латыская дывiзiя СС ператварыла ўвесь раён у пустэльню, спалiўшы жыўцом у зачыненых хатах больш за 15 тысяч старых, жанчын i дзяцей. Гэтыя фашыстоўскiя наймiты - кроў ад крывi i плоць ад плоцi бальшавiцкiх наймiтаў - латыскiх стралкоў, што раздушылi цi мала супрацьбальшавiцкiх паўстаньняў у Беларусi, нагадваюць нам у сувязi з Асьвеяй толькi татараў часоў Батыя'.

Але не ў вадным беларускiм раёне выявiлi латышы ў 1941- 1944 гадах сваю адданасьць гiтлераўскiм спэцам злачынаў. Толькi нямыя сьцены менскага ўнiвэрсытэцкага гарадка, замененага ў часе вайны на гэстапаўскую катоўню, ды склепы менскае вязьнiцы змаглi-б пасьветчыць аб бязьмежным садызьме латыскага адзьдзелу СД, што ў ваднэй групе з бальшавiцкiмi агентамi душыў найлепшых патрыётаў беларускага народу. Калi сяньня, прыгадваючы злачыны гэтых вылюдкаў, даводзiцца шкадаваць, што няма мiж жывых сьветак апошнiх хвiлiн жыцьця вялiкага мучанiка - ксяндза Вiнцэнта Гадлеўскага, то ў канчатковым падсумаваньнi якая-ж нам з таго пацеха, што ахвярная кроў беларускiх патрыётаў мяшалася ў адным рэчышчы са здраднiцкай крывёй слугаў Сталiна?

ЛЕТУВIСЫ

Летувiскiя збройныя адзьдзелы, такiя-ж паводле свайго прызначаньня карныя, як i раней прыгаданыя зь iншых нацыянальнасьцяў, у найбольшай меры выявiлi сябе па суседзтву з домам, значыцца. перадусiм у

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату