сьцяжыны да сваiх хатаў, хоцькi-ня-хоцькi запрагаючыся ў бальшавiцкае ярмо. Большасьць зь iх хутка пасьля прыходу бальшавiкоў была змабiлiзаваная ў Чырвоную Армiю i нявышкаленая, апынуўшыся на перадавых пазыцыях, каб 'адкупiць свае грахi', страцiла жыцьцё. Iншыя-ж лiчылi больш мэтазгодным выбраць дарогу на захад. Характэрна, што ў лiку апошнiх апынулася цi не бальшыня самага перадавога, нацыянальна-патрыятычнага як грамадзкага, так i вайсковага актыву зь Беларусi.
БЕЛАРУСКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА Й РАДАСЛАЎ АСТРОЎСКI
'Кладуцца падвалiны', - пiсаў у менскай 'Беларускай Газэце' ўвосень 1943 года ейны рэдактар Уладыслаў Казлоўскi з нагоды паклiканьня Беларускае Цэнтральнае Рады. Уладыслаў Казлоўскi загiнуў ад кулi бальшавiцкiх агентаў у Менску, дарма што быў беларускiм патрыётам, а не прыслужнiкам акупантаў. Пiшучы аб 'падвалiнах' i маючы наўвеце Беларускую Цэнтральную Раду, Казлоўскi разумеў будову беларускага самастойнага нацыянальнага жыцьця. Загаловак перадавiцы быў няўдалым, бо падвалiнамi беларускага нацыянальнага самастойнага жыцьця (калi пад гiтлераўскай акупацыяй наагул можна было гаварыць аб нейкай самастойнасьцi) можна й трэба было лiчыць хутчэй беларускае школьнiцтва, арганiзацыю моладзi, а найбольш той нацыянальна-патрыятычны элемэнт, якi ахвярна вырываў з рук акупанта дзе што ўдалося ды як мага стараўся ратаваць народныя iнтарэсы, абараняць народ перад вынiшчэньнем...
Беларуская Цэнтральная Рада была паклiканая акупантамi дзеля кантролi ўсяго беларускага жыцьця, дзеля каардынацыi працы нямецкiх акупацыйных уладаў зь беларускiмi цывiльнымi й вайсковымi дзейнiкамi.
Мала хто зь беларусаў лiчыў БЦР за нейкi ўрад. Гэткiм яна й не была. Скарэй лiчылi яе экспазытурай (прадстаўнiцтвам) акупанта. Тое ж прыблiзна адносiцца й да гэтак званага Другога Кангрэсу, склiканага ў канцы чэрвеня 1944 году ў Менску для выяўленьня 'народнае волi', як сяньня яшчэ намагаюцца цьвердзiць некаторыя прыхiльнiкi рэштак таго, створанага акупантам цела. 'Дэлегаты' на зьезд былi вызначаныя валаснымi й раённымi ўправамi, ехалi ў Менск па назначэньню, а не па выбары людзей. Сьмешна было-б гаварыць там аб нейкай дэмакратыi, хаця трэба прызнаць, што на гэны зьезд, гучна званы 'кангрэсам', зьехалася была маса самай перадавой, адданай iнтарэсам народу, нацыянальнай працоўнай iнтзлiгенцыi.
У статуце Беларускай Цэнтральнай Рады было сказана, што прэзыдэнт БЦР назначаецца й звальняецца Генэральным Камiсарам Беларусi. Беларускi народ тут ня меў анiякага слова. Трэба з усёй аб'ектыўнасьцяй моцна падкрэсьлiць, што некаторыя рэфэрэнтуры БЦР былi абсаджаны людзьмi, якiя ўсiм сэрцам былi адданыя iнтарэсам паняволенага народу, а не акупанта. Адылi нельга гэтага сказаць адносна ўсiх чысьценька, асаблiва-ж самога прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага.
Аб асобе Астроўскага шмат пiсалася й гаварылася, дый шмат яшчэ пройдзе часу, пакуль будзе сказана апошняе слова. Асаблiва сяньня, калi чалавек жыве, людзi падыходзяць да ацэнкi яго з рознымi тэндэнцыямi. Сьвежыя ў памяцi падзеi перашкаджаюць у ладнай меры адзьдзялiць зерне ад мякiны, вызначыць з пэўнай аб'ектыўнасьцяй добрае й благое. Можна дыскутаваць над тым, цi - калi-б беларускi народ пасьля Другой Сусьветнай вайны здабыў незалежнасьць, пасадзiў-бы ён Радаслава Астроўскага на лаву злачынцаў i судзiў бы яго, цi не. Людзi вяжуцца з падзеямi, а мера цярпеньняў, прынесеных беларускаму народу пад час апошняе вайны, такая вялiкая i ўсёпаглынаючая, што яна ў ладнай ступенi яшчэ сяньня ўплывае на ацэнку тых цi iншых людзей, зьвязаных з пэрыядам таго жахлiвага адрэзку гiсторыi.
Сяньня цяжка яшчэ вызначыць Радаславу Астроўскаму адпаведнае месца ў галерэi людзей, што мiтусiлiся цi працавалi пры адмiнiстрацыйным апараце ў Беларусi ў часе гiтлераўскай акупацыi. Хвалi бурлiвых часоў разам з добрым выкiдаюць на паверхню плынi падзеяў i рознае шумавiньне. Усё яно бывае так зьмяшанае i неўпарадкаванае, што, зблiзу гледзячы, нельга адрозьнiць навет, цi добрае прылiпла да благога й цягне яго за сабою, цi наадварот. Толькi з адлегласьцi часу, зважыўшы ўсе рухаючыя сiлы, плынi ды розныя матывы заангажаваных людзей, можна так-сяк падсартаваць, вызначыць, ацанiць, паставiць на належнае месца.
Гаворачы аб Радаславе Астроўскiм, адно можна сьцвердзiць з абсалютнай пэўнасьцю: памыляюцца тыя, што, ацэньваючы яго, кiдаюцца ў скрайнасьцi - цi то прыдзяляючы зусiм да здраднiкаў i народных злачынцаў, цi, з другога боку, залiчаючы да палымяных, адданых народу ахвярных патрыётаў ды разумных палiтыкаў. Абедзьве ацэнкi - памылковыя. Трэба меркаваць, што калi ў 1941 годзе Астроўскi прыехаў у Менск, а пасьля накiраваўся ў Смаленск, каб быць блiжэй Масквы, дзе хацеў быць пасьля гiтлераўскае акупацыi яе камiсарам, ён кiраваўся вылучна сваёй амбiцыяй. Зноў-жа, калi ў 1943 годзе Астроўскi стаў прэзыдэнтам БЦР, дык i тут хутчэй за ўсё галоўным рухавiком такога кроку былi жаданьнi аўтарытэту, нейкай матар'яльнай карысьцi, чымся шляхотныя матывы служэньня паняволенаму народу. Надта-ж добра ведама, як немцы абыходзiлiся зь перадавымi патрыётамi. Накiроўвалi iх шляхам ксяндза Гадлеўскага й выканчывалi ў склепах вязьнiцаў. Быў-бы Астроўскi вызначным патрыётам, чалавекам поўнага нацыянальнага й асабiстага гонару, беззаганнае маралi, ня быў-бы ён прэзыдэнтам БЦР. Немцы не хацелi бачыць на гэным становiшчы асобы дамiнуючай, аўтарытэтнай, перад народам заслужанай i яму поўнасьцю адданай. Iм патрэбна было калi нешта ня зусiм маральна нiзкое, дык, прынамся, цьмянае, але разам з тым i здольнае выклiкаць пэўны давер, пашану сярод беларусаў. Астроўскi адпавядаў гэтым вымаганьням.
Прасачыўшы жыцьцёвую дзейнасьць Радаслава Астроўскага, можна прыдзялiць яго да апартунiстых, а мо навет i да апаратчыкаў, хаця ня зусiм у такiм разуменьнi апошняга тэрмiну, якое прыдаюць яму бальшавiкi, зь сiстэмы якiх, здаецца, гэты тэрмiн i выводзiцца. Вось-жа, калi залiчыць прэзыдэнта БЦР да апаратчыкаў, то тут адразу-ж трэба й дадаць, што будучы прыладай нейкага апарату (звычайна чужога, акупацыйнага), Астроўскi заўсёды намагаўся мець у гэтым вялiкiм апараце свой малы апарацiк, да пэўнай меры аўтаномны. Тут ён любiў быць поўным гаспадаром, навет з эрзацам нейкага дутага аўтарытэту, са сваёй вялiкай шыльдай. Гэнае жаданьне аўтарытэту, штучна-эрзацнай надзьмутасьцi, шумна-мнагазначнага тытулу й цi не зьяўлялася ў Астроўскага галоўным стымулам да дзейнасьцi пад час гiтлераўскае акупацыi, дый пазьней ужо - на эмiграцыi ў Нямеччыне. Бо чым-жа можна было-б тады вытлумачыць такi палiтычна самазабойчы крок Астроўскага пасьля вайны на эмiграцыi, калi з музея абняслаўленых палiтычных рэлiквiяў выцягнуў ён на паверхню бурлiвага эмiграцыйнага палiтычнага жыцьця палiтычны труп - БЦР i стараўся яго ўваскрасiць? Хiба-ж рацыянальна думаючы палiтык мог такое зрабiць?
Асьмельваемся цьвердзiць, што калi-б былы прэзыдэнт БЦР, пасьля ўпадку гiтлераўскае Нямеччыны, ня выцягнуў на дзённае сьвятло нефартуннага мерцьвяка - БЦР, то шматлiкiя беларусы памiналi-б яго добрым словам. Не трэба забывацца, што прэзыдэнт БЦР у часе гiтлераўскае акупацыi Беларусi меў вялiкiя магчымасьцi рабiць добрае й благое, i тут трэба аддаць праўдзе справядлiвасьць: ён зрабiў нашмат больш першага, чымся апошняга. Навет сяньня й навет ягоныя палiтычныя працiўнiкi з поўнай шчырасьцю цьвердзяць, што Астроўскi як прэзыдэнт БЦР пад час гiтлераўскае акупацыi Беларусi стаяў на вышынi свайго заданьня. Пад заданьнем, ясна, разумеецца выкарыстоўваньне пазыцыi прэзыдэнта БЦР для абароны iнтарэсаў i рэпрэзэнтацыi беларускага народу. У Астроўскага гэна дзейнасьць выявiлася перадусiм у намаганьнях стрымаць азьвярэлае вынiшчэньне немцамi беларускiх вёсак i насельнiцтва. Гэтак ён часта дакучаў Ген. Камiсару фон Готбэргу, каб хутчэй арганiзаваць беларускiя збройныя сiлы. Калi-ж была праведзена мабiлiзацыя ў БКА, а рэкруты ня мелi зброi, Астроўскi пагражаў Генэрал-Камiсару, што, калi ў хуткiм часе БКА не дастане зброi, ён, Астроўскi, выдасьць загад аб дэмабiлiзацыi. Гэта было падзейнiчала на немцаў. Астроўскi аддаваў асаблiвую ўвагу вайсковаму рэфэрату пры БЦР як у Менску, так i пасьля ў Бэрлiне. Другое-ж, ня менш важнае - Астроўскi ня толькi не перашкаджаў, але спатураў, ды нярэдка й памагаў у працы самай перадавой i найбольш адданай iнтарэсам народа беларускай iнтэлiгенцыi.
Каб ацанiць Радаслава Астроўскага з пазытыўнага боку, трэба ўявiць, колькi шкоды й цярпеньняў мог-бы прынесьцi беларускаму народу, будучы на становiшчы прэзыдэнта БЦР, iншы чалавек, прыкладам, адзiн з тых юдаў-гадзюкаў, што спрычынiлiся да загубы сьвятароў Гадлеўскага, Глякоўскага й Мальца. Дык навет поўнасьцю крытычна падыходзячы, трэба аддаць чалавеку належнае, але йзноў-жа ня кiдацца ў скрайнасьцi й гладзiць па галоўцы за тое благое, што ён мог-бы зрабiць, ды не зрабiў.
... I КОЛЬКI СЛОЎ АБ ГАЛОЎНЫХ ЗЛАЧЫНЦАХ
На заканчэньне нашай кароткай, даволi павярхоўнай i некамплетнай характарыстыкi падзеяў i некаторых людзей у занятай гiтлераўскiмi акупантамi Беларусi ў 1941-1944 гадах неабходна падкрэсьлiць самую галоўную, сказаць-бы кардынальную, прычыну цi дзейнiк, ад якое й выводзiлiся ўсе няшчасьцi, мiльённыя страты ў людзях беларускага народу, ды - з другога боку - i рабiлiся мерапрыемствы для абароны й самазахаваньня паняволеных. Гэнай прычынай былi сталiнска-бальшавiцкiя апэратыўныя групы чэкiстых, чырвоныя партызаны.
Ужо 3 лiпеня 1941 году маскоўскi дыктатар, спасьцярогшы, што ня ўдасца яму ўтрымаць пад сваёй