старшага лейтананта С. i сяржанта П. Нямецкiя афiцэры абурылiся на беларускага камандзера й пагражалi, што ён будзе за гэта сурова пакараны. Пагрозы на Кушаля зусiм не падзейнiчалi. Дывiзiя пачала разьмяшчацца па кватэрах у Айзенштайндорфё й суседнiх вёсках. Так устанавiлася ў Нямеччыне першая беларуская акупацыйная зона.
Каля поўначы на вулiцы паднялiся крыкi й лаянка на нямецкай мове. Кушаль, пачуўшы гвалтоўны стук у дзьверы свайго пакоя, усхапiўся. Калi адчынiў дзверы, у пакой убег камандзер батальёну, ранейшы капiтан Чырвонай Армii Тамiла й адзiн зь нямецкiх капiтанаў. Тамiла скардзiўся, што немцы цiшком намагалiся забраць беларускi абоз i ўцячы, але ягоныя вартаўнiкi паднялi трывогу. Вось яны цяпер i прыйшлi да Кушаля на вырашэньне справы.
Падпалкоўнiк загадаў беларускаму капiтану, каб у выпадку патрэбы зброяй баранiў абоз, але каб немцы спакойна адыйшлi зь беларускае дывiзii. Iм меў быць выдадзены двухдзённы харчовы паёк i прыдзелена колькi хурманак для харчоў i амунiцыi. Нямецкi капiтан на гэта згадзiўся, i гэтай ноччу немцы аканчальна пакiнулi беларускую дывiзiю.
Кiлямэтраў за сем ад Айзенштайндорфа знаходзiлася невялiкае мястэчка Айзенштайн Маркт. Колькi беларускiх вайскоўцаў, пераапрануўшыся ў цывiльнае, былi высланыя туды Кушалем на разьведку. Вярнуўшыся, разьведчыкi прынесьлi трывожныя весткi. У Айзенштайн Маркце стаяць вельмi добра ўзброеныя адзьдзелы СС. Немцы, пакiнуўшы дывiзiю 'Беларусь', паехалi туды й паведамiлi, што беларусы ўзбунтавалiся, у вынiку чаго эсэсаўцы наважылi напасьцi на беларускую дывiзiю й зьнiшчыць яе. Адначасна разьведка паведамiла, што непадалёк знаходзiцца адна дывiзiя генэрала Ўласава.
Атрымаўшы такiя весткi, Кушаль стаў перад праблемай: або баранiцца перад эсэсаўцамi самому, маючы малыя шансы на перамогу з прычыны вельмi значнай перавагi ворага ва ўзбраеньнi, або шукаць хаўрусу з уласаўскiм адзьдзелам. З двух дрэнных выйсьцяў выбраў другое й неадкладна паехаў шукаць камандзера расейскае дывiзii. Калi зьявiўся ў штабе, сустрэў яго ад'ютант i, папрасiўшы пачакаць, пайшоў далажыць. Праз колькi часу з кабiнета выйшаў нямецкi генэрал i папрасiў Кушаля заходзiць.
Камандзер уласаўскае дывiзii генэрал Мальцаў паходзiў зь сям'i расейскае iнтэлiгенцыi. Быў чалавекам адукаваным i добра выхаваным. Сярэдняга росту, шчуплы, з густой сiвой чупрынай на галаве, жывым выразам твару, энергiчнымi рухамi, быў ён у пяцiдзесятых гадох. Гаварыў хутка й ясна.
Пазнаёмiўшыся з Кушалем, запрасiў яго сесьцi пры стале. У абшырным пакоi сялянскай хаты, акрамя Мальцава й вышэйменаванага нямецкага генэрала, было яшчэ пару малодшых афiцэраў. Немец хутка выйшаў.
- Маглi-б вы паiнфармаваць мяне аб палажэньнi на фронце, а таксама выказаць вашу думку адносна нашай сытуацыi? - пачаў Кушаль.
- Я быў-бы вельмi рады, калi-б вы маглi гэта зрабiць. Я нiчога ня ведаю, адказаў, усьмiхнуўшыся, Мальцаў.
- Што-ж вы думаеце рабiць? - пытаўся Кушаль.
- Я думаю... ды не, не. Можа, вы сказалi-б мне, што самi думаеце рабiць.
- Магу вам давяраць?
- Поўнасьцю.
- На маю думку, нiчога нам не застаецца, як прабiцца празь нямецкi фронт i далучыцца да амэрыканцаў, - ня зводзячы з Мальцава вачэй, адказаў Кушаль.
- Правiльна, зусiм правiльна, - ажывiўся Мальцаў i борзьдзенька захадзiў па пакоi. - Я вельмi рады, што вы з намi адной думкi. Цяпер скажу вам больш. Я ўжо навязаў лучнасьць з камандзерам амэрыканскага корпусу празь людзей, якiя гарамi й лясамi пераходзяць цераз фронт туды й назад. У даны час дамаўляюся аб канкрэтным месцы й часе прарыву нямецкага фронту.
- А цi ведае аб гэтым той нямецкi генэрал, якога я бачыў нядаўна тут у вас у кабiнеце?
- О, гэты, - усьмiхнуўся расеец, - ён у мяне афiцэрам сувязi зь нямецкiм штабам, ведае аб маiх плянах i салiдарызуецца з намi поўнасьцю.
- Маглi-б вашы перамоўнiкi весьцi перамовы з амэрыканцамi й ад майго iмя дзеля пераходу беларускай дывiзii?
- Ды чаму-ж не! Дзьве дывiзii - не адна. Гэта будзе яшчэ лепш. Нам лягчэй удасца.
- Дык будзьце добрыя тады...
- Абавязкова. Неадкладна загадаю. Ня турбуйцеся.
Пасьля гэтага Кушаль i Мальцаў абмяркавалi праблему супольнае абароны ў выпадку атакi эсэсаўцаў з суседняга мястэчка. Мальцаў паабяцаў, што калi эсэсаўцы нападуць на беларусаў, ён адкрые па немцах агонь з цяжкiх кулямётаў i артылерыi. На тым гутарка скончылася.
Вярнуўшыся ў сваю дывiзiю, Кушаль загадаў сабраць усiх афiцэраў i падафiцэраў. Паiнфармаваў сабраных аб палажэньнi, аб пагрозе з боку нямецкiх эсэсаўцаў ды аб сваёй умове з камандзерам уласаўскае дывiзii. Загадаў неадкладна правесьцi зборкi ў адзьдзелах i расказаць аб гэтым радавым. Быў прыемна зьдзiўлены, пабачыўшы на вопратках амаль усiх жаўнераў Ярылавы крыжы й 'Пагонi' замест нямецкiх адзнакаў.
Першы батальён, што быў закватараваны найблiжэй Айзенштайн Маркта (iм камандаваў капiтан Ч.), узяў абавязак выставiць моцную палявую варту й патруляваць ваколiцы аж да самага мястэчка.
III
29 красавiка зьявiўся ў Кушаля пасланец ад Мальцава й перадаў яму лiст. Расеец прасiў беларускага камандзера, каб разам са сваiм камандным афiцэрскiм корпусам прыехаў у ягоны штаб на пiльную нараду. Беларусы не марудзiлi. Калi зьявiлiся ў Мальцава, той, спасьцярогшы беларускiя вайсковыя адзнакi на мундзiрах, сказаў:
- Вот вам, господа, и Лига наций.
Некаторыя з прысутных расейцаў усьмiхнулiся.
На супольнай нарадзе ўласаўскi камандзер падаў да ведама, што ўжо канчаткова дамовiўся з камандзерам амэрыканскага корпусу аб пераходзе цераз нямецкi фронт 30 красавiка. Абедзьве дывiзii маюць iсьцi шашой Айзенштайн Маркт - Цьвiзэль, а ў часе пераходу амэрыканскiя паветраныя сiлы й артылерыя будуць абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Начальнiк штабу Мальцава прачытаў дакладны парадак маршу й плян бою, калi-б немцы спрабавалi ставiць супрацiў.
Дзень 30 красавiка быў сонечны й бязьветраны. Ранiцою абедзьве дывiзii ўпарадкавалiся ў доўгую маршавую калёну са сваiмi камандзерамi на чале кожнай i рушылi ў кiрунку Айзенштайн Маркта i Цьвiзэля. Кожны батальён дывiзii 'Беларусь' нёс разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг.
Пасьля трохгадзiннага маршу Кушаль пачуў ззаду сiгнал самаходу. Калi аўтамабiль параўняўся зь беларускiм камандзерам, той заўважыў у iм праз вакно таго самага нямецкага генэрала, якога кагадзе бачыў у штабе Мальцава. Самаход дасягнуў уласаўскага генэрала наперадзе, i ўся калёна затрымалася. Чакалi амаль паўгадзiны. Раптам чало адзьдзелу расейцаў завярнулася й накiравалася па шашы назад.
- Што здарылася? - спытаў Кушаль Мальцава, калi той затрымаўся каля яго.
- Мой афiцэр сувязi генэрал Ашбэрг атрымаў ад Андрэя Андрэевiча (Уласава) радыяграму паўстрымацца зь пераходам да амэрыканцаў, аж пакуль ён не загадае. Бачыце, мушу паслухацца загаду свайго начальнiка. Казаў мне iсьцi вунь у тыя вёскi, - Мальцаў паказаў на адлеглую на пару кiлямэтраў мясцовасьць на ўсход ад шашы, - там маем закватаравацца й чакаць далейшага.
- Цьфу, прападзi ты, гэткi хаўрусьнiк! - ледзь не вылаяўся беларускi падпалкоўнiк. - Давайце кiнем уласаўцаў i маршыруем самi, - сказаў свайму начальнiку штаба капiтану Орсiчу. Орсiч нiчога не адказаў.
Тым часам над доўгай калёнай войска ўверсе пачалi кружыць амэрыканскiя разведвальныя самалёты. Сытуацыя была крытычная. Небясьпечна было самiм беларусам без простай сувязi з амэрыканцамi iсьцi ў няведамае. Беларуская калёна атрымала загад завярнуць назад. Маршыравалi каля дзьвюх гадзiн. Iзноў ззаду пачуўся сiгнал, i войска абмiнуў апрануты ў цывiльнае чалавек на матацыкле. Затрымаў генэрала Мальцава й перадаў яму пакет. Калёна зноў спынiлася.
- Камандзер беларускае дывiзii, да генэрала Мальцава! - пачулася перададзенае па лiнii.
Кушаль з капiтанам Орсiчам, прыйшоўшы да ўласаўскага камандзера, заўважылi ягонае вялiкае зьнерваваньне.
- Сам ня ведаю, што рабiць, - казаў той. - З аднаго боку радыяграма Андрэя Андрэевiча загадвае чакаць зь пераходам фронту, а з другога - паслухайце самi.
Ад'ютант Мальцава, што ведаў ангельскую мову, пачынае чытаць i тлумачыць загад камандзера