- Гнiлыя яблыкi, - адказаў парабак. - От назбiраў поўны мех свiнням.
- Ух ты! Гэтак многа?! От каб пабачыла мая жонка! У нас летась урадзiў на старой яблынi ўсяго адзiн яблык, дык мы яго так шанавалi, у куфры хавалi, пакуль ён не згнiў! Але мая старая ўсё адно казала: 'Якi нi ёсць, а прыбытак!' От каб яна паглядзела, якi бывае прыбытак. Хацелася б мне пацешыць яе!
- А што вы дасце за гэты мех? - спытаў хлопец.
- Што дам? Ды вось курыцу!
Селянiн аддаў курыцу парабку, узяў мех з яблыкамi, зайшоў у карчму i адразу да прылаўка, а мех свой прыхiлiў да печы, у якой якраз палiлася. Ды ён на гэта не звярнуў увагi. У карчме было процьма народу: перакупшчыкi, гандляры жывёлай. Сядзелi там i два ангельцы. Ды такiя багатыя, што ўсе кiшэнi ў iх былi набiты золатам. I вельмi ж любiлi яны iсцi ў заклад. А цяпер паслухайце!
'Пок! Пок! Пок!' - пачулася каля печы.
Ды гэта ж яблыкi пачалi лопацца ад гарачынi.
Вось тут усе i даведалiся пра гiсторыю, як стары памяняў каня на карову, карову на авечку i ўрэшце атрымаў мех гнiлых яблыкаў.
- Ну i будзе табе ад жонкi, як вернешся! Дасць яна табе дыхту! Галаву адарве! - загаманiлi ўсе ў карчме.
- Нiчога не будзе, - запярэчыў селянiн. - Жонка пацалуе мяне i скажа: 'Што муж нi зробiць, усё добра!'
- А вось пабачым! - заспрачалiся ангельцы. - Iдзём у заклад на бочку золата!
- Хопiць i адной меркi, - сказаў селянiн. - А я са свайго боку магу паставiць толькi поўную мерку яблыкаў ды самога сябе са сваёю старою ў прыдачу, гэтага хопiць з лiшкам!
- Згодны! - закрычалi ангельцы.
Пад'ехала каламажка карчмара. У ёй змясцiлiся ўсе - ангельцы, селянiн, узвалiлi i мех з гнiлымi яблыкамi. Каламажка рушыла ў дарогу, i нарэшце прыехалi да хацiнкi старога селянiна.
- Добры дзень, жоначка!
- Добры дзень, муж даражэнькi!
- Ну, я памяняў!
- Ды ты ў мяне на ўсё майстар! - сказала жонка i кiнулася абдымаць мужа, не зважаючы нi на мех з яблыкамi, нi на чужых людзей.
- Я памяняў каня на карову!
- I дзякуй Богу! - сказала жонка. - Цяпер у нас на стале будзе i малако, i масла, i сыр. Вунь як выгадна памяняў!
- Так то яно так, але карову я памяняў на авечку!
- I добра зрабiў! - пахвалiла жонка. - Ты заўсёды ведаеш, як лепей! Для авечкi ў нас i корму хопiць. А мы будзем пiць авечае малако ды авечым сырам частавацца, а з воўны звяжам цёплыя панчохi i нават фуфайкi. А з каровы шэрсцi не збярэш. Яна, як лiняе, дык усю пагубляе. Якi ты ў мяне разумны!
- Я i авечку памяняў - на гусь!
- Ах, няўжо i праўда, што ў гэтым годзе на дзень святога Марцiна ў нас будзе смажаная гусь?! Ты ўсё стараешся, чым бы мяне парадаваць ды пацешыць! Як добра ты гэта прыдумаў! Гусь, хоць пасi яе, хоць не пасi, усё адно да свята растлусцее.
- Яно так, але я памяняў гусь на курыцу! - сказаў муж.
- На курыцу? Ну i цудоўна! Курыца нанясе яек, вывядзе куранят, i ў нас будзе цэлы птушнiк! От што даўно мне хацелася мець!
- Але курыцу я памяняў на мех гнiлых яблыкаў.
- Ну, дык дай я цябе расцалую! - усклiкнула жонка. - Дзякуй табе, даражэнькi мой! Ты от паслухай, што я табе раскажу. Ты паехаў, а я i падумала: 'Давай прыгатую яму на вячэру што-небудзь смачненькае - яечню з цубуляй! Яйкi ў мяне былi, а цыбулi не. Я i пайшла да жонкi настаўнiка, бо ведаю, што ў iх ёсць цыбуля, але яна жмiнда скупая, хоць i прыкiдваецца добранькай. Я папрасiла яе пазычыць цыбулiну. 'Цыбулiну? - перапытала яна. - Ды ў нас у садзе i агародзе нiчагусенькi не расце. Нават гнiлога яблыка не знойдзеш!' А от цяпер я магу ёй пазычыць хоць дзесяць яблык, хоць цэлы мех! Ну i пасмяёмся ж мы з настаўнiчыхi. - I яна зноў пацалавала мужа проста ў губы.
- Вось гэта здорава! - закрычалi ангельцы. - Як ёй нi туга даводзiцца, а яна хоць бы што! Заўсёды ўсiм задаволена. Для такой i грошай не шкада!
Тут яны расплацiлiся з селянiнам, бо жонка ж яму галавы не адарвала, а, наадварот, моцна абняла i пацалавала. Цэлую мерку золата насыпалi.
Так вось яно. Калi жонка лiчыць мужа разумнейшым за ўсiх на свеце i што ён нi зробiць, усё добра, - гэта заўсёды ёй на карысць.
Вось табе i ўся казка. Я чуў яе яшчэ ў маленстве, а цяпер расказаў табе. I цяпер ты ведаеш: 'Што муж нi зробiць, усё добра!'
БУЗIНАВАЯ МАТУЛЬКА
Адзiн маленькi хлопчык аднойчы прастудзiўся; дзе ён прамачыў сабе ногi, нiхто i зразумець не мог; надвор'е было зусiм сухое. Мацi распранула яго, паклала на ложак i загадала прынесцi iмбрык, каб заварыць бузiннага напою цудоўнае патагоннае! У гэты самы час у пакой зайшоў слаўны, вясёлы дзядок, якi жыў на верхнiм паверсе гэтага ж дома. Ён быў зусiм адзiнокi, не было ў яго нi жонкi, нi дзяцей, а ён так любiў малечу, умеў расказваць iм такiя цудоўныя казкi i гiсторыi, што проста дзiва.
- Ну, выпi сваю гарбату, а пасля, можа, пачуеш казку! - сказала мацi.
- Вось бы ведаць якую-небудзь новенькую! - прамовiў стары, ласкава кiваючы галавою. - Але дзе ж гэта наш малы прамачыў сабе ногi?
- Сапраўды, дзе? - пацiснула плячыма мацi. - Нiхто не можа зразумець!
- А казка будзе? - запытаў хлопчык.
- Спачатку мне трэба ведаць, цi глыбокая вадасцёчная канава ў завулку, дзе ваша школа? Можаш ты мне сказаць гэта?
- Якраз мне па каленi! - адказаў хлопчык. - Але гэта на самым глыбокiм месцы!
- Вось чаму ў яго мокрыя ногi! - усмiхнуўся дзядок. - Цяпер варта было б расказаць табе казку, ды нi адной гатовай не ведаю!
- Вы цяпер жа можаце выдумаць яе! - сказаў хлопчык. - Мама гаворыць, што вы як толькi на што- небудзь зiрнiце, да чаго-небудзь дакранецеся, дык адразу складзеце пра гэта казку альбо цiкавую гiсторыю.
- Так то так, але такiя казкi i гiсторыi нiчога не вартыя. Што да сапраўдных, то тыя прыходзяць самi! Прыйдуць i пастукаюць мне ў лоб: 'Вось i я!'
- А хутка якая-небудзь пастукаецца? - запытаў хлопчык.
Мацi ўсмiхнулася, насыпала ў iмбрык бузiнавай гарбаты i залiла яе варам.
- Ну, раскажыце! Раскажыце якую-небудзь казку!
- Добра было б, каб прыйшла сама! Але яны ганаркiя, прыходзяць толькi тады, калi самi надумаюцца! Стой, - усклiкнуў стары раптам. - Вось яна! Зiрнi на iмбрык!
Хлопчык зiрнуў: вечка на iмбрыку пачало прыпадымацца, i з-пад яго вызiрнулi свежыя беленькiя бузiнавыя кветачкi, потым з'явiлiся i доўгiя зялёныя галiнкi. Яны раслi нават з носiка iмбрыка, i неўзабаве перад хлопчыкам быў вялiкi куст; галiнкi цягнулiся да самага ложка i расхiналi фiранкi. Як хораша красавалася i пахла бузiна! З зеляноты яе выглядваў ласкавы твар старой жанчыны ў якойсьцi дзiўнай сукенцы, зялёнай, як бузiнавае лiсце, i ўсеянай белымi кветачкамi. Адразу нават не разабрацца было: сукенка гэта цi проста зелянiна i жывыя кветачкi бузiны.
- Што гэта за бабуля? - запытаў хлопчык.
- Рымляне i грэкi называлi яе Дрыядай! - адказаў стары. - Але для нас гэта вельмi ж мудрагелiстае iмя, i ў нас, у Новай слабодцы, ёй далi назву больш простую: Бузiнавая матулька. Глядзi ж на яе ўважлiва ды слухай, што буду расказваць!
Такi ж самы вялiкi, пакрыты кветкамi куст рос у закутку аднаго беднага дворыка ў Новай слабодцы. Пад кустом сядзелi пасля абеду i грэлiся на сонцы стары дзядок з бабуляй: адстаўны матрос i ягоная жонка. У старых было шмат дзяцей, унукаў i праўнукаў i неўзабаве мелiся адсвяткаваць сваё залатое вяселле, ды толькi яны добра не помнiлi патрэбнага дня i чысла. З зелянiны пазiрала на iх Бузiнавая матулька, такая ж цудоўная i ветлiвая, як вось гэтая, над iмбрыкам, i сказала: 'Я дык ведаю дзень вашага залатога вяселля!'