рэзаў буракi, варыў бульбу свiнням, граў на аргане, насiў рэгенцкую вопратку, на ёй зверху - белы сцiхар; нiкога ў вёсцы не здзiўляла тое, што ён нiколi не гаварыў, бо ўсе бачылi яго толькi за працаю; з чацвярых яго дзяцей двое памерла ад сухотаў, мы засталiся толькi ўдваiх: Шарлота ды я. Мацi мая была далiкатная жанчына, адна з тых, што любяць кветкi, прыгожыя фiранкi, спяваюць песнi, прасуючы бялiзну, i ўвечары пры агменi расказваюць аповеды; бацька ўпiраўся ў працы, строiў ложкi, напiхваў саломаю сеннiкi, рэзаў курэй - пакуль не памерла Шарлота: анёльская iмша па дзiцячай душы, касцёл, аздоблены белым; пробашч спяваў, а рэгент яму не падпяваў, не выцягваў арганных рэгiстраў; не чуваць было хору: спяваў толькi пробашч. Панавала маўчанне, калi збiралася жалобная працэсiя, каб рушыць да могiлак; збянтэжаны пробашч спытаў: 'Але ж, даражэнькi, мiлы мой Фэмель, чаму ж гэта Вы не спявалi?' I тады я першы раз пачуў голас свайго бацькi, i я быў здзiўлены тым, як хрыпла гучаў голас таго, хто так мякка i прыгожа спяваў з хораў у касцёле; ён цiха прамармытаў: 'Пахаваннi трэцяга рангу адбываюцца без спеву'. З-над Рэйну ўздымалася iмгла, клубы туману вытанцоўвалi над палямi буракоў, вароны на вербах крумкалi, як запусныя бразготкi, калi збянтэжаны пробашч вычытваў лiтургiю; бацька перастаў вымахваць дырыжорскаю палачкай у Гурце Моладзi, Гурце Падмайстраў, Гурце Стралкоў i ў хоры пад эгiдай святой Цэцылii; i мне здавалася, што дзякуючы тым першым словам, якiя я пачуў ад бацькi - мне было шаснаццаць, калi памерла дванаццацiгадовая Шарлота, - дзякуючы тым першым словам, ён адкрыў свой голас; ён стаў гаварыць больш: гаварыў пра коней ды афiцэраў, якiх ён ненавiдзеў; ён казаў з пагрозай у голасе: 'Бяда будзе вам, калi зробiце мне пахаванне першага рангу!'
- Праўда, - паўтарыла светлавалосая дзяўчына, - я зычу вам шчасця, як найбольш.
Мажлiва, мне трэба было вярнуць ёй распiску, забраць назад запячатаны скрутак з эскiзамi, вярнуцца дамоў; потым ажанiцца з дачкою бургамiстра альбо ўладальнiка будаўнiчага прадпрыемства, ставiць пажарныя вежы, школы, цэрквы, каплiцы; на святах па сканчэннi будаўнiцтва таньчыць з гаспадыняй дома, а тым часам мая жонка б таньчыла з гаспадаром новага дома; навошта гэта мне трэба было рабiць выклiк Брэмокелю, Грумпэтэру i Волерзайну, прызнаным фахоўцам царкоўнага будаўнiцтва, навошта? У мяне не было вялiкiх амбiцый, грошы мяне не вабiлi; мне нiколi не пагражала галоднае жыццё; я б гуляў сабе ў скат з пробашчам, аптэкарам, карчмаром ды бургамiстрам, ездзiў бы на ловы, будаваў бы разбагацелым сялянам 'што-небудзь сучаснае' - але ўжо хлопец-вучань, што сядзеў каля акна, кiнуўся да дзвярэй, адчынiў iх мне i прытрымаў; я сказаў 'дзякуй', выйшаў з канторы праз пярэднi пакой, перайшоў вулiцу, падняўся па сходах у свой кабiнет, абапёрся локцямi аб падаконне, што дрыжала ад грукату друкарскiх машын; гэта было 30 верасня 1907 года каля 11 гадзiн 45 хвiлiн.
- Ага, Леанора. Гэтыя друкарскiя машыны даюцца ў знакi; колькi фiлiжанак пабiлася тут у мяне, калi я быў не надта ўважлiвы. Hе спяшайцеся гэтак, маё дзiця. Калi Вы i надалей будзеце так працаваць, дык праз тыдзень запануе найлепшы парадак у тым, што я не мог упарадкаваць за пяцьдзесят адзiн год. Hе, дзякую за пiрожнае. Вы дазваляеце мне называць вас 'дзiця'? Hе трэба чырванець, калi гэткi стары чалавек кажа вам камплiменты. Я, Леанора, - толькi помнiк, а помнiкi не могуць нiкому чым-небудзь пашкодзiць; я, стары дурань, i цяпер хаджу снедаць у Кронэраву кавярню, з'ядаю там свой сыр з папрыкаю, хоць ён мне даўно ўжо нясмачны; але ў гэтым я вiнаваты сваiм сучаснiкам: не павiнен разбураць сваёй легенды; я зраблюся фундатарам сiрочага прытулку - школы; буду прызначаць стыпендыi, i калi-небудзь i дзе-небудзь мяне, напэўна, адлiюць у бронзе i адкрыюць мне помнiк; я б хацеў, каб вы ўзялi ў тым удзел i смяялiся там, Леанора. Вы ўмееце гэтак прыгожа смяяцца, цi Вы ведаеце пра гэта? Я ўжо не ўмею, развучыўся, а заўсёды ж лiчыў смех добрай зброяй; а ён не быў зброяй: тут я крыху памыляўся. Калi ў Вас ёсць ахвота, я запрашу Вас на баль вучняў, прадстаўлю Вас як сваю пляменнiцу; там Вы павiнны будзеце пiць шампанскае, таньчыць i пазнаёмiцеся з маладым хлопцам, якi паставiцца да Вас добра i пакахае Вас; я набуду Вам добры пасаг... ага, паглядзiце на гэта як след: тры метры на два, агульны выгляд абацтва Святога Антонiя; гэта вiсiць пяцьдзесят адзiн год у маiм кабiнеце - вiсела ўжо тады, калi абвалiлася столь; з тае пары - гэтыя плямы цвiлi, што Вы тут бачыце; то быў першы мой вялiкi праект, велiчэзны праект, i тады, маючы няпоўныя трыццаць год, я зрабiў кар'еру.
Але ў 1917 годзе я не наважыўся зрабiць таго, што за мяне зрабiла Ёганна: там, на тэрасе, каля альтанкi, яна вырвала з Генрыхавых рук верш, якi ён павiнен быў вывучыць на памяць; ён паўтараў гэты верш сур'ёзным дзiцячым галаском:
Сказаў святы Пётр, ключнiк Брамы Нябёс:
'Ва ўлад найвышэйшых твой высветлю лёс'.
Вярнуўся - нядоўга яго не было:
'Ягомасць Блюхер, вам шчасце прыйшло:
Вам водпуск далi на вечныя днi'.
(Сказаўшы так, браму Пётр адчынiў.)
'Выходзь, о ваяр, супраць злыдняў на бой
Хай Госпад будзе заўсёды з табой...'
Роберту яшчэ не споўнiлася двух гадоў, а Оты яшчэ не было на свеце; я меў якраз адпачынак, i мне даўно ўжо зрабiлася вiдавочным тое, што я раней няясна прадчуваў: адной iронii замала, i яе заўсёды будзе замала; яна ўсяго толькi наркотык для тых, хто мае прывiлеi; i мне трэба было зрабiць, што зрабiла за мяне Ёганна: я павiнен быў у мундзiры гаўптмана пагаварыць з сынам; але толькi прыслухоўваўся да Робертавай далейшай дэкламацыi:
I Блюхер тады на зямлю сышоў,
Да новых вiкторыяў нас павёў.
Збавiцель Прусii Ўсходняй наш
Заве Гiндэнбург нас: 'Наперад! Марш!'
Пакуль нямецкiм лясам стаяць,
Пакуль нямецкiм сцягам лунаць...
Пакуль нямецкая мова гучыць
Датуль яго iменi ў сэрцах жыць.
У бронзе, у каменi - вобраз твой:
Мы верым табе, наш нязломны герой
Гiндэнбург! Наперад! На бой!
Ёганна выхапiла з хлопчыкавых рук паперку, парвала яе, а шматкi выкiнула на вулiцу: нiбы сняжынкi, падалi яны каля дзвярэй Грэцавай крамы, дзе ў той час не вывешвалi дзiкоў, бо панавала найвышэйшая сiла.
- Смеху будзе замала, Леанора, калi яны будуць адкрываць мой помнiк; наплюй на яго, маё дзiця - ад iмя майго сына Генрыха, ад iмя Оты, якi быў такi добры хлопец i ўдалы, а праз тое, што ён быў такi добры i ўдалы, такi паслухмяны - ён стаў мне чужы, як нiхто больш на свеце; i ад iмя Эдыт, адзiнае авечкi, якую я сустрэў у жыццi; я любiў яе, мацi маiх унукаў, i не мог ёй дапамагчы, як не мог памагчы нi вучню сталяра, якога я бачыў усяго два разы, нi таму хлопцу, якога я нiколi не бачыў; хлопцу, якi ўкiдаў у нашую паштовую скрынку весткi ад Роберта, велiчынёю з цукерачныя абгорткi, i за гэтае злачынства загiнуў у лагеры. Роберт быў заўсёды разумны, халодны, i нiколi ў iм не было нiзвання iронii; Ота быў iншы, меў адкрытае сэрца, але раптам пакаштаваў бычынага прычасця i зрабiўся нам чужы; абплюй мой помнiк, Леанора, скажы iм, што гэта я прасiў цябе так зрабiць; я магу засведчыць табе пiсьмова i заверыць мой подпiс у натарыуса; шкада, што ты не бачыла таго хлопца, дзякуючы якому я зразумеў сказ: 'Анёлы спусцiлiся з неба i служылi яму'; ён быў вучнем сталяра; яны адсеклi яму галаву; шкада, што ты не бачыла Эдыт i яе брата, якога я змог убачыць адзiн-адзiны раз - калi ён iшоў праз наш двор, а потым падымаўся да Роберта; я стаяў каля акна ў спальню, бачыў яго адно паўхвiлiны i спужаўся; гэты хлопец нёс на сваiх плячах i шчасце, i лiха; Шрэла - яго iмя я так i не ўведаў - быў нiбы судовым выканаўцам Бога, за нясплочаныя рахункi ставiў на дамах невiдочныя пячаткi; я ведаў, што ён выклiча майго сына, i дазволiў яму, гэтаму хлопцу з вузкiмi плячыма, iсцi праз мой двор; на старэйшым маiм сыне, што застаўся жыць, здольным хлопцы, брат Эдыт паставiў таўро; Эдыт была не такая: яе бiблейная сур'ёзнасць была гэткая вялiкая, што яна магла дазволiць сабе таксама бiблiйны гумар; яна смяялася са сваiмi дзецьмi ў часе бамбардзiровак; яна дала iм бiблiйныя iмёны: Ёсiф i Руф - Ёзэф i Рут, у смерцi яна не бачыла нiчога страшнага; Эдыт нiколi не магла зразумець, чаму я так моцна аплакваў сваiх дзяцей, Ёганну i Генрыха, - ёй ужо не выпала даведацца, што памёр таксама Ота, той чужы чалавек, якi быў мне блiжэйшы за iншых; ён любiў мой працоўны кабiнет, мае эскiзы, ездзiў разам са мною на будоўлi, пiў пiва пад час iнаўгурацыйных святаў, быў улюбёнцам будаўнiкоў; сёння яго не будзе на маёй урачыстай вячэры: колькi гасцей я запрасiў? На пальцах аднае рукi можна пералiчыць усiх з роду, што я заснаваў: Роберт, Ёзэф, Рут, Ёганна i я; на месцы Ёганны будзе сядзець Леанора, а што я скажу Ёзэфу, калi ён з маладым запалам будзе апавядаць мне пра ход работ на будаўнiцтве абацтва Святога Антонiя; iнаўгурацыя адбудзецца ў канцы кастрычнiка; манахi хацелi б адпраўляць набажэнствы да перадкаляднага паста ўжо ў