машын i лецiшчы; яны казалi адзiн аднаму, што французская Рыўера пачынае рабiцца моднаю, якраз з тае прычыны, што там тлумна, а цяпер, насуперак усялякiм прагнозам, сярод iнтэлектуалаў пачынаюць быць папулярнымi паездкi, арганiзаваныя праз бюро падарожжаў. Як гэта звычайна называюць тут: двухбаковы снабiзм альбо дыялектыка? Ты павiнен растлумачыць мне гэтыя рэчы; ангельскi сноб сказаў бы: 'За дзесяць цыгарак прадам Вам сваю бабулю', а тыя, што тут, прадалi б сваiх бабуляў i за пяць цыгарак, бо яны ставяцца таксама сур'ёзна да свайго снабiзму; потым яны гаварылi пра школы: адны былi за гуманiтарны ўхiл, другiя былi супраць; ну, добра. Я прыслухоўваўся да iх, бо вельмi хацеў чаго-небудзь даведацца пра iх сапраўдныя турботы; зноў i зноў паўтаралi яны шэптам iмя зоркi, якую чакалi вечарам гэтага дня. Крэц цi гэта прозвiшча табе што-небудзь кажа?
- Крэц, - адказаў Роберт, - гэта, так бы мовiць, зорка апазiцыi.
- Слова 'апазiцыя' я чуў шмат разоў, але з iхнiх размоваў так i не змог дапяць, супраць каго i чаго яна.
- Калi яны чакалi Крэца, то, мусiць, яны з левай апазiцыi.
- Цi правiльна я пачуў: гэты Крэц - у пэўным сэнсе славутасць; тое, што называюць надзеяй?
- Сапраўды, - адказаў Роберт, - яны шмат чаго спадзяюцца па iм.
- Я яго бачыў, - сказаў Шрэла, - ён прыйшоў апошнi; ну, калi ён - гэта надзея, дык я хацеў бы ведаць, як тады выглядае безнадзейнасць... Мне здаецца, што калi б я i здолеў каго-небудзь на свеце забiць, дык менавiта яго. Цi ж вы сляпыя? Вядома, ён разумны i адукаваны, цытуе Герадота ў арыгiнале, i гэта ў вушах тае масы, якая нiколi не пазбавiцца ад свайго бзiка на глебе адукаванасцi, гучыць быццам боская музыка; але маю надзею, Роберт, што ты б нiколi нi на хвiлiну не пакiнуў сваю дачку цi сына сам-насам з гэтым Крэцам; бо ад снабiзму ён ужо не ведае нават, да якога полу належыць. Яны граюць музыку вынiшчэння, Роберт, але граюць яе не надта добра; бракуе толькi мiнорнай музыкi, iнакш ты б меў хаўтуры па трэцяй катэгорыi...
Шрэлу перапынiў тэлефонны званок; следам за Робертам ён пайшоў у кут; Роберт узяў трубку.
- Леанора? - азваўся Роберт. - Я рады, што мой бацька запрасiў Вас на святочную вячэру, i прабачце мне, калi ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўраннi. Добра, Леанора?
Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Лiст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправiльна разлiчана? Добра, я разбяруся з гэтым i затэлефаную Шрыту. Так цi iнакш, дзякуй, Леанора, i - да хуткай сустрэчы.
Роберт паклаў слухаўку i зноў павярнуўся да Шрэлы.
- Я думаю, што... - пачаў ён гаварыць, але яго перапынiў моцны, сухаваты, рэзкi гук.
- Божа мой, - сказаў Шрэла, - то быў стрэл. Мяркую, што зараз нам трэба падняцца наверх.
Гуга чытаў: 'Адмова ад правоў. Гэтым абвяшчаю, што я згодзен, каб мой сын Гуга...' - унiзе важкiя пячаткi, подпiсы, але голас, якога ён баяўся, не адазваўся ў iм; якi гэта голас падказваў яму закрываць матчыну галiзну, калi яна, вярнуўшыся са сваiх вулiчных ловаў, мармытала на пасцелi сваю смяротную малiтву 'навошта-навошта-навошта'! Ён спачуваў ёй, закрываў яе галiзну, прыносiў ёй чаго-небудзь выпiць, не зважаючы на тое, што яны могуць на яго напасцi, пабiць яго, абазваць 'авечкай божай'; ён цiхенька пракрадваўся ў краму i вымольваў для яе дзве цыгарэты; якi ўнутраны голас загадваў яму гуляць у канасту з бабуляй 'Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца', засцерагаў яго не пераступаць парог нумара авечай капяланкi? Якi гэта голас падказаў яму слова, якое ён мармытаў сабе пад нос: 'бацька'? Каб заглушыць страх, якi ахапiў яго, Гуга пачаў вымаўляць хуценька, адно за адным, iншыя словы: 'брат' i 'сястра', 'дзядуля', 'бабуля', 'дзядзька', але ад гэтых словаў страх не паменеў; i ён шукаў новых словаў: 'дынамiка' i 'дынамiт', 'бiльярд' i 'ветлiвасць', 'шнары на спiне', 'каньяк' i 'цыгарэты'; чырвонае па зялёным, белае па зялёным, але страх не меншаў; мажлiва, яго крыху ўтаймуюць якiя-небудзь дзеяннi? Ён адчынiў акно, зiрнуў зверху на тлум з яго аднастайным мapмытаннем; цi была ў гэтым мармытаннi пагроза альбо дружалюбнасць? Феерверк на фоне цёмна-сiняга неба; удары грому, з якiх выпырхвалi агромнiстыя кветкi, памаранчавыя снапы, падобныя да рук, якiя хочуць нешта схапiць; вокны зачыненыя; ён пагладзiў рукой па фiялетавай лiўрэi, што вiсела на вешаку перад дзвярыма, адчынiў дзверы ў калiдор; нават тут, наверсе, адчувалася хваляванне: 'Цяжка паранены ў нумары 211!' Гоман галасоў, крокi ў адзiн i другi бок, уверх i ўнiз па сходах, i адзiн i той жа пранiзлвы голас палiцэйскага: 'Прашу, адыдзiцеся! Прашу, адыдзiцеся!'
'Адыдзiцеся! Адыдзiцеся!' Гугу стала страшна, i ён прашаптаў: 'Бацька...' Дырэктар тады сказаў: 'Нам цябе будзе бракаваць, цi гэта так неабходна? Гэтак раптоўна?'; а ён уголас не адказаў, а толькi падумаў: гэта неабходна - гэтак раптоўна, бо час наспеў, i калi Ёхэн паведамiў навiну пра замах, дырэктар забыўся на сваё здзiўленне з прычыны ягонага звальнення; дырэктар успрыняў Ёхэнава паведамленне не з жахам, а з захапленнем, не затрос засмучона галавою, а пачаў пацiраць рукi. 'Вы нiхто не можаце сабе ўявiць. На гэткiм скандале гатэль можа цудоўна выйграць. Пасыплюцца буйныя загалоўкi ў газетах. Забойства - гэта табе не самазабойства, Ёхэн... а палiтычнае забойства - не абы-якое. Калi ён не памёр, мы павiнны ўдаваць, што ён ужо нежывы. Вы не можаце сабе ўявiць, тут трэба абавязкова ўвярнуць радок: 'Iдзе змаганне са смерцю'; усе тэлефоны ад гэтай хвiлi прашу пераключаць на мяне, каб хто-небудзь з вас не сказаў якога глупства. Божа мой, не рабiце гэткiх няшчасных твараў. Быць спакойнымi, мець на твары выраз лёгкага спачування, якi бывае ў людзей, што мусяць перажываць чыюсьцi смерць, але цешацца са спадчыны, якая iх чакае. Давайце, хлопцы, за працу! Зараз нас засыплюць тэлеграфнымi заказамi на нумары. I трэба ж, акурат пан М.! Вы сабе не ўяўляеце, што гэта значыць! Каб толькi тут не ўлезла якое- небудзь самазабойства. Прашу зараз жа затэлефанаваць у адзiнаццаты пакой: няхай той пан злуецца, няхай нават пакiне наш гатэль - д'ябал, ад феерверку ён павiнен быў бы прачнуцца! Наперад, за зброю, хлопцы!
'Бацька, - падумаў Гуга, - ты павiнен прыйсцi па мяне, яны зараз мяне не пусцяць у дзвесце дванаццаты'.
Успышкi дрыготка паблiсквалi ў запоўненай шэрым паўзмрокам лесвiчнай клетцы; паявiўся асветлены чатырохкутнiк лiфта, якi прывёз гасцей у нумары 213-226; гэтыя госцi мусiлi падымацца на чацвёрты паверх i сыходзiць службовымi сходамi, бо на другiм паверсе выхад перагароджваў палiцэйскi кардон; з адчыненых дзвярэй лiфта даносiўся гучны гоман; цёмныя гарнiтуры, светлыя сукенкi, збянтэжаныя твары; губы, якiя вымаўляюць словы: 'Хто б мог падумаць!' i - 'Скандал!'; Гуга занадта позна замкнуўся знутры ў сваiм пакоi: яна прыкмецiла яго i ўжо бегла па калiдоры; ён яшчэ паспеў павярнуць ключ, i клямка пачала хадзiць туды- сюды.
- Адчынi, Гуга, - прасiла яна, - адчынi ж!
- Hе адчыню.
- Гэта мой загад!
- Я ўжо чвэрць гадзiны, як не служу ў гэтым гатэлi.
- Ты сыходзiш адгэтуль?
- Сыходжу.
- Куды?
- Да свайго бацькi.
- Адчынi, Гуга, ну, адчынi; я не буду табе рабiць балюча, анi палохаць цябе; ты не можаш пакiнуць гэтае месца; я ведаю, што ў цябе няма бацькi, я дакладна гэта ведаю; ты мне патрэбны, Гуга; ты - той, каго яны чакаюць, Гуга, i табе гэта вядома; ты зможаш убачыць увесь свет, i ў самых лепшых гатэлях усе будуць цалаваць табе ногi; табе не трэба будзе нiчога казаць, толькi выходзiць да iх; твой твар, Гуга... хадзем, прашу цябе; адчынi; ты не можаш пакiнуць гэтае месца.
Рэзкае соўганне клямкi перапыняла яе казань, ставiла цэзуры ў гучаннi яе голасу, поўнага мальбы.
- ...Гэта напраўду не я, Гуга; забудзься, пра што я казала i што рабiла; гэта была роспач... хадзем, дзеля iх усiх; ты - нашая авечка...
Яшчэ адно соўганне клямкi.
- Што Вам тут трэба? - спытала яна.
- Мне патрэбны мой сын.
- Гуга - Ваш сын?
- Менавiта. Гуга, адчынi.
'Першы раз не сказаў 'калi ласка', - падумаў Гуга; ён павярнуў ключ у замку i адчынiў дзверы.
- Хадзем, хлопча, пойдзем адсюль.
- Добра, бацька, iду.