непераадольны час уладарыць над гэтым светам. Адна, адна толькi Саламандра бяссмяротная, яна - чысты агонь, i святло гэтага агню вечна свяцiць будзе. Але той, хто даследуе прыроду, павiнен уваскрашаць яе хоць на кароткi час - гэтая навука ў самотным маiм жыццi найпрыемнейшая для мяне забава. Такiм чынам я хаваюся ад натоўпу, бо ў грамадзе тутэйшых жыхароў размовы толькi пра гандлёвыя выгоды i набыццё скарбаў, а паненкi i кабеты гэтага краю нагадваюць флейты i кларнеты, - добрыя, калi граюць ды спяваюць, але пагаманiць з iмi няма пра што. Аднак у мяне тут ёсць сябры, з якiмi я часам дзялюся думкамi; у наступную нядзелю запрашу iх на вечар, прыходзь i ты да мяне, прыемна правядзём час сярод добрых людзей.
Мы так размаўлялi аж да поўначы; i я, позна вярнуўшыся дахаты, доўга не мог заснуць: перад вачыма стаялi гбды, жывая жамяра ды матылi.
На другi дзень я падняўся рана, паставiў на стол дзве бутэлечкi гайнараўскiх водаў, пачаў глядзець на iх жывыя, пекныя колеры, разважаючы пра iхнiю моц, якую не так даўно бачыў у дзеяннi; з прыемнасцю марыў пра таямнiцы, пра цуды, якiя можна паведамiць свету з дапамогаю гэтага скарбу. Салодкiя мары авалодвалi мною i падчас праходкi па горадзе, па беразе мора. Але ах! Не прадбачыў я таго, што чалавечая мудрасць, якая раскрывае таямнiцы свету, можа скончыцца вялiкаю бядою, вялiкiмi пакутамi.
Сказаўшы гэта, Саматнiцкi некалькi хвiлiнаў сядзеў як скамянелы, пасля раптоўна крануўся з месца i зноў пачаў гаварыць:
- Я бачыў Адэлю; яна заўсёды аднолькавая - шчаслiвыя кабеты! Яны не сочаць за рухам планетаў на небе, не даследуюць таямнiцаў прыроды; iх прываблiваюць прыгожыя строi, вясёлая забава, новае сяброўства...
Прыйшла нядзеля, настаў прызначаны вечар; я паспяшаўся да пана Рыльца. Iшоў туды пешкi; было сем гадзiн: на цёмных вулiцах сям-там цьмяна свяцiлi лiхтары; неба было пагоднае, толькi халодны вецер дзьмуў з мора; падыходзячы да ягонае хацiны, пачуў я страшны шум марскiх хваляў, а ў вокнах заўважыў святло запаленых свечак. Увайшоў у хату, сустрэў мяне нямы лёкай, адчынiў дзверы - i тут дзiўнае вiдовiшча адкрылася перад вачыма: пяцёра гасцей высокага росту, сталых, шосты - пан Рылец стаялi ля стала, трымаючы ў руках поўныя келiхi нейкага пiтва, з якога бухаў агонь, пры гэтым усе разам крычалi: 'Няхай славiцца Саламандра!' Яны перакулiлi келiхi, а мне здалося, што выпiлi чыстае полымя; убачыўшы мяне, гаспадар сказаў:
- Ты спазнiўся i не выпiў з намi полымя ў гонар Саламандры, жменя попелу якое - звяно, а ўваскрашэнне i жыццё - бясконцы ланцуг.
Сказаўшы гэта, ён налiў келiх, падпалiў яго, i я, усклiкнуўшы: 'Няхай славiцца Саламандра!', выпiў, абы не адрознiвацца ад iншых гасцей i дагадзiць волi гаспадара.
Потым пан Рылец дастаў з шафы каляровыя вадкасцi Гайнара, загадаў нямому хлопцу налiць медны ды iншы посуд вадою i ў прысутнасцi сваiх гасцей зноў пачаў з зямлi i патоўчанае вапнавае скалы ўваскрашаць ракавiны, гадаў, матылёў ды iншую жамяру; калi ўсе са здзiўленнем убачылi ажыўленыя дапатопныя iстоты, ён загадаў змянiць ваду, прынесцi лiсця з дрэваў i травы.
- Паглядзiм цяпер на сучаснасць, - сказаў ён, - адна вадкасць чырвонага колеру пакажа нам найдрабнейшыя iстоты лепей, чым самыя дасканалыя мiкраскопы.
Ён улiў адну кроплю ў медную пасудзiну з марскою вадою, i там на нашых вачах з'явiлася мноства дзiўных i жахлiвых iстотаў, якiя ўвачавiдкi павялiчвалiся; потым даставаў адтуль страшэнных пачвараў, клаў на стол: яны нагадвалi рыб, марскiх звяркоў, яшчарак i кракадзiлаў. Гэта ж учынiў потым з крынiчнаю вадою - iншыя з'явiлiся монстры. Расклаўшы на стале лiсце з дрэў i траву, ён пакрапiў усё чырвонаю вадою, i тут паказаўся нябачны свет у надзвычайных, фантастычных постацях: крылатыя цмокi, сфiнксы, кентаўры i гiдры пачалi кружыць па шырокiм стале; трывога працяла сэрцы гледачоў.
Гэтыя i iншыя выпрабаваннi доўжылiся да самае поўначы, пасля пачалася гаворка пра развiццё розных навукаў i разгляд твораў нямецкiх ды сучасных польскiх фiлосафаў; доўга разважалi пра Трантоўскага13, Быхаўца14, Бохвiца15 ды iншых; найбольш мне запомнiлiся словы пана Рыльца:
- Я з большым задавальненнем чытаю старажытных грэцкiх фiлосафаў; яны шчыра шукалi святла праўды, i часам асобным з iх удавалася хоць здалёку ўбачыць прамень вечнага святла. Цяпер, калi нябеснае сонца Евангелля свецiць усяму свету, яны блукаюць у цемры i самi не ведаюць, чаго шукаюць; назвалi чалавечую душу часткаю Бога, а яна ж - стварэнне Божае, як i iншыя ўсе душы.
Гэтыя размовы доўжылiся да позняе ночы, а калi прабiла дзве гадзiны, закончылiся лiтаратурныя забавы, i мы ўсе разам выйшлi; я адзiн вяртаўся дахаты па пустых i цёмных вулiцах, думаючы пра ўсё тое, што бачыў i што чуў.
У часе майго знаходжання ў Адэсе я яшчэ некалькi разоў наведваўся ў дом пана Рыльца, бо мяне цешыла ягоная таварыскасць i вучоныя размовы; калi перад выездам з горада я прыйшоў да яго апошнi раз, каб развiтацца ды падзякаваць за ласку, ён, даючы мне дзве бутэлечкi са спiртавым настоем, дзве з алеямi, некалькi сваiх парашкоў, перасцярог:
- У цябе цяпер воды Гайнара i ўсё, што патрэбна для даследавання прыроды уваскрашай жа мiнуўшчыну, выклiкай з магiлаў памерлыя iстоты; вывучай таямнiцы ўсiх мiнулых стагоддзяў i цяперашняга свету, - i ўсюды ўбачыш цуды, якiя iншым i не снiлiся; убачыш руку Творцы, але не пераступай межаў, не даследуй дух, бо тут патрэбна вышэйшая сiла, тут патрэбна яснабачанне; не забывай, што ты чалавек, не аддаляйся ад свайго цела без волi Таго, хто цябе з iм злучыў, i вокам твае душы не ўзiрайся ў iншую душу, якая створана, як i твая.
Зяноне! Я не паслухаўся, пакiнуў без увагi гэтыя перасцярогi, зрабiў iнакш; той скарб, якi ёсць у мяне, тую моц каляровых водаў я выкарыстаў на iншае; я забыўся пра мiнулае i пра будучае, хацеў ужо сёння быць у раi ў гэтым жыццi, на гэтай зямлi хацеў бачыць Духа ў постацi анёла; я пазнаў Адэлю, яна стала для мае душы тым богам, тым iдэалам, якога шукаў на гэтым свеце; блукаючы ў стэпах i па дзiкiх скалах на беразе Цецерава, думаў я пра яе, пра яе марыў; душа мая без яе спакойнаю быць не можа, я аддзялiўся ад цела, забыўся пра сваё цела, забыўся i пра зямное жыццё, - загубiў сябе. Зяноне, у далёкiм краi, калi хто з маiх даўнiх знаёмых запытаецца пра мяне, скажаш, што жыве, ды жыццё яго жахлiвае. Але i сам я хутка пакiну гэты край ды пакiну гэтае чужое цела дзе-небудзь на чужой зямлi.
Саматнiцкi замаўчаў; Зянон пазiраў на яго з жалем у сэрцы; не мог нагадаць яму пра надзею, бо ягоная надзея згасла назаўсёды; паабяцаў толькi выканаць тое, што ён прасiў, i зноў выправiўся ў падарожжа.
Каментары
Упершыню надрукавана на польскай мове ў кнiзе : Proza i wierszy. Kijow, 1849. Cz.1.
1. Валынь - гiстарычная частка Вялiкага Княства Лiтоўскага. Сваю назву атрымала ад г. Валынь, якога сёння няма. Уключае ў сябе беларускае i ўкраiнскае Палессе.
2. Цуднаў - сёння гэта ўкраiнскi горад Чуднаў.
3. Падолле - гiстарычная частка Вялiкага Княства Лiтоўскага, гвалтоўна далучаная ў 1569 г. да Польшчы. Ахоплiвае тэрыторыю сучаснае Ўкраiны па рэках Днестр i Паўднёвы Буг.
4. Паводле тагачаснае перыёдыкi эпiдэмiя халеры на Валынi лютавала таксама ў 1848 г. А г. зн., што Франц Савiч, якi жыў у той час там (мястэчка Янушпаль) ды ратаваў людзей ад пошасцi, памёр у 1848, а не ў 1845 г., як сцвярджаецца ў нашым лiтаратуразнаўстве.
5. Умань - горад на Ўкраiне, дзе ў 1786 г. казацкiя атрады Гонты i Жалезняка выразалi ўсё насельнiцтва.
6. Трамбецкi Станiслаў (1739-1812) - прыдворны паэт апошняга караля Рэчы Паспалiтае Станiслава Аўгуста Панятоўскага. Пiсаў байкi, сатыры, оды, паэмы, панегiрыкi. Адзiн з самых славутых ягоных твораў - 'Сафiеўка'.
7. Тракцiр - карчма. У Адэсе, пэўна, ужо ўсталявалiся расейскiя найменнi.
8. Залескi Юзаф Багдан (1802-1886) - польскамоўны паэт-рамантык, для якога Ўкраiна i ейны люд сталi прадметам любовi i настальгii.
9. Мальчэўскi Антон (1793-1826) - польскамоўны паэт-рамантык. Паходзiў з Валынi. Аўтар выдадзенае ў 1825 г. паэмы 'Марыя', названай ў падтытуле 'ўкраiнскаю аповесцю'.
10. Гашчынскi Севярын (1801-1876) - польскамоўны паэт-рамантык. Родам з Украiны. Самы славуты ягоны твор - паэма 'Канёўскi замак', у якой апавядаецца пра часы гайдамаччыны.
11. Падура Тамаш (1801-1871) - польскамоўны i ўкраiнскамоўны паэт. Вывучаў i выкарыстоўваў у сваёй творчасцi ўкраiнскi фальклор.
12. Пiятроўскi Канстанцiн - польскамоўны паэт i перакладчык. Аўтар выдадзенага ў 1836 г. у Бярдзiчаве зборнiка вершаваных твораў. Добры сябра Я.Баршчэўскага.