педантычныя, самаўпэўненыя кансерватары, сляпыя i глухiя да ўсяго новага, затое гатовыя з пенаю на вуснах адстойваць любую дапатопную банальшчыну, арангутаны складаюць асноўны кантынгент усiх акадэмiй. Маючы выдатную памяць, яны вывучваюць слова ў слова велiзарную колькасць кнiг. Пасля пiшуць свае кнiгi, паўтараючы ў iх усё вывучанае раней, i гэтым дамагаюцца прызнання з боку сваiх калег арангутанаў. Магчыма, у гэтым пытаннi я пад уплывам Зiры i яе жанiха, а яны, як i ўсе шымпанзэ, пагарджаюць арангутанамi. Гарылы таксама пагарджаюць гэтымi артадоксамi, здзекуюцца з iх рабалепства, але спрытна выкарыстоўваюць у сваiх iнтарэсах. Амаль за кожным арангутанам стаiць гарыла цi савет гарыл, якi высоўвае яго на ганаровыя пасады, дапамагае яму атрымлiваць розныя годнасцi i ордэны, якiя арангутаны проста абагаўляюць, але ўсё гэта толькi да тае пары, пакуль падапечны задавальняе апекуноў. Iнакш яго неадкладна адпраўляюць у адстаўку i замяняюць другiм арангутанам.
Застаюцца яшчэ шымпанзэ. Гэта iнтэлектуалы планеты. Зiра недарма хвалiлася, калi казала, што ўсе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ. Магчыма, яна крышачку перабольшыла, бо ёсць i выключэннi, ды ўсё ж большую частку цiкавых кнiг па сама розных пытаннях пiшуць менавiта шымпанзэ. Вiдаць, у iх вельмi развiты дух пошуку.
Я ўжо казаў, што за працы фабрыкуюць арангутаны. Але сама страшнае, часта скардзiцца мне Зiра, што гэтакiм чынам яны складаюць i падручнiкi, пашыраючы сярод малпавай моладзi несусветную лухту. Паводле слоў Зiры, яшчэ зусiм нядаўна школьныя падручнiкi сцвярджалi, нiбыта планета Сарора з'яўляецца цэнтрам сусвету, хоць нават сярэдняга розуму малпы даўно ўжо не верылi ў гэтую ахiнею, а распаўсюджванне яе стала магчымым толькi таму, што яшчэ тысячагоддзi назад на Сароры жыў арангутан па iменi Арыстас, якi меў велiзарны аўтарытэт i прапаведаваў такiя вось тэорыi, якiя iншыя арангутаны паўтараюць з тае пары як догмы. Даведаўшыся, што той самы Арыстас сцвярджаў, нiбыта душу могуць мець толькi малпы, я пачаў лепш разумець стаўленне Заюса да мяне. На шчасце, у шымпанзэ розум нашмат больш крытычны. Вось ужо некалькi гадоў яны, сцяўшыся, iмкнуцца абвергнуць аксiёмы старажытнага iдала.
Што датычыць гарыл, то гэтыя рэдка пiшуць кнiгi. Затое, калi яны гэта робяць, то iх працы заслугоўваюць усялякай пахвалы - не за змест, дык, ва ўсякiм разе, за афармленне. Я прабег вачыма некалькi такiх кнiг i запомнiў iх назвы: 'Навукова-даследнiцкая праца - аснова арганiзацыi прадпрыемства', 'Перавага грамадскага сектара' або, скажам, 'Арганiзацыя вялiкiх аблаў на людзей на Зялёным кантыненце'. У гэтых кнiгах даецца зазвычай маса дакументаў, i кожны раздзел пiша асобны спецыялiст. У iх шмат дыяграм, таблiц фактычных дадзеных i, асаблiва, цiкавых фатаграфiй.
Аб'яднанне ўсяе планеты, адсутнасць войнаў, а значыцца, ваенных выдаткаў на Сароры няма армii, ёсць толькi палiцыя, - здавалася б, павiнны былi спрыяць хуткаму прагрэсу малпавай цывiлiзацыi. Але гэтага не здарылася. Хаця Сарора, бадай што, трохi старэйшая за Зямлю, малпы дужа адстаюць ад людзей багата ў якiх галiнах жыцця.
У iх ёсць электрастанцыi, прамысловасць, аўтамабiлi, самалёты, але ў асваеннi космасу малпы ўсё яшчэ на стадыi штучных спадарожнiкаў. У тэарэтычных навуках, у пазнаннi бясконца вялiкага i бясконца малога яны таксама адстаюць ад нас. Магчыма, гэтае адставанне выпадковае, i я не сумняваюся, што калi-небудзь яны нас дагоняць: на карысць гэтага гавораць працаздольнасць i даследнiцкi розум шымпанзэ. Мне здаецца, што ў гiсторыi малпаў быў цёмны перыяд застою, вельмi доўгi, нашмат даўжэйшы, чым у нас, i што толькi нядаўна яны ўступiлi ў эпоху вялiкiх адкрыццяў.
Асноўная частка iх навуковых даследаванняў - я мушу яшчэ раз гэта падкрэслiць - вядзецца ў галiне фiзiялогii i накiравана ў прыватнасцi на вывучэнне малпы. У гэтых даследаваннях выкарыстоўваюцца людзi, якiя адыгрываюць такiм чынам у жыццi малпаў хоць i вартую жалю, ды ўсё ж дужа важную ролю. Добра яшчэ, што на планеце хапае людзей! Я чытаў у адной працы, што людзей тут больш, чым малпаў. Але колькасць малпаў няспынна ўзрастае, тым часам як колькасць людзей скарачаецца, i ўжо цяпер некаторыя вучоныя занепакоеныя праблемаю папаўнення матэрыялу ў сваiх лабараторыях.
Але ўсё гэта не тлумачыць таямнiцы ўзнясення малпаў на вяршыню эвалюцыi. Зрэшты, можа, нiякай тайны i няма? Магчыма, iх развiццё адбывалася гэтаксама заканамерна, як i нашае? Аднак я нiяк не магу ў гэта паверыць! А цяпер я яшчэ абсалютна дакладна ведаю, што многiя вучоныя-малпы лiчаць: пытанне малпавай эвалюцыi зусiм яшчэ не высветленае да канца. Сярод iх i Карнэлiй, i, наколькi мне вядома, яго падтрымлiваюць сама выдатныя даследнiкi. Малпы не ведаюць, адкуль яны ўзялiся i куды iдуць, i, мажлiва, пакутуюць ад такой няпэўнасцi. Што, калi менавiта гэтае пачуццё i прымушае iх з такiм iмпэтам весцi фiзiялагiчныя даследаваннi i надае асаблiвую накiраванасць усёй iх навуковай дзейнасцi?
Далей я ў сваiх гiпотэзах у тую ноч не пасунуўся.
Раздзел VI
Зiра досыць часта выводзiла мяне на прагулку ў парк. Iншы раз мы сустракалiся там з Карнэлiем i разам з iм абдумвалi прамову, з якою я павiнен быў выступiць на кангрэсе. Дзень яго адкрыцця наблiжаўся, i я нерваваўся ўсё болей. Зiра запэўнiвала мяне, што ўсё будзе добра. Карнэлiю не цярпелася вызвалiць мяне, 'каб пачаць грунтоўна вывучаць мяне', - тут ён паправiўся, убачыўшы маю незадаволенасць такой тэрмiналогiяй, - 'каб супрацоўнiчаць са мною'.
Аднаго разу Карнэлiй не змог прыйсцi, i Зiра прапанавала наведаць заалагiчны сад побач з паркам. Я, вядома, схадзiў бы лепш у тэатр цi ў музей, але гэтыя ўстановы былi пакуль што яшчэ не для мяне. Праўда, пэўнае ўяўленне пра мастацтва малпаў я ўжо меў, бо прагледзеў некалькi кнiг па выяўленчым мастацтве. Мяне вельмi ўразiлi рэпрадукцыi класiчных карцiн - партрэты знакамiтых малпаў, вясковыя пейзажы, батальныя сцэны часоў войнаў, са страшнымi гарыламi ў стракатых мундзiрах, або сладастрасныя аголеныя самкi, вакол якiх пырхалi крылатыя малпачкi-амуры. Былi ў малпаў i свае iмпрэсiянiсты, а некаторыя сучасныя мастакi ўзвысiлiся нават да абстрактнага жывапiсу. З усiм гэтым я пазнаёмiўся ў сябе ў клетцы пры святле электрычнага лiхтара.
Я не мог з'явiцца ў тэатры цi музеi голы, таму Зiра вадзiла мяне толькi на вiдовiшчы пад адкрытым небам. Так я ўбачыў гульню, якая нагадвала наш футбол, прысутнiчаў на жудаснай сустрэчы па боксе памiж дзвюма гарыламi i любаваўся спаборнiцтвамi па скачках з шастом, на якiх шымпанзэ ўзляталi на неверагодную вышыню.
Ну што ж, сёння я згадзiўся наведаць заасад. Спачатку я не заўважыў там нiчога асаблiвага. Жывёлiны вельмi нагадвалi нашых зямных звяроў. Тут былi драпежнiкi, хобатныя, жвачныя, паўзуны i птушкi. I калi я бачыў трохгорбага вярблюда цi вепрука з казлiнымi рагамi, гэта нiяк не магло мяне здзiвiць пасля ўсяго, што я ўжо ўбачыў на Сароры.
Дзiвiцца я пачаў, калi мы дайшлi да секцыi людзей. Зiра адразу ж пачала тузаць за ланцуг, каб хутка прайсцi далей, бо ўжо шкадавала, гледзячы цяпер на мяне, што выбралася сюды на прагулку, але цiкаўнасць мая была такая вялiкая, што ўрэшце яна саступiла.
У першай клетцы, каля якой мы спынiлiся, сядзела чалавек пяцьдзесят людзей - жанчын, мужчын, дзяцей, - выстаўленых тут напаказ на вялiкую радасць малпаў-разявак. Людзi лiхаманкава мiтусiлiся, скакалi, штурхалiся i выкiдвалi розныя фокусы, стараючыся звярнуць на сябе ўвагу. Гэта было сапраўды дзiвоснае вiдовiшча! Кожны чалавек iмкнуўся заслужыць адабрэнне маленькiх малпачак - тыя час ад часу кiдалi ў клетку якую-небудзь садавiну цi кавалкi пiражкоў, купленых ля ўвахода ў заасад у старой шымпанзэ. Калi хто-небудзь з людзей, дзiця або дарослы, рабiў асаблiва забаўны трук - узбiраўся па кратах, скакаў на карачках або пачынаў хадзiць на руках, - ён атрымлiваў узнагароду. Але толькi ласунак падаў сярод палонных, як адразу ж пачыналася бойка - дзiкуны драпалiся i цягалi адно аднаго за валасы з пранiзлiвымi звярынымi крыкамi.
Некаторыя, больш сталыя людзi, не ўдзельнiчалi ў гэтай калатнечы. Яны сядзелi ўбаку, блiжэй да кратаў, i, убачыўшы, што якая-небудзь маленькая малпачка суне лапу ў торбачку з пачастункам, умольна працягвалi да яе рукi. Малпачка звычайна спалохана адскоквала, але, калi бацькi або старэйшыя сябры смяялiся з яе, набiралася смеласцi i, не могучы яшчэ суняць дрыготку, перадавала ласунак са сваёй лапы ў руку чалавеку.
З'яўленне ў заасадзе чалавека на ланцугу здзiвiла як палонных, так i наведнiкаў. Людзi на хвiлiну перапынiлi сваю валтузню i падазрона ўтаропiлiся на мяне, але паколькi я трымаўся спакойна i з годнасцю адмаўляўся ад падачак, якiя баязлiва працягвалi мне малпачкi, то неўзабаве i малпы, i людзi страцiлi да мяне цiкавасць, я ж атрымаў мажлiвасць спакойна назiраць i за тымi, i за другiмi. Жывёльныя паводзiны людзей вымушалi мяне чырванець ад сораму: вонкава ж гэтыя дзiкуны нiчым не адрознiвалiся ад мяне.
У iншых клетках я ўбачыў тую ж самую валтузню i бойкi, што так прынiжалi людзей. Ахоплены роспаччу, я ўжо быў гатовы пакорна пайсцi ўслед за Зiраю, якая цягнула мяне адсюль за ланцуг, як раптам ледзь утрымаўся, каб не закрычаць: у адной з клетак я ўбачыў у статку людзей майго спадарожнiка па касмiчнай
