загадкi. Толькi дзе? Але вось палёт ягоны запаволiўся, ён лунаў ужо не сярод зораў, а пад iмi, значыць, пачалося зьнiжэньне. Здаецца, зьнiжэньне па сьпiралi цi што? Музыка гучала аж да нясьцерпнасьцi ўрачыста i кранальна. Так, там яўна штось здарылася, падобна - некага хавалi. Але каго? Так урачыста хаваць можна хiба што самога Бога. Але няўжо тут жыў Бог? Усё ж месца Бога вышэй, над усiмi i ўсiм, створаным iм. Над зямлёй, плянэтамi, зоркамi i космасам. Так, прынамсi, лiчыў ён змалку, так было засьведчана ў сьвятым пiсаньнi.

Ён ужо не апускаўся нават па сьпiралi, ён кружыў над адным, бадай, месцам - чорным хаўтурным месцам у паўночным паўшар'i неба. Рэквiем то гучаў выразна, то зацiхаў трохi, i тады ён разумеў, што аддаляецца ад нейкай мясьцiны - цi не ад крынiцы музыкi? Нейкi час у ягоным становiшчы нiчога не мянялася - ягоныя кругi паўтаралiся адзiн за адным, i ён падумаў, што ад яго штось вымагалася. Зрабiць цi хоць бы спытаць? Толькi ў каго? Нiкога нiдзе не было паблiзу, нават i бацькаў прывiд тут ужо зьнiк канчаткова. Ён быў адзiн - у суцэльнай цемрадзi, пад зорным купалам, над цёмнай зямлёй, адкуль iмкнула ўвысь i ўшыркi загадкавая музыка. I тады ён наважыўся.

- Каго хаваеце? - хрыплавата крыкнуў у цемру i аж не пазнаў свайго голасу, - гэтак жахлiва гучна прагучэў ён у касьмiчнай прасторы. Толькi рэзананснае рэха голасу сьцiхла ўгары, як зноў жа з тае прасторы пачулася:

- Народ хаваем...

'Якi народ? Чаму народ?' - заварочалiся ў ягонай сьвядомасьцi недаўменныя думкi-пытаньнi. Але вымавiць iх ён не наважыўся: мабыць, тое было ўжо занадта. Усё ўслухоўваючыся, ён стараўся зразумець нешта i, здаецца, пачаў разумець. Канечне, не дарма тут бацька. Але пры чым тут ён, бацькаў сын? Навошта яго прынесла сюды нейкая добрая цi злая воля?

А калi боская воля? I прынесла яго сюды праз космас, цераз акiян не дарма, бо было ў тым нейкае наканаваньне. Мо нават выбар, думаў ён, па-ранейшаму кружляючы i кружляючы ў недаўменьнi над змрочнай зямной прасторай. Выпiсваў у разрэджаным паветры кола за колам, а рэквiем чуў то выразна i гучна, то цiшэй, то аддалена. I раптам ён з жахам падумаў: што будзе, калi сьцiхне музыка? Куды яму? Як яму? Вярнуцца назад ён ня ведаў як, а ўпасьцi на гэтую змрочную хаўтурную зямлю было б жахлiва. Падняцца ў космас? Але як? Тое ўжо ад яго не залежала, ён ведаў. Адчуваньне катастрофы ахапiла яго i ад яго iшло, нiбы трансьлявалася ў наасфэры. Можа толькi ў тым i быў нейкi сэнс ягонага тут зьяўленьня.

I ён круцiўся, лунаў угары, пад зорнаю высяй, усё ня мог даўмецца, што трэба зрабiць, i навошта ён тут? Дзеля чаго? Ратаваць цi ратавацца самому? Але як ён мог нешта зрабiць, калi быў падначалены чужой волi, пазбаўлены ўласнага Я. Праўда, ён адчуваў, што так доўга цягнуцца ня можа, хаўтуры ўсё ж скончацца, колькi б нi цягнулiся. Цалкам магчыма, што зь iмi скончыцца i ён.

I сапраўды, музыка стала цiшэць, бы аддаляцца кудысь у зямную цемрадзь. Але ён кружляў усё над тым самым месцам, ён не аддаляўся нiкуды, - мабыць, ужо не было куды аддаляцца. Толькi штосьцi ўнутры ў яго аддалялася ў пачуцьцях, у стаўленьнi да тае трагедыi, - рабiлася абагульненым, абстрактным, цi што. Глушэла жалобная мэлёдыя, i ён таяў зь ёй разам. Хоць сябе фiзычнага ён па-ранейшаму не адчуваў, бы i ня меў свайго цялеснага Я. Але цяпер пачало марнець i ягонае Я духоўнае...

Так цягнулася, мабыць, усё ж доўга, а мо i каротка - ён не адчуваў часу. Можа, гадзiну, а можа i год... I ўжо ён усьвядомiў, што яго самога ў прасторы стала да мiзэрнага мала. Краёчак ягонага былога Я. Усё астатняе сасмактала цемра з далёкiм, як у пачатку, жалобным гулам, ды зорным касьмiчным бляскам угары.

А пасьля не засталося нiчога...

ВОСЬЛIК

На зорным небе мiж чорных верхавiн кiпарысаў блiскуча сьвяцiла летняя поўня. Яе ясны зiхотны водсьвет няроўна ляжаў на верхнiх камянях доўгай мураванай сьцяны, за якой тулiўся вузкi бядняцкi падворак з мандарынавымi дрэўцамi на схiле ды двума-трыма каменнымi хлеўчукамi нiжэй. Ля рогу аднаго зь iх, прыхаваны ценем блiжняга кiпарысу, сядзеў чалавек, якi, не зважаючы на начны позьнi час, ня спаў i нават не заплюшчваў вочы, здаецца, i ня дыхаў нават, толькi чуйна ўслухоўваўся ў кожны гук з навакольля. Як цень ад кiпарысу пасунуўся ўбок, i поўня далiкатна кранула зарослы чорнаю шчэцьцю твар, чалавек, не ўстаючы, пасунуўся далей у цень. Было вiдавочна, што ён асьцерагаўся начнога сьвятла, не хацеў, каб яго згледзелi тут, на гэтым ускраiнным гарадзкiм падворку, дзе ён, вiдаць па ўсiм, бавiў час, чагосьцi чакаючы.

Але побач не было нiкога, нiхто да яго не падыходзiў. Вузкая сьцежка за нiзкай сьцяной, што бегла ўсьцяж камянiстага, зарослага чорным кустоўем раўчука, ляжала пустая, на падворку побач не здаралася нiводнага чалавечага руху. Дзесь у калючым, ссохлым ад дзённае гарачынi быльнягу нязмоўчна трашчэлi цыкады, ды за будынiнай на падворку зрэдчасу варушыўся, уздыхаў галодны малады восьлiк. Надвячоркам, як трохi сьцямнелася, чалавек падабраў у доле рэшту травяных аб'едкаў, пасунуў блiжэй да прывязанай жывёлiны. Аднак восьлiк не накiнуўся на траву, толькi няўцямна паўзiраўся ў незнаёмага чалавека i жаласьлiва раўнуў - ён чакаў гаспадара. Але гаспадар прапаў ад учарашняга ранку, i чалавек думаў, як бы ня сталася бяда. Як бы гаспадар не прывёў сюды тых, каго цяпер належала асьцерагацца.

Асьцерагацца ён стаў даўно, прынамсi, ня першы месяц. Адразу, як ляснула iх сьвятая агульная справа, i яны рассыпалiся, хто куды. Тыя, што ацалелi ад арышту, турмаў ды лягераў, перайшлi горы, знайшлi нейкi прытулак у суседняй, думалася, дэмакратычнай краiне, дзе яны мелiся знайсьцi i падтрымку. Дэмакратыi там, здаецца, хапала, але з падтрымкай мала што атрымалася. Учора ён глухой горнай сьцежкай перайшоў мяжу i спусьцiўся з гораў назад у гэтую няшчасную краiну, яго радзiму. Якую, не зважаючы на ўсё самае лiхое, прадаўжаў любiць сыноўскаю любоўю патрыёта цi, як некаторыя казалi, - нацыяналiста. Хай будзе i так, ад зьмены назвы ягоная адданасьць краiне i яе гаротнаму люду ня зьменшыцца. Тое ён ведаў пэўна.

Хоць, вiдаць, тое было нялёгка - некаторыя абставiны пачалi сьведчыць супраць тае яго любовi. У гарах ён мог знайсьцi схованку мiж зарасьнiку i камянёў, але ў горадзе яе трэба было шукаць мiж людзей. Першы, да каго ён прыбрыў на золку, быў iхны колiшнi добры сябра, стары мудры гаршчэчнiк, што нямала памог iм у iх барацьбе. Але гаршчэчнiк, сказалi, памёр сваёй сьмерцю, падкошаны горам ад страты сыноў. Прасiць прытулку ў заплаканай зьнямоглай нявесткi ён не адважыўся. Зрэшты, абсыпаная дзецьмi, тая й ня надта запрашала яго, i ён пайшоў прэч. Памятаў, што непадалёк жыў студэнт, таксама iхны сябра, якога ён уцягнуў у рух i зрабiў неблагiм агiтатарам. Але ўжо было ведама, што хворага на сухоты студэнта, адзiнага сына ў мацi, таксама ўзялi. Цяпер той паволi канаў недзе на сталiчным стадыёне сярод тысячаў iншых - бязьвiнных зусiм i вiнаватых хiба тым, што не схацелi жыць пад драпежнай уладай дыктатара. Другi, да каго ён пастукаў у тую ноч, спаў на ўласнай пасьцелi, але ён не пусьцiў яго й на парог, сказаў, што сам сядзiць, бы на iголках, - чакае гасьцей у бронекамiзэльках. То быў iхны аднадумца - сьвятар, i чалавек падумаў: можа, i праўда, можа, i чакае. Але яму стала крыўдна, а галоўнае пачынаўся сьвiтанак, i было невядома, куды падацца на дзень.

Патуляўшыся па ўскраiне, ён падаўся да вадавоза, якога ведаў зь дзiцячай пары ад сваёй колiшняй нянькi. То быў балбатлiвы стары, п'янiца i абiбок, ён ахвотна ўзяў зь ягоных рук апошнюю ягоную купюру i прапаў на ўвесь дзень. I на ўсю наступную ноч, якую цяпер чалавек дабiваў разам з галодным восьлiкам.

Пад ранак, як поўня закацiлася за пляскаты дах суседняй будынiны, чалавек устаў i падышоў да варотцаў у завулак. Тут ляжаў глухi начны цень, чорнае прысядзiбнае кустоўе добра хавала яго на падворку. Унiзе, рассыпаўшыся на павольным схiле, ляжаў сонны горад, месячныя прыцемкi лагодна ахiналi крывыя вулiчкi жабрацкiх прадмесьцяў, бязладныя забудоўкi каменных, глiняных, саманных сядзiбаў. Нiдзе паблiзу ня блiскала нiводнага агеньчыка, не сьвяцiлася нiводнай лямпачкi; прадмесьцi танулi ў туманiстым месячным сутоньнi. Толькi ўдалечынi зьзялi адбiткi сьвятла з-за высокiх дахаў камянiц у цэнтры, дзе высiўся нябачны адсюль прэзыдэнцкi палац, ратуша зь вежай i падсьветленым гадзiньнiкам, гатэлi, дзьве палiцэйскiя казармы за катэдрай у старажытных, нядаўна мадэрнiзаваных кляштарах. Турма месьцiлася далей, на ўскраiне, i таксама ў кляштары каля рэчкi. То было дужа здатнае месьцейка, у iм цяпер пляжылi маладыя жыцьцi шмат хто зь ягоных сяброў. Iншых, мабыць, няма ўжо i ў жывых, i наўрад цi знойдуцца калi iх магiлкi - гарылы ўмелi хаваць ахвяры - бяз знаку i сьледу.

Стоячы ў месячных прыцемках ля паламаных варотцаў, чалавек рашыў канчаткова: тое ён зробiць сёньня, уранку, адкладваць далей было немагчыма. Адклад можа абярнуцца для яго катастрофай.

Шкада, для таго зноў патрэбныя былi людзi; было бязглузда рабiць тое ўпотай, безь людзей. Толькi на людзях, лепей на плошчы. Але не на рынкавай мэтазгодна было б на ратушовай. Тую плошчу ён ведаў змалку, туды хадзiў гуляць зь нянькай, затым церазь яе бегаў у недалёкую школу. Там жа ён упершыню

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату