ты скажаш - нi капейкi!
У акно разгублена, то бялеючы, то чырванеючы, глядзеў малады чалавек, з выгляду студэнт. На iм быў новенькi каверкотавы касцюм з ледзь прыкметнай блакiтнай палоскай i шэры капялюш. I яшчэ мне запомнiўся яго ярка-чырвоны гальштук, завязаны на вялiкi вузел.
- Што ж цяпер?.. - збянтэжана прамовiў малады чалавек, круцячы ў руках канверт. - Прамок, разумееце, ранiцой, забег пераапрануцца, i вось - на табе...
- А вы не палохайцеся, - адказала я чамусьцi словамi Аўдоццi Паўлаўны.
- Не, праўда, што ж рабiць? - Ён разгублена зiрнуў на мяне, потым на Гур'янчыка, на Аўдоццю Паўлаўну.
- А нiчога! - сказала я. - Прынясеце пры выпадку, другiм разам.
Малады чалавек неяк няўмела, адчуваючы няёмкасць, стаў дзякаваць, ён некалькi разоў паўтарыў, што вядома ж, абавязкова прынясе грошы, прынясе сёння ж. Я заўважыла, што калi ён выходзiў з залы, то павярнуўся i яшчэ раз паглядзеў на мяне...
- Чакайце, прынясе! - сярдзiтым голасам сказаў Гур'янчык, махнуў рукой i пайшоў. Аўдоцця Паўлаўна таксама некуды адышла, i я засталася за сваiм сталом адна.
Насупроць мяне за гэткiм жа сталом, як i мой, сядзiць немаладая жанчына ў цёмна-сiняй кофтачцы. Гэта - Зiнаiда Нiлаўна, мяне пазнаёмiлi ўжо з ёю. Яна прымае заказныя пiсьмы. Зiнаiда Нiлаўна сядзiць спiною да мяне, i я амаль не бачу яе твару. У яе вясёлы характар, яна ўвесь час размаўляе са сваiмi клiентамi. А чарга да яе акна вялiкая. Я заўважыла, што некаторым даводзiцца стаяць у ёй па два разы. Вось падышоў рослы шыракаплечы хлопец з нейкай здаволенай, нават нiбы радаснай усмешкай на твары. Ён працягнуў вялiкi, жоўтага колеру канверт. Зiнаiда Нiлаўна кiнула яго на вагi, паглядзела ў кнiгу расцэнак за перасылку карэспандэнцыi i аддала канверт назад:
- Два рублi сорак капеек... Наступны!
Хлопец здзiўлена паглядзеў на Зiнаiду Нiлаўну, вiдаць, не разумеючы, чаму яму вернута пiсьмо.
- Маркi побач, - з лагоднай усмешкай растлумачыла Зiнаiда Нiлаўна. - У сёмым акне. Наступны! У вас заказное? Авiя? Тады яшчэ на рубель вазьмiце марак. Наступны!
Цяпер я не бачыла твару хлопца, але чула, як ён, хоць i па-ранейшаму весела, але ўжо з ноткай прыкрасцi ў голасе прамовiў:
- Скажыце дзякуй вашаму богу, грамадзяначка, за тое, што ў мяне сёння дзень такi... А то накатаў бы я на вас скаргу, як пiць даць!
- За што?.. - здзiвiлася Зiнаiда Нiлаўна i нават пацямнела з твару.
- Хiба вы самi не можаце даць маркi або нават i наклеiць iх? Ганяеце людзей ад аднаго акна да другога.
- Не магу, бо не паложана. У мяне i марак нават няма. Я толькi прымаю пiсьмы. I не чапiцеся да мяне ненаведама праз што!
- Ну i парадачкi! От напiсаць бы на вас у газету!
Хлопец падышоў да майго акна.
- Фiзкульт-прывет, даражэнькая! А можа i вы мяне куды яшчэ пашляце?
Ды я ўжо загадзя падрыхтавала яму марак на два рублi i сорак капеек i цяпер працягнула iх у акенца. Хлопец заплацiў грошы, прыклеiў маркi i яшчэ раз сказаў:
- Фiзкульт-прывет!
I памахаў левай рукой.
'Спартсмен, напэўна', - падумалася мне.
У хлопца на правай руцэ былi забiнтаваны вялiкi i ўказальны пальцы, i ён усё рабiў левай рукой. Я ўзяла ягоны канверт i перадала Зiнаiдзе Нiлаўне. Мiжвольна зiрнула на адрас. Пiсьмо пасылалася ў Маскву, у выдавецтва. 'А можа пiсьменнiк? - мiльганула новая думка. - Паэт, га?'
Хлопец адышоўся, але раптам зноў вярнуўся да майго акна.
- Ледзь не забыўся... Бланк можна, даражэнькая? Для тэлеграмы. - Ён азiрнуўся наўкола i, як мне здалося, узрадаваўся, што каля акна нiкога няма. Вiнавата ўсмiхаючыся, ён амаль шэптам сказаў: - Рука вось... паранiў учора. Чамадан рамантаваў. Можа напiшаце, га? Тут усё пра ўсё некалькi слоў. Га?
- Дыктуйце.
I я падрыхтавалася пiсаць.
- Значыць, так, - спяшаючыся, загаварыў ён. - Пiшыце. Орша, Дэпоўская, сто дваццаць тры, Чупраковай Анастасii Гаўрылаўне. Напiсалi? Цяпер тэкст. Выязджаю новую будоўлю, падрабязнасцi пiсьмом. Ёсць?.. Ну i яшчэ: цалую, твой Анфiл. Усё!
На слове 'цалую' я пасадзiла кляксу, i тэлеграму прыйшлося перапiсваць.
- Эх, задаў я вам работы, - сумеўся Анфiл. - Але ж ведаеце - мацi. Яна ж непакоiцца.
На гэты раз слова 'цалую' напiсалася асаблiва выразна.
- Ну i дзянёчак жа ў мяне сёння - адзiн раз у жыццi такi бывае! На вялiкую будоўлю ўзялi! Экскаватаршчык я, - ахвотна расказваў Анфiл. - На шагаючы разлiчваю трапiць.
- А я думала - вы спартсмен.
- Спартсмен? Што вы! Балельшчык - гэта праўда. Адзiн - нуль у маю карысць!
I ён пайшоў да выхаду лёгкай роўнай хадою, энергiчна махаючы левай рукою.
Я чамусьцi ўздыхнула...
Перад самым заканчэннем майго першага працоўнага дня зноў прыйшоў Гур'янчык.
- Куды ж гэта варта, таварыш Гур'янчык! - накiнулася я на яго. - Што ж гэта такое! Людзi павiнны стаяць там, потым iсцi сюды, стаяць тут, пасля iзноў вяртацца назад, iзноў стаяць. Куды гэта варта?!
Гур'янчык доўга не мог зразумець, што я хачу сказаць. Злуючыся на яго за някемлiвасць, я растлумачыла, што трэба было б зрабiць неяк так, каб людзям не прыходзiлася стаяць па тры разы ў чарзе з-за аднаго пiсьма.
- Добра, падумаем. - Ён паглядзеў на гадзiннiк, асцярожна запытаў: Гэты... студэнт не прыходзiў?
- Не...
- Чакайце, прыйдзе, а як жа! - У голасе Гур'янчыка гучала iронiя. Ён патаптаўся крыху на месцы, адышоў, потым зноў падышоў да майго стала. - Вы вось што... Пакладзiце ў касу. - I, кiнуўшы мне на стол дзве саракоўкi, Гур'янчык кароткiмi сваiмi крокамi выбег за дзверы. Не паспелi дзверы зачынiцца за iм, як я пачула ў акенцы знаёмы голас:
- Ледзь не спазнiўся! Вось... Дзякую вам...
На мой стол побач з манетамi Гур'янчыка ляглi яшчэ дзве.
А потым у акенцы нешта зашамацела, i я ўбачыла букет пахучых руж.
- Ад маёй брыгады! - данеслася з-за кветак. Букет завяз у акне, i таму я нiкога не бачыла. - Ад брыгады токараў завода iмя Кiрава. Пiсямко, прызнаюся, было калектыўнае. Маскоўскiм токарам, абмен вопытам.
- Што ж вы, токары-пекары, у рабочы час па кветкавых магазiнах расхаджваеце? - якраз падышоўшы да мяне, сказала Аўдоцця Паўлаўна.
- А нам працаваць у начную змену.
Букет, нарэшце, пралез, i я ўбачыла ў акенцы ярка-чырвоны, як i ружы, гальштук. Токар памахаў мне рукой i знiк.
Напэўна, гэта нядобра - прымаць на рабоце ружы?.. Але згадзiцеся самi: хiба ж дзяўчына можа адмовiцца ад кветак?..
...На галоўнай магiстралi нашага горада - шумна. Туды i назад iдуць людзi, бягуць аўтамашыны. Перашэптваюцца аб нечым лiпы.
Я iду не спяшаючыся, павольна. Iду дамоў. З работы.
Правай рукой прыцiскаю да грудзей букет. Адчуваю, што на яго многiя заглядаюцца.
I раптам з правага боку чую моцны мужчынскi голас:
- Алё, даражэнькая! Фiзкульт-прывет!
Так, гэта быў ён, экскаватаршчык Анфiл! Хiба я магла не пазнаць яго! Анфiл шырока ўсмiхаўся, увесь твар яго ззяў радасцю. Мiжвольна заўсмiхалася i я.
- Ну як? - спытала я, i сама здзiвiлася, што звярнулася да яго, як да старога знаёмага.
- Парадачак! - трасянуўшы сваiмi каштанавымi валасамi, прагаварыў экскаватаршчык. - Бiлет - вось ён, у