з'явiўся на рамбазе малады афiцэр. Стала прыгожая Лёдзя хадзiць па койданаўскiх вулiцах з высокiм афiцэрам, а лысаваты Эня дарэмна прыходзiў на рамбазу. Не прайшоў i месяц, як загрымеў бубен на Лёдзiным вяселлi. Афiцэр за вясельным сталом сядзеў у чорным цывiльным гарнiтуры. А Эня Цыканоўскi тым часам выпiў у сваёй аптэцы. Эня выпiў не гарэлкi i не спiрту за здароўе маладых. Эня выпiў паўлiтра воцату, i яго не ўратавалi. Койданава гаварыла, што Эню Цыканоўскага панясуць хаваць у белым мяшку, а не ў труне, але пахавалi Цыканоўскага ў труне. А прадаўшчыца Лёдзя са сваiм афiцэрам з'ехала ў Сiбiр. Людзi казалi, што афiцэр кiнуў Лёдзю з двума дзецьмi, казаць казалi, але мала хто верыў.

Камянi... Камянi... Каменныя далонi на плiтах, каменныя зоры... Год за годам, вясну за вясною ўрастаюць камянi ў зямлю. Танкарогiя белыя козы пасвяцца на койданаўскiх жыдоўскiх могiлках. Хiтрыя гаспадары крадуць камянi i робяць з iх падмуркi сваiх дамкоў, але так робяць прыезджыя i прыблудныя, бо не зможа койданаўскi чалавек жыць у доме, якi стаiць на жыдоўскiх помнiках. Iншая справа, калi будавалi бальнiцу i бурылi рэшткi замка на Кальвiнскай гары, там людзi бралi i валуны на падмуркi, i цэглу. Але замак гэта замак, а могiлкi - гэта зусiм iншае. На Кальвiнскай гары таксама пасвяцца козы.

Непадалёк ад Кальвiнскай гары жыла самая прыгожая дзяўчына ў Койданаве Валя. Колькi было размоваў, за каго пойдзе Валя, каму з хлопцаў пашанцуе. Большасць была ўпэўненая, што Валя пойдзе за самага прыгожага хлопца ў мястэчку, за Ярака Ясюкевiча, бо такога прыгожага, як Ярак, трэба яшчэ пашукаць, i невядома, цi знойдзеш. Але лёс i ў Валi, i ў Ярака быў зусiм iншы, нiводная здагадка не спраўдзiлася. Прыгожая Валя ўтапiлася ў возеры. На вяселлi яна была за шаферку i са сваiмi двума братамi пайшла з таго вяселля на возера купацца, бо гарачыня стаяла страшэнная, сонца пякло цэлы тыдзень. П'яныя браты палезлi ў крынiчную ваду, i аднаму з братоў ногi скруцiла сутарга, ён пачаў тануць i хапацца за другога брата. Валя кiнулася ратаваць. Той, якога скруцiла сутарга, адпусцiў брата i ўчапiўся ў Валю. Валя з малодшым братам пайшла на дно, а старэйшы даплыў да берага, выскачыў i пабег на вяселле клiкаць на помач. Так ён i прыбег на двор, дзе грымела музыка i танчыў п'яны вясёлы народ, так ён i стаў пасярод двара мокры, у адных трусах. Калi вясельнiкi з вылупленымi вачыма стаялi на беразе i цяжка, засопшыся ад бегу, дыхалi, дык бачылi толькi малодшага з братоў, якi ляжаў на беразе i быў без прытомнасцi. Мужчыны палезлi ў ваду шукаць Валю i даволi хутка знайшлi яе цела пад прыбярэжным карчом. Спробы ўратаваць дзяўчыну былi марныя. Казалi, каб быў лекар цi каб на колькi хвiлiн Валю знайшлi раней, цi каб... Але казаць можна што заўгодна, а прыгожая Валя выратавала братоў, а сабе знайшла смерць у крынiчнай вадзе койданаўскага возера, пад прыбярэжным карчом. Плакала ўсё Койданава. Хавалi Валю ў белым строi нявесты, i ляжала яна ў труне, як жывая. За машынаю, на якой везлi труну, iшло столькi народу, колькi не iшло нi за адной iншай труною, бо не было ў Койданаве прыгажэйшай дзяўчыны. А каб Валiна апошняя дарога была хоць крышку даўжэйшая, машына тры разы аб'ехала вакол сквера. На Валiным помнiку браты напiсалi: 'Трагiчна загiнула'. Так i не пашанцавала нiводнаму з койданаўскiх хлопцаў узяць сабе за жонку прыгожую Валю.

А што да Ярака Ясюкевiча, дык ён страцiў сваю прыгажосць недарэчна i нечакана для ўсiх. Варыў ён бiтум у жалезнай бочцы. Бiтум закiпеў i плюхнуў Яраку на галаву, калi той падкладаў дровы ў агонь пад бочкаю. Выратаваць Ярака выратавалi, ён нават не аслеп, але пра нейкую прыгажосць гаварыць ужо не было нiякай падставы. Пасля бальнiцы Ярак пачаў пiць i хутка ператварыўся ў шэрую iстоту, якiя таўкуцца каля крамных дзвярэй у вечным чаканнi з пякельнай смагаю ў роце. Спачатку Ясюкевiча шкадавалi, а потым няўзнак пачалi абыходзiць. Вось такi лёс быў у самых прыгожых людзей з Койданава. Лёс даў Яраку i Валi прыгажосць, а потым з д'ябальскай жорсткасцю забраў яе.

Мне снiцца... Цi, хутчэй, мною снiцца Койданава.

А вось з кошыкам у руцэ iдзе па грыбы ўдмурт Кулемiн. Той самы Кулемiн, якi не можа жыць без грыбоў. Яго любяць дзецi з нашай вулiцы, бо Кулемiн бярэ iх з сабою ў лес. Ён, як свой гарод, ведае i Рыжаўку, i Бязоднiцу, i другiя навакольныя лясы, куды можна зайсцi пешкi, бо ровары, машыны i матацыклы Кулемiн не прызнае. Ён iдзе, як заўсёды, наперадзе, а за iм з кашамi iдуць Вiцька i Воўка Бакiноўскiя...

Цыбаты Вiцька i крываногi Воўка, яны ўдвух бiлiся са сваiм бацькам, маленькiм сухiм Стасiкам. Стась Бакiноўскi пiў, а як напiваўся, трацiў розум i хапаўся за сякеру. Воўка з Вiцькам бралi калы i баранiлi мацi. З крыкам i лямантам бегалi Бакiноўскiя па гародзе вакол сваёй хаты. Бойкi гэтыя звычайна канчалiся тым, што Стась кiдаў сякеру ў гарод, садзiўся на ганак i плакаў п'янымi слязамi, побач з iм садзiлiся на ганак Вiцька i Воўка.

Кулемiн iдзе басанож. Ён любiць хадзiць басанож i не любiць галiцца. Сiвая, па-татарску рэдкая шчэць блiшчыць на загарэлым твары. Толькi адзiн раз бачыў я Кулемiнаў твар скажоны крыўдаю i болем. Тады мы iшлi па грыбы ў Рыжаўку. Рыжаўка - лес з балотамi. Iшлi мы такiм балотам. Кулемiн крочыў наперадзе i наступiў на гадзюку, а тая ўкусiла яго за пяту. Кулемiн сеў на мох, дастаў з каша нож i адрэзаў кавалак пяты, за якi ўкусiла змяя. У мяне ад жаху сшэрхла скура. Кулемiн зняў кашулю, адарваў рукаво i абвязаў пяту. На выцвiлай анучы цёмнай свежасцю выступiла кроў. Вярталiся мы праз жыта. Я нiяк не мог адарваць погляд ад Кулемiнавай пяты. Быў тады з намi i Кулемiнаў Воўка, ён, як убачыў, што бацька нажом сабе кавалак мяса адрэзаў, пачаў ад страху рагатаць i рагатаў, пакуль бацька не выцяў яго папругаю, тады Воўка пачаў iкаць. Мы вярталiся ў Койданава праз жыта: Кулемiн iшоў наперадзе, я глядзеў на пяту, а Воўка iшоў за мною i iкаў.

Другi раз Воўка Кулемiн iкаў на койданаўскай плошчы каля хлебнай крамы.

Па хлеб мы ездзiлi на роварах. У цемнаватай краме пахла дрэвам i кiслай вiльгаццю. Боханы мы прывязвалi да багажнiкаў. Ездзiць па хлеб, напэўна, самы прыемны з абавязкаў койданаўскiх дзяцей. Праўда, было i такое, што каля крамы прападалi ровары, але мой i братаў, Антося Кiсяля, былi такiя дабiтыя, што нiводзiн злодзей не спакусiўся. А вось у Воўкi Кулемiна новы дарожны ровар, якi той пакiнуў каля хлебнае крамы, нехта звёў. Воўка плакаў i гаварыў: 'Злаўлю - заб'ю! Злаўлю, заб'ю!' Толькi нiкога ён не злавiў i не забiў, акрамя гадзюкi, якую прыцёг з Бязоднiцы i павесiў на яблынi ў сваiм двары. А Воўкава мацi, Кулемiнава Нiнка, спалохалася, а як даведалася, што Воўка тую змяю павесiў, лупiла яго салдацкiм пасам. Воўка паса не баяўся. Ён i холаду не баяўся - хадзiў зiмою па ваду басанож i не хварэў. I не плакаў Воўка Кулемiн нiколi, толькi ў той раз, як ровар нейкая паскуда павяла. Ён тады сядзеў пасярод плошчы на пяску, i хлеб ягоны ляжаў на пяску, сядзеў Воўка i плакаў, аж пакуль iкаўка на яго не напала. Толькi як стаў ён iкаць, тады падняў хлеб i пайшоў з плошчы.

Снiцца Койданава.

Быў у Койданаве граф, праўда, такi ён граф, як усе астатнiя хлопцы i дзяўчаты былi баронамi i баранесамi, але якi быў, такi быў. Звалi яго - граф Альто. Называць сябе графам ён пачаў яшчэ са школы. Альто расказваў сваiм сябрам па вялiкiм сакрэце, што ён зусiм i не Анатоль Жыдовiч, а граф, i сапраўднае яго прозвiшча - Альто, i што на гарышчы ў старым куфры ён знайшоў паперы, у якiх ясна напiсана, што i бацька яго, i дзед, i прадзед - графы Альто. Папер тых сябры не бачылi, але мянушка ўсё ж прыляпiлася да Анатоля, i ў Койданаве з'явiўся свой граф. Зразумела, каб быць сапраўдным графам, мянушкi мала, патрэбен капiтал. Граф Альто разумеў гэтую простую iсцiну i зрабiў усё, каб мець грошы да свайго самапальнага тытула. Альто скончыў сталiчную вышэйшую навучальную ўстанову i да абароны дыплома звадзiў у загс унучку рэспублiканскага дзеяча культуры. Графа Альто не спынiў нават той факт, што ягоная будучая цешча за месяц да вяселля наведала койданаўскую палiклiнiку i за невялiкi хабар (багатыя вялiкi хабар не даюць) праверыла, цi няма ў будучага зяця якой шызафрэнii цi залечаных пранцаў з менiнгiтам. Нi менiнгiту, нi пранцоў цешча не знайшла. Акрамя хрэстаматыйнай свiнкi 'дзюдзi', нiякiя хваробы ў Анатолевым целе не вялiся.

Цешча засталася задаволеная сваiм тайным наведваннем правiнцыйнай палiклiнiкi, пра якое гаварыла ўсё Койданава. Граф Альто пераехаў у Менск i зажыў новым, хай сабе i не вельмi вольным, затое сытым жыццём. У Койданава граф прыязджаў летам, калi ехаў дамоў, як на дачу, каб паесцi любiмых ананасавых яблыкаў. Першыя колькi гадоў усё было цiха i спакойна, але, як высветлiлася, цешча хвалявалася недарма, бо шызафрэнiя, абавязковая графская хвароба (хто не ведае, як выдурвалiся ранейшыя графы?!), прыйшла i да Альто. Спачатку на яе хварэў Анатолеў цесць, адзiны нашчадак рэспублiканскага дзеяча. Цесць, высокi, барадаты, iнтэлiгентнага выгляду - нiколi не скажаш, што хворы, - аднаго разу перапiў армянскага каньяку, узяў стрэльбу i высунуўся ў акно, каб страляць па 'ворагах народа'. Дзякуй Богу, 'ворагаў' на вулiцы не было, бо на вулiцы наогул нiкога не было, была ноч. Цешча выклiкала брыгаду ў белых халатах, i стралка павезлi на адпачынак у кашулi з двухметровымi рукавамi. Сам дзеяч культуры на шызафрэнiю не хварэў, ён у вольны ад працы час пiсаў скалазубныя камедыi на злабадзённыя тэмы i друкаваў iх пад раслiнным псеўданiмам. А на асноўнай працы ён упарта i паслядоўна наблiжаў беларускую мову да вялiкай братняй

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×