Доўга чакаў жанiх у хаце адзiн, але нiхто не вяртаўся, i падумаў ён: 'Вiдаць, яны мяне ўнiзе чакаюць, трэба будзе i мне таксама туды схадзiць ды паглядзець, што яны там робяць'. Спусцiўся ён унiз, бачыць - сядзяць яны ўсе ўпяцярых i плачуць-галосяць, ды так жаласна - адно мацней за другога.
- Што ў вас за бяда здарылася? - пытаецца ён.
- Ах, мiлы Ганс, - адказала Эльза, - калi мы з табой пажэнiмся i будзе ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, то можа здарыцца, што пашлем мы яго ў склеп пiва нацадзiць, а кiрка, якая тырчыць на сцяне, можа, чаго добрага, звалiцца i разбiць яго галаву i забiць яго насмерць. Ну, як жа нам не плакаць з-за гэтага.
- Ну, - сказаў Ганс, - большага розуму для маёй гаспадаркi i не трэба. Эльза, ты такая разумная, што я з табою ажанюся, - i ўзяў яе за руку, павёў наверх i адсвяткаваў з ёю вяселле.
Пажыла яна з Гансам трохi, а ён i кажа:
- Жонка, я паеду на заробкi. Патрэбна нам на грошы разжыцца, а ты iдзi ў поле жаць пшанiцу, каб быў у нас у хаце хлеб.
- Добра, мiлы Ганс, я так i зраблю.
Пайшоў Ганс, наварыла яна сабе смачнае кашы i ўзяла з сабой у поле. Прыйшла туды i сама сябе пытае:
- Што мне рабiць? Цi жаць спачатку, цi перш паесцi? Э, мабыць, паем я спачатку.
З'ела яна гаршчок кашы, наелася i зноў пытае:
- Што мне рабiць? Цi жаць спачатку, цi, можа, перш паспаць? Вiдаць, пасплю я спярша. - Легла яна ў пшанiцу i заснула.
А Ганс у гэты час даўно ўжо дадому вярнуўся, а Эльзы ўсё няма i няма. Вось ён i кажа:
- Якая ў мяне разумная Эльза, яна такая руплiвая - i дамоў не вяртаецца i нiчога не есць.
А яе ўсё няма i няма. Ужо i вечар настаў, выйшаў Ганс у поле паглядзець, колькi яна пшанiцы нажала; бачыць, што нiколькi не зжата i ляжыць Эльза ў пшанiцы i спiць. Пабег Ганс хутчэй дамоў, прынёс з сабой птушкалоўную сетку з бразготкамi i накiнуў яе на Эльзу; а яна ўсё працягвае спаць. Пабег ён дамоў, зашчапiў дзверы, усеўся на лаву i ўзяўся за работу.
Нарэшце ўжо зусiм сцямнела, прачнулася Разумная Эльза, i толькi яна паднялася, а бразготкi на ёй зазвiнелi, i як нi зробiць яна крок, а бразготкi ўсё звiняць i звiняць. Спалохалася яна i задумалася: цi сапраўды яна Разумная Эльза? I пачала сама ў сябе пытаць: 'Цi я гэта, або не я?' I сама не ведала, як ёй на гэта адказаць, i стаяла яна некаторы час у сумненнi; нарэшце яна падумала: 'Пайду я дамоў ды запытаю, цi я гэта, або не я, - яны ўжо дакладна ведаюць'.
Прыбегла яна дадому, а дзверы зашчэплены. Пастукала яна ў аконца i пытае:
- Ганс, цi дома Эльза?
- Так, - адказвае Ганс, - яна дома.
Спалохалася яна i кажа:
- Ах, Божа мой, значыць, гэта не я! - i кiнулася да суседзяў. А людзi пачулi звон бразготак i не захацелi ёй адчыняць, i нiдзе не знайшлося ёй прытулку. I пабегла яна тады з вёскi; i нiхто яе з таго часу больш не бачыў.
ДВА БРАТЫ
Жылi аднойчы два браты, адзiн багаты, другi - бедны. Багаты быў залатаром, майстрам па залатых вырабах, ды сэрца меў злоснае, а бедны жыў з таго, што вязаў мётлы, але быў добры ды сумленны. У беднага было двое дзяцей, хлопчыкаў-блiзнят, якiя былi падобныя адзiн на аднаго, быццам дзве кроплi вады. I хадзiлi два хлопчыкi ў хату да багатага, каб паласавацца якiмi недаедкамi, што iм там кiнуць.
Здарылася так, што пайшоў аднаго разу бядняк у лес па дубцы, аж бачыць птушку ды такую прыгожую, усю з золата, якую дасюль яму анiколi сустракаць не даводзiлася. Падняў ён каменьчык, шпурнуў яго i трапiў проста ў птушку; упала з яе адно толькi залатое пёрка, а сама птушка паляцела прэч. Узяў чалавек тое пёрка ды прынёс свайму брату. А той паглядзеў на яго ды кажа:
- Гэта ж чыстае золата! - i даў бедняку шмат грошай.
Наступнага дня ўзлез бядняк на бярэзiну ды хацеў быў ссекчы некалькi галiн, аж раптам вылецела адтуль тая самая птушка. Стаў ён далей шукаць i знайшоў гняздо, а ў iм ляжала яйка i было яно залатое. Узяў ён яйка ды панёс да свайго брата, а той кажа зноў:
- Гэта ж чыстае золата! - i даў яму столькi, колькi яно каштавала.
Нарэшце залатар прамовiў:
- Хацеў бы я мець самую птушку!
Бядняк падаўся ў трэцi раз у лес i зноў убачыў на дрэве залатую птушку; узяў ён камень, падбiў яе ды прынёс да свайго брата. Той даў яму за гэта цэлую жменю грошай. 'Ну, цяпер мне ёсць на што разжыцца', - падумаў бядняк ды пайшоў шчаслiвы дахаты.
А залатар быў хiтры ды разумны: ён адразу ўцямiў, што гэта за птушка. Ён паклiкаў сваю жонку ды й кажа:
- Засмаж мне гэтую залатую птушку ды глядзi, каб анiшто з яе не прапала. У мяне ахвота ёсць з'есцi яе аднаму.
А птушка тая была не простая, а чарадзейная: хто з'есць яе сэрца ды печань, той кожнае ранiцы будзе знаходзiць у сябе пад падушкай залаты.
Аскубла жонка птушку, згатавала яе як мае быць, насадзiла на ражон ды пачала смажыць. Ды здарылася так, што спатрэбiлася ёй выйсцi з кухнi па нейкай справе, i заскочылi туды якраз у гэты час двое дзяцей беднага метляра, сталi каля ражна ды некалькi разоў пакруцiлi. I вывалiлiся з птушкi на патэльню два кавалачкi, а хлопчык i кажа:
- Я галодны вельмi. Давай з'ямо гэтыя маленечкiя кавалачкi, гэтага ж нiхто не заўважыць.
I яны з'елi абодва па кавалачку; а тут уваходзiць жонка багатага, бачыць, што яны нешта ядуць, ды пытаецца:
- Што вы ясцё?
- А тыя два кавалачкi, што выпалi з птушкi, - адказалi хлопчыкi.
- Ды гэта ж былi сэрца й печань! - усклiкнула спалоханая жанчына i, каб муж нiчога не заўважыў ды не ўзлаваўся, яна хуценька зарэзала пеўнiка, выразала ў яго сэрца i печань ды засунула iх у залатую птушку. Калi птушка засмажылася, жанчына прынесла яе да залатара, i той з'еў яе адзiн, нiчагусенькi не пакiнуўшы. Наступнае ранiцы засунуў ён руку пад падушкi, спадзеючыся выцягнуць адтуль залаты, але там анiчога не аказалася.
А дзецi i не ведалi, адкуль iм шчасце гэткае прывалiла: наступнае ранiцы, толькi яны падхапiлiся, аж нешта са звонам упала на падлогу; паднялi яны, глядзяць, - а гэта два чырвонцы. Прынеслi яны iх да свайго бацькi. Той здзiвiўся ды кажа:
- Як жа такое магло здарыцца?
Але ж калi i наступнае ранiцы знайшлi яны два залатыя, i гэтак штодня, дык падаўся ён да свайго брата ды распавёў яму гэтую дзiўную гiсторыю.
Залатар адразу ж скемiў, як гэта выйшла, i зразумеў, што дзецi з'елi сэрца й печань залатое птушкi. I вось, каб адпомсцiць iм за гэта, - а быў ён да таго ж зайздрослiвы ды бессардэчны, - ён сказаў да iхнага бацькi:
- Дзецi твае з нячыстаю сiлаю злыгалiся; не бяры гэтыя залатыя i не трымай iх больш у сваёй хаце, бо нячысцiк мае над iмi сiлу ды можа й цябе самога давесцi да бяды.
Бацька баяўся чорта, i як нi было яму цяжка, а завёў ён сваiх дзяцей-блiзнятак у лес ды кiнуў iх там, хоць i шчымела яму на сэрцы.
Вось пачалi двое дзяцей блукаць па лесе ў пошуках дарогi дамоў, але знайсцi яе анiяк не маглi i ўсё глыбей ды глыбей заходзiлi ў густыя нетры. Сустрэлi яны нарэшце паляўнiчага, i спытаўся ён У iх:
- Дзецi, чые вы?
- Мы сыны беднага метляра, - адказалi яны ды распавялi яму, што бацька не захацеў больш трымаць iх у хаце ў сябе праз тое, што кожнае ранiцы ў iх пад падушкамi аказвалася па залатым.
- Ну, - сказаў паляўнiчы, - у гэтым няма нiчога благога, калi вы пры гэтым засталiся сумленнымi i не сталi праз гэта абiбокамi.
Хлопчыкi спадабалiся добраму чалавеку, а паколькi сам ён дзяцей не меў, дык узяў ён iх да сябе дамоў ды сказаў:
- Я вам буду за бацьку роднага i выхаваю вас.
Пачалi яны вучыцца ў яго паляўнiчай справе, а чырвонцы, якiя кожны з iх знаходзiў, устаючы з ложка,