Яна пабегла паглядзець, хто б гэта мог да яе пастукацца. Адчыняе дзверы, бачыць - сядзiць церад ёю жабяня. Iмгненна зачынiла яна дзверы i села зноў за стол, але зрабiлася ёй так страшна-страшна. Заўважыў кароль, як моцна б'ецца ў яе сэрцайка, i кажа:
- Дзiця маё, чаго ты так спужалася? Цi не велiкан якi-небудзь схаваўся за дзвярыма i хоча цябе выкрасцi?
- Ах, не, - сказала каралеўна, - гэта зусiм не велiкан, а брыдкае жабяня.
- А што яму ад цябе трэба?
- Ах, мiлы бацюхна, ды вось сядзела я ўчора ў лесе ля калодзежа i гуляла, i ўпаў у ваду мой залаты мяч. Я горка заплакала, а жабяня дастала мне яго i стала патрабаваць, каб я ўзяла яго ў сябры, а я i паабяцала яму, - але нiколi я не думала, каб яно магло выбрацца з вады. А вось цяпер яно з'явiлася i хоча сюды ўвайсцi.
А тым часам жабяня пастукалася зноў i крыкнула:
- Прывiтанне, каралеўна,
Дзверы адчынi!
Цi ж магла забыцца ты,
Што мне абяцала ўчора,
Помнiш, ля калодзежа?
Прывiтанне, каралеўна,
Дзверы адчынi!
Тады кароль сказаў:
- Ты сваё абяцанне павiнна выканаць. Iдзi i адчынi яму дзверы.
Яна пайшла, адчынiла дзверы, i вось жабяня скокнула ў пакой, паскакала ўслед за ёю, даскакала да яе крэсла, села i гаворыць:
- Возьмi i пасадзi мяне побач з сабою.
Яна не адважвалася, але кароль загадаў ёй выканаць яго жаданне. Яна пасадзiла жабяня на крэсла, а яно на стол пачало прасiцца; пасадзiла яна яго на стол, а яно кажа:
- А цяпер падсунь да мяне блiжэй сваю залатую талерачку, будзем есцi з табою разам.
Хаця яна i выканала гэта, але было вiдаць, што без вялiкай ахвоты.
Пачало жабяня есцi, а каралеўне i кавалак у горла не лезе. Нарэшце яно сказала:
- Я наелася ўволю i стамiлася, - зараз аднясi мяне ў сваю спаленьку, пасцялi мне сваю шаўковую пасцельку, i мы ляжам з табою разам спаць.
Як заплакала тут каралеўна, - страшна ёй стала халоднага жабяняцi, баiцца да яго i даткнуцца, а яно яшчэ ў цудоўнай, чыстай пасцельцы з ёю збiраецца спаць. Разгневаўся кароль i гаворыць:
- Хто табе ў бядзе дапамог, тым грэбаваць не варта.
Узяла яна тады жабяня двума пальцамi, панесла яго да сябе ў спаленьку, пасадзiла ў кутку, а сама легла ў пасцельку. А яно скокнула i кажа:
- Я стамiлася, мне таксама спаць хочацца, - вазьмi мяне да сябе, а не, дык я твайму бацьку пажалюся.
Раззлавалася тут каралеўна i стукнула яго з усiх сiл аб сцяну.
- Ну, ужо цяпер, паскуднае жабяня, ты супакоiшся!
Але толькi ўпала яно на зямлю, як раптам абярнулася каралевiчам з цудоўнымi, ласкавымi вачамi, якi стаў з таго часу, па волi яе бацькi, яе мiлым сябрам i мужам. Ён расказаў ёй, што яго зачаравала злая вядзьмарка, i нiхто б не змог вызвалiць яго з калодзежа, акрамя яе адной, i што заўтра яны рушаць у яго каралеўства.
Вось леглi яны спаць i заснулi. А на наступную ранiцу, толькi пабудзiла iх сонейка, пад'ехала да палаца карэта з васьмерыком белых коней, i былi ў iх белыя султаны на галаве, а вупраж з залатых ланцугоў, i стаяў на запятках слуга каралевiча, а быў то верны Гейнрых. Калi яго гаспадар быў абернуты ў жабяня, верны Гейнрых так бедаваў i маркоцiўся, што загадаў акаваць сабе сэрца трыма жалезнымi абручамi, каб не разарвалася яно ад гора i смутку.
I павiнен быў у гэтай карэце ехаць малады кароль у сваё каралеўства. Пасадзiў верны Гейнрых маладых у карэту, а сам стаў на запяткi i цешыўся, што гаспадар яго пазбавiўся ад злога закляцця.
Вось праехалi яны частку дарогi, раптам каралевiч чуе - ззаду нешта трэснула. Азiрнуўся ён i крыкнуў:
- Гейнрых, трэснула карэта!
- Справа, мой гаспадар, не ў гэтым,
То абручык з сэрца спаў,
Што тугой мяне сцiскаў,
Як у калодзежы жылi,
Ды рой там з жабкамi вялi.
Вось зноў i зноў затрашчала нешта ў дарозе, каралевiч думаў, што гэта трэснула карэта, але то былi абручы, што зляцелi з сэрца вернага Гейнрыха, таму што гаспадар яго пазбавiўся ад злога закляцця i стаў зноў шчаслiвым.
ЛIС I КОШКА
Здарылася аднаго разу так, што напаткала кошка ў лесе спадара лiса. 'Ён разумны ды такi спрактыкаваны, што яго ва ўсiм свеце паважаюць', - падумала кошка i лагодна прамовiла да яго:
- Добры дзень, шаноўны спадар лiс, як маецеся? Як упраўляецеся ў наш цяжкi час? Усё ж такое дарагое.
Глянуў лiс на кошку, акiнуў яе зняважлiвым паглядам з галавы да ног i памарудзiў, не ведаючы, цi варта адказваць.
Нарэшце ён сказаў:
- Ах ты, няшчасная варкатуха, дурнiца бязглуздая, галодная жабрачка ды мышаедка! Як гэта табе на розум прыйшло пытацца, як мне паводзiцца? Як ты насмелiлася? Чаму цябе там вучылi? Якiя навукi прайшла?
- Я ведаю толькi адну навуку, - сцiпла адказала кошка.
- Што ж гэта за навука? - спытаўся лiс.
- Калi за мною ўлягуць сабакi, дык я ўмею ўскочыць на дрэва i ўратавацца.
- I гэта ўсё? - сказаў лiс. - А я вось знаўца аж у ста мастацтвах i да таго яшчэ цалюткi мех хiтрыкаў маю. Мне шкада цябе, iдзi са мною, я навучу цябе, як ад сабак уцякаць.
Тут якраз на гэтым часе праходзiў паляўнiчы з чатырма сабакамi. Кошка ў iмгненне вока ўскочыла на дрэва, уселася на самай вершалiне, i галiнкi ды лiстота схавалi яе.
- Развяжыце ваш мех, спадар лiс, развяжыце ваш мех, - загукала яму кошка.
Але сабакi ўжо схапiлi яго i моцна трымалi ў зубах.
- Эх, спадар лiс! - усклiкнула кошка. - Вось вы i ўляцелi ў бяду са сваiмi ста мастацтвамi. А маглi б вы, як я, на дрэва ўскараскацца, не давялося б вам з жыццём развiтвацца.
СПАДАРЫНЯ МЯЦЕЛIЦА
Была ў адной удавы дачка, была ў яе яшчэ i падчарка. Падчарка старанная, прыгожая, а дачка i непрыгожая, i гультайка страшэнная. Дачку сваю ўдава вельмi любiла i ўсё ёй даравала, а падчарку прымушала шмат працаваць i кармiла надта дрэнна.
Кожную ранiцу павiнна была падчарка садзiцца ля калодзежа i прасцi пражу. I столькi ёй патрэбна было спрасцi, што часта нават да крывi сцiрала яна пальцы.
Аднаго разу сядзела яна так, прала i вымазала крывёю верацяно. Нахiлiлася дзяўчына да калодзежа, каб абмыць вырацяно, i раптам выслiзнула ў яе верацяно з рук i звалiлася ў калодзеж.
Заплакала падчарка i пабегла дадому расказаць мачасе пра сваю бяду.
- Ты яго выпусцiла, ты яго i даставай, - сказала мачаха злосна. - Ды глядзi, без верацяна не вяртайся.
Пайшла дзяўчына назад да калодзежа i з гора ўзяла ды i кiнулася ў ваду. Кiнулася ў ваду i адразу прытомнасць згубiла.
А калi апрытомнела, убачыла яна, што ляжыць на зялёным лужку, з неба сонца свецiць, а на лужку кветкi растуць.
Пайшла дзяўчына па лужку, глядзiць: стаiць на лужку печ, а ў печы хлябы пякуцца. Хлябы крыкнулi ёй:
- Ах, вымi нас, дзяўчына, з печы хутчэй! Ах, вымi хутчэй! А не то мы зусiм згарым!
Узяла дзяўчына лапату i выняла хлябы з печы.
Потым пайшла яна далей i прыйшла да яблынi. А на яблынi было шмат спелых яблыкаў. Яблыня крыкнула ёй: