Як убачылi верныя звяры - мыш, малпа ды мядзведзь, - што трапiў ён у бяду, паспяшалiся зноў яму на дапамогу, але анiяк не маглi яны цяперака збiць той замок - быў ён шмат мацнейшы, чым у першы раз. Тады мядзведзь i кажа:
- Трэба нам чарадзейны камень знайсцi, а iнакш усе нашыя намаганнi будуць марныя.
А купцы засталiся жыць у замку. Вось звяры i пайшлi туды разам усе; i калi яны былi ўжо каля самага замка, мядзведзь кажа:
- Мыш, зазiрнi ты ў замочную шчылiну ды паглядзi, што нам рабiць; ты ж маленькая, нiхто цябе не заўважыць.
Мыш згадзiлася на гэта, але неўзабаве вярнулася ды кажа:
- Нiчога не будзе; я зазiрнула: камень вiсiць пад люстрай на чырвоным шнурку, па баках сядзяць дзве вялiкiя кошкi з вогненымi вачыма i яго пiльнуюць.
Кажуць тады малпа ды мядзведзь:
- А ты яшчэ раз iдзi туды ды пачакай, пакуль гаспадар ляжа ў пасцель i засне, а потым пралезь у замочную шчылiну, ускараскайся на ложак ды ўшчыкнi яго за нос i адгрызi яму валасы.
Прабралася мыш зноў туды i зрабiла так, як сказалi ёй малпа ды мядзведзь. Гаспадар прачнуўся, пачаў сабе нос церцi ды кажа:
- А кошкi мае, вiдаць, нiкуды не вартыя: пускаюць мышэй, а тыя валасы мне ўсе з галавы паабгрызалi, - i ён прагнаў сваiх кошак.
Вось мыш свайго i дасягнула.
Калi на другую ноч гаспадар заснуў, забралася мыш да яго ў пакой, пачала грызцi чырвоны шнурок, на якiм вiсеў камень, пакуль нарэшце яго не перагрызла. Упаў камень на падлогу, тут яна i дацягнула яго да дзвярэй. Але нялёгка гэта было беднай маленькай мышцы; i кажа яна да малпачкi, а тая стаяла за дзвярыма, яе чакаючы:
- Ты выцягнi яго адсюль лапай.
Для малпы гэта было няцяжка, яна ўзяла камень у руку, ды пайшлi яны разам усе да ракi. Малпа i кажа:
- Як жа нам цяперака да скрынi дабрацца?
А мядзведзь адказвае:
- А гэта мы зараз уладкуем! Я ўвайду ў раку ды паплыву, а ты, малпа, сядзеш да мяне на спiну; але глядзi, трымайся за мяне абедзвюма рукамi, ды як мацней, а камень пакладзi сабе ў рот. А ты, мышка, залазь да мяне ў правае вуха.
Так яны зрабiлi ды паплылi ўнiз па рацэ. Неўзабаве мядзведзю маўчаць надакучыла, пачаў ён балбатаць пра тое ды пра сёе i кажа:
- Паслухай, малпа, а мы ж з табой адважныя сябры, як ты мяркуеш?
Але малпа змаўчала, нiчога яму не адказала.
- Што гэта ў цябе за манера такая, - сказаў мядзведзь, - сябрам сваiм не адказваць? Не люблю я тых, хто мне не адказвае.
Далей трываць у малпы не хапiла сiлы, выпусцiла яна камень у ваду i выгукнула:
- Дурань ты! Як жа мне было адказваць з каменем у роце? Вось ён цяперака i прапаў, а вiнаваты ва ўсiм ты.
- Ды ты не сварыся, - сказаў мядзведзь, - мы што-небудзь ды прыдумаем.
Парадзiлiся яны мiж сабой, склiкалi ўсiх драўняных жабак, жарлянак ды iншыя вадзяныя стварэннi i кажуць:
- На вас збiраецца напасцi моцны вораг, трэба вам будзе як болей камянёў набыць, колькi зможаце, а мы збудуем вам сцяну, яна вас i абаронiць.
Спалохалiся вадзяныя стварэннi ды нацягалi камянёў адусюль, i прыплыла, нарэшце, з дна рачнога старая тлустая жаба-крактуха i прыцягнула ў роце чырвоны шнурок з чарадзейным каменем. Узрадаваўся мядзведзь, узяў у жабы камень ды сказаў, што цяпер усё, маўляў, у парадку i могуць яны сабе спакойна дадому падавацца, - тут ён з iмi i развiтаўся. I паплылi яны ўтраiх унiз па рацэ да чалавека, якi знаходзiўся ў скрынi. Узарвалi яны чарадзейным каменем вечка, - з'явiлiся яны ў самы час - увесь хлеб ён паеў ужо i ўсю ваду выпiў i ледзь не загiнуў з голаду. Як толькi ўзяў ён у руку чарадзейны камень, пажадаў сабе добрага здароўя, i адразу ж перанёсся ў свой дзiвосны замак з садам ды каралеўскаю стайняй i стаў жыць прыпяваючы. А трох звяроў ён пакiнуў пры сабе, i ўсё жыццё пражылi яны шчаслiва разам.
ПРА РАЗУМНАГА КРАЎЦА
Жыла-была калiсьцi прынцэса, i вельмi ўжо была яна ганарлiвая: прыйдзе да яе, бывала, жанiх, i пачне яна загадваць яму загадкi; а калi ён iх не разгадае, то пасмяецца яна з яго i прагонiць. I загадала яна аб'явiць, што хто загадку разгадае, то за таго яна замуж выйдзе: няхай, маўляў, прыходзiць да яе кожны, хто пажадае. Вось, нарэшце, i знайшлiся тры краўцы; два старэйшыя лiчылi, што яны майстры вялiкiя, справу сваю ведаюць, i тут таксама не дадуць маху. А трэцi з iх быў чалавек на выгляд несамавiты i вялiкi расцяпа, ды i ў рамястве сваiм не ўмелец, але ён думаў, што ў гэтай справе выпадзе яму шчасце, а то адкуль жа i ўзяцца шчасцю? Вось i кажуць яму два старэйшыя:
- Ды заставайся ты лепей дома, а то са сваiм малым розумам не далёка ты пойдзеш.
Але маладзейшы кравец збiць сябе з панталыку не даў i адказаў, што гатоў галавой ручацца, што з гэтым заданнем ён справiцца; i вось ён смела рушыў у дарогу, быццам увесь свет яму належаў.
Прыбылi яны ўтрох да прынцэсы i аб'явiлi, каб загадала яна iм свае загадкi, - людзi, маўляў, прыйшлi талковыя ды вопытныя, i розум у iх такi тонкi, што ў вушка iголкi прасунуць можна.
I кажа iм прынцэса:
- Ёсць у мяне на галаве два рознакаляровыя валасы, - дык якога ж яны колеру?
- Калi ў гэтым уся загадка, - адказаў першы кравец, - то вось табе i разгадка: адзiн чорны, другi белы, як пра сукно кажуць - чорнае з крапiнкай.
I адказала прынцэса:
- Ты няправiльна адгадаў, няхай адказвае другi.
I адказаў тады другi:
- Калi ўжо не чорны i не белы, то каштанавы i рыжы - якраз як у майго бацькi святочны сурдут.
- I ты не адгадаў, - сказала прынцэса, - няхай адказвае трэцi, - гэты, я бачу, ведае пэўна.
Тут выйшаў смела маладзейшы кравец i кажа:
- У прынцэсы на галаве адзiн волас сярэбраны, а другi залаты, - во якога яны колеру!
Пачула гэта прынцэса, збялела ад страху, ледзь прытомнасць не страцiла, таму што маладзейшы кравец правiльна разгадаў. А была яна цвёрда ўпэўнена, што нiводнаму чалавеку на свеце той загадкi не разгадаць. Апамяталася яна i кажа:
- Таго, што ты адгадаў, яшчэ мала, каб пайшла я за цябе замуж; ты павiнен будзеш выканаць яшчэ другое. Ляжыць у мяне ў хляве мядзведзь, вось ты i правядзi з iм цэлую ноч; а калi я ранiцай прачнуся i ўбачу, што ты жывы, тады ты i ажэнiшся са мною.
Яна думала такiм чынам пазбавiцца ад краўца, - бо не было яшчэ такога чалавека, якi, трапiўшы ў лапы да мядзведзя, жывы б застаўся. Але кравец не спалохаўся, ён ахвотна пагадзiўся i сказаў:
- Смела задумана - паўсправы зроблена.
Вось надышоў вечар, i прывялi маладзейшага краўца да мядзведзя. Мядзведзь памкнуўся ўжо кiнуцца на маленькага чалавека i павiтацца з iм добра сваёй лапай.
- Гэй ты, цiшэй, цiшэй, - сказаў кравец, - я цябе супакою, - i ён дастаў з кiшэнi грэцкiя арэхi, раскусiў iх i пачаў есцi. Убачыў гэта мядзведзь, захацелася яму тых арэхаў пакаштаваць. Палез кравец у кiшэню i падаў яму iх поўныя прыгаршчы; але былi гэта не арэхi, а каменьчыкi. Запхнуў мядзведзь iх у пашчу, пачаў грызцi, - грызе, а разгрызцi нiяк не можа. 'Эх, - падумаў ён, што гэта я за такi дурань, i арэхаў нават раскусiць не ўмею', - i кажа ён краўцу:
- Паслухай, разгрызi ты мне арэхi.
- Вось ты якi, - сказаў кравец, - а пашча ў цябе вунь якая вялiкая, а маленькага арэха разгрызцi не ўмееш!
Узяў ён камень, але замест яго паклаў сабе ў рот арэх, i - трэсь! - той раскалоўся.
- Трэба будзе яшчэ раз паспрабаваць, - сказаў мядзведзь, - бачу я, справа гэта такая, што i я, мабыць, здолею.
I даў яму кравец зноў камянi. Пачаў мядзведзь грызцi, грызе з усяе сiлы. Але i ты ж таксама не паверыш,