- 1
- 2
'Няхай спакойна спiць старая, - падумаў дзед, - хапiла ёй пакутаў за жыццё... Можа, як закапаюць мяне побач з ёй, тады i шапну на вуха. Разам лягчэй будзе перагараваць...'
Пасядзеў стары ля магiлы жонкi ды i пачаў кратацца дадому.
'Паспяшаўся, дурань я, сабаку спусцiць, - абураўся ў думках дзед, - ох, паспяшаўся... А што, калi ўжо сышоў i няма яго... Хай бы сустрэла мяне дома жывая душа... Цяжка вяртацца ў пустэчу, у немату... Ох, паспяшаўся я...'
Але сабака сустрэў гаспадара i нават насустрач клыпануў, наколькi дазваляла нямогласць.
- Перадаў! Перадаў ад цябе прывiтанне гаспадынi нашай. Не хвалюйся, пагладзiў стары свайго сябра. - А бульбачку так i не з'еў, толькi вадзiцу выпiў... Ах ты, басяк, - дакорлiва, але з цеплынёй у голасе пажурыў дзед сабаку.
* * *
Дзень хiлiўся да скону. Пасвяжэла, i стары зазбiраўся ў хату. Стомленасць i нервовасць гэтага дня яшчэ нiжэй сагнулi дзедавы плечы, i толькi кiёк утрымлiваў яго на нагах, не дазваляў яму ткнуцца носам у зямлю.
З'еўшы бульбiну i запiўшы яе малаком, якое зрэдзь прыносiлi суседзi, дзед, не распранаючыся, прылёг на ложак i вочы заплюшчыў. Здавалася, што ён засне, але вочы расплюшчылiся, i дзед, абапiраючыся на кiёк, устаў i запалiў святло.
Адчынiўшы шафу, ён дастаў самае дарагое - закручаныя ў паперу фотаздымкi. Не было дня, каб стары не раскладваў iх на стале i не разглядаў па чарзе, доўга i ўважлiва. Гэта быў ратавальны рытуал, была сустрэча з мiнулым, якая балюча пякла i салодка лашчыла сэрца.
Раскручваючы паперу, стары гаварыў сам сабе:
- Ён мне загадвае ехаць у горад... А што я там буду рабiць, шукаць пяты вугал? З кiм загавару? З нявесткай? З сынам? Чакай! Толькi гыркаць будуць ды рот затыкаць... Не!.. Тут я i з сабакам нагаваруся, i жонцы вушы намазолю, i сам сабе што хачу, тое i пляту... Тут я вольны чалавек...
Нарэшце фотакарткi раскладзены, i стары паволi пераводзiў вочы з адной на другую. 'Нагуляўшыся' вачыма па мiнулым, ён, як заўсёды, узяў у рукi сямейны фотаздымак.
- Колькi ж гэта гадоў прайшло з тае пары? - спытаўся дзед, хоць добра ведаў колькi, бо гэта ж пытанне задаваў сабе i ўчора, i тыдзень, i месяц назад...
На аматарскiм фотаздымку былi ўсе разам - i дзецi, i ўнукi, i жонка, якой заставалася жыць яшчэ чатырнаццаць гадоў. А сабралiся ўсе, каб адзначыць ягоныя, старога, семдзесят год.
Колькi было слоў i пацалункаў! Колькi было смеху i тлуму! Здавалася, вечна жывi i не памiрай.
'Цi не таму, - падумаў стары, - што мелася малако, сала ды яйкi? Няўжо кавалак сала даражэй за чалавека?
Але цi ж у нас адных такое лiха падкруцiлася? Вунь - i б'юць, i душаць бацькоў дзецi. Нашы хоць за горла не бралi - адцуралiся, i ўсё. Знiклi, як i не было... I за гэта дзякуй...'
'А тут, на гэтай фотакартцы, - пацяшаўся думкай стары, - усе вясёлыя, добрыя... А мы з жонкай тут яшчэ нiчога! Толькi сталi чамусьцi неяк дзiўна збоку прыпёку... А-а, дробязь...'
Паклаўшы асцярожна гэты фотаздымак, стары ўзяў картачку дачкi. Узяў i, гледзячы паверх яе, стаў блукаць у думках... 'У каго яна пайшла? Здаецца, у нашай раднi такiх колкiх на язык i цвёрдых на сэрца не было. Раскрые рот - дык можна на падводзе заехаць i развярнуцца ў iм... Але на яе мы з жонкай не дужа i спадзявалiся, яна з маленства такая - такой, як тое жарабя з лысiнай, i засталася...'
Зноў, не гледзячы на дачку, паклаў здымак на месца i ўзяў картачку ўнукаў. Пацяплелi вочы старога, закраталася ў душы светлае пачуццё.
- Залатыя мае ўнукi! - звярнуўся да iх дзед. - Вось хто iмкнуўся да мяне на ўсё лета, хоць на хлеб i ваду, толькi б быць у дзеда... Але радзей i радзей вас прывозiлi, а потым, вiдаць, зусiм забаранiлi i думаць пра дзеда... Некалi вы шмат чаго зразумееце... Дасць Бог, зразумееце...
Перабiраў бы дзед фотаздымкi i далей, але стомленасць ацяжарыла павекi, нейкi туман паплыў над фотаздымкамi, i галава старога паволi апусцiлася на стол, дзе ляжала самае дарагое - яго мiнулае...
Ранiцай аднавяскоўцы з суседнiх хатаў пачулi студзiўшае кроў скавытанне сабакi ля дзедавага ганка.
Адчынiлi дзверы ў хату i ўбачылi старога, якi сядзеў за сталом, паклаўшы галаву на фотаздымкi.
З фотакарткi, якую сцiскалi вузлаватыя пальцы дзеда, пяшчотна ўсмiхалiся яго ўнукi...
Ля ганка жаласлiва выў, перажыўшы свайго гаспадара, стары спушчаны з ланцуга сабака.
- 1
- 2