- 1
- 2
дужы паляўнiчы падхапiў брата, пасадзiў яго на валун, абклаў каменнем скрываўленую галаву i закрычаў яму ў самыя вушы, быццам глухому: 'Глядзi, Жан, глядзi!'
I ён кiнуўся на пачвару. Ён мог бы перакулiць гару, голымi рукамi раструшчыць камень. Звер хацеў глэмнуць яго i выпусцiць вантробы, але Франсуа ўхапiў ваўка за хiб i, нават не скарыстаўшы зброi, пачаў павольна сцiскаць яму горла, адчуваючы, як цiшэе дыханне i спыняецца сэрца. Ён смяяўся ад дзiкай радасцi, усё мацней сцiскаючы ваўка ў смяротных абдымках, i ў захапленнi крычаў: 'Глядзi, Жан, глядзi!' Воўк перастаў змагацца, яго цела абмякла. Ён сканаў.
Тады Франсуа ўзяў яго на рукi, падышоў i кiнуў брату пад ногi, пяшчотна паўтараючы: 'Глядзi, глядзi, глядзi, Жан, вось ён!'
Пасля адно на адно ён паклаў целы на сядло i паехаў дамоў.
У слязах i радасцi - зусiм як Гарганцюа, калi нарадзiўся Пантагруэль, - ён вярнуўся ў замак. Ён заходзiўся пераможным крыкам i тупаў нагамi ад радасцi, што забiў звера; ён енчыў i рваў бараду ў адчаi ад братавай смерцi.
I часта пазней, калi яму даводзiлася расказваць пра гэты выпадак, ён гаварыў са слязамi на вачах: 'Каб толькi бедны Жан змог паглядзець, як я задушыў ваўка, ён бы памёр спакойна, я веру!'
Удава майго продка выхавала ў сына-сiраты агiду да палявання, i гэтае пачуццё праз пакаленнi перадалося i мне.
Маркiз д'Арвiль змоўк. Нехта спытаўся:
- Тое, што вы расказалi, гэта легенда?
Ён адказаў:
- Клянуся, усё ад самага пачатку праўда.
А адна жанчына цiха сказала:
- Праўда цi не, але добра, што бываюць на свеце такiя апантаныя людзi.
- 1
- 2