ўжо яго зусiм не цiкавiць. Ну, спi, гулёна!
Як толькi стары адчуў, што ляжыць у пасцелi, ён адразу ж заплюшчыў вочы, потым расплюшчыў, заплюшчыў зноў, i на ўсiм яго здаволеным аблiччы вымаляваўся рашучы намер спаць.
Доктар разглядваў яго з растучай зацiкаўленасцю.
- Значыць, ён ходзiць на маскарады, каб прыкiдвацца там юнаком? перапытаў ен.
- Нiводнага не прамiнае, пане, а ранiцаю вяртаецца ў такiм стане, што i ўявiць немагчыма. А ўсё ад роспачы! I ляцець туды ён мусiць, i на свой твар гэтую кардонку напiнаць мусiць. Ад роспачы, што ён ужо не той, якi быў, i што ўжо не карыстаецца поспехам, як некалi!
Стары цяпер ужо спаў i нават пачынаў пахропваць. Яна са шкадаваннем глядзела на яго i прадаўжала:
- О, а поспехам ён карыстаўся, гэты чалавек! Такiм, што i не падумаў бы, пане! Большым, чым усе на свеце прыгажуны, спевакi ды генералы!
- Няўжо? Чым жа ён займаўся?
- О, вас гэта, канешне, можа здзiвiць, тым болей што вы не былi знаёмыя з iм у яго маладосцi. Мы ўпершыню сустрэлiся таксама на балi, ён адвеку любiў iх. Калi я першы раз убачыла яго, адразу зразумела: ну ўсё, хана мне, як рыбцы на гачку. Ах, якi ён быў прыгожы, пане, да таго прыгожы, што плакаць хацелася, гледзячы на яго смуглявыя такiя валасы, чорныя як смоль, кучаравыя-кучаравыя, а вочы таксама чорныя i вялiзныя - бы вокны! Дзiвосны хлопец! Ён у той жа вечар павёў мяне з сабою, i я засталася з iм назаўжды, нiколi i на дзянёк не кiнула, нягледзячы нi на што! А колькi ўсяго перажыць давялося!..
- Вы павянчалiся? - запытаўся доктар.
- Канешне, пане, iнакш ён i мяне кiнуў бы, як iншых кiдаў, - проста адказала яна. - Я была яму i жонка, i служанка, i - усiм, усiм, кiм ён толькi хацеў... Колькi слёз я пралiла з-за яго. Але пры iм я век бы не заплакала!.. Ён мне расказваў пра ўсе свае прыгоды, разумееце, пане?.. Мне, мне... Да яго проста не даходзiла, як балюча мне было ўсё гэта слухаць...
- Ды чым жа ён урэшце займаўся, што рабiў?
- Ой, праўда!.. Я i забылася сказаць. Ён быў першы Мартэлеў падручны другога такога на ўсiм свеце не было... Сапраўдны мастак, зарабляў па дзесятку франкаў за гадзiну...
- Мартэль? Хто такi Мартэль?
- Цырульнiк, пане, знакамiты цырульнiк оперы, у яго прычэсвалiся ўсе актрысы. Усе-ўсенькiя, нават самыя шыкоўныя жадалi, каб прычоску рабiў iм Амбруаз, а потым адвальвалi яму такiя чаявыя, што ён стаў страшэнна багаты. Ах, пане, усе жанчыны з аднаго цеста, праўда-праўда. Калi яны ўжо ўпадабаюць сабе мужчыну, дык iдуць на ўсё... Так проста зразумець усё гэта i так цяжка... Бо ён расказваў мне ўсё... Ён проста не мог змаўчаць... Не мог - i ўсё тут. Гэта ж такая асалода мужчынам! А пасля яшчэ i расказаць каму-небудзь пра гэта - дык, можа, нават яшчэ большая асалода!
Калi ён вечарам вяртаўся дахаты, трохi бляднейшы, чым звычайна, такi самазадаволены, вясёлы, я адразу ж думала: 'Ну вось, яшчэ адна. Напэўна яшчэ адну падчапiў'. Мяне апаноўвала жаданне выпытаць у яго ўсё, ажно сэрца папялела ад гэтага жадання, але было i другое: не ведаць нiчога, не даць яму гаварыць пра гэта, калi пачне. I мы толькi паглядвалi адно на адно.
Я добра ведала, што ён не вытрывае, не абыдзе гэтага. Я бачыла гэта па iм, такi ён быў смешны ў сваiм намаганнi, каб я сама ўсё зразумела. 'Я такi ўсцешаны сёння, Мадлен!' - гаварыла ўсё яго аблiчча. Я прыкiдвалася, што нiчога не заўважаю, не здагадваюся; я ставiла на стол вячэру, сядала насупраць яго...
У такiя хвiлiны мне здавалася, што ў маю душу ляцяць камянi i разбiваюць маю любоў да яго. Так балюча было мне, пане, страшэнна. А яму i не ў галаве было, ён i не здагадваўся; яму трэба было падзялiцца з кiм-небудзь, пахвалiцца, паказаць, як усе падаюць за iм... А дзялiцца не было з кiм, адна я была ў яго, адна я... Вось i... Мусiла выслухоўваць, мусiла каўтаць усё, як атруту...
Ён браўся вячэраць, а потым казаў:
- У мяне новенькая, Мадлен.
А я думала: 'Значыць, праўда. Божа мой, што за чалавек?! I навошта толькi я яго спаткала?!'
А ён прадаўжаў:
- Новенькая i - дужа прывабненькая...
I гэта была якая-небудзь актрысачка з вадэвiля цi з вар'етэ, а потым пайшлi i важнейшыя, i самыя знакамiтыя панi. Ён называў мне iхнiя iмёны, абмалёўваў iх спальнi i ўсё iншае, усё дарэшты, пане... Такiя драбнiцы, што як толькi трывала маё сэрца. А ён перабiраў iх, зноў i зноў прыгадваў усё ад пачатку да канца, i гэтакi быў усцешаны, што я мусiла смяяцца, каб ён не зазлаваўся на мяне.
Можа, не ўсё там было праўда! Ён так любiў павыхваляцца, што мог i навыдумляць усё! А можа, i праўда ўсё! Бо выгляд у яго тады быў стомлены, пасля вячэры ён адразу iшоў спаць. Вячэралi мы позна, пане, каля адзiнаццацi, бо ён нiколi не вяртаўся раней: вечарамi ў цырульнi асаблiва шмат работы было.
Выгаварыўшыся, ён закурваў, пахаджаў туды-сюды па пакоi, i гэтакi прыгожы быў са сваiмi вусамi ды кучарамi, што я думала: 'Канешне, усё гэта праўда, што ён расказвае. Калi страцiла галаву я ад гэтага мужчыны, дык чаму яшчэ нехта не можа вар'яцець праз яго?' Пакуль ён курыў, я прыбiрала са стала i ледзьве стрымлiвалася, каб не загаласiць, залямантаваць, збегчы адсюль, выкiнуцца праз акно!.. А ён шырока пазяхаў, каб паказаць мне, якi ён стомлены, i потым, калi ўжо клаўся спаць, усё прыгаворваў: 'Ну i спаць буду сёння - як забiты!'
Я не дакараю яго, ён жа зусiм не ведаў, як ён мяне мучыў! Ды i не павiнен быў гэтага ведаць! Ён гэтак любiў выхваляцца сваiмi перамогамi над жанчынамi, бы паўлiн - хвастом сваiм. Ён шчыра верыў, што ўсе любуюцца з яго i ўсе прагнуць яго.
Яшчэ нясцерпней стала, калi ён пастарэў.
Ах, пане, калi я першы раз заўважыла ў яго сiвы волас, я ледзьве не самлела ад страху! А потым мяне ахапiла такая радасць - подлая, але такая вялiзная, бязмежная радасць! 'Вось i ўсё, - падумала я, - вось i ўсё!..' Мяне быццам з турмы выпусцiлi! Нарэшце ён будзе толькi мой, бо другiм ён будзе ўжо не патрэбен!
Тым ранкам я прачнулася першая. Ён яшчэ спаў, i я нахiлiлася, каб пабудзiць яго пацалункам, i раптам заўважыла ў яго кучарах на скронi маленькую нiтачку, якая зiхацела, як серабро. А Божачкi! Быць не можа! Мне i ў галаву не прыходзiла, што такое быць можа! Спачатку я хацела вырваць яе, каб ён i не бачыў, але, калi прыгледзелася, вышэй заўважыла яшчэ адну. Сiвыя валасы! Ён ужо сiвее! Сэрца маё калацiлася, ажно ў пот кiнула ад страху, але ў глыбiнi душы я вельмi, вельмi цешылася!
Нягожыя былi мае думкi, праўда, але тады я з радасцю займалася сваiмi хатнiмi справамi, яго не будзiла. Калi ж ён сам расплюшчыў вочы, я сказала:
- Ведаеш, што я выявiла, пакуль ты спаў?
- Што?
- Што ў цябе ўжо ёсць сiвыя валасы.
Яго ажно падкiнула на ложку ад прыкрасцi, ён усхапiўся, быццам яго ўшчыкнулi, i злосна крыкнуў:
- Няпраўда!
- Праўда. На левай скронi. Чатыры валаскi.
Ён ускочыў з пасцелi i падбег да люстэрка. Глядзiць, шукае, а не знаходзiць. Тады я паказала яму той валасок, што быў найнiжэй, тоненькую такую завiтушку, i заўважыла:
- Пры такiм жыццi, як у цябе, гэта i не дзiва. Гады праз два будзеш белы як лунь.
I што ж вы думаеце, пане? Як у ваду глядзела. Праз два гады яго нельга было пазнаць. Як хутка жыццё мяняе чалавека! Ён быў яшчэ прыгожы дзяцюк, але колiшняй свежасцi ўжо не было, i жанчыны сталi астываць да яго. Ах, што я толькi не зажыла ў тыя гады!.. Якi жорсткi быў ён са мною!.. I тое яму не гэтак, i гэта не так... Пакiнуў сваю цырульню, узяўся капелюхi рабiць, ды ўсе грошы на гэтым i прамантачыў. Потым яму зарупiла стаць акторам - нiчога з гэтага, вядома, не выйшла. А пасля зачасцiў на ўсялякiя гуляннi. Добра, што хапiла розуму хоць трохi зберагчы грошай, на iх i жывём цяпер. Не дужа разгонiшся, вядома, але на пражытак хапае. А гэта ж падумаць толькi, што некалi ён быў амаль багацеем!
Цяпер самi бачыце, што з iм сталася. Як утрапенец нейкi. Мусiць, годзе быць маладым, танцаваць з жанчынамi ў парфумах ды памадах. Ах ты, бедны мой дзядулька!
Расхваляваная, са слязьмi на вачах глядзела яна на свайго сiвага мужа, якi ўжо моцна хроп. Потым цiха наблiзiлася да яго i пацалавала ў галаву. Доктар устаў i моўчкi падаўся да выхаду: не мелася слоў перад