• 1
  • 2

яго галаве. Ён папрасiў паперы i напiсаў:

'Панi,

Клянуся Вам, што гэтым вечарам ён не вернецца, а я буду ў Вас а дзесятай там, дзе вы ведаеце. Нiчога не бойцеся, я адказны за ўсё, зарукай - мая афiцэрская годнасць.

Жан дэ Кармелен'.

Ён загадаў занесцi лiст i спакойна давячэраў. А восьмай ён паклiкаў свайго намеснiка капiтана Грыбуа i, качаючы мiж пальцаў скамечаную тэлеграму пана Парыса, сказаў:

- Капiтан, я атрымаў вельмi дзiўную тэлеграму, зместу якой не магу перадаць нават вам. Вы неадкладна замкняце i паставiце варту на ўсе гарадскiя брамы, каб нiводзiн чалавек, я паўтараю, нiхто не ўвайшоў i не выйшаў да шостай ранiцы. Накiруйце на вулiцы патрулi, жыхары павiнны быць у сваiх дамах не пазней за дзевятую. Спозненых прыводзiць дахаты пад прымусам. Калi вашы людзi спаткаюць мяне сёначы, яны павiнны адразу пайсцi прэч, быццам не пазнаўшы мяне. Вам усё зразумела?

- Усё, мой камандзiр.

- Назначаю вас адказным за спаўненне ўсiх маiх загадаў, дарагi капiтане.

- Добра, мой камандзiр.

- Цi не хочаце чарачку шартрэзу?

- З ахвотаю, мой камандзiр.

Яны чокнулiся, выпiлi залацiстага лiкёру, i капiтан Грыбуа пайшоў.

III

Марсельскi цягнiк прыбыў на вакзал роўна а дзевятай, высадзiў на перон двух пасажыраў i пайшоў далей - у Нiцу.

Адзiн з iх, высокi i худы, быў пан Сарыб - алейнiк, другi, маленькi i тоўсты - пан Парыс.

Узяўшы ў рукi сакваяжы, яны шпарка папраставалi ў горад, да якога было з кiламетр.

Але калi яны апынулiся перад партовай брамай, варта скрыжавала штыкi i загадала iм iсцi адсюль.

Разгубленыя, збянтэжаныя, аслупянелыя ад здзiўлення, яны адышлiся параiцца i, пашаптаўшыся, рахманыя вярнулiся, назвалiся i хацелi пачаць перамовы.

Але ў салдатаў, мусiць, былi жорсткiя загады, бо яны прыгразiлi стрэлiць, i ад перапуду, забыўшыся на свае занадта цяжкiя рэчы, падарожнiкi кiнулiся наўцёкi.

Яны абмiнулi ўмацаваннi i апынулiся перад Канскай брамай. Яна таксама была зачыненая i ахоўвалася грозным пастом. Паны Сарыб i Парыс, людзi асцярожныя, не рызыкнулi iсцi далей i вярнулiся пад вакзальны дах, бо начное блуканне вакол крэпасцi было небяспечнае.

Сонны служка здзiвiўся i дазволiў iм пераначаваць у зале пасажыраў.

У цемры яны леглi на абабiтую зялёным аксамiтам канапу, занадта напалоханыя, каб думаць пра сон. Ноч цягнулася бясконца.

А палове сёмай iм сказалi, што брамы расчынены i дарога ў Анцiбы, нарэшце, свабодная.

Яны зноў пайшлi ў горад, але не знайшлi на дарозе сваiх кiнутых сакваяжаў.

Калi яны, яшчэ неспакойныя, апынулiся за брамай, сам камендант Кармелен, з хiтрыкамi ў вачах i з закручанымi вусамi, выйшаў сустрэць i распытаць у iх.

Ён павiтаўся i папрасiў прабачэння, што iм выпала благая ноч. Але ён мусiў выконваць загад.

Анцiбы перапалохалiся. Адны казалi пра гвалтоўную вылазку iтальянцаў, другiя - пра высадку прынца- спадкаемца, трэцiя - пра арлеанiсцкую змову. Праўда раскрылася пазней, пасля таго, як каменданцкi батальён быў накiраваны вельмi далёка, а на пана дэ Кармелена накладзена жорсткае спагнанне.

IV

Пан Марцiнi скончыў. Панi Парыс вярталася з прагулкi. Яна праплыла блiзка ад мяне, не адводзячы вачэй ад ружовых пад апошнiмi сонечнымi промнямi альпiйскiх грабянёў.

Мне хацелася павiтацца з сумнай гаротнай жанчынай, якая, пэўна, заўсёды помнiла сваю, такую сёння далёкую ноч кахання, смелага мужчыну, якi за яе пацалунак асмелiўся абвясцiць у горадзе аблогу i закрэслiць сваю кар'еру.

А ён, ён, можа, забыўся на яе i, мусiць, дзе за чаркай хвалiцца сваiм смелым, смешным i палкiм учынкам.

Цi ўбачылiся яны другi раз? Цi кахае яна яго, як некалi? I мне падумалася: 'Вось яно якое, сучаснае каханне - блазенскае i ўсё ж гераiчнае. Гамер, якi апеў бы гэтую Алену, павiнен быў бы мець душу Поль дэ Кока. Але ж якi ён адчайны, смелы, прыгожы i дужы, нiбы Ахiл, хiтрамысны больш за Улiса, герой гэтай кiнутай жанчыны!'

  • 1
  • 2
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату