• 1
  • 2

зразумелi, што яна хоча, праўда, не без цяжкасцi, i сказалi ёй свае прозвiшчы. Але ёй гэтага было мала, яна папрасiла напiсаць iх на паперы разам з адрасамi iхнiх сем'яў i, начапiўшы акуляры на свой доўгi нос, агледзела незнаёмы почырк. Пасля згарнула паперу i паклала яе ў кiшэню разам з лiстом, што паведамiў ёй пра смерць сына.

Калi прусакi паелi, яна сказала: 'Пайду пасцялю вам'. I пачала насiць сена на гарышча, дзе яны спалi.

Яны здзiвiлiся, i старая растлумачыла, што так будзе цяплей. Прусакi ўзялiся памагаць ёй. Запхаўшы гарышча да самае страхi, яны зрабiлi сабе нешта накшталт вялiкага пакоя з цёплага духмянага сена, дзе яны маглi спаць найлепшым чынам.

У час абеду адзiн з салдатаў занепакоiўся, што цётка Саваж яшчэ нiчога не ела. Яна адказала, што ў яе балiць жывот. Пасля яна запалiла добры агонь, каб сагрэцца, а чацвёра немцаў, як i кожны вечар, залезлi па лесках на гарышча.

Як толькi дзверы за iмi зачынiлiся, старая прыняла лескi, адчынiла дзверы ў хату i пачала насiць салому, аж покуль не завалiла ўсю кухню. Яна хадзiла па снезе босая так асцярожна, што нiчога не было чуваць. Час ад часу яна прыслухоўвалася да гучнага i няроўнага храпу салдатаў. Вырашыўшы, што саломы ўжо досыць, яна сунула адно бярэмя ў агонь, яно запалала, i старая расцярушыла яго па кухнi. Потым яна выйшла i пачала глядзець.

Праз некалькi хвiлiн неўтаймоўнае полымя залiло халупу з сярэдзiны, пасля яно ператварылася ў жахлiвае вогнiшча, у вялiзарную печ, што палала i пырскала святлом праз вузкiя вокны, кiдаючы на снег яскравы адбiтак.

Моцны крык вырваўся з вышынi хаты, ператварыўся ў хвалю чалавечага ляманту, поклiчаў, што рвалi душу жахам i роспаччу.

Пасля дзверцы правалiлiся ўсярэдзiну, вогненны вiхор вырваўся на гарышча, пранiзаў саламяную страху, узняўся ў неба магутным полымем, i ўся халупа запалала.

З сярэдзiны чулася толькi, як патрэскваюць у агнi сцены i абвальваюцца бэлькi. Раптам страха правалiлася, i з абнятага агнём дома рвануўся ў неба, проста ў хмару дыму, вялiзны сноп iскраў.

Белае, асветленае агнём наваколле ззяла, як срэбны, з чырванню абрус.

Аднекуль здалёк пачуўся звон.

Старая Саваж стаяла перад сваiм разбураным гняздом; яна трымала сынаву стрэльбу, баючыся, каб хто з прусакоў не выскачыў з полымя.

Убачыўшы, што ўсё скончана, яна кiнула сваю зброю ў вогнiшча. Грымнуў выбух. Збеглiся сяляне, прусакi.

Старая сядзела на калодзе спакойная i задаволеная.

Адзiн нямецкi афiцэр, што гаварыў па-французску, як сапраўдны француз, спытаўся ў яе: 'Дзе вашы пастаяльцы?'

Яна выцягнула сваю худую руку да барвовага россыпу вуголля, што ўжо затухала, i цвёрда адказала: 'Там!'

Людзi таўклiся вакол яе. Прусак спытаўся: 'Як пачало гарэць?'

Яна вымавiла: 'Я падпалiла'.

Ёй не паверылi, падумалi, што з-за гэтага няшчасця яна раптоўна звар'яцела. Стоячы ў атачэннi людзей, што слухалi яе, яна расказала iм усё ад пачатку да канца; ад моманту, калi яна атрымала лiст, i да апошняга крыку людзей, што згарэлi ў хаце.

Скончыўшы, яна выцягнула з кiшэнi дзве паперкi i начапiла свае акуляры, каб адрознiць iх у апошнiх водблiсках полымя. Паказваючы адну, яна сказала: 'У гэтай пра смерць Вiктора'. Падаючы другую, яна кiўнула на барвовыя руiны: 'Гэта iхнiя прозвiшчы, каб напiсаць iм дадому'. Спакойна аддала паперку афiцэру, што трымаў яе за плечы, i дадала: 'Апiшыце, як усё здарылася, i скажыце iхнiм бацькам, што гэта зрабiла я, Вiкторыя Сiмон, Саваж! Не забудзьце!'

Афiцэр крыкнуў па-нямецку нейкi загад. Старую схапiлi, кiнулi да яшчэ гарачае сцяны яе хацiны.

Дванаццаць чалавек сталi шыхтом за дваццаць метраў ад яе. Яна стаяла нерухома, зразумеўшы ўсё, яна чакала.

Пачулася каманда - гук стрэлаў рвануў паветра. Нечы запознены стрэл самотна прагучаў пасля ўсiх.

Старая не ўпала, яна асела, нiбы падрэзаная. Прускi афiцэр падышоў да яе. Яе амаль разарвала напалам, а сцiснутая рука яе ўсё трымала скрываўлены лiст.

Мой сябра Сэрваль дадаў: 'Як пакаранне - немцы разбурылi тутэйшы замак, што належаў мне'.

А я задумаўся пра мацярок чатырох добрых хлопцаў, што згарэлi ў гэтай хацiне, i пра жорсткi гераiзм другое мацi, расстралянае каля гэтай сцяны.

I я падабраў маленькi каменьчык, чорны ад агню.

  • 1
  • 2
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату