што гэта нейкi цудоўны снегавы шацёр.
- А чаго доўга думаць? - сказаў адзiн з нашых таварышаў. - Зойдзем пад гэты шацёр i змерым таўшчыню. Такога дрэва мы, пэўна, у жыццi не пабачым...
З гэтымi словамi ён падышоў да магутнай ялiны, узяўся дзвюма рукамi за сук i вырваў яго са снегу.
Мы спачатку не зразумелi, што тут сталася. Праз вялiкую дзiрку, якая ўтварылася ў гэтым снегавым доме, вырвалася, выбухнула нейкая шэрая хмара i прамчалася, нiбыта маланка, у тайгу. А на гэтай хмары, закрычаўшы немым голасам, праляцеў i наш таварыш. Толькi метраў праз дваццаць ён звалiўся на снег. Пасля ўскочыў на ногi i выбег да нас, на палянку.
- Козы! Дзiкiя козы! А я трапiў якраз на казла. Ён i пранёс мяне на сабе ладны кавалак. Мог зусiм акалечыць.
Мы зайшлi ўсе ў той апусцелы казiнец. Там быў сапраўдны хлеў. Толькi адна адтулiна мелася на супрацьлеглым баку, праз якую козы заходзiлi нанач i выходзiлi ранiцой. Нават цёпла было, так яны нахукалi ўсiм статкам. Вiдаць, не адзiн год трымалi свой стан пад гэтай ялiнай. Мы аж пашкадавалi, што праз нашу цiкаўнасць бедныя козы змушаны начаваць немаведама дзе. Памералi i ствол. У iм было паўтара метра ў дыяметры. Выйшлi мы, зноў паставiлi на месца вырваную галiну-лапку, нават прысыпалi снегам з парушанага боку. Але цi прыходзiлi козы начаваць зноў - не ведаем, бо самi мы перасунулiся па трасе кiламетраў за трыццаць - сорак ад гэтага месца...
Патэльня з юшкi
Паехалi мы неяк у камандзiроўку з Бiрабiджана ў тайгу, на адным важным аб'екце вадаправод рамантаваць. Нас - чацвёра. Папрацавалi мы там, зрабiлi ўсё, што трэба, а начавалi ў прачкарнi. I надумалiся мы блiноў напячы. Пайшлi, купiлi мукi, алею, адным словам - дасталi ўсё, што для гэтай справы i стравы патрабуецца. Развялi блiны, распалiлi плiту. Бяры налiвай на патэльню ды i падпякай iх там... А патэльнi i няма. Пра патэльню мы i не паклапацiлiся за добрым часам. Не пойдзеш ноччу да каго: 'Пазычце нам патэльню, мы надумалi блiны пячы...'
Сталi адзiн супраць аднаго i маўчым. Пасля нехта адзiн з'едлiва так звяртаецца да мяне ды на 'вы', з фасонам:
- А можа, вы, Уладзiмiр Мiкалаевiч, зробiце нам патэльню з чаго-небудзь i як-небудзь?
- Зраблю, - пдказваю я. - Праз дзве хвiлiны патэльня ў вас будзе.
А ўжо я перад тым вачыма памацаў усе прылады, якiя былi ў прачкарнi, думаючы, прыкiдваючы, цi нельга якую з iх прыстасаваць да гэтае справы. Нiчога больш прыдатнага, чым верхняя юшка, я не знайшоў.
Адразу ж падышоў, узяў гэтую юшку, абцёр на ёй сажу, абмазаў з сярэдзiны алеем, прасмажыў яе на агнi, а затым сказаў:
- Калi ласка! Патэльня гатова.
I што ж - напяклi блiноў, наелiся да сыцi, а таму зласлiўцу прыйшлося нават падзякаваць мне за вынаходлiвасць...
Як Марк Твэн памог цокаль фарбаваць
Нашыя брыгады рамантавалi жылыя дамы ў Бiрабiджане. Жыхары з аднаго дома, якi займалi мы, пераходзiлi часова ў суседнi, сялiлiся па дзве сям'i ў адну кватэру. Наша работа iшла хутка, надвор'е спрыяла. Я працаваў тады маляром. Работу выконваў акуратаiа i чыста. З гэтае прычыны майстар ставiў мяне, галоўным чынам, на афарбоўку вокан i дзвярэй.
Рамантавалi васьмiкватэрны дом. Я са сваiм заданнем справiўся за гадзiну да канца рабочага дня i адразу пайшоў адмываць пэндзлi, прыбiрацца. Заўважыўшы гэта, да мяне падышоў майстар i папрасiў:
- Браток, не прыбiрайся! Ёсць яшчэ адна маленькая работа, хвiлiн на пятнаццаць...
А мы ўсе ведалi, што такое пятнаццаць хвiлiн. Бывала, што i на тры днi iх хапала. Асцярожна пытаюся:
- Якая такая работа?
- Цокаль дома трэба прайсцi хоць адзiн раз. У нас ёсць у кадушцы i колер гатовы - умбра паленая... Пойдзем, глянем на гэты цокаль.
Пайшлi. Глядзi не глядзi, а самае малое паўсотнi квадратных метраў...
- Эх, Iван Сямёнавiч, - кажу я майстру, - якiя ж твае вочы! Пятнаццаць хвiлiн... Ды тут на добры дзень работы, толькi ўправiцца...
- Слухай, браце! Заўтра прыйдзе камiсiя, а работа недакончана... Зрабi як-небудзь...
Сам адразу пайшоў, каб не слухаць майго аднеквання.
Што паробiш? Трэба пачынаць!.. Узяў я вядзерца фарбы, пэндзаль, выйшаў да цокаля, стаў i пазiраю на яго крывым вокам. Раптам чую за спiной нясмелы галасок:
- Дзядзечка! Вы што будзеце фарбаваць?
Я павярнуўся, аж каля мяне стаяць чалавек дванаццаць хлапчукоў-школьнiкаў рознага ўзросту. Аж вочы ў iх гараць:
- Дзядзечка! Дайце хоць крышачку пафарбаваць...
I тут я раптоўна згадаў Марка Твэiна i ягонага Тома Сойера, як ён цётчын плот фарбаваў. Няхай мне даруе лёс мой учынак, але я адразу надумаў выкарыстаць энергiю гэтых юных энтузiястаў на карысць агульнае справы. Пачаў я з адмоўнага адказу, каб больш заахвоцiць iх.
- Дазволiць фарбаваць вам можна было б, але ж вы папсуеце работу...
- Ды не, дзядзечка! Мы зробiм усё добра i акуратна.
- А ў якiх кватэрах вы жывяце?
Яны сказалi, дзе кватэра кожнага.
- Тады вось што. Кожны з вас будзе фарбаваць супраць сваёй кватары. Больш - нельга.
Але тут выявiлася, што чацвёра - у гэтым доме не жылi, i юная брыгада ў адзiн голас заявiла iм, што фарбаваць яны не будуць. Трэба было б самiм зiрнуць, якi смутак агарнуў гэтых хлопчыкаў! Я прыйшоў iм на дапамогу.
- Пачакайце, пачакайце! - сказаў я. - Яны прыходзяць да вас у госцi? Прыходзяць! Дык мы паставiм iх фарбаваць ганкi. Яны ж праз ганкi ходзяць да вас!
На гэтым была дасягнута поўная згода. Я папрыносiў усiм кацялкi з фарбай, раздаў пэндзлi, расказаў i паказаў, як трэба набiраць фарбу, як растушоўваць, i работа пайшла.
Мне прыйшлося толькi хадзiць каля iх, падпраўляць пропускi, пацёкi i мiрыць, калi мiж iмi ўзнiмалiся тэрытарыяльныя спрэчкi. Праз якiх хвiлiн сорак уся работа была скончана, лепш i не зробiш. Я пазаносiў у кладоўку посуд, пэндзлi, памог хлопцам паадмываць працавiтыя рукi ад фарбы шкiпiнарам, падзякаваў i пайшоў прыбiрацца сам.
Зноў прыходзiць майстар.
- Слухай, браток! Я ж цябе прасiў на прамiлы бог фарбаваць цокаль, а ты не хочаш паслухаць...
- Ды колькi ў цябе тых цокаляў, Iван Сямёнавiч! Адзiн я пафарбаваў. Пойдзем, пакажу.
Выйшлi мы з памяшкання, абышлi вакол дом. Мой майстар лiтаральна аслупянеў.
- Нячысты дух табе якi памагаў, цi што? Не магу зразумець, - вымавiў урэшце ён.
Я не мог больш нiяк устрымацца, засмяяўся i сказаў:
- Памаглi мне гэтыя слаўныя, працавiтыя хлопчыкi. Вось ты iм i падзякуй за такую нечаканую, тэрмiновую i выдатную дапамогу.
Так мой майстар i зрабiў. Пасля неаднойчы ён згадваў пра гэтую маленькую падзею i дужа доўга смяяўся, калi я расказаў яму пра Тома Сойера i самога Марка Твэна. Вось i скажы, што добрая кнiга не памагае нам у жыццi!
Цягнiковая насценная газета
А было гэта ў жнiўнi месяцы 1947 года. Пражыўшы багата часу на Далёкiм Усходзе, ехаў я ў Маскву. Крыху адвык ад вялiкiх гарадоў, людскiх патокаў, нават ад цягнiковага стукату i лязгання. Добра яшчэ, што ў маiм вагоне ехала фактычна адна кампанiя: брыгада з нейкага завода з горада Камсамольска. Ехалi яны прымаць для саўгаса пры сваiм заводзе статак кароў у горадзе Ачынску. У iх былi больш-менш аднолькавыя iнтарэсы, размовы вялiся таксама нейкiя хатнiя. Часам гулялi яны ў карты, у дамiно, у шашкi. А галоўнымi ў iх былi два чалавекi: цэхавы парторг i цэхавы прафорг. Гэтыя таксама час ад часу гулялi ў шахматы. I вось аднойчы, праехаўшы ўжо Аблучча, заходзiць у наш вагон начальнiк цягнiка. Прайшоў ён праз вагон адзiн раз, уважна азiраючы ўсiх i ўсё. Пачакаўшы, iдзе праз вагон другi раз, так жа ўважна аглядаючы i людзей i рэчы. Пасля спыняецца каля прафорга заводскай брыгады i просiць яго:
- Даруйце! Дужа прашу вас, каб вы зайшлi да мяне ў службовы, нумар дзевяць, вагон. Маю да вас просьбу.