чакалi яго. Але перш чым ён паспеў падысцi, усе раптам павярнулiся да дзвярэй, якiя цiха зарыпелi. У праёме ўзнiк Балестэр, майстар. Павярнуўшыся спiнаю да рабочых, ён марудна штурхаў адну з цяжкiх дзвярных фортак, пасоўваючы яе па чыгуннай рэйцы.

Балестэр, старэйшы ў бандарнi, выступаў супраць забастоўкi. Аднак, калi Эспазiта заявiў, што гэтым ён служыць на карысць гаспадару, ён змоўк. Цяпер майстар стаяў каля адчыненых дзвярэй, каржакаваты i прысадзiсты, апрануты ў свой вязаны нацельнiк колеру марской хвалi i ўжо разуты (толькi ён ды Саiд у майстэрнi працавалi босыя), ён глядзеў на iх сваiмi светлымi вачыма, светлымi да таго, што яны здавалiся бясколернымi на яго старым абсiвераным твары з маркотным ротам пад густымi абвiслымi вусамi. Уваходзячы, рабочыя маўчалi, прынiжаныя сваёй капiтуляцыяй i злыя на сваё маўчанне, але тым менш здольныя парушыць яго, чым болей яно цягнулася. Яны праходзiлi, не гледзячы на Балестэра, бо ведалi, што ён толькi выконвае загад, прапускаючы iх вось так, па адным, i яго сумны, пануры выгляд ясна паказваў, што ён сам пра гэта думае. Толькi Iвар зiрнуў на яго. Балестэр, якi любiў Iвара, моўчкi трасянуў галавой.

Цяпер усе яны стаялi ў раздзявальнi, што была справа ад увахода. Нiбы стайня, яна падзялялася светлымi дашчанымi перагародкамi на вузкiя станкi без дзвярэй, у кожным стаяла невялiкая шафка. Апошняя ад увахода кабiнка, у куце, была прыстасавана пад душавую, дзе проста ва ўтрамбаванай зямлi быў пракапаны рышток. Пасярод майстэрнi, побач з кожным працоўным месцам валялiся сабраныя, з яшчэ не дапушчанымi абручамi бочкi, якiя чакалi сваёй падгонкi на агнi; стаялi масiўныя лавы з прарэзанай па цэнтры доўгай шчылiнай, з якой часам тырчала недагабляванае фуганкам днiшча; далей чарнелi закураныя горны. Злева ад увахода ўздоўж сцяны стаялi варштаты. Перад iмi кучамi грувасцiлiся неабструганыя клёпкi. Каля правай сцяны, непадалёк ад раздзявальнi, моўчкi блiшчалi дзве вялiкiя, магутныя, шчодра падмазаныя механiчныя пiлы.

Хлеў ужо даўно стаў занадта вялiкi для той жменькi людзей, якiя яго займалi. У спёку гэта было выгодай, але ўзiмку прыносiла вялiкiя пакуты. Сёння ж тут было асаблiва няўтульна: рабочыя прылады былi параскiданы абы-дзе, па кутах валялiся бракаваныя бочкi, iх клёпкi, змацаваныя ўнiзе адным абручом, распадалiся нiбы пялёсткi груба вычасаных драўляных кветак, на лавах, скрынях з начыннем, варштатах ляжаў апiловачны пыл - усё гэта надавала майстэрнi занядбаны выгляд. Ужо пераапранутыя ў старыя нацельнiкi i палiнялыя, залапленыя штаны, рабочыя нерашуча пазiралi вакол. Балестэр глядзеў на iх. 'Ну што, - нарэшце сказаў ён, - пачнём?' Адзiн за адным яны моўчкi разышлiся на свае месцы. Пераходзячы ад аднаго да другога, Балестэр сцiсла нагадваў кожнаму, што ён мусiць рабiць цi закончыць. Нiхто яму не адказваў. Неўзабаве грукнуў па зубiле першы малаток, насоўваючы абруч на пукаты бок бочкi; зарыпеў, наскокваючы на сучкi, фуганак; пакрыўджана загула, завiшчала пушчаная Эспазiтам электрапiла. Каму было трэба, Саiд падносiў клёпкi цi запальваў вогнiшча, над якiм трымалi бочкi, пакуль яны не набухалi ў сваiм жалезным гарсэце. А калi яго нiхто не клiкаў, з усяго размаху кляпаў на варштаце вялiзныя ржавыя абручы. Хлеў пачынаў поўнiцца пахам палёных габлюшак. Iвар, якi габляваў i падганяў клёпкi, нарэзаныя Эспазiтам, учуў гэты стары, знаёмы водар, i на душы ў яго крыху палегчала. Усе працавалi моўчкi, але пацiху ў майстэрнi пачынала цяплець, вярталася жыццё. Яркае святло, пранiкаючы праз высокiя шыбы пад столлю, залiвала ўвесь хлеў. У залачоным паветры падымалiся сiнiя дымкi. Iвар нават пачуў, як побач прагудзеў нейкi жук цi то муха.

У гэту хвiлiну заднiя дзверы ў старую бандарню адчынiлiся, i на парозе ўзнiк гаспадар, пан Ласаль. Гэта быў хударлявы брунет, якому ледзь перайшло за трыццаць. Ён быў у бежавым габардзiнавым гарнiтуры i белай кашулi i, мяркуючы па ўсiм, адчуваў сябе ўпэўнена ў сваiм целе. Нягледзячы на вузкi, кашчавы, з рэзкiмi рысамi твар, ён звычайна выклiкаў сiмпатыю, як i большасць людзей, якiя дзякуючы спорту трымаюцца вольна i натуральна. Праўда, гэты раз, адчынiўшы дзверы, ён выглядаў трошкi збянтэжана, i яго прывiтанне прагучала не так зычна, як заўсёды. Нiхто ва ўсякiм выпадку не адказаў. Адно дробат малаткоў збiўся, разладзiўся на нейкi момант, але адразу загрукатаў зноў, з новай сiлай. Ласаль нерашуча ступiў некалькi крокаў наперад, спынiўся i потым рушыў да Валеры, хлапчука, якi працаваў з iмi ўсяго толькi год. Стоячы за некалькi крокаў ад Iвара, Валеры ўстаўляў у бочку днiшча. Гаспадар спынiўся побач i пачаў назiраць. Хлопец моўчкi працаваў. 'Ну што, сынку, - сказаў Ласаль, - усё ў парадку?' Рухi юнака раптам страцiлi спрыт. Ён скоса зiрнуў на Эспазiта, якi непадалёк збiраў вялiзнае бярэмя клёпак, каб занесцi iх Iвару. Не спыняючы работы, Эспазiта таксама глянуў на Валеры, i той зноў уткнуў нос у бочку, нiчога не адказаўшы гаспадару. Крыху азадачаны, Ласаль яшчэ нейкi час стаяў каля юнака, потым пацiснуў плячыма i павярнуўся да Марку, якi, седзячы верхам на лаве, павольнымi i трапнымi рухамi вычосваў край днiшча. 'Дзень добры, Марку', - сказаў Ласаль ужо больш сухiм тонам. Марку не адказаў, засяродзiўшы ўсю ўвагу на тым, каб здымаць як мага танчэйшыя стружкi. 'Ды што гэта на вас найшло? - голасна сказаў Ласаль, звяртаючыся ўжо да ўсiх рабочых. - Ну, праўда, ну, не выйшла ў нас дамовiцца. Дык што, цяпер i працаваць разам немагчыма? Навошта ўсё гэта?' Марку ўстаў, выцягнуў днiшча са шчылiны, правёў па беразе далонню i з задавальненнем прыжмурыў млявыя вочы. Потым маўклiва павярнуўся i пайшоў да другога рабочага, якi збiраў бочку. Ва ўсёй майстэрнi было чуваць адно грукат малаткоў ды вiск механiчнай пiлы. 'Добра, - сказаў Ласаль. - Калi ў вас гэта пройдзе, скажаце мне. Хай Балестэр прыйдзе'. I ён спакойна выйшаў з майстэрнi.

Амаль адразу пасля гэтата гармiдар бандарнi прарэзалi два званкi. Балестэр, якi прысеў быў скруцiць цыгарку, цяжка падняўся i рушыў да заднiх дзвярэй. Калi ён выйшаў, грукат малаткоў пацiшэў, а нейкi адзiн рабочы нават спынiўся. Але Балестэр хутка вярнуўся назад. Проста ад дзвярэй ён сказаў: 'Марку, Iвар, вас клiча гаспадар'. Першым рухам у Iвара было пайсцi памыць рукi, але па дарозе да мыйнiцы Марку схапiў яго за рукаў, i ён, кульгаючы, падыбаў за iм.

Знадворку сонца было такое зыркае i густое, што Iвар адчуваў, як яго промнi лiюцца па ягоным твары i голых руках. Яны паднялiся па лесвiцы, абвiтай бружмелем, на якiм дзе-нiдзе ўжо распусцiлiся кветкi. Калi яны ўвайшлi ў абвешаны дыпломамi калiдор, да iх данеслiся дзiцячы плач i голас Ласаля, якi казаў жонцы: 'Пасля снедання пакладзеш яе ў ложак. Калi нiчога не зменiцца, паклiчам доктара'. Потым гаспадар выйшаў у калiдор i запрасiў iх у невялiчкi, ужо знаёмы iм кабiнет, абстаўлены пад просты вясковы пакой, сцены якога былi ўпрыгожаны спартыўнымi трафеямi. 'Сядайце', - сказаў Ласаль, займаючы месца за пiсьмовым сталом. Яны засталiся стаяць. 'Я вас паклiкаў таму, што вы, Марку, прадстаўнiк прафсаюза, а ты, Iвар, мой сама стары рабочы пасля Балестэра. Я не хачу зноў пачынаць спрэчку, якая ўжо скончана. Я не магу, проста не магу даць вам тое, чаго вы просiце. Справа вырашана, мы прыйшлi да высновы, што трэба зноў брацца за работу. Я бачу, што вы на мяне крыўдзiцеся, i скажу па ўсёй шчырасцi, мне цяжка адчуваць гэта. Я толькi вось што хачу яшчэ сказаць: тое, чаго я не магу зрабiць сёння, мабыць, стане магчыма тады, калi справы пойдуць лепей. I калi такая магчымасць будзе, я зраблю гэта раней, чым вы ў мяне папросiце. А пакуль што, давайце паспрабуем працаваць у згодзе'. Ён змоўк i, здавалася, задумаўся, потым зноў падняў на iх вочы i спытаў: 'Ну што?' Марку глядзеў праз акно. Iвар стаяў, сцiснуўшы зубы. Ён хацеў нешта сказаць, але не мог. 'Слухайце, - сказаў Ласаль, - вы ўсе проста ўпялiся рогам, i ўсё. Але ў вас гэта пройдзе. Дык вось, калi вы зноў будзеце здольныя разважаць цвяроза, не забудзьцеся на тое, што я вам цяпер сказаў'. Ён устаў, падышоў да Марку i, працягнуўшы яму руку, кiнуў: 'Чао!' Марку раптам увесь збялеў, i ў адно iмгненне яго летуценны твар зрабiўся чэрствы i злы. Ён рэзка крутануўся на абцасах i пайшоў. Ласаль, таксама збялелы, глянуў на Iвара i, не працягваючы яму рукi, крыкнуў: 'Ну дык i iдзiце вы на...!'

Калi яны вярнулiся ў майстэрню, рабочыя снедалi. Балестэр некуды выйшаў. Марку выцiснуў адно: 'Лухта', - i пайшоў да свайго працоўнага месца. Эспазiта перастаў жаваць хлеб i запытаўся, што яны адказалi. Iвар сказаў, што яны не адказалi нiчога. Потым пайшоў па торбу, вярнуўся i сеў на лаву, побач з якой працаваў. Ён пачаў быў есцi, калi раптам заўважыў, што Саiд ляжыць на спiне на кучы габлёвак, утаропiўшы позiрк на вялiзныя шыбы, за якiмi сiнела цяпер ужо не такое прамянiстае неба. Iвар запытаўся ў яго, цi ён снедаў? Саiд сказаў, што ўжо з'еў свае смоквы. Iвар перастаў есцi. Пакутлiвае пачуццё, якое безупынна кроiла яму душу пасля гутаркi з Ласалем, раптам знiкла i саступiла месца цёплае спагадзе. Ён устаў, разламаў хлеб на два кавалкi i падаў адзiн Саiду. Той хацеў адмовiцца, але Iвар запэўнiў яго, што праз тыдзень усё будзе лепей, i сказаў: 'Тады i ты мяне пачастуеш'. Саiд усмiхнуўся. Потым узяў кавалак Iваравага бутэрброда i пачаў есцi - павольна, не спяшаючыся, нiбыта быў зусiм не галодны.

Эспазiта ўзяў стары рондаль, згроб трэскi, габлюшкi, запалiў вогнiшча i паставiў на iм грэцца каву, якую прынёс з сабой у бутэльцы. Ён паведамiў, што гэта падарунак крамнiка з суседняй бакалейнi, якi даў яму кавы на ўсю майстэрню, калi даведаўся, што iх забастоўка правалiлася. Пiлi са слоiчка з-пад гарчыцы, чаргою перадаючы яго адзiн аднаму. Эспазiта падлiваў кожнаму гарачую, ужо падсалоджаную каву. Саiд

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату