прыцемку я ледзь разгледзеў яго. Стары схiлiўся над сабакам i нешта папраўляў на аброжку. Я паўтарыў пытанне гучней. Тады, не азiраючыся на мяне, ён адказаў, ледзь стрымлiваючы гнеў: 'Калi ўжо ён здохне!' I пайшоў, цягнучы за сабой сабаку, якi скавытаў i ўпiраўся ўсiмi чатырма лапамi.

Якраз у гэту хвiлiну зайшоў другi мой сусед па лесвiчнай пляцоўцы. У квартале кажуць, што ён жыве за кошт жанчын. Аднак, калi ў яго пытаюцца пра прафесiю, ён называе сябе кладаўшчыком. Увогуле, яго не надта шануюць. Але са мной ён гутарыць даволi часта i нават калi-нiкалi заходзiць пасядзець на хвiлiнку - бо я заўсёды гатовы яго паслухаць. Па-мойму, тое, што ён кажа, цiкава. Дый зрэшты, у мяне няма нiякiх прычын не размаўляць з iм. Яго завуць Раймон Сэнтэс. Ростам ён не высокi, але плячысты i мае баксёрскi нос. Апранаецца заўсёды прыстойна. Гаворачы пра Саламано, ён таксама сказаў мне: 'Ну цi ж не няшчасны тып!' I запытаўся, цi не прыкра мне глядзець на ўсё гэта, але я адказаў, што не. Мы паднялiся па лесвiцы, i я ўжо хацеў развiтацца, калi ён сказаў:

- У мяне ёсць крывянка i трошкi вiна. Можа, раздзелiце вячэру са мной?..

Я падумаў, што тады мне не трэба будзе нiчога гатаваць, i згадзiўся. Кватэра ў яго таксама маленькая - адзiн пакой, як у Саламано, ды кухня без акна. Над ложкам - бела-ружовы гiпсавы анёл, фатаграфii нейкiх чэмпiёнаў i дзве цi тры голыя жанчыны. У пакоi было брудна, ложак не прыбраны. Раймон адразу запалiў газнiцу, потым выцягнуў з кiшэнi даволi падазронай чысцiнi бiнт i пачаў перавязваць правую руку. Я запытаўся, што гэта ў яго. Ён адказаў, што нядаўна пабiўся з адным тыпам, якi не дае яму праходу.

- Вы ж разумееце, пане Мёрсо, - сказаў ён, - я чалавек не зласлiвы, але часам магу пагарачыцца. А гэты кажа: 'Выходзь, маўляў, з трамвая, калi ты мужчына'. Я кажу: 'Супакойся'. А ён кажа: 'Ты, маўляў, не мужчына'. Ну, выйшаў я i кажу: 'Адчапiся лепш, бо зараз дам'. А ён пытаецца: 'Што гэта ты мне дасi?' Ну, тады ўжо я не стрымаўся ды даў разок. Ён павалiўся. Я хацеў яго падняць. А ён ляжыць ды нагамi мяне брыкае. Ну, тады я каленам яму - раз! ды пару разоў кулаком сунуў. Тут у яго юшка i паплыла. 'Ну што, - кажу, задаволены цяпер?' - 'Ага', - кажа.

Расказваючы ўсё гэта, Сэнтэс перавязваў руку. Я сядзеў на ложку. Потым ён сказаў:

- Вы ж бачыце, я да яго не чапляўся. Ён першы да мяне палез.

Я згадзiўся i сказаў, што так яно ўсё i было. Тады ён заявiў, што хоча параiцца са мной наконт адной справы, - я, маўляў, сапраўдны мужчына, ведаю жыццё i мог бы яму дапамагчы, а ён затое пасля будзе мне сябрам. Я нiчога не адказаў, i ён запытаўся, цi хачу я, каб ён быў маiм сябрам. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна, i яго, вiдаць, такi адказ задаволiў. Ён дастаў кiлбасу, падсмажыў яе на патэльнi, потым расставiў шклянкi, талеркi, прынёс нажы з вiдэльцамi i дзве бутэлькi вiна. Усё гэта ён рабiў моўчкi. Потым мы селi за стол, i ён пачаў расказваць мне сваю гiсторыю. Спачатку, праўда,трошкi муляўся.

- Была ў мяне адна знаёмая... ну, каханка, так сказаць...

Чалавек, з якiм ён пабiўся, быў брат той жанчыны. Сэнтэс сказаў, што яна жыла за яго грошы. Я змоўчаў. I тады ён прызнаўся, што ведае, якiя чуткi пра яго ходзяць у квартале, але сумленне ў яго чыстае - ён сапраўды працуе кладаўшчыком.

- Дык вось, пра гэту каханку, - сказаў ён. - Заўважыў я аднойчы, што нешта яна махлюе.

Ён даваў ёй акурат столькi грошай, каб iх ставала на жыццё. Сам плацiў за пакой, дзе яна жыла, i яшчэ кожны дзень выдаткаваў дваццаць франкаў на ежу.

- Трыста франкаў за пакой, шэсцьсот - за ежу ды часам яшчэ пару панчох ёй куплю - карацей, на месяц выходзiла тысяча франкаў. Паненка нават не працавала. А мне яшчэ скардзiлася - ёй гэтага, бач, у абрэз, за такiя грошы яна, маўляў, па-людску жыць не можа. Ну, я ёй кажу: 'А чаму б табе хоць палову дня не працаваць? Пазбавiла б мяне ад усiх гэтых дробных выдаткаў. Я вунь табе i гарнiтур не так даўно купiў, i дваццаць франкаў штодня даю, за пакой табе плачу, а ты? Ты ж адно каву са сваiмi сяброўкамi можаш пiць. Кавай з цукрам яна iх частуе, бачыце! Я табе грошы даю, я табе ўсё, а ты мне што - нiчога? Але працаваць яна так i не пайшла, адно дзяўбла мяне ды дзяўбла - не можа яна жыць па-людску, i ўсё тут. Ну, тады я i ўцямiў, што нешта тут, вiдаць, не чыста, махлярства нейкае.

Раймон расказаў, што аднойчы знайшоў у яе ў сумцы латарэйны бiлет, а яна так ладам i не здолела растлумачыць, за якiя такiя грошы яго купiла. Пасля зноў - знайшоў квiток з ламбарда, а там напiсана, што яна залажыла дзве бранзалеткi. Ён дык i ведаць не ведаў, што ў яе ёсць нейкiя бранзалеткi!

- Ну, тут ужо я адразу ўбачыў - круцiць. I кiнуў яе. Спачатку, праўда, адлупцаваў як след. I сказаў усё, што пра яе думаю. Табе, кажу, адно карцiць каб у ложку бавiцца з кiм папала, шлюха ты, вось i ўсё. Разумееце, пане Мёрсо, так ёй i сказаў: 'Я табе ўсё даю, а ты не бачыш нiчога, не бачыш, як табе зайздросцяць усе, шчасцю твайму. А вось калi зразумееш, якое шчасце ў цябе было, дык позна будзе'.

Ён збiў яе да крывi. А раней нiколi не бiў.

- Ну, лупцаваў, бывала, але так - любячы, як той казаў. Павiшчыць трошкi. А я аканiцы зачыню, i на тым, як звычайна, усё i скончыцца. Але таго разу сур'ёзна было. Па-мойму, я слаба яшчэ яе пакараў.

Ён сказаў, што менавiта таму i хоча са мною параiцца. Тут ён спынiўся i падкруцiў кнот - газнiца пачынала курэць. Я сядзеў, слухаў яго i пiў вiно. Я выпiў ужо амаль цэлы лiтр. У скронях моцна пякло. Мае цыгарэты скончылiся, i я палiў Раймонавы. Па вулiцы праязджалi апошнiя трамваi, зносячы прыцiхлы шум вячэрняга прадмесця. Больш за ўсё ён сумаваў праз тое, што 'нiяк не можа забыцца, як з ёй было прыемна ў ложку'. Але ён павiнен яе правучыць. Спачатку ён думаў завесцi яе ў нейкi гатэль i выклiкаць палiцыю нораваў - хай бы пачаўся скандал i яе запiсалi, як прастытутку. Але потым вырашыў звязацца са сваiмi знаёмымi - у яго ў тых колах ёсць сябры. Яны, праўда, нiчога не выдумалi. 'Цi ж варта наогул было пэцкацца з гэтым брудам', - заўважыў Раймон. Ён так iм i сказаў. I тады яны параiлi 'размаляваць ёй пысу'. Але гэта было зусiм не тое, што ён хацеў. Трэба было прыдумаць што-небудзь iншае. Вось ён i надумаў папрасiць мяне, - можа, я чым дапамагу. Але спачатку ён хацеў ведаць, што я думаю пра ўсю гэту гiсторыю. Я адказаў, што нiчога пра яе не думаю, але, па-мойму, гэта цiкава. Тады ён папытаўся, цi не бачу я тут якога ашуканства. На маю думку, ашуканства, вiдаць, сапраўды было. А як я думаю - слушна будзе яе правучыць? Вось што б я зрабiў на яго месцы? Я сказаў, што гэта цяжка сказаць - што б зрабiў я, але тое, што ён хоча яе правучыць, я разумею. Я выпiў яшчэ крыху вiна. Ён запалiў цыгарэту i расказаў, што хоча зрабiць. Ён думаў напiсаць ёй лiст, 'каб задаць добрага дыхту, але каб там было i такое, што прымусiла б яе пашкадаваць'. А пасля, калi яна вернецца, ён ляжа з ёй у ложак i 'якраз у той самы момант' плюне ёй у твар i выганiць прэч. Я палiчыў, што так яна сапраўды будзе добра пакараная. Але Раймон сказаў, што сам, бадай, не здолее скласцi такога лiста, таму ён i падумаў - можа, я згаджуся напiсаць. Я нiчога не адказаў, i ён прапанаваў тады напiсаць гэты лiст цяпер. Вядома, калi мне не цяжка. Я сказаў, што мне гэта не цяжка. Тады ён выпiў шклянку вiна, устаў, адсунуў талеркi i рэшткi астылай крывянкi, якую мы не даелi, i старанна выцер цырату на стале. Потым дастаў з шуфляды ў начным столiку лiсток паперы ў клетачку, жоўты канверт, чырвоную драўняную ручку i кантовую бутэлечку з фiялетавым чарнiлам. Ён назваў прозвiшча жанчыны, i я зразумеў, што гэта арабка. Я пачаў пiсаць. Пiсаў я трошкi наўздагад, але стараўся, каб Раймону спадабалася - у мяне ж не было нiякай прычыны пiсаць так, каб яму не спадабалася. Потым прачытаў напiсанае ўголас. Ён уважлiва слухаў, палiў i кiваў галавой, потым папрасiў прачытаць яшчэ раз. Лiст яму вельмi спадабаўся, i ён сказаў:

- Я заўсёды ведаў, што ты чалавек спрактыкаваны.

Я спачатку не заўважыў, што ён перайшоў са мной на 'ты'. I толькi калi ён заявiў: 'Цяпер я бачу, што ты сапраўдны сябар', - мяне гэта ўразiла. Ён яшчэ раз паўтарыў гэтую фразу, i я адказаў: 'Ага'. Мне было ўсё роўна, сябар я яму цi не, але яму, вiдаць, вельмi гэтага хацелася. Ён запячатаў канверт, i мы дапiлi вiно. Потым яшчэ доўга сядзелi i палiлi. На дварэ было цiха, пачуўся шолах аўтамабiля, якi праехаў пад вокнамi. I я сказаў: 'Позна'. Раймон пагадзiўся. Ён адзначыў, што час бяжыць хутка, i, у пэўным сэнсе, меў рацыю. Мне хацелася спаць, але падняцца з крэсла было цяжка. Выгляд у мяне быў, вiдаць, змораны, бо Раймон сказаў, што не варта гэтак даваць волi нервам. Спачатку я не зразумеў. I тады ён растлумачыў, што ведае пра смерць мамы, але ўсё роўна - днём раней цi пазней - гэта павiнна было здарыцца. I я таксама так думаў.

Я ўстаў, Раймон моцна пацiснуў мне руку i сказаў, што мужчына мужчыну заўсёды разумее. Выходзячы ад яго, я зачынiў дзверы i пэўны час стаяў на лесвiцы ў поўнай цемры. У доме было цiха, з глыбiнi лесвiчнай клеткi павяваў змрочны, вiльготны ветрык. Я адчуваў, як у вушах у мяне тахкае кроў. Я стаяў нерухома. Але ў кватэры ў старога Саламано раптам глуха заскавытаў сабака.

IV

Увесь тыдзень шчыраваў у канторы. Прыходзiў Раймон, сказаў, што лiст ён ужо адаслаў. Два разы хадзiлi з Эманюэлем у кiно. Ён не заўсёды добра разумее, што адбываецца на экране. Тады прыходзiцца яму тлумачыць. Учора была субота, i да мяне, як мы i дамаўлялiся, прыходзiла Мары. Я адразу вельмi захацеў яе, бо на ёй была прыгожая сукенка

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×