- Хоць пагляджу на iх яшчэ раз, - сказаў ён i спусцiўся па лiяне на зямлю.
Але Багiра апярэдзiла яго: Маўглi было чуваць, як яна абнюхвае зямлю ў паўзмроку.
- А дзе ж калючая штука? - усклiкнуў Маўглi.
- Яе ўзяў чалавек. Вось i след.
- Цяпер мы пабачым, цi праўду гаварыла белая кобра. Калi калючая пачвара i сапраўды смерць, гэты чалавек памрэ. Хадзем па следзе.
- Спачатку сходзiм на паляванне, - сказала Багiра, - на пусты страўнiк вочы кепска бачаць. Людзi рухаюцца вельмi павольна, а ў джунглях так сыра, што сама лёгкi след пратрымаецца доўга.
Яны пастаралiся закончыць паляванне як мага хутчэй, i ўсё ж мiнула амаль тры гадзiны, перш чым яны наелiся, напiлiся i пайшлi па следзе. Народ Джунгляў ведае, што спяшацца ў час яды не трэба, бо тое, што прапусцiш, не вернеш.
- Як ты думаеш, калючая пачвара перавернецца ў руках чалавека i заб'е яго? - спытаў Маўглi. - Белая кобра казала, што гэта смерць.
- Пабачым, як дагонiм, - сказала Багiра. Яна бегла рыссю, угнуўшы галаву. - След адзiночны (яна хацела сказаць, што чалавек быў адзiн), i ад цяжкай ношы пятка ўцiскалася глыбока ў зямлю.
- Гм! Гэта ясна, як летняя маланка, - адказаў Маўглi.
I яны памчалiся па слядах дзвюх босых ног шпаркай рыссю, трапляючы то ў цемру, то ў палосы святла месяца.
- Цяпер ён бяжыць хутка, - сказаў Маўглi, - пальцы растапыраны. - Яны беглi далей па сырой лагчыне. - А чаму тут ён звярнуў убок?
- Пачакай! - сказала Багiра i адным цудоўным скачком перамахнула цераз лужок.
Першае, што трэба зрабiць, калi след становiцца незразумелым, гэта скочыць уперад, каб не пакiдаць заблытаных слядоў на зямлi. Пасля скачка Багiра павярнулася да Маўглi i крыкнула:
- Тут другi след iдзе яму насустрач. На гэтым другiм следзе нага меншая i пальцы падкурчаны.
Маўглi падбег i паглядзеў.
- Гэта нага паляўнiчага-гонда, - сказаў ён. - Зiрнi! Тут ён правалок свой лук па траве. Вось чаму першы след звярнуў убок. Вялiкая Нага хавалася ад Маленькай Нагi.
- Ага, правiльна, - сказала Багiра. - Цяпер, каб не наступаць адно аднаму на сляды i не блытацца, возьмем кожны па адным следзе. Я буду Вялiкая Нага, Маленькi Брат, а ты - Маленькая Нага.
Багiра пераскочыла на першы след, а Маўглi нагнуўся, разглядаючы дзiўныя сляды ног з падкурчанымi пальцамi.
- Вось, - сказала Багiра, крок за крокам рухаючыся наперад па ланцужку слядоў, - я, Вялiкая Нага, паварочваю тут убок. Вось я хаваюся за скалу i стаю цiха, не асмельваюся нават пераступiць з нагi на нагу. Гавары, што ў цябе, Маленькi Брат.
- Вось я, Маленькая Нага, падыходжу да скалы, - гаварыў Маўглi, iдучы па следзе. - Вось я саджуся пад скалой, апiраюся на правую руку i стаўлю свой лук памiж вялiкiмi пальцамi ног. Я чакаю доўга, i таму мае ногi пакiдаюць тут глыбокi адбiтак.
- Я таксама, - сказала Багiра, схаваўшыся за скалой. - Я чакаю, паставiўшы калючку вострым канцом на камень. Яна слiзгае: на каменi засталася драпiна. Скажы, што ў цябе, Маленькi Брат.
- Адна-дзве галiнкi i вялiкi сучок зламаны тут, - сказаў Маўглi шэптам. А як расказаць вось гэта? А! Цяпер зразумеў. Я, Маленькая Нага, адыходжу з шумам i тупатам, каб Вялiкая Нага чула мяне.
Маўглi крок за крокам адыходзiў ад скалы, хаваючыся памiж дрэў i павышаючы голас, па меры таго як наблiжаўся да маленькага вадаспада.
- Я - адыходжу - далёка - туды - дзе - шум - вадаспада - заглушае - мае крокi -i тут - я - чакаю. Гавары, што ў цябе, Багiра, Вялiкая Нага!
Пантэра кiдалася ва ўсе бакi, разглядаючы, куды вядзе адбiтак вялiкай нагi з-за скалы. Потым сказала:
- Я паўзу з-за скалы на карачках i валаку за сабой калючую пачвару. Не бачу нiкога i кiдаюся бегчы. Я, Вялiкая Нага, бягу хутка. Дарога добра вiдаць. Iдзём кожны па сваiм следзе. Я пабегла!
Багiра памчалася па добра бачным следзе, а Маўглi пабег па следзе паляўнiчага. На нейкi час у джунглях запанавала маўчанне.
- Дзе ты, Маленькая Нага? - аклiкнула Багiра.
Голас Маўглi адгукнуўся за пяцьдзесят крокаў справа.
- Гм! - буркнула Багiра, глуха кашляючы. - Абодва яны бягуць бок у бок i сыходзяцца ўсё блiжэй!
Яны прабеглi яшчэ з паўмiлi, застаючыся на той жа адлегласцi, пакуль Маўглi, якi не прыгiнаўся гэтак нiзка да зямлi, не крыкнуў:
- Яны сышлiся! Добрага палявання! Глядзi-тка! Тут стаяла Маленькая Нага, апiраючыся каленам на камень, а там - Вялiкая Нага!
Менш чым за дзесяць крокаў ад iх, выцягнуўшыся на грудзе камянёў, ляжала цела селянiна тутэйшых мясцiн. Тонкая апераная страла паляўнiчага-гонда пранiзала яму наскрозь спiну i грудзi.
- Цi так ужо састарылася i выжыла з розуму белая кобра? - лагодна спытала Багiра. - Вось, прынамсi, адна смерць.
- Хадзем далей. А дзе ж тая, што п'е слановую кроў, дзе чырванавокая калючка?
- Магчыма, у Маленькай Нагi. Цяпер след зноў адзiночны.
Адзiнокi след легканогага чалавека, што хутка бег з ношкай на левым плячы, iшоў па доўгiм спадзiстым адхоне, парослым сухой травой, дзе кожны крок быў нiбы выпалены гарачым жалезам.
Абое маўчалi, пакуль след не прывёў iх да попела ад вогнiшча на дне яра.
- Зноў! - сказала Багiра i спынiлася, быццам скамянела.
Цела маленькага скурчанага паляўнiчага ляжала пяткамi ў попеле, i Багiра запытальна паглядзела на Маўглi.
- Гэта зроблена бамбукавым кiем, - сказаў Маўглi, зiрнуўшы на цела. - У мяне таксама быў гэткi, калi я служыў у чалавечай чарадзе i пасвiў буйвалаў. Мацi Кобраў - мне шкада, што я смяяўся з яе, - ведае гэтую пароду, i я мог бы пра гэта здагадацца. Хiба я не гаварыў, што людзi забiваюць ад няма чаго рабiць?
- Дапраўды, яго забiлi за чырвоныя i блакiтныя камянi, - адказала Багiра. - Не забывай, што я была ў княжацкiм звярынцы ва Ўдайпуры.
- Адзiн, два, тры, чатыры сляды, - сказаў Маўглi, нагiнаючыся над попелам ад вогнiшча. - Чатыры сляды абутых людзей. Яны ходзяць не так хутка, як паляўнiчыя-гонды. Ну што кепскае зрабiў iм маленькi лясны чалавек? Глядзi, яны размаўлялi ўсе ўпяцёх, стоячы вакол вогнiшча, перш чым забiлi яго. Багiра, хадзем назад. Страўнiк у мяне поўны, i, аднак, ён скача то ўгору, то ўнiз, як гняздо iвалгi на канцы галiнкi.
- Кепскае паляванне - выпускаць здабычу. Хадзем за iмi! - сказала пантэра. - Гэтыя восем абутых ног недалёка адышлiся.
Яны беглi цэлую гадзiну моўчкi па шырокай сцежцы, пратаптанай чатырма абутымi людзьмi.
Ужо настаў ясны, гарачы дзень, i Багiра сказала:
- Я чую дым.
- Людзi заўсёды ахвотней ядуць, чым бегаюць, - адказаў Маўглi, то хаваючыся, то паказваючыся сярод невысокiх хмызнякоў, дзе яны цяпер гойсалi, абмiнаючы незнаёмыя джунглi. Багiра, злева ад Маўглi, падала нейкi дзiўны гук горлам.
- Вось гэты ўжо разлiчыўся з ядою! - сказала яна.
Скамечаная груда стракатага адзення ляжала пад кустом, а вакол была рассыпана мука.
- Таксама зроблена бамбукавым кiем! Глядзi! Белы парашок - гэта тое, што ядуць людзi. Яны забралi здабычу ў гэтага - ён нёс iхнюю ежу - i аддалi яго на здабычу каршуну Чылю.
- Гэта ўжо трэцi, - сказала Багiра.
'Я занясу свежых, вялiкiх жаб Мацi Кобраў, i накармлю яе ўдосталь, сказаў сам сабе Маўглi. - Гэты крывапiвец - сама Смерць, i ўсё ж я нiчога не разумею!'
- Хадзем па следзе! - сказала Багiра.
Яны не прайшлi i паўмiлi, як пачулi гругана Кауа, якi спяваў Песню Смерцi на верхавiне тамарыску, у засенi якога ляжала трое людзей. Амаль патухлае вогнiшча дымiлася пасярод круга, пад чыгуннай патэльняй з пачарнелым i абгарэлым праснаком. Каля вогнiшча, паблiскваючы на сонцы, ляжаў бiрузова- рубiнавы анкус.